МЕ́ЧНІКАЎ Леў Ільіч (30.5.1838, С.-Пецярбург — 30.6.1888),

расійскі географ і сацыёлаг. Брат І.І.Мечнікава. Адзін з аўтараў працы «Землеапісанне для народу» (Жэнева, 1868). У 1874—76 чытаў лекцыі па рус. мове ў Такійскім ун-це і вывучаў Японію. З 1876 быў памочнікам Э.Рэклю па стварэнні працы «Усеагульная геаграфія. Зямля і людзі». У 1881 апублікаваў даследаванне пра Японію, у 1889 — працу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» (абодва на франц. мове), дзе выказаў тэорыю развіцця цывілізацый пад уплывам спрыяльных прыродных фактараў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́НДЛІК,

у беларусаў спосаб сушкі снапоў жыта і пшаніцы на полі. Звычайна М. ставілі з 10 снапоў: да вертыкальна пастаўленага снапа пад нахілам прыстаўлялі 4 снапы, потым — яшчэ 4 у прамежкі, апошнім — дзесятым — накрывалі М. Сцёблы з калоссем гэтага снапа заломвалі каля перавясла, каб атрымалася «веер-шапка». Яна засцерагала астатнія снапы ад дажджу і мацавала М. У добрае надвор’е «шапку» здымалі, каб зерне ў снапах хутчэй прасохла. У некат. рэгіёнах М. называлі бабкамі.

Л.​І.​Мінько.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВЕЖА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 35 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0.93 км², найб. шыр. 1 км, даўж. 1,5 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі больш за 4,5 км. Пл. вадазбору 79,2 км². Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд. Схілы выш. да 13 м, сярэдне стромкія; на З і Пн выш. да 5 м, спадзістыя, пясчаныя, пад хмызняком. Праточнае. На ПнУ упадае р. Жэльцанка, выцякае р. Невежа.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЛІСА, Оплеса,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 2,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 7—12 м, разараныя, на У пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, месцамі забалочаныя. Упадае ручай з воз. Глыбошчына, выцякае ручай у р. Друйка.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СЦКАЕ ВО́ЗЕРА У Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Бобрык, за 25 км на ПнУ ад г. Пінск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі 1,2 км. Пл. вадазбору 711 км². Схілы катлавіны спадзістыя, выш. да 5 м, пад лугам і ворнымі землямі, на Пд лес. Ад вадасховішча Пагост адгароджана дамбай, водаабмен з якім ажыццяўляецца пры дапамозе помпаў. Сцёк з возера па пратоцы р. Бобрык 1-ы.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ГАНДЛЁВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СГА),

міжнародная арганізацыя. Засн. ў 1994 (дзейнасць пачала ў 1995) як пераемніца Ген. пагаднення па тарыфах і гандлі 1948 для стварэння агульных інстытуцыянальных рамак з уключэннем усіх прынятых пад яго патранажам дамоўленасцей і пагадненняў. Мэты СГА: камерцыйная і эканам. арыентацыя дзяржаў-членаў на павышэнне ўзроўню жыцця; забеспячэнне поўнай занятасці; рост вытв-сці і гандл. абмену таварамі і паслугамі; аптымальнае выкарыстанне крыніц сыравіны з мэтай забеспячэння доўгатэрміновага развіцця, абароны і захавання навакольнага асяроддзя. Знаходзіцца ў Швейцарыі.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́КАРАЎ Фёдар Васілевіч (14.6.1871, станіца Егарлыкская Растоўскай вобл., Расія — 7.6.1969),

расійскі канструктар стралковай зброі. Д-р тэхн. н. (1940). Герой Сац. Працы (1940). Скончыў казацкае юнкерскае вучылішча (1900). У 1907 перарабіў магазінную вінтоўку ўзору 1891 у аўтаматычную. З 1916 на зброевым з-дзе. У 1927 сканструяваў пісталет-кулямёт (аўтамат) пад рэвальверны патрон, у 1930—40-х г. самазарадны пісталет ТТ, самазарадныя вінтоўкі СВТ-38, СВТ-40, аўтам. вінтоўку АВТ-40 (выкарыстоўваліся ў Вял. Айч. вайну). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 15, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ПІСЬМО́, унцыял (ад лац. uncialis роўны па даўжыні адной унцыі),

асаблівы тып почырку лац. і грэка-візант. пісьма. Для яго характэрны вялікія роўныя літары без вострых вуглоў і ламаных ліній, якія амаль не выступалі за межы радка. Лігатур і словападзелу не было. Было пашырана ў 4—9 ст., пераважна ў царк. кнігах, а таксама ў рукапісах з ант. тэкстамі. Пад уплывам У.п. склаўся ўстаў.

А.​Я.​Міхневіч.

Да арт. Унцыяльнае пісьмо. Надпіс 3 ст. з г. Тымгад (Алжыр).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫГІ́ЙЦЫ,

старажытныя індаеўрапейскія плямёны, якія ў 2-м тыс. да н.э. перасяліліся з Македоніі і Фракіі ў Фрыгію. Некат. спецыялісты лічаць мову Ф. роднаснай арм. мове, другія — грэч. групе моў. Ф. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі, гандлем з грэкамі і рымлянамі. У 13 ст. да н.э. дапамагалі Троі ў вайне супраць грэкаў, пасля Траянскай вайны ўсталявалі сваё панаванне над Траадай. Ф. адыгралі значную ролю ў падзенні Хецкага царства (каля 12 ст. да н.э.), б.ч. якога перайшла пад уладу Фрыгіі.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)