СА́ЛІВАН (Sullivan),

адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн. т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЕЛ у тэхніцы,

1) частка машыны, механізма, устаноўкі і да т.п., што складаецца з некалькіх больш простых элементаў (дэталей).

2) Сукупнасць функцыянальна звязаных збудаванняў, машын і інш. прыстасаванняў (напр., вузел сувязі, гідравузел, радыёвузел).

3) Пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній (чыгуначны вузел).

4) Пункт злучэння галін эл. ланцуга.

5) Частка збудавання ў месцы злучэння некалькіх стрыжняў і да т.п. элементаў у буд. канструкцыях.

6) Адно ці некалькі збудаванняў, у якіх устаноўлена спец. абсталяванне (напр., санвузел).

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА КАЛЯРО́ВАГА ДРУ́КУ.

Засн. ў 1984 у Мінску. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў паліграф. прам-сці Беларусі. Спецыялізуецца на друкаванні шматколернай прадукцыі на розных мовах. Асн. прадукцыя (1999): кнігі (у т. л. шматтомныя выданні, напр. Беларуская Энцыклапедыя), буклеты, каталогі, праспекты, плакаты, альбомы, запісныя кніжкі, папкі, бланкі, ярлыкі, календары, фоташпалеры. Вытв-сць фотаформ, упакоўкі з кардону, набор і вёрстка тэксту, друкаванне каштоўных папер, электронны мантаж і рэтуш, колерадзяленне.

Мінская фабрыка каляровага друку. Формны цэх.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСТАЎНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой рыфмуюцца не адно, а два і больш слоў, што стаяць у канцы радка. Узнікла ў фальклоры, найб. пашырана ў гумарыстычных творах:

Як зваліўся камар з высакосці —
Паламаў, пакрышыў свае косці.

С.р. часта ўжываецца ў сучаснай бел. паэзіі («Перад падарожжам» А.​Куляшова, «Роздум» і «Казка» С.​Дзяргая, «Хочаш, вымыю кашулю, адзінокі хлопец?» Д.​Бічэль-Загнетавай, «Зазімак у Юрмале», «Кашуля Паўлюка Труса», «Нібы раўчук...» Р.​Барадуліна і інш.).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,

крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.​Максімовіч, арх. В.​Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.

С.​Дз.​Філімонаў.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ВА, Панна (лац. Virgo),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Самая яркая зорка — Спіка (L Дз., 1-й візуальнай зорнай велічыні) разам з 3 менш яркімі зоркамі ўтварае фігуру ромба, бачную простым вокам. У сузор’і 95 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні; выяўлена скопішча (2,5 тыс.) галактык спіральнай структуры, сярод якіх размешчана магутная крыніца радыёвыпрамянення — радыёгалактыка Дз.-А. У Дз. знаходзіцца пункт асенняга раўнадзенства. На тэр. Беларусі сузор’е відаць у канцы зімы і вясною.

Сузор’е Дзева.

т. 6, с. 100

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),

1) тулава чалавека, жывёліны.

2) Каркас судна.

3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.

4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.

5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).

6) К. дыпламат. — гл. Дыпламатычны корпус.

7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)