ШТУРМАВІ́К,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння малапамерных і рухомых наземных (марскіх) цэлей з малых і гранічна малых вышынь. Мае бамбардзіровачнае, ракетнае, артыл. ўзбраенне і бранявую засцярогу. У СССР першы серыйны Ш. — Іл-2 (1939); найб. пашыраны ў Вял. Айч. вайну (выраблена больш за 36 тыс.). Сучасны рас. Ш. Су-25 (1978) мае ўзлётную масу 14,5 т, макс. скорасць 970 км/гадз, практычны паталок 7 км, макс. далёкасць палёту 1250 км; узбраенне — 30-мм двухствольная пушка, ракеты «паветра-зямля» з лазерным навядзеннем, блокі некіруемых ракет і бомбы. З канца 20 ст. на ўзбраенні ВПС некат. інш. краін наступныя Ш.: у ЗША — «Тандэрбалт», у ФРГ і Францыі — «Альфа-Джэт», у Вялікабрытаніі — «Хок».

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУНАЎ Фёдар Паўлавіч (н. 15.5.1934, в. Траўна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984), д-р тэхн. н. (1975), праф. (1981). Скончыў Рыжскае вышэйшае інж.-авіяц. вучылішча ВПС (1957). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (у 1985—94 нам. дырэктара). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, радыяцыйнай фізіцы цвёрдага цела, мікраэлектроніцы. Распрацаваў радыяцыйную тэхналогію стварэння шэрагу тыпаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схем з павышанай радыяцыйнай трываласцю для касм. і ваен. тэхнікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Радиационные эффекты в полупроводниковых приборах. Мн., 1978 (разам з Г.​В.​Гатальскім, Г.​М.​Івановым);

Воздействие радиации на интегральные микросхемы. Мн., 1986 (разам з Ю.​У.​Багатыровым. У.​А.​Вавілавым).

Ф.П.Коршунаў.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЖКІН (Hodgkin) Алан Лойд (5.2.1914, г. Бэнберы, Вялікабрытанія — 20.12.1998),

англійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1948, у 1970—75 яго прэзідэнт). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук, Каралеўскай АН Даніі (1964), Нац. АН Індыі, Каралеўскай акадэміі Ірландыі, замежны чл. Рас. АН (1976). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1936). З 1939 навук. кансультант Мін-ва ВПС і Мін-ва авіяц. прам-сці, з 1945 у Кембрыджы (1970—81 праф. біяфізікі). З 1971 канцлер Лестэрскага ун-та. У 1978—84 кіраўнік Трыніты-каледжа. Навук. працы па фізіялогіі нерв. клеткі, механізмах узбуджэння і тармажэння. Аўтар асн. тэорый аб ролі іонных градыентаў у генерацыі нерв. імпульсу. Стваральнік сучаснай мембраннай тэорыі ўзнікнення біяэл. патэнцыялаў. Нобелеўская прэмія 1963 (з А.Ф.Хакслі, Дж.К.Эклсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Л.Ходжкін.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б Іван Мікітавіч (8.6.1920, в. Абражыеўка Шосткінскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 6.8.1991),

тройчы Герой Сав. Саюза (1944, двойчы; 1945). Маршал авіяцыі (1985). Скончыў акадэміі Ваен.-паветр. (1949), Генштаба (1956). У арміі з 1940. Ў Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах: пілот, камандзір звяна і эскадрыллі, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка; у 120 паветр. баях збіў 62 самалёты праціўніка. Пасля вайны на кіруючых пасадах у ВПС, удзельнік Карэйскай вайны 1950—53 (у крас. 1951 — лют. 1951 1952 камандзір 324-й знішчальна-авіяц. дывізіі ў складзе сав. 64-га знішчальна-авіяц. корпуса). З 1978 у Групе ген. інспектараў ’Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар кніг «Служу Радзіме» (1949), «Вернасць Айчыне» (1967) і інш.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФІ́МАЎ Аляксандр Мікалаевіч (н. 6.2.1923, г.п. Канцяміраўка Варонежскай вобл., Расія),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Маршал авіяцыі (1975). Канд. ваен. н. (1968). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). Скончыў Ваенна-авіяцыйную школу (1942), Ваенна-паветр. акадэмію (1951), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942 — лётчык-штурмавік, камандзір звяна, эскадрыллі, штурман авіяпалка; здзейсніў 222 баявыя вылеты. Удзельнік баёў пад Смаленскам, на Беларусі, Польшчы, Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 штурмаваў пазіцыі варожых войск на рэках Дняпро, Друць, Бярэзіна, у Мінскім «катле». Пасля вайны ў Сав. Арміі. З 1969 1-ы нам., у 1984—91 галоўнакаманд. ВПС — нам. міністра абароны СССР. У г. Мілерава Растоўскай вобл. (Расія), дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, устаноўлены бюст Я.

А.М.Яфімаў.

т. 18, кн. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСКІ ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЙ АБАРО́НЫ,

від узбр. сіл, прызначаных для абароны ад паветр. нападу праціўніка. Узнікненне сродкаў ППА звязана з баявым выкарыстаннем авіяцыі ў 1-й сусв. вайне. Адрозніваюць войскі проціпаветранай абароны краіны і войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск (у арміях некаторых краін выкананне задач ППА ўскладзена на ВПС, якія маюць зенітныя ракетныя і інш. войскі). На сучасным этапе задачы войск проціпаветранай абароны цесна ўвязваюцца з задачамі процідзеяння сродкам касм. нападу.

Ва Узбр. Сілах Беларусі войскі проціпаветранай абароны складаюцца з зенітных ракетных, радыётэхн. і спец. войск. Задачы знішчэння сродкаў паветр. нападу выконваюць самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. відамі ўзбр. сіл. Войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск прызначаны прыкрываць войскі і іх тылавыя аб’екты ад паветр. нападаў праціўніка, уключаюць зенітныя ракетныя, зенітныя артыл. і радыётэхн. часці і падраздзяленні (гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Беларусь).

І.​А.​Шор.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЮ́ШЫН Сяргей Уладзіміравіч (30.3.1894, с. Дзілялёва Валагодскай вобл., Расія — 9.2.1977),

савецкі авіяканструктар. Акад. АН СССР (1968), ген.-палк. інж.-тэхн. службы (1967). Тройчы Герой Сац. Працы (1941, 1957, 1974). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1926). З 1916 у авіяцыі, у 1919—21 у Чырв. Арміі, у 1926—31 у навук.-тэхн. камітэце ВПС. З 1931 нач. Цэнтр. канструктарскага бюро, з 1933 гал. і ген. канструктар КБ. Праф. Ваенна-паветр. акадэміі (1948). Пад яго кіраўніцтвам створаны розныя тыпы самалётаў з поршневымі і турбарэактыўнымі рухавікамі: бамбардзіроўшчык Іл-4; штурмавікі Іл-2 (1939), Іл-8, Іл-10 (1943); рэактыўныя бамбардзіроўшчык Іл-28 (1948) і штурмавік Іл-40 (1953); пасажырскія самалёты Іл-12 (1946), Іл-14 (1951), Іл-18 (1957), Іл-62 (1962). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1950, 1952. Ленінская прэмія 1960.

С.У.Ільюшын.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСКІ Сяргей Данілавіч (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),

генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т. л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).

С.Д.Луганскі.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,

зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.

Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.

В.​У.​Макрынскі.

Да арт. Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).
Да арт. Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.

Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.

А.​У.​Аляхновіч.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)