АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),

спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).

Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл. Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.

Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.​А.​Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел механікі, у якім рух сістэм матэрыяльных пунктаў (цел) даследуецца пераважна метадамі матэм. аналізу. Вывучае складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы часціц і інш.), рух якіх абмежаваны пэўнымі ўмовамі (гл. Сувязі механічныя).

Галаномная сістэма (мех. сувязі залежаць толькі ад каардынат і часу) у патэнцыяльным полі характарызуецца функцыяй Лагранжа L = T − U , дзе T — кінетычная і U — патэнцыяльная энергія сістэмы. Калі вядома канкрэтная залежнасць L=L(q,q́,t), дзе q — абагульненыя каардынаты, q́ = dq dt — абагульненыя скорасці, t — час, то пры дапамозе прынцыпу найменшага дзеяння можна знайсці дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы. Іх інтэграванне пры зададзеных пачатковых умовах дазваляе вызначыць закон руху сістэмы, г.зн. залежнасці qi=qi(t), дзе i=1, 2, ..., S, S — лік ступеняў свабоды.

Асн. Палажэнні аналітычнай механікі распрацаваў Ж.​Лагранж (1788), значны ўклад зрабілі У.​Гамільтан, М.​В.​Астраградскі, П.​Л.​Чабышоў, А.​М.​Ляпуноў, М.​М.​Багалюбаў, А.​Ю.​Ішлінскі і інш. Метады аналітычнай механікі далі магчымасць выявіць сувязь паміж асн. паняццямі механікі, оптыкі і квантавай механікі (оптыка-мех. аналогіі). Абагульненне варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя квантава-рэлятывісцкія сістэмы склала матэм. аснову тэорыі поля. Дасягненні аналітычнай механікі садзейнічалі развіццю балістыкі, нябеснай механікі, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі аўтам. кіравання і інш.

Літ.:

Кильчевский Н.А. Курс теоретической механики. Т. 2. М., 1977.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎ,

вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).

Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.

У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял. кн. ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.​Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.​Т.​Вольскі, Манстовіч, П.​Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас. рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.​В.​Гершэнзон, А.​С.​Ізгоеў, Б.​А.​Кісцякоўскі, П.​Б.​Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).

Публ.:

Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.

Н.​П.​Ракіцкая.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,

від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.

Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.​Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.​Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.​Яўпоеў В.​Яўлоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.​Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.​Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.​Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІ ДРУК,

спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.

Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.

Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,

уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.

Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.​Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць ν=n/ρ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.

Да арт. Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)