ДЭ́САЎ ((Dessau) Паўль) (19.12.1894, г. Гамбург, Германія — 28.6.1979),
нямецкі кампазітар, дырыжор, скрыпач. Чл.Ням. акадэміі мастацтваў (1950), у 1957—62 яе віцэ-прэзідэнт. З 11 гадоў выступаў як скрыпач-віртуоз. У 1910—12 вучыўся ў кансерваторыі Кліндварта—Шарвенкі (Берлін). З 1912 канцэртмайстар і дырыжор оперных і драм. т-раў у многіх гарадах Германіі. У 1933 эмігрыраваў у Парыж, з 1939 у ЗША. З 1948 у ГДР. Супрацоўнічаў з У.Дыснеем, т-рам Б.Брэхта, пісаў музыку да яго оперных і драм. спектакляў. У сваіх творах новыя сродкі муз.мовы спалучаў з дакладнай жанравай, структурнай і інтанацыйнай вызначанасцю тэматызму, абумоўленай традыцыямі быт. музыкі. Нац. прэмія ГДР 1953, 1956, 1965, 1974.
Тв.:
Оперы (паст. ў Берліне) — «Асуджэнне Лукула» (1951), «Пунціла» (1966), «Ланцэлот» (паводле Я.Шварца, 1969), «Эйнштэйн» (1974), «Леонс і Лена» (1979) і інш.;
для хору і галасоў з арк. — араторыі «Хагада» (1936), «Нямецкае Мізэрэрэ» (1947);
кантаты;
для аркестра — 2 сімфоніі (1926, 1962), Варыяцыі на тэму І.С.Баха (1964), Дывертысмент для камернага арк. (1964), «Аркестравая музыка» № 1—4 (1955—73);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я (Carcía),
іспанскія музыканты, бацька і сын.
Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп.муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.Р.Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.Нуры.
Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.Фрэцаліні, М.Маркезі, Г.Нісен-Саламан, Ю.Штокгаўзен, Г.Гарсія (яго сын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш.спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.
Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.
Літ.:
Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙКА (Кандрат Тодаравіч) (17.9.1860, в. Збочна Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 6.9.1921),
бел. пісьменнік. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1879). Настаўнічаў у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1884 на Украіне. З 1918 паралізаваны, жыў у г. Здалбунаў Ровенскай вобл. Вершы на бел. мове пачаў пісаць у 1883 («Песня ластаўкі», «Бусел», «Сарока»). У 1893 у Харкаве выдаў кн. «Руская азбука». З 1911 у газ. «Наша ніва» друкаваў апавяданні, п’есы, пераклады з укр.мовы. Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні «Кульгавы дзядзька Раман» і «Таклюся-сухотніца», 1912; «Пан Трудоўскі», 1914). Апавяданні вылучаюцца пранікнёным лірызмам («Успамін», 1911), дабрадушным гумарам («Абмылка», 1915). У апавяд. «Панас Крэнт» (1913) паказаў вобраз кулака-крывасмока. П’еса «Снатворны мак» (асобнае выд. 1912, Вільня) на казачна-фантаст. сюжэт з расліннага і жывёльнага свету — першая спроба ў бел. л-ры стварыць драм. твор для лялечнага т-ра. У 1914 даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» зб. «Засеўкі» (выхаду перашкодзіла 1-я сусв. вайна). У 1921 выслаў у віленскае Бел.навук.т-ва 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі (лёс невядомы).
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
У кн.;
Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 2. 2 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВО́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Тімя Івана Франко.
Засн. ў 1661 як акадэмія з правамі і прывілеямі ун-та ў складзе філас., юрыд., мед. і тэалагічнага ф-таў. У 1805 зачынены. Адноўлены ў 1817 як ун-т з ням. мовай навучання. У 1848 разбураны і да 1851 закрыты. З 1919 польскі ун-т. Рэарганізаваны ў 1939. У 1940 прысвоена імя І.Франко. У ім вучылася бел. паэтэса А.Пашкевіч (Цётка). У 1998/99 навуч.г. ў Л.у. каля 18 тыс. студэнтаў і слухачоў; ф-ты: гіст., філал., журналістыкі, юрыд., філас., эканам., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, фіз., хім., геал., біял., геагр., замежных моў, міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Выкладанне вядзецца на ўкр. мове, навучанне для грамадзян Украіны бясплатнае. У складзе ун-та правазнаўчы каледж; 12 ін-таў, у т. л. павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, прыкладной фізікі, франказнаўства, Польшчы, еўрап.эканам. інтэграцыі, міжнар.ін-т-асацыяцыя рэгіянальных экалагічных праблем і інш.; 47 н.-д. лабараторый, інфарм.-выліч. цэнтр і інфарм. цэнтр Савета Еўропы, а таксама цэнтры Брыт. савета, Французскі, Аўстрыйскі, гуманіт. і паліт. даследаванняў, італьян.мовы і культуры; навук.б-ка (3,5 млн. тамоў); музеі: заал., геал., мінералаг., карысных выкапняў, археалогіі. Працуюць астр. абсерваторыя, бат. сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),
чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш.паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп.аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш.нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ.«Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц.прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел.мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус.мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),
слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.Дубоўка), «грыбазбіры» (П.Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.
Літ.:
Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;
Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;
Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВЫ́РАЎ (Пётр Пятровіч) (16.10.1910, г. Чэлябінск, Расія — 25.10.1977),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова), з 1948 выкладаў у ёй (з 1969 дацэнт). Яго творчая індывідуальнасць найб. выявілася ў інстр. музыцы, якой ўласцівы перавага лірыка-драм. вобразнасці, інтанацыйная характарнасць, маляўнічасць муз.мовы. Лепшыя творы вылучаюцца светлым, аптыміст. гучаннем, глыбокім драматызмам, меладызмам, пабудаваным пераважна на інтанацыях бел.нар. песні. У музыцы для дзяцей (кантата, песня, фп. п’есы) паказаў тонкае разуменне асаблівасцей дзіцячага светаўспрымання. Сярод твораў: опера «Павел Карчагін» (1941, 2-я рэд. 1958, паст. Опернай студыяй Бел. кансерваторыі ў 1967), кантаты «Ваявода» (1937, на вершы А.Пушкіна), «Балада аб чатырох заложніках» (1954, на вершы А.Куляшова); 5 сімфоній (1940—77), канцэрты для фп. (1965), скрыпкі (1941, 1955, 1975), віяланчэлі (1966) з арк.; сімфаньета для фп. з арк. «Родныя напевы» (1969, 2-я рэд. 1972), «Беларуская рапсодыя» (1948) для арк.бел.нар. інструментаў, 5 стр. квартэтаў (1941—75), квінтэты фп. (1946) і для духавых інстр. (1960), фп. цыклы «24 прэлюдыі», «Ў піянерскім лагеры»; фантазіі, уверцюры, маршы, песні, вак. цыклы для голасу з фп., музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Карэтнікаў, В.Помазаў і інш.