Паводле зоагеаграфічнага падзелу сучасная фауна Беларусі ўваходзіць у склад фауны Еўрапейска-Обскай падвобласці Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага царства. На тэр. Беларусі вылучаюць З шыротныя зоагеаграфічныя раёны: паўночны, або Азёрна-Дзвінскі; пераходны, або Нёманска-Бярэзінска-Сожскі; Палескі, які таксама падзяляюць на цэнтральны, заходні і ўсходні падраёны.
Паўночны раён ахоплівае Бел. Паазер’е, размешчанае ў паўн. частцы Віцебскай вобл. Паводле рэльефу, глебавых умоў і клімату ён рэзка адрозніваецца ад астатняй часткі Беларусі.
У пераходны раён, акрамя паўд. часткі Віцебскай вобл., уваходзяць Мінская, Магілёўская, усх. частка Гродзенскай і паўн. лясная частка Гомельскай вобл. Як і паўночны раён, ён цалкам знаходзіцца ў вобласці ялова-шыракалістых лясоў.
Палескі раён займае паўд.-зах. частку Гродзенскай, амаль усю Брэсцкую (акрамя Баранавіцкага р-на) і Гомельскую (акрамя паўн.-ўсх. часткі) вобласці. Ён размешчаны ў паласе еўрап. шыракалістых лясоў. Вегетацыйны перыяд значна даўжэйшы, чым у пераходным і паўн. раёнах.
Паводле паходжання фауна Беларусі мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розны час і ў розных цэнтрах; сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап. і еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў. Аб’ядноўвае 466 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл.
Млекакормячыя Беларусі належаць да 6 атрадаў, налічваюць 76 відаў. Парнакапытных 5 відаў, найбольш буйныя з іх зубр, лось, алень высакародны, дзік. Драпежных 15 відаў, найбольш буйныя з іх мядзведзь буры, воўк. Да драпежных належаць таксама барсук, выдра еўрапейская, гарнастай, куніцы каменная і лясная, ласка, ліс, норка еўрапейская, рысь еўрапейская, таксама акліматызаваныя ў 20 ст. норка амерыканская і янот-паласкун з Паўн. Амерыкі, усурыйскі янотападобны сабака. Зайцападобных 2 віды: зайцы бяляк і русак. Атрад грызуноў самы шматлікі — 26 відаў, з якіх самы буйны бабёр рачны, найбольш дробны мыш-малютка. Акрамя шматлікіх мышэй і палёвак, гэты атрад уключае 2 віды пацукоў, 4 віды сонь, вавёрку звычайную, рэліктаў стэпавых ландшафтаў — сусліка еўрапейскага і хамяка звычайнага, акліматызаваны паўн.-амерыканскі від — андатру. Атрад рукакрылых, або лятучых мышэй, аб’ядноўвае 17 відаў, большасць з якіх рэдкія. Найбольш старажытным лічыцца атрад насякомаедных, у якім 11 відаў: вожык белагруды, крот еўрапейскі, шэраг відаў землярыек — белазубак, буразубак і кутор.
Змены кліматычных і інш. умоў жыцця, уздзеянне чалавека, асабліва ў апошнія стагоддзі, прывялі да таго, што з пачатку 17 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў млекакормячых. Сярод іх 2 віды вымерлыя — тарпан лясны і тур. Перасталі трапляцца таксама алень паўночны, кот дзікі еўрапейскі, лань, пясец, расамаха, хахуля. Цалкам былі вынішчаны алень высакародны і зубр. Алень пазней быў рэінтрадукаваны, а папуляцыя зубра адноўлена з асобін, якія ўтрымліваліся ў няволі.
Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў з 19 атрадаў. З іх 227 гняздуюцца, 41 від залятае выпадкова, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. У пач. 19 ст. перастаў трапляцца стрэпет, выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла праз некалькі гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-х г. За апошнія 1,5—2 ст. з тэр. Беларусі зніклі каля 10 відаў птушак, а за апошнія 50 гадоў з’явіліся на гнездаванні 27 новых відаў, у т. л. раней зніклыя віды — баклан вялікі, гусь шэрая, лебедзь-шыпун, што сведчыць пра актыўныя працэсы фаунагенезу.
З амфібій на Беларусі жывуць 13 відаў: 2 — трытонаў і 11 відаў атрада бясхвостых — жабы, жарлянка, квакша, часночніца. Мяжу арэала, які праходзіць па тэр. Беларусі, маюць жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і рапуха чаротавая.
У фауне рэптылій 7 відаў: 1 від чарапах, 3 яшчарак і 3 змей. Чарапаха балотная жыве ў Беларусі на паўн. мяжы арэала.
У іхтыяфауне 61 від, з якіх 3 віды міног і 58 відаў рыб. Абарыгенная фауна прадстаўлена 15 сямействамі, 46 відамі; перасяленцы — 4 сямействы, 13 відаў заселены ў вадаёмы ў мэтах развядзення. На працягу 20 ст. зніклі мінога рачная і 9 відаў рыб: асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб і інш. За гэты перыяд акліматызаваны, інтрадукаваны і з’явіліся ў выніку інвазій 11 відаў: амур белы, бычкі (ганец, кругляк, пясочнік), ратан-галавешка, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты, чабачок амурскі.
Сярод беспазваночных Беларусі асабліва высокай відавой разнастайнасцю вылучаюцца насякомыя, якія складаюць не менш за 70% усіх відаў жывёл. З найбольш вывучаных груп насякомых на тэр. Беларусі вядомы 3238 відаў цвердакрылых (жукі), каля 1600 — лускакрылых (матылі), каля 800 — перапончатакрылых (восы, наезнікі, пчолы), каля 100 — паўцвердакрылых (клапы), 90 — раўнакрылых (стракозы), каля 200 — двухкрылых (камары, мухі), 58 — прамакрылых (конікі) і шэраг больш дробных атрадаў і сямействаў. З крывасмокаў, акрамя двухкрылых і клапоў, добра вывучаны блохі (28 відаў), вошы (больш за 10), камары (37), макрацы (28), мошкі (38), сляпні (33). З інш. членістаногіх даволі поўна вывучаны кляшчы (каля 600) і павукі (больш за 400 відаў).
У групе глебавых беспазваночных добра вывучаны чэрві дажджавыя (13 відаў), кляшчы панцырныя (больш за 270). Недастаткова вывучаны нематоды (200 відаў), некаторыя іншыя групы.
З водных беспазваночных найбольш вывучаны калаўроткі (398 відаў), ніжэйшыя ракі (каля 10), галінаставусыя ракападобныя (каля 100), весланогія ракападобныя (каля 70), бакаплавы (8), мізіды (1), ракавінныя ракападобныя (54), дзесяціногія ракі (3), вадзяныя жукі (больш за 240), вяснянкі (больш за 20), аўсянікі (каля 50), ручайнікі (больш за 120), вадзяныя клапы (каля 40), п’яўкі (15), малюскі (больш за 60).
Сярод эндапаразітаў найбольшую эпідэмічную небяспеку маюць гельмінты жывёл і чалавека (больш за 600 відаў паразітычных чарвей). Гельмінтафауна дзікіх жывёл налічвае больш за 520 відаў.
Да рэсурсных відаў жывёл з пазваночных адносяць 19 відаў млекакормячых, 30 відаў птушак, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), а з беспазваночных 2 віды (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны). Найбольшую каштоўнасць у якасці біялагічнага рэсурсу маюць буйныя паляўнічыя млекакормячыя: капытныя — лось, дзік, казуля, алень, патэнцыяльна зубр; драпежныя — воўк і шэраг відаў пушных звяроў; 2 віды зайцоў, андатра, бабёр. Да паляўнічай арнітафауны адносяцца масавыя віды вадаплаўных птушак, глушэц, цецярук; з рыб — група прамысловых, якія жывуць у прыродных вадаёмах (29 відаў).
Выкапнёвая фауна прадстаўлена аманітамі, белемнітамі, двухстворкавымі малюскамі, фарамініферамі і інш. марскімі і наземнымі арганізмамі. Найбольш старажытныя выкапнёвыя выяўлены ў кембрыйскіх адкладах — сляды жыццядзейнасці чарвей, беззамковых брахіяподаў. Ва ўтварэннях ардовіку, сілуру і дэвону — рэшткі строматапараідэй, каралаў, астракодаў, малюскаў, імшанак, брахіяподаў, ігласкурых, канадонтаў. У адкладах дэвону найбольш характэрны рэшткі бяссківічных і рыб; у адкладах карбону, юры, мелу, эацэну — фарамініферы; у пермі і трыясе — астракоды. У антрапагенавых адкладах трапляюцца ракавіны астракодаў, рэшткі шкілетаў насякомых і млекакормячых, многія з якіх з’яўляюцца непасрэднымі продкамі сучасных прадстаўнікоў тэрыяфауны. Сярод выкапнёвых млекакормячых сустракаюцца віды, вымерлыя на Зямлі (алень велікарогі, коні выкапнёвы, Стэнана і хазарскі, мамант, мамант хазарскі, мядзведзь пячорны, насарогі валасаты і этрускі, сланы паўднёвы і трагантэрыевы і інш.), а таксама віды, якія калісьці жылі на тэр. Беларусі, а зараз з’яўляюцца насельнікамі інш. рэгіёнаў (алень паўночны, аўцабык, дзікабраз, лемінгі, пясец і інш.).
Літ.:
Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;
Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;
Рыбы. Мн., 1989;
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРАСКАПІЯ І ЛЮМІНЕСЦЭНЦЫЯ
Даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі на Беларусі пачалі інтэнсіўна развівацца ў пач. 1950-х г. у АН Беларусі і БДУ па ініцыятыве А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, агульнай і неарганічнай хіміі, фотабіялогіі Нац.АН Беларусі; на кафедрах і ў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах. У гэтай галіне фізікі сфарміраваліся вядомыя навук. школы М.А.Барысевіча, М.А.Ельяшэвіча, А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. Многія вынікі, дасягнутыя ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі ў 1950-я г., сталі асновай хуткага развіцця на Беларусі лазернай фізікі.
У галіне малекулярнай спектраскапіі М.А.Барысевічам і яго вучнямі (А.П.Блахін, В.У.Грузінскі, Г.А.Залеская, У.А.Павядайла, Г.Б.Талстарожаў, В.А.Таўкачоў, С.А.Ціхаміраў і інш.) устаноўлены заканамернасці фарміравання спектральна-люмінесцэнтных характарыстык малекул у газавай фазе і працякання працэсаў унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў, суадносіны паміж спектрамі люмінесцэнцыі і паглынання, квантавым выхадам і працягласцю люмінесцэнцыі; распрацаваны метады вызначэння фотафізічных і тэмпературных характарыстык узбуджаных станаў малекулярных асяроддзяў; адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул; атрыманы важныя звесткі аб кінетыцы звышхуткіх рэлаксацыйных працэсаў у газавай і кандэнсаванай фазах, а таксама ва ўмовах струменнага ахаладжэння і інш.
Б.І.Сцяпанавым і яго вучнямі (П.А.Апанасевіч, В.П.Грыбкоўскі, А.П.Казачэнка, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон і інш.) развіты эфектыўныя метады разліку і прааналізавана структура спектраў паглынання і люмінесцэнцыі малекулярных асяроддзяў з улікам вымушанага выпрамянення і цеплавога фону; дадзена фізічна абгрунтаваная класіфікацыя другаснага выпрамянення; устаноўлены універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і люмінесцэнцыі (універсальныя суадносіны Сцяпанава); развіта спектраскапія адмоўных светлавых патокаў, выяўлены заканамернасці дзеяння магутнага выпрамянення на спектральныя характарыстыкі асяроддзяў.
Пад кіраўніцтвам А.Н.Сеўчанкі выкананы даследаванні па спектраскапіі уранілавых (Л.В.Валадзько, А.І.Камяк, Дз.С.Умрэйка і інш.) і рэдказямельных (В.В.Кузняцова, Г.Я.Малашкевіч, В.С.Хаменка) злучэнняў у крышталях і растворах; устаноўлена сувязь спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей са структурай гэтых злучэнняў і створаны асновы спектральна-структурнага аналізу каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў; распрацаваны антыстоксавы візуалізатары інфрачырвонага выпрамянення. Вяліся даследаванні па палярызаваным узбуджэнні люмінесцэнцыі, у т. л. двухфатонным узбуджэнні (В.А.Гайсёнак, А.М.Саржэўскі і інш.). Выкананы цыкл работ па даследаванні спектральнымі метадамі флуктуацый мікраструктуры і фотафізікі раствораў складаных арганічных злучэнняў (Б.А.
А.Н.Сеўчанкам і Ц.М.Годневым закладзены асновы даследаванняў па фатоніцы біялагічна важных злучэнняў тыпу хларафілу, гему і іх аналагаў (парфірынаў і металапарфірынаў). Устаноўлены шляхі перадачы паглынутай светлавой энергіі, сувязі спектраскапічных уласцівасцей з малекулярнай структурай і асаблівасці фотахімічных і цемнавых пераўтварэнняў; выяўлена і вывучана з’ява «выпальвання» спектральных правалаў (Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў, К.М.Салаўёў, М.П.Цвірка). М.А.Ельяшэвіч стымуляваў выкарыстанне метадаў радыёспектраскапіі і разам з вучнямі (Б.І.Бяляеў, Л.І.Грачыхін, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, У.Я.Плюта, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч і інш.) развіў спектральныя метады даследавання плазмы і дыягностыкі зямных аб’ектаў з касмічных апаратаў. Атрыманы важныя вынікі па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы (І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, Л.Р.Пікулік, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі). Работы па інфрачырвонай спектраскапіі цэлюлозы, пачатыя ў канцы 1950-х І.М.Ярмоленкам, перараслі ў інтэнсіўныя даследаванні вагальных спектраў вугляводаў (мона-, ды- і поліцукрыдаў) з мэтай устанаўлення структуры і ўласцівасцей рэчываў гэтага класа (Р.Г.Жбанкоў). Метадамі спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння, у асаблівасці гіганцкага, вывучаецца будова біялагічна актыўных рэчываў, у т. л. лекавых прэпаратаў (Г.А.Гачко, С.А.Маскевіч і інш.). На аснове спектраскапічных метадаў распрацаваны фотарэфрактыўныя і вадкія крышталі (ВК) для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч і інш.); вывучаюцца міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў ВК і распрацоўваюцца ВК-матэрыялы для электрааптычных устройстваў (А.А.Мінько і інш.). Праведзена вялікая праца па ўкараненні метадаў атамнага спектральнага аналізу ў заводскіх лабараторыях (У.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі). Вынікі даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі значна ўплываюць на развіццё хіміі, геахіміі, біяхіміі, экалогіі, распрацоўку вытворчых тэхналагічных працэсаў. Для правядзення даследаванняў і аналізаў метадамі спектраскапіі і люмінесцэнцыі створаны цэнтры калектыўнага карыстання высакаякасным абсталяваннем: Аддзел аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Цэнтр крыягенных даследаванняў у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Аддзел фізіка-хімічных метадаў даследаванняў у Ін-це фізіка-арганічнай хіміі Нац.АН Беларусі. З 1964 выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии». Дасягненні бел. вучоных у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі адзначаны Ленінскай прэміяй (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 2 Дзяржаўнымі прэміямі СССР (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, К.М.Салаўёў), 4 Дзярж. прэміямі Беларусі (М.А.Барысевіч, А.П.Блахін, Б.А.Бушук, І.Дз.Валатоўскі, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, Г.П.Гурыновіч, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, У.А.Павядайла, Л.Р.Пікулік, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, К.І.Слабажаніна, В.А.Таўкачоў, У.І.Томін, Я.А.Чарніцкі).
Літ.:
Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;
Бураков В.С., Янковский А.А. Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции Мн., 1963;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры целлюлозы и ее производных. Мн., 1964;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Кузьмицкий В.А., Соловьев К.Н., Цвирко М.П. Спектроскопия и квантовая химия порфиринов // Порфирины: спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;
Воропай Е.С., Торпачев П.А. Техника фотометрии высокого амплитудного разрешения Мн., 1988;
Панов В.П., Жбанков Р.Г. Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988;
Черницкий Е.А., Слобожанина Е.И. Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПЕРЫЯДУ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ
У Вял.Айч. вайну бел. літаратары на доўгі час апынуліся ў выключна драматычных абставінах: родная зямля была цалкам акупіравана ворагам. Масавы чытач знаходзіўся на фронце, у партызанах, падполлі ці проста жыў на акупіраванай тэрыторыі. Многія пісьменнікі таксама былі на фронце ці ў партызанах. У Чырв. Арміі знаходзіліся М.Аўрамчык, П.Броўка, А.Вялюгін, П.Глебка, К.Кірэенка, К.Крапіва, А.Куляшоў, М.Лынькоў, П.Панчанка, М.Танк і інш. У партыз. барацьбе і падп. друку ўдзельнічалі Я.Брыль, М.Засім, П.Пестрак, В.Таўлай і інш. 26 празаікаў і паэтаў загінулі ў барацьбе супраць ням.фаш. захопнікаў: З.Астапенка, Я.Бобрык, Л.Гаўрылаў, А.Гейнэ, А.Дубровіч, Р.Жалязняк, А.Жаўрук, Э.Каган, А.Коршак, С.Крывец, П.Левановіч, Р.Лынькоў, С.Ляльчук, А.Мілюць, Р.Мурашка, М.Нікановіч, А.Пруднікаў, У.Рагуцкі, Р.Рэйзін, М.Сурначоў, М.Сямашка, Л.Талалай, А.Ушакоў, І.Шапавалаў, Г.Шведзік, Х.Шынклер. На акупіраваную тэр. Беларусі дастаўляліся бел. газеты «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «Звязда», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», а з 1943 — час. «Беларусь», якія знаёмілі партызан і насельніцтва з падзеямі, а таксама творамі бел. пісьменнікаў. Вершы бел. паэтаў перакладалі на рус. мову М.Галодны, С.Гарадзецкі, М.Ісакоўскі, Я.Мазалькоў, М.Рыленкаў, П.Сямынін. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі Я.Купалы, Я.Коласа, П.Панчанкі.
Найб. актуальнымі і папулярнымі былі публіцыстычныя жанры: карэспандэнцыі, фельетоны, песні, частушкі, рэпартажы, вершы-заклікі, лісты, пасланні, у якіх выкарыстоўваліся формы адкрытага звароту («Душою і сэрцам мы з вамі, героі», «На абарону» Я.Коласа, «Дрыжыце, падлюгі-фашысты!» П.Броўкі, «Вастрыце зброю» М.Танка, «Змагайцеся адважна за Радзіму» П.Панчанкі і інш.). Хрэстаматыйнымі сталі вершы Я.Купалы «Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю» (абодва 1942). Бел. літаратура назапашвала новыя якасці, паглыбляла аналіз ваен. рэчаіснасці. У 1943 супрацоўнікі слуцкай падп.газ. «Народны мсцівец» сабралі лепшыя вершы А.Астрэйкі і выдалі іх асобным зборнікам «Слуцкі пояс». Узброіўшыся канкрэтыкай абставін і падзей, паэты канцэнтруюць увагу на гал. маральным фактары вайны — даследаванні характару чалавека. Адбыўся пераход ад газетна-публіцыстычнай паэтыкі да лірыкі. Своеасаблівы лірычны дзённік — карціну свайго часу і духоўнага свету чалавека стварыў П.Панчанка ў вершах «Бульба», «Сват», цыкле «Іранскі дзённік» (зб. «Іранскі дзённік», 1944—45). У ваен. паэзіі стаў пашыраным жанр гераічнай балады: вершы «Сямёра дачок» П.Панчанкі (1942), «Балада аб уральскім танку» А.Вялюгіна (1943), «Маці» (1943), «Балада аб знойдзенай падкове» (1945) А.Куляшова, «У завею» М.Танка (1943) і інш. Значнае месца ў бел. паэзіі ваен. пары належала і паэме, дзе арганічна спалучаліся эпас, лірыка і драма: «Суд у лесе» (1942) і «Адплата» (1944) Я.Коласа, «Паэма пра Смалячкова» (1942) і «Ясны Кут» (1944) П.Броўкі, «Янук Сяліба» М.Танка (1943), «Прыгоды цымбал», «Дом №24» (абедзве 1944) А.Куляшова, «Мой майстра» А.Бялевіча, «Эдэм» З.Астапенкі, «Поўдзень» В.Віткі (усе 1944), «Маладосць у паходзе» П.Панчанкі (1945). Найвышэйшае дасягненне ў гэтым жанры — ліра-эпічная паэма «Сцяг брыгады» А.Куляшова (1942, Дзярж. прэмія СССР 1946), якая выявіла ўсю глыбіню нар. драмы, патрыятызм і самаахвярнасць воінаў. У цэнтры яе сюжэта лёс Алеся Рыбкі, сцяганосца брыгады, якая апынулася ў акружэнні і была разбіта. У паэме выкарыстаны матывы бел. песні «Бывайце здаровы», абрадавай паэзіі, міфалагічныя легенды пра «заклятую зямлю». Рамант. паэму з гераічнымі характарамі «Янук Сяліба» стварыў М.Танк, у якой дынамізм сюжэта дасягаецца праз сутыкненне характараў рознай сац. арыентацыі, шырока выкарыстаны нац. фальклор (легенда пра музыку Куліка і інш.). Паэмы П.Броўкі развівалі лірычны кірунак бел. гераічнага эпасу. «Паэма пра Смалячкова» пабудавана на канкрэтным матэрыяле біяграфіі радавога ўдзельніка вайны. У яго паэме-маналогу «Беларусь», дзякуючы гіст. рэмінісцэнцыям, паўстае вобраз Радзімы — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Лірычныя паэмы «Ясны Кут» П.Броўкі і «Дом №24» А.Куляшова напісаны на завяршальным этапе вайны; у іх ставяцца праблемы міру і працы. У паэме «Прыгоды цымбал» А.Куляшова — умоўнасць вобразаў і сітуацый, казачная сімволіка, за якой бачны рэальныя падзеі. Імкненне да філасафічнасці, драматызм і псіхалагізацыя вобразаў — у паэме «Эдэм» З.Астапенкі.
Прыкметны ўклад у паэзію гадоў вайны М.Аўрамчыка, К.Буйло, А.Бялевіча, В.Віткі, К.Кірэенкі, М.Лужаніна, А.Салаўя і інш. Актыўна развіваўся ў ваен. час і жанр сатыры. Напачатку цалкам плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатыр. вершы, частушкі, эпіграмы паступова насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна-дакладнымі. У жанры сатыры працавалі амаль усе бел. пісьменнікі: А.Астрэйка, П.Броўка, П.Глебка, М.Лужанін, М.Лынькоў, П.Панчанка, М.Танк, В.Таўлай, К.Чорны і інш. Асаблівая роля ў развіцці сатыр. жанраў належыць К.Крапіве — рэдактару газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Проза ваен. пары найперш выявілася ў патрыятычнай публіцыстыцы. Палымяныя артыкулы друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах (Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, М.Танк, М.Лынькоў і інш.). Фельетоны К.Чорнага склалі зб. «Кат у белай манішцы» (1942). У жанры празаічнага памфлета і фельетона выступалі Я.Колас, К.Крапіва. Матэрыялам для многіх тагачасных твораў служылі рэальныя падзеі, таму дакументальнасць была агульнай рысай літаратуры ваеннай пары. Найб. актыўна ў прозе працавалі К.Чорны (зб. «Вялікае сэрца», 1945) і М.Лынькоў (зб. «Астап», 1944). З’явіліся апавяданні І.Гурскага, У.Краўчанкі, П.Пестрака, А.Стаховіча, А.Якімовіча, свае першыя апавяданні надрукавалі І.Мележ і І.Шамякін. Лепшыя тагачасныя апавяданні адзначаны драматызмам і вастрынёй канфліктаў. Асноўная іх тэма — чалавек на вайне.
Ад малых форм бел. проза ішла да аповесці і рамана. Аповесць «Пульс жыцця (Запіскі тэлеграфіста)» Х.Шынклера пра работу тэлеграфістаў на Урале напісана на аўтабіягр. матэрыяле ў форме дзённіка. Вяршыня бел. прозы ваен. гадоў — творы К.Чорнага. Яму належыць першае ў бел. літаратуры эпічнае асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны: раманы «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), «Скіп’еўскі лес» (нап. 1944, няскончаны, апубл. 1975). У сваіх сац.-філас. раманах К.Чорны стварае абагульнены вобраз бел. народа. Яго хвалявала праблема станаўлення бел.нац. характару, узмацненне ў ім непакорнасці і свабодалюбства. У яго раманах чалавек раскрываецца ў драматычным дзеянні, праз унутраныя маналогі. Ідэйна-тэматычныя межы літаратуры ваен. часу пашырае раман «Таварышы» Р.Мурашкі (1942), які з’яўляецца своеасаблівым псіхал. дакументам эпохі. Напісаны аўтарам, які знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі, асабістую трагедыю чалавека падае ў сац.-грамадскім кантэксце эпохі.
З драматычных твораў асаблівае месца займае п’еса «Проба агнём» К.Крапівы (1943) на маральна-этычную праблематыку. У драматургіі, як і ў інш. жанрах, назіраецца зварот да каштоўнасцей мінулага: опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1940—44) і драматычная паэма «Адплата» (1945) М.Клімковіча. Тэме партыз. барацьбы прысвечаны п’есы «Палешукі» і «Таварыш Андрэй» Я.Рамановіча, «Заложнікі» А.Кучара.
Бел маст. літаратура ваен. гадоў была адным з важных складальнікаў антыфаш. барацьбы, паказала гераізм і нязломны дух бел. народа, раскрыла новыя рысы нац. характару.
Г.П.Тварановіч.
Я.Купала на радыёмітынгу прадстаўнікоў беларускага народа ў Казані. 1942.Вокладка кнігі «Слуцкі пояс» А.Астрэйкі. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 19 — ПАЧ. 20 ст.
Развіццё бел.выяўл. мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. адбывалася пад уплывам класіцызму і рамантызму. Найб. інтэнсіўна ў гэты час развіваліся жывапіс, скульптура і графіка. Сярод жывапісцаў — мастакі І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Ю.Крачкоўскі, К.Кукевіч, К.Русецкі, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі. Большасць з іх працавалі адначасова ў некалькіх жанрах: гіст., быт., партрэтным, пейзажным, нацюрмортным.
У партрэтным жывапісе развіваліся 2 тэндэнцыі: адна была абумоўлена ўплывам традыцый Віленскай маст. школы, другая, пазнейшая, — рамантызмам і акадэмізмам Пецярбургскай АМ. Найб. буйнымі партрэтыстамі 1-й пал. 19 ст. былі І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, А.Главацкі (больш вядомы і як тэатр. дэкаратар), С.Заранка, К.Карсалін, Ю.Пешка (пісаў таксама гіст. творы), К.Рыпінскі, Ф.Тулаў, І.Хруцкі (быў аўтарам і нацюрмортаў), А.Шэмеш, П.Ютэйка. Работам гэтых мастакоў уласціва пільная ўвага да ўнутр. свету партрэтуемых, імкненне адлюстраваць іх псіхалагічны стан, арганічную сувязь асобы з наваколлем. Гіст. жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна пад уздзеяннем класіцызму. Мастакі ў сваіх творах сцвярджалі ідэалы грамадзянскасці, патрыятызму, сац. вызвалення, адданага служэння радзіме: работы В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Ю.Пешкі, Я.Сухадольскага. Для бытавога жанру гэтага перыяду характэрны зварот да паказу жыцця народа, яго сац. і нац. праблем, уключэнне ў кампазіцыі шматлікіх этнагр. дэталей. Абумоўлены ў значнай ступені тагачаснымі грамадска-паліт. працэсамі, бытавы жанр зазнаў іх крытычнае пераасэнсаванне. Важкі след у гэтым жанры пакінулі выхаванцы Віленскай маст. школы (Ц.Бычкоўскі, Ю.Карчэўскі, К.Кукевіч, К.Русецкі) і Пецярбургскай АМ (Ф.Гарэцкі). У жанры пейзажа працавалі не толькі пейзажысты. У творах В.Ваньковіча, Я.Дамеля, В.Дмахоўскага характэрныя для пач. 19 ст. сузіральнасць і ідылічнасць з 1830-х г. пачынаюць саступаць рамантызаванай і дэмакратычнай трактоўцы прыроды, увазе да жыцця народа. Манументальна-дэкаратыўны жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна ў рэчышчы класіцызму, неаготыкі і неабарока, на яго таксама паўплывалі традыцыі рус. і заходнееўрап. маст. школ. Найб. значныя размалёўкі былі выкананы ў касцёле св. Тадэвуша ў в. Лучай Пастаўскага р-на, Варварынскай царкве ў г. Пінск, Троіцкім касцёле г.п. Ружаны, касцёле Ушэсця ў в. Будслаў Мядзельскага р-на (мастак А.Антажэўскі), касцёлах в. Жупраны Ашмянскага р-на, в. Геранёны Іўеўскага р-на, г. Ліда. Мастацтва графікі пач. 19 ст. інтэнсіўна развівалася ў рэчышчы класіцызму, а з 1830-х г. — рамантызму. Паступова яно набывала рэалістычныя рысы, узбагачалася новымі тэмамі і сюжэтамі, асвойвала новыя віды. Разам з традыц.нар. лубком, кніжнай і станковай гравюрай, афортам і літаграфіяй з’яўляюцца гіст., бытавыя і пейзажныя накіды і замалёўкі, якія набываюць самастойнае маст. значэнне, адлюстроўваюць непасрэдныя ўражанні ад рэчаіснасці. Значны ўклад у развіццё графікі зрабілі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Ю.Главацкі, Т.Кіслінг, К.Кукевіч, М.Кулеша, М.Падалінскі. Вял.маст. спадчыну пакінуў Н.Орда, аўтар графічных і акварэльных замалёвак гіст. помнікаў і мясцін Беларусі. Замалёўкі, накіды, станковыя графічныя творы стваралі жывапісцы В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, А.Шэмеш. У станковай скульптуры дамінуючым стылем быў класіцызм (уплывы барока і ракако захоўваліся пераважна ў драўлянай культавай скульптуры). Яе прадстаўнікі (Я.Астроўскі, Я. і К. Ельскія, К.Кавалеўскі, Р.Слізень) працавалі ў круглай скульптуры і дробнай пластыцы, рэльефе, партрэтным жанры, стваралі рэліг. кампазіцыі, скульпт. ўбранне палацаў і сядзіб.
У 2-й пал. 19 ст. працягваўся працэс дэмакратызацыі выяўл. мастацтва, узрасла роля рэалістычных прынцыпаў паказу рэчаіснасці. Бел. мастакі вучыліся ў рысавальнай школе ў Вільні, у маст. установах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы, Адэсы. Пашыраліся ўзаемасувязі бел. мастакоў з творчай інтэлігенцыяй Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, што ўзбагачала бел.выяўл. мастацтва новымі тэмамі, вобразамі. Вядучая роля ў станковым жывапісе належала гіст. жанру, у якім разам з рысамі рамантызму прысутнічала рэалістычная, акрэслівалася сац. праблематыка. Аўтары звярталіся да падзей далёкага мінулага Беларусі (К.Альхімовіч, Я.Манюшка, І.Трутнеў). У развіцці быт. жанру адбыліся істотныя змены, акрэсленыя грамадска-паліт. жыццём краю, што прывяло да ўсталявання ў творах жыццёва пераканаўчага, праўдзівага вобраза селяніна (К.Альхімовіч, Д.Баркоўскі, Ф.Гарэцкі, У.Дмахоўскі, Н.Сілівановіч). Мастакі аддавалі перавагу аднафігурным кампазіцыям, шырока выкарыстоўвалі матывы пейзажу, этнагр. дакладнасць. У 2-й пал. 19 ст. пейзажны жанр пачаў набываць самаст. значэнне, стаў увасабленнем грамадскіх, дэмакр. ідэалаў. Пейзажысты імкнуліся паказаць прыгажосць роднай зямлі, знайсці паэзію ў звычайным, паўсядзённым (М.Атрыганьеў, А.Гараўскі, І.Гараўскі). У партрэтным жывапісе павялічвалася цікавасць мастакоў да перадачы псіхалагічнага стану асобы, яе сац. прыналежнасці (А.Гараўскі, А.Ромер, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч). Манументальна-дэкар. жывапіс заставаўся гал. сродкам у фарміраванні інтэр’ераў культавых і свецкіх будынкаў. На змену колішняй ідэалагічнай абвостранасці прыйшлі дэкар. рашэнні. Мастакі часта звярталіся да выяўлення жывапіснымі сродкамі архітэктурных дэталей, ляпніны, працуючы ў тэхніцы грызайль (царква Раства Багародзіцы ў в. Дубай Пінскага р-на, касцёлы ў в. Мікелеўшчына Мастоўскага р-на, в. Вішнева Валожынскага р-на, Вялікія Эйсманты Бераставіцкага р-на, г. Ваўкавыск; усе 2-я пал. 19 ст.). Выконваліся таксама размалёўкі тэмперай у традыцыях позняга класіцызму (царква ў в. Руднікі Пружанскага р-на). Скульптура развівалася пад уплывам класіцызму і акадэмізму і мела пераважна прыкладны характар — творы для садоў, паркаў, культавых пабудоў. Побач з традыц. алегарычнымі, міфалагічнымі персанажамі ствараліся выявы сялян, гіст. асоб, дзеячаў культуры і мастацтва (К.Барычэўскі, Г.Дмахоўскі, А.Ромер, А.Скірмунт). Эмацыянальнай выразнасцю і непасрэднасцю адметныя многія творы культавай драўлянай пластыкі, якая абапіралася на традыцыі нар. мастацтва. У творчасці графікаў з сярэдзіны 19 ст. ўзмацніліся агульнаграмадскі кірунак і сац. вастрыня. Значную цікавасць майстры праяўлялі да фальклору, нар. культуры.
Для бел. культуры канца 19 — пач. 20 ст. характэрна імкненне да стварэння нац.маст. школы, да пошуку нац. своеасаблівасці ў мастацтве. Актывізацыя маст. жыцця вяла да стварэння таварыстваў аматараў прыгожых мастацтваў, арганізацыі выставак. У гарадах адкрываліся прыватныя маст. школы (школа Ю.Пэна ў Віцебску, В.Мааса ў Мінску, Ф.Пархоменкі ў Магілёве). У выяўл. мастацтве вырасла цікавасць да сац. праблематыкі, творы набылі больш эмацыянальны і выразны характар, асаблівая ўвага аддавалася каларыту, лініі, сілуэту, колеравай гаме. У станковым жывапісе дамінуючымі жанрамі сталі пейзаж (В.Бялыніцкі-Біруля, Г.Вейсенгоф, С.Жукоўскі, Ф.Рушчыц, К.Стаброўскі), бытавы жанр (Л.Альпяровіч, Ю.Пэн), партрэт (Л.Альпяровіч, Р.Баброўскі, Я.Кругер, Ю.Пэн). Амаль зусім знік гіст. жанр. Манументальна-дэкар. жывапіс развіваўся пад уплывам пошуку новых фармальных прыёмаў, засваення забытых тэхнік, стылістыкі мадэрна, звароту да традыцый візантыйскага і гатычнага мастацтва. Аднавілася цікавасць да мазаікі, вітража (мазаіка Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы, мемарыяльнай капліцы ў гонар 200-годдзя перамогі рус. войск каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на, мазаічнае маёлікавае пано на фасадзе будынка зямельнага банка ў Віцебску). Канец 19 — пач. 20 ст. стаў этапам у станаўленні тэатральна-дэкар. мастацтва. Узнікненне нац. тэатра, дзейнасць часовых антрэпрыз, аматарскіх і паўаматарскіх труп садзейнічалі ўдасканальванню тэатр. дэкарацый. Мастакі імкнуліся дакладна паказаць побыт бел. народа, асаблівую ўвагу звярталі на касцюм, этнагр. дакладнасць. У гэты перыяд асаблівага росквіту дасягнула графіка, якая вызначалася дэмакратычнасцю, пашырэннем сац. праблематыкі, імкненнем да стварэння нац. вобразаў. Яна прадстаўлена станковымі творамі, кніжнай ілюстрацыяй, сатыр. малюнкамі, плакатам (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, А.Каменскі). Развіццё скульптуры запаволілася, яна часта знаходзілася ўбаку ад тагачаснага грамадска-паліт. жыцця і набывала камернасць. У ёй адчувальны ўплыў імпрэсіянізму і мадэрна (В.Бубноўскі, Г.Вейсенгоф, К.Змігродскі, М.Міхалап, Я.Тышынскі). Скульптары звярталіся пераважна да партрэта і анімалістычнага жанру.
І.Хруцкі. Бітая дзічына, гародніна, грыбы. 1854.Я.Астроўскі. Ю.Нямцэвіч. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА
Найб. стараж. ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэр. Беларусі — арнаментаваныя абломкі біўня маманта, падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з трубчастых касцей, характар якіх адлюстроўвае першабытныя культы плоднасці і паляўнічай магіі (каля 30 тыс.г. назад). У мезаліце найб. пашырыўся арнамент з косай сеткі, хвалістых ліній, нарэзак, ямак. У неаліце з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень (арнаментаваныя касцяныя вырабы, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы людзей, жывёл, птушак з каменю, дрэва, косці), з’яўляюцца ўпрыгожанні з бурштыну — падвескі, кольцы, гузікі, пацеркі. Гравіраваны арнамент вызначаўся схематызмам і ўмоўнасцю, узоры дробнай пластыкі — рэалістычнай дакладнасцю. Гліняны посуд аздаблялі наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырылася касмаганічная, салярная сімволіка. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы распаўсюдзіліся металічныя ўпрыгожанні — грыўні, дыядэмы, пярсцёнкі, бранзалеты, падвескі, скроневыя кольцы; ва ўжытку з’яўляюцца шкляныя пацеркі і бісер. Разнастайнасцю вызначаюцца творы жалезнага веку: медныя, бронзавыя, жалезныя ўпрыгожанні, сярэбраныя і залатыя вырабы (бранзалеты з гладкімі, вітымі і рэльефнымі стрыжнямі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шыйныя грыўні, шпількі-запінкі, нярэдка аздобленыя геаметрычным арнаментам), рознакаляровыя шкляныя пацеркі, гліняныя фігуркі жывёл, пераважна коней (магчыма, культавага прызначэння). У пач.н.э. з’явіліся вырабы з каляровымі эмалямі (падвескі, спражкі, запінкі). Аб’ектамі дэкарыравання стала адзенне з тканін, а таксама вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам (гліняныя прасліцы, упрыгожаныя салярнымі і каляндарнымі сімваламі).
У 10—13 ст., з падзелам грамадства на класы, узнікненнем і развіццём гарадоў, аддзяленнем рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва вылучылася ў самастойную галіну маст. дзейнасці. Яно прадоўжыла традыцыі, закладзеныя ў язычніцкія часы, а таксама запазычаныя з візант. і еўрап. культур. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Развіваліся разьба па косці, дрэве, металаапрацоўчыя рамёствы, шкларобства, ткацтва, ганчарства і інш. Вырабляліся прадметы побыту, посуд, літургічнае начынне, зброя, воінскі рыштунак, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, упрыгожанні і інш. Стылістыка і матывы дэкору вырабаў адлюстроўвалі размежаванне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адпаведнасці з класавым падзелам грамадства: у асяроддзі сялян і значнай часткі гараджан пераважаў закладзены яшчэ ў першабытныя часы геаметрычны арнамент сімвалічнага характару. У дружынна-баярскім побыце пераважнае месца займаў дэкор з раслінных і зааморфных форм рэальнага і фантастычнага характару (тэраталагічны стыль), асабліва ярка выяўлены ў разьбе па косці (накладкі калчанаў, ручкі нажоў і інш.). У многіх гарадах пашыраным рамяством было шкларобства (пацеркі, бранзалеты), з 12 ст. распаўсюдзіўся выраб пярсцёнкаў, скроневых кольцаў, сталовага, аптэчнага, літургічнага посуду. З пашырэннем у 10 ст. на бел. землях ганчарнага круга наладзіўся масавы рамесніцкі выраб глінянага посуду, які набыў больш зграбныя і разнастайныя формы. У тэхніцы кавальства з чорных металаў, атрыманых з мясц. балотных руд, выраблялі прадметы побыту, зброю, воінскі рыштунак, дэталі конскай вупражы. З медзі, волава, свінцу, часам сплаву медзі і серабра (білону) ліццём па васковай мадэлі, а з 12—13 ст. — з дапамогай каменных раз’ёмных раздымных* форм масава выраблялі рэчы быт., літургічнага, маст. прызначэння. Шырока развівалася ювелірнае мастацтва, якое аб’ядноўвала розныя віды маст. апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў: чаканку, гравіраванне, філігрань, чарненне, зярненне, эмалі, якімі аздаблялі ўпрыгожанні, посуд, зброю, абклады абразоў і кніг. Выдатны ўзор тагачаснага ювелірнага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, выкананы ў 12 ст. полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай.
14—16 ст. — перыяд інтэнсіўнага развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на характар якога моцна ўплывалі шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы. Пашырыліся працэсы спецыялізацыі рамёстваў, падзел рамесніцкай вытворчасці на больш вузкія спецыяльнасці. З 15 ст. ўзнікалі рамесніцкія спецыялізаваныя аб’яднанні заходнееўрап. тыпу — цэхі (напр., цэх шкларобаў у Гродне), у 16 ст. ў іх канцэнтравалася пераважная частка рамеснікаў. Стварэнне цэхаў спрыяла ўзбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва: з каштоўных і каляровых металаў у тэхніцы чаканкі, ліцця, кавальства ў спалучэнні з гравіраваннем, эмалямі, чарненнем выраблялі ўпрыгожанні, быт. і літургічны посуд, абклады кніг і абразоў. Развівалася маст. шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геаметрычнымі расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст.дэкар.-прыкладное мастацтва зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выцягнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш.Многія віды дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна ўключыліся ў інтэр’ер, набылі манументальна-дэкар. характар. Рэльефнай паліхромнай кафляй аздаблялі печы і каміны ў палацах і замках. У тэхніцы маст. кавальства выраблялі фігурныя рашоткі, агароджы, вароты, крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі, падсвечнікі і інш.; з волава адлівалі фігурны посуд, падсвечнікі, з бронзы — званы, гарматы, аздобленыя рэльефнымі паяскамі, гербамі, расліннымі гірляндамі. Дасягнула росквіту манументальна-дэкар. аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве з ляўкасам і пазалотай, т.зв. беларуская рэзь, якою аздаблялі іканастасы і алтары ў храмах. Многіябел. майстры-ювеліры, разьбяры, кафляры, збройнікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі быт. і літургічны посуд, мэблю, зброю, абклады кніг і абразоў, аздаблялі інтэр’еры палацаў і храмаў паліхромнай рэльефнай кафляй, аб’ёмна-ажурнай пазалочанай разьбой і інш. У 18 ст. ўзніклі вотчынныя мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў (Нясвіж, Слуцк), фаянсу (Свержань, Целяханы), дываноў, шпалераў, габеленаў (Гродна, Карэлічы, Ружаны, Слонім), маст. шкла (Налібакі, Урэчча) і інш. На жалеза- і медналіцейных мануфактурах у Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н) і інш. адлівалі крыжы, агароджы, садовую мэблю, помнікі, посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Напачатку на мануфактурах прадукцыю нярэдка выраблялі паводле ўсх. ці зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам нар. мастацтва яна набывала своеасаблівую мясц. інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся традыцыйныя элементы. Масавае будаўніцтва ў гарадах выклікала значнае пашырэнне вырабаў маст. ліцця, кавальства, разьбы па дрэве ў архітэктуры, якая ў 2-й пал. 18 ст. зазнала ўплыў класіцызму. Характар вырабаў стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключаліся выявы антычных матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў, грыфонаў і інш.
Дэкар.-прыкладное мастацтва 19 — пач. 20 ст. характарызавалася ўзаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыйшлі ў заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узніклі прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак адносна таннай, але часта маламаст., эклектычнай прадукцыяй, хаця некат. ўзоры (напр., шкларобства) вызначаліся і несумненнымі маст. вартасцямі. Выцясненне ручной вытворчасці маст. вырабаў прамысл. прадукцыяй вылучыла на першы план праблему дапасавання мастацтва да магчымасцей тэхнікі, спалучэння маст. творчасці з патрэбамі масавага індустрыялізаванага вырабу, што адлюстраваў тэрмін «прыкладное мастацтва». Спробай вызначыць месца маст.быт. рэчаў у эпоху тэхнічнай цывілізацыі, накіраваць мастацтва на стварэнне новай маст. мовы стала пашырэнне з канца 19 ст. стылю мадэрн. Формы вырабаў набылі плаўныя цякучыя абрысы, асіметрыю і дынаміку, арнаментальныя матывы (пераважна раслінныя) — адвольную цякучасць, вытанчаныя колеравыя спалучэнні (некат. ўзоры кафлі, шклянога посуду, каваныя дэталі арх. ўбранства і інш.). Развіццё прамысл. вытворчасці паўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх (напр., набіванка) заняпалі, іншыя — наадварот, дасягнулі значнага развіцця (ганчарства, лозапляценне). Сваё развіццё прадаўжала і традыц.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва. Развіццю нар. промыслаў садзейнічалі адкрытыя земствамі рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў: карзіначная — у Гомелі, слясарная — у Вішневе, слясарна-такарная — у Грабянях і Друцку, ткацкія — у Бранчыцах, Дзісне, Клецку, Лепелі, Слуцку, Юзафінах і інш. Актывізавалася выставачная і збіральніцкая дзейнасць. Узоры прамысл. і нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва дэманстраваліся на Усерасійскай этнаграфічнай і сусветнай выстаўках у Парыжы (1867), выстаўцы вырабаў саматужніцкай прамысловасці ў Магілёве (1893), міжнар. выстаўцы ў Марселі (1908), выстаўцы саматужнай прамысловасці ў Вільні і Пецярбургу (1913) і інш. Аднак у цэлым дэкар.-прыкладное мастацтва перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной.
Дэкар.-прыкладное мастацтва 1920-х г. вызначалася пошукамі новага стылю. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску, Магілёве, ткацка-вышывальныя ў Слуцку, дрэваапрацоўчыя ў Гомелі, пабудаваны Аршанскі льнокамбінат (1928—37). Аднак слабаразвітая прамысловасць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых рэчах. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы нар.маст. промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыцыйныя ганчарныя цэнтры. З 2-й пал. 1920-х г. пачалося аб’яднанне майстроў-саматужнікаў у арцелі, гал. чынам ганчарныя і ткацка-вышывальныя. У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў маст. арцелі (каля 20) у адзіную сістэму. Іх прадукцыя карысталася папулярнасцю, у т. л. і за мяжой, экспанавалася на многіх усесаюзных выстаўках, у Парыжы (1937), Нью-Йорку (1939) і інш. Да канца 1940-х г. адноўлены разбураныя ням.-фашысцкімі захопнікамі прадпрыемствы маст. прамысловасці, створана прамысл. база для развіцця дэкар.-прыкладнога мастацтва. У канцы 1950-х г. створаны новыя арцелі маст. кшталту: цэх маст. керамікі ў Івянцы, цэх маст. аплікацыі саломай па дрэве ў Жлобіне і інш. Асартымент вырабаў прадпрыемстваў Белмастпрамсаюза (24 арцелі) быў даволі шырокі: мужчынскія кашулі па бел. і ўкраінскіх матывах, вышываныя сукенкі, настольнікі, хусткі, тканыя посцілкі, дываны, вязаныя рэчы, цацкі з дрэва, шкла, пап’е-машэ, галантарэйныя вырабы з размалёўкай у тэхніцы батыку і шаўкаграфіі, ганчарны маст. посуд, тачэнне з бярозы-чачоткі і інш. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), дзе наладзілі вытворчасць ворсавых дываноў па бел. матывах, ’Мінскі фарфора-фаянсавы завод (1951). Аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н), на якіх выраблялі посуд масавых гатункаў, а таксама унікальныя вырабы выставачнага і падарункавага прызначэння. Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыцыйных форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне нярэдка было эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм. Асабліва вострай была праблема кадраў прафес. мастакоў вышэйшай кваліфікацыі, якіх на Беларусі не рыхтавалі.
Абнаўленне і развіццё маст. прамысловасці значна паўплывала на дэкар.-прыкладное мастацтва 1950—60-х г. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў фабрыкі Упраўлення маст. прамысловасці Мін-вамясц. прамысловасці Беларусі (1960) пашырыліся асартымент і тэматыка вырабаў маст. промыслаў (больш за 20), адроджана саломапляценне, лозапляценне, ткацтва, вышыўка. Папулярнасць набыла івянецкая кераміка, жлобінская інкрустацыя, неглюбскае ткацтва і інш. Палепшылася і пашырылася вытворчая база прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва: рэарганізаваны вытворчыя цэхі Маст. фонду Беларусі, пачаў работу маст.-вытворчы камбінат у Барысаве (1961), наладзіў выпуск прадукцыі Брэсцкі дывановы камбінат (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» (Бярозаўка Лідскага р-на) і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва Бел. тэатральна-маст. ін-та з 1961 стала рыхтаваць мясц. спецыялістаў. Значны ўклад у развіццё дэкар.-прыкладнога мастацтва зрабілі М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, В.Гаўрылаў, Ф.Зільберт, А.Кішчанка, Т.Паражняк. Асн. прынцыпам дэкар.-прыкладнога мастацтва сталі прастата геаметрычных форм, функцыянальнасць, строгасць, утылітарна-канструктыўная мэтазгоднасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці. У формах керамічных і шкляных вырабаў падкрэсліваліся нахільныя лініі, косыя зрэзы, т.зв. дыяганальны стыль. З сярэдзіны 1960-х г. такі празмерны лаканізм стаў саступаць месца большай разнастайнасці і смеласці дэкар. вырашэнняў, творчаму засваенню нар. традыцый, багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. Акрамя стварэння вырабаў утылітарна-маст. прызначэння для масавай вытворчасці мастакі звярталіся да індывідуальных творчых вырашэнняў, да станковых твораў выставачнага характару. Дэкар.-прыкладное мастацтва ўсё больш вызваляецца ад прыкладных функцый, займае раўнапраўнае месца сярод прасторавых і пластычных відаў мастацтва. Развіваюцца маст. шкло (мастакі П.Анішчык, П. і Т. Арцёмавы, У.Жохаў, Г.Ісаевіч, Т.Малышава, У.Мурахвер, Л.Мягкова, В.Сазыкіна і інш.), фарфор (М. і Л. Гатальскія, В.Данчук, В.Леантовіч, А.Фядусь і інш.), маст. кераміка (М.Байрачны, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, А.Концуб, Г.Крамко, М.Несцярэўскі, Л.Панамарэнка, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч і інш.), маст. тканіны (Г.Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Н.Пілюзіна, Л.Пятруль, Л.Сівакова, Н.Сухаверхава і інш.). Новыя прынцыпы комплекснага падыходу да афармлення буйных архітэктурных аб’ектаў, характэрныя для 1970-х г., актыўна ўключылі дэкар.-прыкладное мастацтва ў грамадскі інтэр’ер, надалі яму манум. характар. У сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, маст. кавальства, чаканка, вітраж. Інтэр’еры палацаў культуры, рэстаранаў, кафэ, гасцініц аздобілі манум. керамічныя пласты, вазы, перагародкі, маст. тканіны, металічныя каваныя рашоткі і пано: габелен «Музыка» ў інтэр’еры Мінскага маст. вучылішча (1975), габелен-заслона і серыя габеленаў для фае Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1985, усе А.Кішчанка), каванае ўбранства — у інтэр’еры рэстарана «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Дома літаратара ў Мінску (1976, усе Ю.Любімаў), керамічныя творы ў інтэр’ерах кафэ «Бульбяная» ў Мінску (М.-Несцярэўскі, 1983), гасцініцы «Бярэзіна» ў Барысаве (М.Байрачны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, 1982), рэстарана «Заслаўе» (В.Прыешкін, 1989) і інш. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця стала выстаўка дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986), якая засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Майстры дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна звяртаюцца да індывідуальных творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў, бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Іх творчасць вызначае цікавасць да нац. культуры, фальклору, нар. мастацтва, прыроды, гіст. мінулага.
Складанае становішча перажывае дэкар.-прыкладное мастацтва з канца 1980-х г. Спыніў сваю дзейнасць Маст. фонд Беларусі, што пазбавіла прафес. прыкладное мастацтва эканам. базы, амаль выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, тым не менш будаўніцтва або рэканструкцыя арх. аб’ектаў грамадскага прызначэння выклікае неабходнасць у аздабленні іх інтэр’ераў. Комплексным падыходам у вырашэнні задач манум.-дэкар. характару вызначаецца афармленне інтэр’ера Палаца Рэспублікі, які аздобілі габелены-заслоны (В.Грыдзіна, В.Крывашэева, Г.Крываблоцкая, В.Маркавец-Бартлава, Н.Пілюзіна), люстры і свяцільнікі з металу і шкла, дэкар. кампазіцыі з металу і інш. Працягваюцца пошукі ў галіне стварэння унікальных выставачных твораў станковага характару. Узоры керамікі, маст. шкла вызначаюцца разнастайнасцю вырашэнняў, складанасцю асацыяцый, шырынёй тэматыкі, шматфункцыянальнасцю. Метафарычнасць многіх твораў часта дасягаецца выразнасцю формаўтварэння, спалучэннем сродкаў дэкар.-прыкладнога мастацтва з набыткамі дызайну, скульптуры, архітэктуры і інш. Дамінуе дэкар. скульптура, вырашаная вобразна і асацыятыўна, нярэдка гэта шматфігурныя кампазіцыі з адвольнай кампаноўкай. Творчыя эксперыменты з рознымі тэхнікамі, пошукі ў галіне формаўтварэння, пластыкі, вобразнасці вызначаюць керамічныя кампазіцыі В.Калтыгіна, Т.Кіршчынай, М.Кляцкова, В.Прыешкіна, З.Раўко, Т.Сакаловай, шкляную пластыку У.Мурахвера і інш. Не страціў свайго вядучага становішча ў сучасным дэкар.-прыкладным мастацтве габелен. Шырыня тэматыкі, разнастайнасць творчых пошукаў у спалучэнні з эксперыментамі ў галіне тэхналогіі, фактуры і структуры тканін вызначае творы Т.Белавусавай-Пятроўскай, А.Бельцюковай, Г.Гаркунова, Л.Густавай, В.Дзёмкінай, Л.Пуцейкі, А.Салохінай, Н.Сухаверхавай і інш.Найб. значны твор — манум. «Габелен стагоддзя» А.Кішчанкі (1995), афіцыйна прызнаны самым вялікім габеленам свету (14×19 м). Як своеасаблівая рэакцыя на ўсеагульнае захапленне манум.-дэкар. творамі з іх непрыдатнасцю да камернага жылога інтэр’ера заявіў пра сябе міні-габелен (творы В.Грыдзінай, Г.Крываблоцкай). Масавую вытворчасць вырабаў утылітарна-маст. прызначэння працягваюць прадпрыемствы маст. прамысловасці: шклозавод «Нёман», Барысаўскі хрусталёвы завод, Мінскі і Добрушскі фарфоравыя заводы, ворсавых дываноў — ААТ «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста», Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка» і інш. Пашырэнне індывідуальнага мураванага будаўніцтва выклікала адраджэнне ручнога маст. кавальства, аднаўленне забытых відаў і прыёмаў металаапрацоўкі ў спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі. Прыкметны ўздым характэрны для сучаснага нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва. Паралельна з прадпрыемствамі маст. промыслаў, аб’яднаных у канцэрн «Белмастацпромыслы» (1993), адраджаецца індывідуальная маст. творчасць, у т. л. ў выглядзе промыслаў, бытуюць розныя віды маст. апрацоўкі дрэва: упрыгожанне жылля, афармленне грамадскіх пабудоў, стварэнне арыгінальнай мэблі. Сучасныя майстры абапіраюцца на традыцыі нар. мастацтва, набыткі стараж. цэхавых рамёстваў, дасягненні сусветнай культуры.
Літ.:
Яніцкая М.М. Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;
Яе ж. Мастацкае шкло Беларусі. Мн., 1989;
Жук В.І. Сучасная беларуская кераміка. Мн., 1984;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.
Я.М.Сахута.
Фрагмент косці з гравіраванай выявай. Неаліт. З паселішча Азёрнае Любанскага раёна.Слуцкі пояс. 2-я пал. 18 ст.Урэцка-Налібоцкае шкло. Графін і флеты. 19 ст.Віцебская кафля. Канец 19 — пач. 20 ст.Л.Мягкова. Кампазіцыя «Вечна жывыя». 1984.У.Мурахвер. Кампазіцыя «Песня». 1990.Г.Крамко. Дэкаратыўная кампазіцыя «Купалле». 1982.Н.Пілюзіна. Габелен «Летні дожджык». 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў
Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал.афіц. кірунак тагачаснай паэзіі як рэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.Чарот. Для М.Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел.нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).
Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.Грамыка выказваў захапленне паэмай М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас.літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.
Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.Дубоўка, У.Жылка, Т.Кляшторны, Я.Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.Купалу і Я.Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.Пушча — за імажынізм; У.Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.Лявонны, В.Маракоў, П.Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.Жылка, які, наследуючы М.Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.
Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.Пушчы і «Калі асядае муць» Т.Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.
У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел.паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.Пушча, а ўслед за ім М.Багун, А.Вольны, С.Дарожны, Ю.Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч.літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.Ластоўскага і М.Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.
У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.Крапівы і А.Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Н.Маркава, Я.Пфляўмбаўм, І.Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел.паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап.літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча, М.Грамыкі, У.Дубоўкі, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, М.Чарота, П.Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.
1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.Астрэйка, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, М.Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.Грахоўскі, У.Дубоўка, П.Пруднікаў, Я.Пушча і інш.Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.Маякоўскага (А.Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, М.Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.Александровіч, А.Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.Броўкі (1933), «Мужнасць» П.Глебкі, «Каршун» А.Звонака (1929).
Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.Куляшова.
1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, А.Бялевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, Л.Гаўрылаў, С.Грахоўскі, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, К.Кірэенка, А.Коршак, С.Ліхадзіеўскі, Р.Няхай, П.Панчанка, А.Русецкі, М.Сурначоў, А.Ушакоў, С.Шушкевіч.
Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.Бабарэка, Я.Пушча. Сядзяць: К.Чорны, У.Дубоўка, К.Крапіва Мінск. 1926—27.Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.Крапівы.
Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.Бядулі; «Веснаход» (1924) М.Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.Галавача; «Апавяданні» (1927) М.Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.Скрыгана і інш.
Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага. Я.Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.Бабарэка, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, Я.Скрыган, К.Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).
Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.Чорны разам з К.Крапівой, М.Чаротам, Я.Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.
2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Мрыя, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, Х.Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.
Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.Нікановіча (1926), «Партызан» Я.Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя (1929), «Сын» Р.Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.
Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара, «Мяцеліца» М.Нікановіча, «Партызан» Я.Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).
Першыя раманы К.Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.
Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел.нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькі бел., але і ўсёй сав.сатыр. прозы.
Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г.бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб.апавяд. «Гул бубна» А.Якімовіча (1925).
1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.
У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.Галавач, М.Зарэцкі, Л.Калюга, К.Крапіва, А.Мрый, М.Паслядовіч, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, К.Чорны, Х.Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.Краўчанка, Б.Мікуліч, А.Стаховіч і інш.Многіябел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.Баранавых, П.Галавач, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, В.Коваль, Л.Калюга, А.Мрый, Я.Нёманскі і інш.
Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.Баранавых, «Адшчапенец» Я.Коласа, «Спалох на загонах» П.Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.
Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.Крапівы, «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Межы» С.Баранавых, «Вясна» К.Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.
Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.Лынькова і Я.Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, К.Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.
Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.Бядулі.
Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст. Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.
Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.
Драматургія У пач. 1920-х г.бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес.бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел.дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац.прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.
Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.Галубка, «Мутэрка» М.Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.
У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многіяінш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц.фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.
Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.Дылы (1924), «Паўстанцы» А.Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц.маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.Міровіча, «Апраметная» В.Шашалевіча (1926).
Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.Ляжневіча (1924). М.Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.Сташэўскага, «За калгас» Я.Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.Уліцына, 1925; «Наша свята» А.Дабравольскага, 1926) і інш.
Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.Міровіча (1928), «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.Александровіча, «Качагары» І.Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.Гурскага, «На пэўным шляху» С.Якаўлева, «Шляхі» У.Стэльмаха, «Камяніца» М.Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.Гарбацэвіча, «За калгас» Я.Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.Шашалевіч («Рой», 1931), К.Чорны («Лета», 1932), М.Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.Шашалевіча.
1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.Александровіча і «Новы горад» І.Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.
І.Э.Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.М.Арочка (паэзія 1930-х г.), З.У.Драздова (проза), С.С.Лаўшук (драматургія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн.руб. у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многіянавук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНР [франц. genre ад лац. genus (generis) род, від],
у большасці відаў мастацтва ўнутранае падраздзяленне, якое склалася гістарычна; тып устойлівай структуры маст. твора, спосаб яго змястоўнай і кампазіцыйнай арганізацыі. Жанравая дыферэнцыяцыя залежыць ад спецыфікі відаў мастацтва. Асновай развіцця Ж. з’яўляецца складаны характар рэчаіснасці, патрэбнасць у адэкватным вобразным адлюстраванні пэўных тыпаў жыццёвых сувязей і адносін. Паэтыка кожнага Ж. заключаецца ў выбары маст. формул, спецыфіка якіх складае жанравы стыль. Ж. семантычна і марфалагічна арганізуе ўсе элементы вобразнай структуры, ён нараджаецца патрэбамі зместу і ў сваю чаргу ўплывае на знешнюю форму з дапамогай характэрных толькі для яго сродкаў выразнасці. Наяўнасць адносна ўстойлівых фармальных прыкмет, спецыфічнай мовы дазваляе аднесці Ж. да катэгорыі маст. формы, якая, аднак, не мае самастойнага эстэт. сэнсу і не з’яўляецца назаўжды зададзенай і завершанай. Усе структурныя элементы Ж. выступаюць носьбітамі актыўнай пазіцыі аўтара і абумоўлены яго светапоглядам, творчай манерай, метадам і інш. Незалежна ад уласцівых кожнаму віду мастацтва спецыфічных прынцыпаў падзелу на Ж. існуюць і агульныя канцэпцыі жанравай дыферэнцыяцыі: паводле прадмета характару адлюстравання, інфармацыйнай і пазнавальнай ёмістасці, спосабу пабудовы маст. вобраза і інш.
Тэрмін «Ж.» і жанравая класіфікацыя ўзніклі ў франц. эстэтыцы класіцызму ў 17—18 ст., але з 19 ст. страцілі строгія межы падзелаў і гал. ролю ў іерархічнай сістэме мастацтваў; нягледзячы на відавочную гістарычнасць паняцця Ж., у практыцы мастацтвазнаўства яго ўжываюць да ўсіх перыядаў гісторыі сусв. мастацтва, што тлумачыцца зручнасцю падзелу твораў паводле тэматыкі адлюстравання. У пластычных відах мастацтваў, дзе немагчыма вылучыць прадмет выявы (архітэктура, дэкар.-прыкладное мастацтва і інш.), жанравая класіфікацыя не прынята.
У выяўленчым мастацтве асн. прыкметы Ж. найперш вызначаюцца паводле прадмета выявы (пейзаж, партрэт, бытавы жанр, гістарычны жанр, батальны жанр, нацюрморт і інш.). Наступная больш дробная жанравая дыферэнцыяцыя абумоўлена зліццём у маст. творчасці пазнавальных, вобразна-мастацкіх, ідэйна-ацэначных элементаў і наяўнасцю ў кожнага твора вызначанага функцыян. прызначэння. Так, у залежнасці ад ідэйна-ацэначнай пазіцыі мастака партрэт можа быць у форме шаржу ці карыкатуры, а ў залежнасці ад прызначэння — парадным, камерным, інтымным і інш. Новыя «паджанры» ўзнікаюць і пры падзеле на больш дробныя з’явы прадметаў выявы (марына — асобны від пейзажа, «галантны жанр» — адзін з відаў бытавога Ж. і інш.). Развіццё і эвалюцыя Ж. ў выяўл. мастацтве Беларусі абумоўлены асаблівасцямі яе гіст. развіцця (гл. ў арт.Жывапіс, Графіка, Скульптура і пра адпаведныя Ж.). У жывапісе 16—18 ст. пераважаў Ж. параднага (т. зв. сармацкага) партрэта (партрэт Крыштофа Весялоўскага, 1636, і інш.). Пейзажны Ж. у графіцы ўзнік у пач. 16 ст. (гравюра «Руф у полі», 1517—19, з Бібліі Ф.Скарыны), у жывапісе склаўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. («Зарослая сажалка» А.Гараўскага, 1857). З 19 ст. назіраецца спалучэнне Ж. («Партрэт жонкі з нацюрмортам» І.Хруцкага, да 1836), у 20 ст. — іх сінтэз (трыпціх «Незабыўнае» К.Касмачова, «Партызанская мадонна» М.Савіцкага, «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» А.Марачкіна і інш.).
У літаратуры пад Ж. разумеюць устойлівыя разнавіднасці твораў, што склаліся ў працэсе яе гіст. развіцця. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце від літаратурны. У аснове кожнага Ж. ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў. Кожны з трох асн. родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае Ж. Напр., да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма. Эпічныя Ж. адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу. Існуюць таксама «змешаныя» Ж., у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напр., ліраэпічныя Ж. (паэма, балада). Многія Ж. маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драм. элемент, у драме — эпічны і г.д.). Пры характарыстыцы маст. твораў вызначэнне Ж. можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «Ж.» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, Ж. рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш. Жанравая сістэма бел. л-ры такая, як і ў інш.еўрап. л-рах. Аднак некаторыя Ж., выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напр., гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).
У музыцы паняцце Ж. абагульняе розныя бакі муз. твора і ўключае: жыццёвае прызначэнне і функцыю бытавання (адрозніваюць прыкладную музыку, што выконвае дапаможную функцыю, і прапанаваную, якая патрабуе адасаблення выканаўцы ад слухача і спец. ўстаноўку на эстэт. ўспрыняцце); спосаб і ўмовы выканання і ўспрыняцця (музыка выконваецца пэўным складам выканаўцаў, па фіксаваным тэксце або па-за ім, у канцэртнай зале, оперным т-ры, у хатніх умовах, на дыскатэцы і інш.); тыпізаваную змястоўную сферу; пэўныя стылістычныя адзнакі. Складанасць і шматсэнсоўнасць паняцця Ж. абумоўлены тым, што яго састаўныя часткі рознага парадку могуць уступаць адна з адной у разнастайныя спалучэнні. Змены ўмоў бытавання муз. твораў, узаемадзеянне фалькл., бытавых і прафес. Ж., развіццё муз. мовы вядуць да мадыфікацыі старых і фарміравання новых Ж. Таму ў муз. навуцы існуюць розныя сістэмы класіфікацыі Ж., адзіная ж тэорыя муз. Ж. знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адносна прафес. музыкі найб. пашырана класіфікацыя паводле складу выканаўцаў і спосабу выканання. У вак. музыцы вылучаюць Ж. чыста вакальныя (хор а капэла), у вак.-інструментальнай — камерна-вакальныя (сольная песня, раманс, вак. цыкл, розныя вак. ансамблі) і вак.-сімфанічныя (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), у інструментальнай — камерна-інструментальныя (саната, сюіта, паэма, балада, рапсодыя, мініяцюра, трыо, квартэт, квінтэт і інш. віды ансамбляў) і сімфанічныя (сімфонія, сімфанічная сюіта, сімфанічная паэма, сімфаньета, канцэрт, уверцюра), муз.-сцэнічныя (опера, балет, аперэта, мюзікл). Усе Ж. атрымалі значнае развіццё ў бел. музыцы.
У кіназнаўстве ўжываюцца такія жанравыя вызначэнні, як кінараман, кінааповесць, кінаэпапея, кінапаэма, дэтэктыўны фільм і інш. Існуюць і больш вузкія жанравыя падраздзяленні: філасофская або лірычная кінааповесць, сатыр., эксцэнтрычная, муз. кінакамедыя, музычны фільм, паліт. кінадэтэктыў і інш. Вядомы такія Ж., як вестэрн, фільм жахаў, кінамюзікл і інш. Існуе тэндэнцыя да змешвання Ж., з’яўляюцца новыя жанравыя ўтварэнні. У бел. кінематографе прадстаўлены Ж.: героіка-прыгодніцкі («Лясная быль»), кінаэпапея («Людзі на балоце»), эпічная кінадрама («Першы ўзвод»), сац.-псіхал. кінадрама («Двойчы народжаны») і кінааповесць («Іван Макаравіч»), кінакамедыя («Нашы суседзі»), героіка-рамант. кінадрама («Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце»), гераічная кінаэпапея («Полымя»), гісторыка-рэв. кінааповесць («Масква—Генуя»), лірычная кінааповесць («Я родам з дзяцінства») і кінапаэма («Вянок санетаў»), дэтэктыў («Дзікае паляванне караля Стаха») і інш.
Жанр газетны — сістэма літ.-публіцыстычных форм у журналістыцы для асвятлення падзей паліт., эканам., сац. і культ. жыцця. Падзяляецца на 3 жанравыя групы: інфармацыйны (нататка, справаздача, інтэрв’ю, рэпартаж), пабудаваны на канкрэтных, пераважна аператыўных фактах; аналітычны (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, рэцэнзія), які апрача канстатацыі фактаў патрабуе іх аналізу, ацэнкі; мастацка-публіцыстычны (замалёўка, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет), набліжаны да маст. (белетрыстычных) твораў. У іх спалучаюцца лагічны, рацыянальны і вобразны пачаткі. У сучаснай журналістыцы пашыраны т.зв. «сінтэтычныя» Ж., у якіх для больш вобразнага і глыбокага раскрыцця падзей і характараў спалучаюцца элементы некалькіх Ж. (напр., нарыса і рэпартажу, артыкула і замалёўкі і інш.). Некаторыя элементы газетнага Ж. выкарыстоўваюцца таксама ў кіна-, тэле- і радыёжурналістыцы.
Літ.:
Буало Н. Поэтическое искусство: Пер. с фр.М., 1957;
Недошивин Г.А. Беседы о живописи. М., 1959;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Бяспалы А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання. Мн., 1994;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Цуккерман В.А. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964;
Сохор А. Теория музыкальных жанров: задачи и перспективы // Сохор А. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1983. [Т.] 3;
Власов М. Виды и жанры киноискусства. М., 1976;
Шилова И.М. Проблемы жанров в киноискусстве. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССРмногія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П.Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн., 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.