рускі пісьменнік, журналіст. Муж А.Я.Панаевай. Скончыў Шляхетны пансіён пры Пецярбургскім ун-це (1830). З 1847 разам з М.Някрасавым выдаваў час.«Современник». Друкаваўся з 1834. Першыя празаічныя творы («Яна будзе шчаслівая. Эпізод з успамінаў пра пецярбургскае жыццё», 1836; «Сёння і заўтра», 1837, і інш.) у традыцыях свецкай аповесці. У 1839—46 выступаў у «Отечественных записках» як белетрыст натуральнай школы: аповесці «Анагр» (1841), «Актэон» (1842), сац.-псіхал. раман «Мамчын сынок» (1845), апавяданні, нарысы, фельетоны. Адным з першых у рус. л-ры стварыў вобраз «лішняга чалавека» з новага сац. асяроддзя — інтэлігенцыі (аповесць «Родзічы», 1847). У 1851—61 друкаваў у «Современнике» штомесячныя агляды журналістыкі і пецярбургскага жыцця пад псеўданімам «Новы паэт». Аўтар раманаў «Ільвы ў правінцыі» (1852), «Унук рускага мільянера» (1858), цыкла нарысаў «Вопыт пра хлышчоў» (1854—57), «Літаратурных успамінаў» (1861), літ. пародый (некаторыя разам з Някрасавым) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт.жыццяСтараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),
расійскі акцёр. Сын А.Дз.Папова. Нар.арт.СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.С.Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́КІ СЭ́РЦА,
паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.
Літ.:
Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;
Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭ́ЛА (франц. parcelle ад лац. particula часцінка),
1) дробны зямельны ўчастак (або ч. зямельнага надзелу), на якім вядзецца парцэлярная гаспадарка. 2)У біялогіі — структурная ч.біяцэнозу, дробная біяхаралагічная адзінка. У батаніцы, біягеацэналогіі структурная ч.гарыз. расчлянення фітацэнозу (або біягеацэнозу), якая ахоплівае ўсю яго тоўшчу і адрозніваецца ад інш.ч. саставам, якасцямі кампанентаў, спецыфікай іх сувязяў і матэрыяльна-энергет. абмену. Вылучаецца па шчыльнасці і прадукцыйнасці асобных відаў раслін (пераважна дамінантаў) і асаблівасцях мікраасяроддзя пражывання. Паводле паходжання П. бываюць карэнныя, вытворныя і антрапагенныя. У заалогіі, эталогіі — сукупнасць адзіночных асобін жывёл або сем’яў (вял. сям’я), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна ад адной і часта кантактуюць паміж сабой; тэрмін блізкі да паняцця д э м — невял. (ад некалькіх асобін да дзесяткаў экз.), адносна ізаляваная ад інш. унутрывідавая групоўка пазваночных жывёл, якая існуе на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў, а потым аб’ядноўваецца з інш. падобнымі групоўкамі. Гл. таксама Біяхор(а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШЧА́СЦЕЎ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 4.2.1944, г. Іжэўск, Удмурція),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар серый «Мінск перадсвяточны», «З жыцця адной часці» (абедзве 1968), «Палеская нафта» (1970), «Днём і ноччу» (1972), «Аўтагонкі» (1975), «Палескі пейзаж» (1977), «Вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Алжыр» (1980), «Адноўленае Палессе» (1981), «Вясковыя замалёўкі» (1984), «Масква» (1988—90), асобных лістоў. Аформіў і стварыў ілюстрацыі да кніг «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1969), «Пучок жыгучкі» К.Крапівы (1973), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1974), «Тры аповесці пра Малыша і Карлсана» А.Ліндгрэн (1980), «Мы вучымся пісаць» М.Гурэвіч (1983), «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага (1993), буквары Н.Старажовай і Т.Шанько (1992), А.Клышкі (1999), Т.Ляшчынскай і Ю.Кісляковай (2000, у сааўт.), серыю «Аловак і Самадзелкін» У.Поснікава (1998) і інш. Творам характэрны выразнасць кампазіцыі, дакладнасць і маляўнічасць выяўленчай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер. псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч.М., 1984. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́Н ((Pirenne) Анры) (23.12.1862, г. Верв’е, Бельгія — 24.10.1935),
бельгійскі гісторык-медыявіст. Чл. Бельгійскай каралеўскай акадэміі навук, л-ры і прыгожых мастацтваў. У 1886—1930 праф. Генцкага ун-та (у 1919—21 рэктар). Даследаваў сац.-эканам. гісторыю зах.-еўрап. сярэднявечча, ўзнікненне і развіццё горада і яго інстытутаў; развіваў тэорыю паходжання горада з купецкіх паселішчаў (кн. «Гарады сярэднявечча», 1927). У асн. працы «Гісторыя Бельгіі» (т. 1—7, 1900—32), зыходзячы з тэзіса пра адзінства сац.-эканам. развіцця асобных бельг. абласцей, даказваў гіст. адзінства бельг. нацыі і гіст. заканамернасць існавання бельг. дзяржавы. Стварыў канцэпцыю пераходу ад антычнасці да сярэдніх вякоў, у якой гал. ролю ў гіст. працэсе аддаваў знешняму гандлю. Паводле П. пераломны момант у сац. жыцці Зах. Еўропы звязаны з араб. заваяваннямі 7—8 ст., якія паклалі канец міжземнаморскаму гандлю паміж еўрап. Захадам і Усходам; у выніку з 8 ст. асновай эканам.жыцця становіцца натуральная гаспадарка, гар. жыццё замірае. З выцясненнем арабаў з Міжземнамор’я ў 11 ст. аднаўляюцца гандаль і гарады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ДНАСЦЬ,
эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),
1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ.жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.