ПЯЦЯ́ЛІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1925, с. Чыгарова Арамашаўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Разведчык яфрэйтар П. вызначыўся ў 1944 у баі за в. Акцябр Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., дзе, ратуючы акружаных ворагам байцоў, уступіў у бой з 50 гітлераўцамі; калі скончыліся патроны, падарваў гранатай сябе і групу фашыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ж (ваен.),
1) паласа зямлі, зручная або прыстасаваная для вядзення баявых дзеянняў (Р. абароны, процітанкавы Р. і інш.).
2) Умоўная лінія, з якой адлічваюць пачатак (канец) або чарговы этап якіх-н. дзеянняў войск, сіл, сродкаў. Пры падрыхтоўцы і правядзенні баявых дзеянняў устанаўліваюць Р. рознага прызначэння (Р. разгортвання войск, Р. радыёлакацыйнага выяўлення цэлей, Р. пуску ракет, Р. уводу ў бой і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (11.6.1924, Масква —23.2.1944),
удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦАВА СЛАБАДА́,
вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 523 ж., 303 двары (2000). Цагельны і 3 асфальтавыя з-ды. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. У Вял.Айч. вайну партызаны разграмілі ў вёсцы ням.-фаш. гарнізон (гл.Пацаваслабодскі бой 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГА,
1) баявы поспех, нанясенне паражэння войскам праціўніка, дасягненне мэт, пастаўленых на бой, аперацыю, вайну ў цэлым. У гонар П. праводзяць парады, узводзяць помнікі, трыумфальныя вароты (аркі), называюць плошчы, вуліцы і інш., устанаўліваюць святы, напр., Дзень П. ў Вял.Айч. вайне — 9 мая.
2) Поспех у барацьбе, напр., П. ў спарт. спаборніцтве.
3) П. Пірава (ад імя эпірскага цара Піра) — П., здабытая вял. ахвярамі і таму роўная паражэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАХ (Анатоль Аляксандравіч) (1917, Мінск — 1.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Варонежскім франтах. Сяржант Волах у жн. 1943 з групай разведчыкаў знішчыў у раёне г. Зянькоў Палтаўскай вобл. аўтамашыну з афіцэрамі, здабыў важныя дакументы. У вер. 1943 пры вызваленні г. Лебядзін Сумскай вобл. на браневіку сярод першых уварваўся ў горад і вёў бой з ворагам. Загінуў у разведцы на шляху да Дняпра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗІЧ (Іван Сямёнавіч) (н. 3.3.1920, в. Старыя Маргі Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскі аэраклуб (1938), Адэскае ваен.авіяц. вучылішча (1940), Чугуеўскую ваен.авіяц. школу пілотаў (1941). У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 у ППАг. Масква, на Бранскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік К. зрабіў 423 баявыя вылеты, правёў 31 паветр.бой, збіў 20 самалётаў праціўніка. У 1950—77 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЙЗЫХ (Яўген Антонавіч) (20.12.1903, в. Германава Люблінскага ваяв., Польшча — 10.8.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў ваенна-пях. вучылішча (1944). З 1933 нар. суддзя ў Чэлябінску і вобласці. У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1944 на 2-м Прыбалтыйскім фронце. Камандзір кулямётнага ўзвода ст. лейтэнант М. вызначыўся ў баі за плацдарм на беразе р. Айвіекстэ (Латвія): калі скончыліся боепрыпасы, павёў узвод у рукапашны бой, у якім загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЭ́ЛЬНІКАЎ (Сямён Сільвестравіч) (10.2.1921, в. Свісцёлкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў пад Ленінградам. Пасля цяжкага ранення з 1944 у пагранвойсках Закарпацця (Украіна). 5.2.1945 яфрэйтар П. перарэзаў шлях 25 парушальнікам мяжы і адзін вёў з імі бой да апошняга патрона. Падарваў гранатай сябе і 2 бандытаў. Яго імем названа вуліца ў Оршы.