ГЕАГРА́ФІЯ ПРАЦО́ЎНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

раздзел геаграфіі насельніцтва, вывучае тэр. структуру працоўных рэсурсаў, у т. л. тэр. адрозненні ў іх складзе, умовах узнаўлення і выкарыстання. Даследуюцца таксама адрозненні ва ўзростава-палавым і прафесійным складзе, узроўні кваліфікацыі, ступені выкарыстання прац. рэсурсаў у нар. Гаспадарцы, размеркаванні занятых па галінах гаспадаркі, гадавую загрузку працоўных (у сезонных ваганнях занятасці).

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),

асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЦЭ́НТР (ад гіпа... + цэнтр) землетрасення, цэнтральны пункт ачага землетрасення ў нетрах Зямлі. У гіпацэнтры раптоўна вызваляецца значная энергія (10​3—10​18 Дж), якая выклікае каротка-перыядычныя ваганні зямной кары. Глыбіня гіпацэнтра пры звычайных землетрасеннях менш за 70 км, пры прамежкавых — 70—300 км, пры глыбокіх — 300—700 км (гл. таксама Эпіцэнтр).

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,

складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) ці мінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, або нітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ КРАІ́НА,

вялізны ўчастак зямной паверхні з рэзкімі ваганнямі вышынь, значна (на сотні, тысячы метраў) падняты над навакольнымі раўнінамі. Фарміруецца звычайна ў выніку адзінага этапу тэктанічнага развіцця, якое суправаджаецца перавагай узыходных рухаў. Часам выцягнута на некалькі тысяч км, складаецца з шэрагу ланцугоў і хрыбтоў, падзеленых міжгорнымі ўпадзінамі і рачнымі далінамі. Гл. таксама Горная сістэма.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС РА́НКІНА,

адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы. Абазначаецца °Ra. Роўны градусу Фарэнгейта. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: абсалютны нуль (0 °Ra) і т-ра трайнога пункта вады (491,688 °Ra). Прапанаваны шатл. фізікам У.​Дж.​Ранкінам. Выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр., у ЗША, дзе вымяраюць т-ру па шкале Фарэнгейта. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЁМІСТАСЦЬ транспартнага сродку,

сумарны аб’ём памяшканняў (судна, вагона, самалёта, аўтамабіля і інш.) для размяшчэння грузаў. Вымяраецца ў кубічных метрах. Тэарэтычна вызначаецца па абводах грузавых памяшканняў. У суднаў адрозніваюць таксама зерневую (для сыпкіх грузаў), стосавую (для штучных грузаў) і грузаёмістасць для вадкіх грузаў. Удз. грузаёмістасць — аб’ём (або плошча) грузавых памяшканняў на адзінку грузападымальнасці.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г.п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́СЕЛЬ (ням. Drossel),

1) прыстасаванне, якое звужае паток вадкасці, пары ці газу ў трубаправодах. Выкарыстоўваецца для вымярэння і рэгулявання ціску і расходу гэтых рэчываў (дросельныя расходамеры, дыяфрагмы, соплы і інш.), а таксама для рэгулявання гаручай сумесі ў рухавіках унутр. згарання (дросельныя клапаны, засланкі).

2) Шпуля з вял. індуктыўным супраціўленнем (гл. Індуктыўнасці шпуля).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)