прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С III (30.1.1894, Сафія — 28.8.1943),
цар Балгарыі [1918—43]. Сын Фердынанда I Кобургскага. У 1923 ухваліў путч супраць прэм’ер-міністра А.Стамбалійскага. У 1935 адправіў у адстаўку ўрад К.Георгіева і ўсталяваў сваю дыктатуру. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Германію. Пры ім Балгарыя стала саюзніцай фаш. Германіі (1941), але захавала дыпламат. адносіны з СССР, не пасылала свае войскі на сав.-герм. фронт, у мясц. канцлагерах пакінута 25 тыс.балг. яўрэяў, што падлягалі дэпартацыі. Раптоўна памёр пасля вяртання з аўдыенцыі ў Гітлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (Boian),
археалагічная культура эпохі неаліту (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Балгарыі. Назва ад паселішча на воз. Баян (Румынія). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах са сценамі з дрэва і гліны. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Характэрна чорная і шэрая глянцаваная кераміка, упрыгожаная паглыбленым геаметрычным арнаментам, запоўненым белай пастай. З’явіліся першыя вырабы з медзі. Культура Баяна адыграла важную ролю ў фарміраванні культуры гумельніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎЧЫ СХОД,
1) вышэйшы дзярж. орган, які выбіраецца з мэтай выпрацоўкі і (або) прыняцця канстытуцыі. Побач з т.зв. устаноўчай уладай У.с. у перыяд сваёй дзейнасці звычайна ажыццяўляе функцыі заканадаўчага органа. Інстытут У.с. склаўся ў перыяд бурж. рэвалюцый. У канцы 20 ст. ў рамках У.с. распрацаваны і прыняты канстытуцыі Балгарыі, Румыніі, Камбоджы, Бразіліі, Калумбіі і інш. 2) У Расіі — выбарная прадстаўнічая ўстанова, якая пасля звяржэння царызму павінна была вырашыць пытанне аб дзярж. ладзе краіны. Гл.Устаноўчы сход у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕЎ Міхаіл Васілевіч (22.11.1913, в. Гарадзецк Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці — 22.6.1979),
Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр авіяцыі (1957). У Чырв. Арміі з 1932. Скончыў школу ваен. пілотаў (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, удзельнік абароны Перакопа, вызвалення Каўказа, Новарасійска, Румыніі і Балгарыі. Вызначыўся пры абароне Севастопаля, дзе ў паветр. баях збіў 6 самалётаў праціўніка. За час вайны зрабіў 498 баявых вылетаў, правёў 141 паветр. бой, збіў 17 самалётаў праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ Іван Барысавіч (15.1.1922, в. Арэхаўка Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1990),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1941). Тамбоўскае авіявучылішча (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі: лётчык-штурмавік зрабіў 179 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў самалёт, знішчыў 12 танкаў, 7 бронетранспарцёраў, 37 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі праціўніка. Да 1965 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ Іван Міхайлавіч (18.6.1918, с. Яўкіна Баштанскага р-на Мікалаеўскай вобл., Украіна — 30.5.1981),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941), Краснадарскае авіявучылішча (1943). У Вял.Айч. вайну з 1943 на Паўн.-Каўказскім, 3-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Кубані, Таманскага п-ва, Крыма, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Камандзір звяна эскадрыллі штурмавога авіяпалка П. зрабіў 154 баявыя вылеты. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1978 у нар. гаспадарцы. Ганаровы грамадзянін г. Умань (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́НЕЎ Іван (24.7.1900, с. Горна-Бешавіца, Балгарыя — 21.7.1983),
балгарскі скульптар. Нар. мастак Балгарыі (1961). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў АМ у Сафіі (1930), з 1945 яе прафесар. Творы (у жалезабетоне) пераважна на рабочую тэму: «Рабкоры» (1931), «Машыніст» (1933), «У вагоне трэцяга класа» (1936) і інш. Працаваў таксама ў жанры партрэта («Георгі Караславаў», «Нікола Хрэлкаў», абодва 1932), у манум. скульптуры («Партызаны», 1945). Адзін з аўтараў манумента ў гонар Сав. Арміі ў Сафіі (1954). Прэмія імя Дзімітрова 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗАЎ Іван Мінчаў (9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),
балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-рфілал.н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел.пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і В.Нікіфаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,
газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, з № 6 — г. Вільня, з № 9 — Віленскай вобл. і г. Вільня. Выдавалася з 22.9 да 25.10.1939 у Вільні на бел. мове. Вяла паліт. і агітац. работу па растлумачэнні асноў сав. улады і пераваг сацыялізму, перадвыбарную кампанію ў сувязі з выбарамі ў Нар. сход Зах. Беларусі. Друкавала пастановы Часовага ўпраўлення і Ваен. савета па Віленскай акрузе. Інфармавала пра падзел памешчыцкай зямлі, арганізацыю добраахвотнай міліцыі, адкрыццё бел. школ і хат-чытальняў. Пісала пра падзеі ў Польшчы, Балгарыі, Турцыі і інш. краінах.