РУБІ́НЧЫК (Валерый Давыдавіч) (н. 17.4.1940, Мінск),

бел. кінарэжысёр. Вучыўся ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1959—61). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1967). У 1969—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першы фільм «Шостае лета» (1968). Асаблівасць яго стылю — насычаная паэт. падрабязнасцямі і багатай прадметнай фактурай эпохі жывапіснасць кадра, арыгінальны гукапластычны кантрапункт. Зняў фільмы: «Магіла льва» (1972), «Вянок санетаў» (1976, паводле аповесці В.​Муратава «Мы ўцякалі на фронт»), «Дзікае паляванне караля Стаха» [1979, паводле аповесці У.​Караткевіча; Гран-пры на Міжнар. кінафестывалях дэтэктыўных і прыгодніцкіх фільмаў у Каталіцы (Італія), 1980; містычных і навук.-фантаст. фільмаў у Бруселі, 1983; спец. прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Манрэалі (Канада), 1980; дыпломы на Міжнар. кінафестывалях навук. фантаст. фільмаў у Трыесце (Італія) і «Фільмэкс» у Лос-Анджэлесе (ЗША), абодва 1981], «Культпаход у тэатр» (1983). Мастацкай вытанчанасцю, метафарычнасцю, муз. пластыкай кінакадра, спалучэннем лірыкі і іроніі адметныя тэлефільмы «Чырвоны агітатар Трафім Глушакоў» (1969), «Апошняе лета дзяцінства» (паводле А.​Рыбакова, 1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (паводле «Запісак паляўнічага» І.​Тургенева, 1975), «Камічны палюбоўнік, або Любоўныя штукарствы сэра Джона Фальстафа» (тэлеаб’яднанне «Экран», 1985). У Т-ры студыі кінаакцёра паставіў спектакль «Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана (1985). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

В.​Ф.​Нячай.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТЭ́М (Ян) (1762, г. Стамбул, Турцыя — 21.6.1835),

жывапісец і рысавальшчык, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Варшаве ў Я.​П.​Норбліна і М.​Бачарэлі, у Германіі (1788—90). Выкладаў у Віленскім ун-це (1798—1832; з 1811 праф.). Рэарганізаваў сістэму навучання ў Віленскай маст. школе, што садзейнічала развіццю рэаліст. мастацтва ў 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. У творах адметны ўплыў рамантызму, класіцызму, сентыменталізму. Аўтар шматлікіх аўтапартрэтаў, партрэтаў Т.​Зана, Г.​Ваньковіч, А.​Ваньковіча (абодва каля 1805), А.​Снядэцкага (1816), Я.​Снядэцкага (1819), М.​Ромер (1820), Я.​Главацкага (1823), С.​Солтана, Я.​Вейсенгофа, Т.​Аскерка, праф. Нішкоўскага, праф. Франка, К.​Франк, граф М.​Кончуса, гравёра Дж.​Саўндэрса, Т.​Хамінскай, графа Тызенгаўза і інш.; кампазіцый «Турак з канём» (1791), «Паэт Ю.​Славацкі ва ўзросце 5 гадоў у выглядзе Амура» (1813—14), «Адпачынак Дзіяны», «Бабуля з унучкай», акварэлі «На рынку» і інш. Выканаў мініяцюрныя партрэты Т.​Касцюшкі, Я.​Лялевеля. Творчай манеры ўласцівы ўстойлівасць кампазіцыйных прыёмаў, дакладны малюнак, стрыманасць колераў.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.

В.​Я.​Буйвал.

Я.Рустэм. Партрэт прафесара М.​Кончуса. 1832.
Я.Рустэм. Аўтапартрэт. 1-я трэць 19 ст.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙМЕРЫС ((Reimeris) Вацыс) (н 3.8.1921, г. Куршэнай, Літва),

літоўскі паэт. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1956). У 1949—86 працаваў у перыяд. друку. Друкуецца з 1940. Аўтар зб-каў паэзіі «Зямлі бацькоў» (1945), «З вясною» (1948), «З табой я размаўляю» (1958), «У Белага Таджа» (1958, прэмія Дж.​Неру 1968), «Далоні» (1968), «Шэсці» (1970), «Паэты ходзяць па зямлі» (1981), «Ave Maria» (1996), паэм «Зямля з букетам кветак» (1986) і інш. У ранняй паэзіі пераважалі тэмы Вял. Айч. вайны, пасляваен. жыцця, у пазнейшых творах — роздумы пра гіст. вопыт літ. народа, каханне. Піша для дзяцей, у т. л. кн. вершаў «Сарока-белабока» (1974, Дзярж. прэмія Літвы 1975). Перакладае рус. і бел. паэтаў. Пераклаў вершы Я.​Купалы «Лён», «Алеся», «Касцу», «Спадчына», «Трэба нам песень». На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, С.​Дзяргай, У.​Карызна, Г.​Кляўко, П.​Панчанка, А.​Разанаў, І.​Скурко, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія. Т. 1. Мн., 1977;

У кн.: Бурштынавыя пацеркі. Мн., 1984;

Рус. пер. — Твое тепло. М., 1961;

Луч на ладони. М., 1962;

Полнолуние. М., 1972;

Проводы дерева. М., 1984.

А.​П.​Лапінскене.

т. 13, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б (Алесь Феафілавіч) (18.10.1906, в. Зарудзічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.5.1934),

бел. паэт, літаратуразнавец, публіцыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927), БДУ (1931). У Зах. Беларусі далучыўся да дзейнасці Бел. сялянска-работніцкай грамады. Быў вязнем (1924, 1927) віленскіх астрогаў. У 1928 нелегальна перайшоў польска-сав. мяжу, жыў у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1924 у газ. «Жыццё беларуса», «Наша праўда», час. «Маланка» ( падпісваўся часта Лявон Чачотка), у газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя рэвалюцыі» і інш. У Мінску выдаў зб. вершаў «Лукішкі» (1929). Асн. тэмы яго творчасці — барацьба за сац. і нац. вызваленні, гал. герой — вязень-рэвалюцыянер У літ.-знаўчых («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі», 1931; «Мастацкая літаратура «Грамады», 1933) і публіцыст. працах (некат. з В.​Таўлаем) спрабаваў вызначыць кірункі развіцця л-ры Зах. Беларусі, дапускаў сацыялаг. ацэнкі. Збіраў фальклор, нар. лексіку, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Яго «Лукішскі дзённік» часткова апубл. ў 1961.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.

Літ.:

Калесніку. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Л і с А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс.

А.Ф.Салагуб.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЭКЗЮПЕРЫ́ ((Saint-Exupéry) Антуан дэ) (29.6.1900, г. Ліён, Францыя — 31.7.1944),

французскі пісьменнік. У 1919—21 вучыўся ў Парыжскай АМ. З 1926 грамадз. лётчык, з 1933 лётчык-выпрабавальнік, у 2-ю сусв. вайну — ваен. лётчык. Загінуў, выконваючы разведвальны палёт. Друкаваўся з 1926. У раманах «Паўднёвы паштовы» (1929), «Начны палёт» (1931), «Планета людзей» (1939, прэмія Франц. акадэміі), аповесцях «Ваенны лётчык» (1942), «Ліст да заложніка» (1943) услаўляў мужнасць подзвігу, вернасць абавязку, патрыятызм. Яго творы — своеасаблівы сплаў рэпартажу з паэт. і філас. асэнсаваннем перажытага. Сусв. вядомасць набыла філас.-лірычная казка «Маленькі прынц» (1943, неаднаразова экранізавана), у якой паэтычнасць, лірызм, сатыра спалучаюцца з глыбокім роздумам аб прыгажосці чалавечых адносін. На бел. мову асобныя творы С.-Э. пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Валошка, Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — Планета людзей. Маленькі прынц // Олдрыдж Дж. Паляўнічы;

Хемінгуэй Э. Стары чалавек і мора;

Сент-Экзюперы А. Планета людзей. Маленькі прынц. Мн., 1996;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

Літ.:

Мижо М. Сент-Экзюпери: Пер. с фр. 2 изд. М., 1965;

Буковская А Сент-Экзюпери, или Парадоксы гуманизма: Пер. с пол. М., 1983;

Антуан де Сент-Экзюпери: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

А. дэ Сент-Экзюперы.

т. 14, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),

бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.​Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.​Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;

Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў, В.​А.​Чамярыцкі.

Кірыла Тураўскі. Мастак І.​Пратасеня.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.​Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.​Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, зб-кі твораў А.​Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.​Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.​Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, П.​Нэруды, Н.​Гільена, А.​Міцкевіча, В.​Каратынскага, У.​Бранеўскага, С.​Нерыс, О.​Вацыеціса, С.​Паптонева, С.​Ясеніна, Я.​Еўтушэнкі, Б.​Акуджавы, Б.​Ахмадулінай, М.​Нагнібеды, Р.​Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.​Барсукоў, Г.​Вагнер, З.​Галубіцкая, Я.​Глебаў, У.​Журовіч, М.​Наско, Дз.​Смольскі, М.​Хаўхлянцаў і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Свята пчалы. Мн., 1975;

Белая яблыня грому. Мн., 1979;

Вечалле. Мн., 1980;

Паэмы прызвання. Мн., 1982;

Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;

Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;

Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;

Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;

Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;

Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;

Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;

Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.

Л.​М.​Гарэлік.

Р.І.Барадулін.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНЯ,

форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.

Нар. П. ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў (гл. Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.​Аляб’еў, А.​Варламаў, А.​Гурылёў, М.​Глінка) і зах.-еўрап. (І.​Брамс, Ж.​Бізэ, Ф.​Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст. вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.​Брасенс, Ш.​Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.​Акуджава, У.​Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт. Эстрадная музыка).

На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл. Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел. нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел. прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.​Любан, Л.​Маркевіч, А.​Туранкоў, У.​Тэраўскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, В.​Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны (М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.​Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш. Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, І.​Палівода, В.​Раінчык, Семяняка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж. т-ра муз. камедыі, Нац. акад. т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.

Літ.:

Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Э.​А.​Нікалаева.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),

рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус. сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.​Б.​Шэлі (Поўн. зб. тв.), П.​Кальдэрона, У.​Уітмена, Э.​По, П.​Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—10. М., 1908—13;

Избранное: Стихотворения;

Переводы;

Статьи. М., 1991.

П.​П.​Вашко.

К.​Дз.Бальмонт.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРА́МЧЫК (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, Л.​Украінкі, М.​Джаліля, Г.​Эміна, паэму М.​Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;

Агледзіны. Мн., 1969;

Анкета. Мн., 1990.

Літ.:

Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;

Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.

І.У. Саламевіч.

М.Аўрамчык.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)