КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПРАГІМНА́ЗІЯ,

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Маладзечна ў 1860—64. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Кіраваў прагімназіяй інспектар. Мела 4 класы. Вучэбная праграма была аднолькавай з адпаведнымі класамі гімназій. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, гімнастыка, танцы. Асоб, якія скончылі прагімназію, прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. Рыхтавала таксама настаўнікаў прыходскіх школ. У 1864 зачынена, на яе базе створана Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Літ.:

Ярушевич А. Молодечно и его учебные заведения. Вильна, 1914.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),

французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.

Літ.:

Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;

Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,

выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.​Мусальярам (потым — Х.​Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕНКА (Яўген Макаравіч) (17.9.1905, в. Вудага Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.1961),

Герой Сав. Саюза (1939), ген.-лейт. авіяцыі (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1928), Барысаглебскую ваен. авіяшколу лётчыкаў-знішчальнікаў (1930), Курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1952). У 1935—41 камандзір авіязвяна, атрада, эскадрыллі, дывізіі, камандуючы ВПС акругі. Вызначыўся пры выкананні спец. ўрадавага задання. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Зах., Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах; камандуючы ВПС арміі, фронту, нам. камандуючага паветр. арміяй. Да 1955 на адказных пасадах у ВПС.

Я.М.Нікалаенка.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,

аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч. тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАСЕ́ВІЧ (Васіль Рыгоравіч) (11.3.1775, Кіеў — 28.2.1845),

бібліёграф, перакладчык, выдавец. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1793). З 1795 на вайск. службе, з 1802 у Мін-ве нар. асветы, у 1803—10 пісьмавод папячыцеля Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага, у 1809—16 у Камісіі складання законаў, у 1826—28 у Гал. цэнзурным камітэце. У 1811—12 выдаваў час. «Улей», дзе надрукаваў першы ў Расіі тэарэт. артыкул па бібліяграфіі. З 1817 адзін з сакратароў М.​П.​Румянцава, уваходзіў у Румянцаўскі гурток. У 1811 ажыццявіў навук. выданне Статута ВКЛ 1588. Пераклаў з польск. мовы на рускую палітэканамічныя працы В. і І.​Страйноўскіх.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К (Максім Антонавіч) (1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл. ЦВК Узбекістана (1925), ЦВК БССР (1927). У Вял. Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЧАЎ (сапр. Марынаў) Марка

(н. 13.2.1932, в. Марча Ловецкай акругі, Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкуецца з 1946. Аўтар сатырычных і лірычных вершаваных зб-каў «Насенне спее» (1957), «Марсіянскія захапленні» (1960), «Другое прышэсце» (1962), «Бягучае дрэва» (абодва 1969), «Люстэрка адваротнага бачання», «Драпіны» (1975), «Маўклівыя сірэны» (1977), «Прафесія нязгода» (1982), «Ветэраны нічога» (1985), кн. эсэ «Апрошчанне і пракляцце падману» (1991), вершаў і казак для дзяцей. З 1993 пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь. На балг. мову перакладае творы Н.​Гілевіча, Я.​Сіпакова. На бел. мову першы Ганчава перакладае Гілевіч.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)