ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж.акад.сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел.нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл.Сусв. гільдыі трубачоў (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НСКІ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),
бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал. працэсаў у машынабудаванні.
Тв.:
Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);
Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);
Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.І.Бендзеравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧКІН (Васіль Прохаравіч) (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),
рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл.АНСССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.
Літ.:
Дубровский А.А. Академик В.П.Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕЎ (Фёдар Гардзеевіч) (1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру I (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),
бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Валянціна Іванаўна) (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.
В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «I ўпала на зямлю зорка...». 1996.