БЕЛО́ТА ((Bellotto) Бернарда) (30.1.1720, Венецыя — 17.10.1780),

італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.

Б.Белота. Від на мост Наві ў Вероне. Каля 1770.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЙНЕБУРГ (Heuneburg),

гарадзішча познагальштацкага і раннелатэнскага часу (6—5 ст. да н. э.) на мысе Гойнебург левага берага верхняга Дуная каля г. Рыдлінген (Германія). Вылучана 5 асн. буд. фаз. У пач. 2-й фазы (6 ст. да н. э.) частка гарадзішча перабудавана ў грэч. стылі, на каменным падмурку пабудавана з цэглы-сырцу сцяна выш. 4 м (упершыню ў парэччы Дуная) з вежападобнымі бастыёнамі. З грэч. г. Масалія сюды прывозілі амфары для віна і чорнафігурную кераміку. Магчыма, Гойнебург быў замкам мясц. уладароў, бо непадалёку ад яго выяўлены княжацкія пахаванні (курган Гохміхеле і інш.).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Яльнянка, за 16 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня, сярод вярховага балота Мох. Пл. 5,4 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 14,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі на З і Пн выш. да 1,5 м, на У і ПнУ пясчана-жвіровыя, шмат валуноў. Дно плоскае, сапрапелістае, каля зах. берага тарфяністае, каля ўсх. — пясчана-жвіровае. Уздоўж берагоў рэдкі трыснёг і чарот. Сцёк у воз. Чорнае.

Возера Ельня (Міёрскі раён).

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́РЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усвейка, за 9 км на У ад г. Чашнікі. Пл. 8,74 км², даўж. 6,6 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 14,8 км. Пл. вадазбору 45,8 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м (на ПдУ і З да 10 м), пераважна пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на З пясчаныя, параслі хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж зах. берага пясчанае. У паўд. частцы востраў пл. 14 га. Зарастае. Упадаюць 6 ручаёў, выцякае ручай у р. Усвейка.

Жэрынскае возера.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЛА́КШСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Размешчаны на архіпелагу ў Кандалакшскім зал. і а-вах каля Мурманскага берага Баранцавага м. ў Мурманскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1939 (на базе Кандалакшскага гагачага запаведніка 1932; у сучасных межах з 1977). Пл. 58,1 тыс. га, у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння; тэр., укрытая лесам, — 11 202 га, марская акваторыя — 40 383 га. Тундра і паўн. тайга. На ўзбярэжжах і ў лясах трапляюцца лось, буры мядзведзь, ліс, вавёрка, глушэц, цецярук, рабчык. У моры звычайная нерпа, шэры цюлень і інш. Птушыныя базары, гняздоўі rari і 43 іншых відаў птушак. Музей прыроды.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́ЦЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,35 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,7 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—16 м (на Пн і ПдУ да 4 м), на ПнУ і З у ніжняй ч. стромкія, разараныя. Берагі нізкія, на Пд зліваюцца са схіламі (на ПдЗ участак сплавіннага берага), месцамі тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ,

гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас. р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎСВІЖ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. будовы.

Берагаўмацавальныя збудаванні: 1 — зігзага-падобны драўляны хвалялом; 2 — прамая буна.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)