АПРАМЯНЕ́ННЕ АРГАНІ́ЗМА,

прыроднае або штучнае ўздзеянне выпрамяненняў на жывы арганізм. У натуральных умовах жывыя істоты апраменьваюцца інфрачырвоным (цеплавое апрамяненне), бачным і ультрафіялетавым сонечным святлом, а таксама касм. прамянямі і іанізоўным выпрамяненнем зямнога паходжання (гл. Фон радыеактыўны). Пры штучным апрамяненні арганізма часцей скарыстоўваюць іанізавальныя, ультрафіялетавыя, ультравысокачастотныя выпрамяненні. Адрозніваюць апрамяненне арганізма татальнае (усяго цела) і лакальнае (частковае), вострае (за кароткі прамежак часу) і хранічнае, або пралангаванае (працяглае), аднаразовае і фракцыянаванае (сумарная доза паступае часткамі, з рознымі прамежкамі часу), вонкавае і ўнутранае (ад радыеактыўных рэчываў, што трапілі ў арганізм). Па даных Навук. к-та ААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР ААН; 1988) сярэднія дозавыя нагрузкі насельніцтва Зямлі ў пераліку на гадавыя эфектыўныя эквівалентныя дозы апрамянення складаюць у мілізівертах (мЗв): ад натуральных крыніц радыяцыі зямнога паходжання пры ўнутр. апрамяненні 1,325, пры вонкавым 0,35; касмічнага паходжання 0,3 і 0,015 адпаведна; ад крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, 0,4; ад радыеактыўных ападкаў 0,02; ад атамнай энергетыкі 0,001. На тэр., што пацярпелі ад буйных радыяц. катастроф (напр., Кыштымская 1957, Расія; Чарнобыльская 1986, і інш.), пасляаварыйныя дозавыя нагрузкі на арганізм значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Напр., праз 5 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення складала (мЗв): у Брагіне 2,5, Ветцы 3,1, Буда-Кашалёве 1,3, Карме 2. У «Каталог дозаў апрамянення насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (1992) занесена 3326 нас. пунктаў, дзе шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 складала 15—40 Кі/км² і сумарныя гадавыя эквівалентныя дозы да 2—3 мЗв. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.​А.​Белапольскі, М.​М.​Гусеў, Ф.​А.​Брадзіхін, В.​Я.​Струвэ, Г.​А.​Ціхаў (Расія), Г.​Фогель, К.​Шварцшыльд (Германія), У.​Кэмпбел, Э.​Пікерынг, Э.​Хабл (ЗША), А.​Эдынгтан (Англія), В.​А.​Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).

Літ.:

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

Ю.​М.​Гнедзін.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).

Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.​Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.

Тв.:

Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;

Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.

Літ.:

Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бугаёў Дз. Чалавечнасць. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Дайнека.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,

перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III

[2.12.1852—4.9.1870],

які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.

Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.​Эйдукевіч), тактыка партыі (К.​Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.​І.​Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.​С.​Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;

Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),

царкоўны дзеяч ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял. кн. ВКЛ Альгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял. кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял. кн. Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.

Літ.:

Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРМАВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой. лугавой і прамысловай К. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.), мукамольнай, алейнай, цукровай, піваварнай, спіртавой і гарэлачнай, крухмала-патачнай, рыбнай, мясной, малочнай і інш. галін прам-сці, кармы прамысл. вытв-сці (камбікорм і інш.).

Палявая К. забяспечвае атрыманне найб. колькасці кармоў з кожнага гектара пасяўной плошчы. Аснову яе складаюць збожжавыя і кармавыя культуры. Лугавая К. паляпшае натуральныя і стварае культурныя сенажаці і пашы, укараняе новыя сарты кармавых культур з вял. колькасцю кармавога бялку (пратэіну), удасканальвае структуру кармавых культур і кармоў. Прамысловая К. забяспечвае жывёлагадоўлю камбікармамі (гл. Камбікормавая прамысловасць), мінер. і бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, кармавымі дражджамі, антыбіётыкамі, стымулятарамі і інш. У краінах з развітой жывёлагадоўляй (Данія, Нідэрланды, Германія, Вялікабрытанія і інш.) аснова К. — кармы, што атрымліваюць на ворнай зямлі і культурнай пашы, у Аўстраліі, шэрагу краін Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі — кармы натуральнай пашы. На Беларусі ў грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца (1997) 8,6 млн. т кармоў, у т. л. травяных 4,9 млн. т кармавых адзінак (к. а.). У разліку на 1 умоўную галаву атрымана да 20,4 ц к. а. Для К. выкарыстоўваецца ад 65 да 80% плошчы с.-г. угоддзяў.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Кормавытворчасць Нарыхтоўка сеяных траў.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСК,

горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал. У ноч на 23.12.1942 у выніку Лагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс. ж. З 3.6.1998 горад.

Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж. Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.​П.​Тышкевічаў.

Горад Лагойск. Фрагмент забудовы.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.​Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.​Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁ ((Milhaud) Дарыюс) (4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл. франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.​М.​Відора (кампазіцыя), П.​Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В.д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл. «Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар. муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т. л. мемуараў (1949).

Літ.:

Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Кокорева Л. Д.​Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)