ПАЙС ((Pais) Эторэ) (27.7.1856, г. Борга-Сан-Дальмаца, Італія — 28.3.1939),
італьянскі гісторык антычнасці. Вучань Т.Момзена. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Палерма (1886—89), Пізы (да 1899), Неапаля (да 1904), Рыма (да 1931). Аўтар прац па гісторыі Стараж. Рыма, у якіх крытыкаваў рым. традыцыю, сумняваўся ў гістарычнасці царскага і раннерэспубліканскага перыядаў (да 3 ст. да н.э.) у Рыме. На яго думку, рымляне не ведалі сапраўдных гіст. паданняў, родавых летапісаў, а ранняя рым. традыцыя склалася нібыта пад уплывам грэч.гіст. апавяданняў і рым. драмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),
1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл.Рымскі пантэон).
2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.Ж.Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.
3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНО́МЕТР (ад піра... + грэч. anō наверсе + метр),
прылада для вымярэння сумарнай і рассеянай сонечнай радыяцыі. Пабудаваны на тэрмаэлектрычным прынцыпе. Прыёмнай паверхняй П. з’яўляецца тэрмабатарэя. Рознасць тэмператур спаяў тэрмабатарэі, якая прыводзіць да ўзнікнення электрарухаючай сілы, ствараецца розным па радыяцыйных уласцівасцях пакрыццём цотных і няцотных спаяў тэрмабатарэі. Сіла току, якая ў ёй узнікае, прапарцыянальная інтэнсіўнасці радыяцыі і вымяраецца гальванометрам. Тэрмабатарэя ахавана ад дзеяння даўгахвалевай радыяцыі, ветру і ападкаў шкляным каўпаком. Для вымярэння рассеянай радыяцыі выкарыстоўваецца экран, які зацяняе П. ад уздзеяння прамой радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭРКО́ІД (ад грэч. pro перад, раней, замест + kerkos хвост),
лічынкавая форма першай паразітычнай фазы ў жыццёвым цыкле некат. плоскіх чарвей з класаў цэстод (атр. псеўдафіліды — стужачнік шырокі, рамянцы і інш., тэтрафіліды) і амфілінаідэй.
Даўж. каля 0,5 мм. Задні канец цела (цэркамер) аддзелены перацяжкай і мае хіціноідныя кручкі. Развіваецца П. у целе першага прамежкавага гаспадара (ракападобных) з лічынкі лікафоры (у амфілінід) або з анкасферы ці карацыдыя (у цэстод). У наступнага прамежкавага гаспадара (рыбы) П. ператвараецца ў плерацэркоід — апошнюю лічынкавую стадыю амфілінід і цэстод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯ́М,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр.ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ (ад псіха... +грэч. tropos напрамак),
псіхафармакалагічныя сродкі, лекавыя сродкі, якія ўплываюць на ц. н. с.Асн. групы П.с.: антыдэпрэсанты; транквілізатары; нейралептыкі (напр., аміназін, галаперыдол); псіхастымулятары (аказваюць узбуджальнае дзеянне на псіхіку, напр., кафеін, фенамін); псіхічныя стабілізатары (напр., літый); наатропы (напр., цэрэбралізін), якія ўздзейнічаюць на абменныя і энергет. працэсы мозга; галюцынагены. Кожны П.с. валодае індывід. псіхафармакалагічнымі ўласцівасцямі — спектрам псіхатропнай актыўнасці, што вызначае клінічныя паказанні да яго ўжывання. З дапамогай П.с. лечаць псіхозы, псіхал. парушэнні: неўрозы, стан эмацыянальнага напружання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРАФІ́ТЫ [ад грэч. psychros халодны + ...фіт(ы)],
расліны, што растуць на вільготных і халодных глебах (высокія шыроты, высакагор’і). Прыстасаваныя да працяглай зімы, нізкай т-ры паветра і глебы, кароткага вегетац. перыяду, паніжанага забеспячэння раслін пажыўнымі рэчывамі, невял. колькасці ападкаў, адносна высокай вільготнасці паветра, моцных вятроў, якія высушваюць глебу летам і ўшчыльняюць снежнае покрыва зімой, і інш. Да П. адносяцца некат. водарасці і лішайнікі, з вышэйшых раслін — дрыяда, кедравы сланік, рададэндран камчацкі і інш. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна (для выспявання насення вегетац. перыяд вельмі кароткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАНІ́Т (ад грэч. rhodon ружа),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, сілікат марганцу, CaMn4[Si5O15]. Мае ў сабе аксіду марганцу да 54%, прымесі закісу жалеза да 12%, магнію, алюмінію, цынку. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае тонказярністыя масы, прамяністыя агрэгаты, таблітчастыя крышталі. Колер ад бледнага да ярка-ружовага і чырвонага. Цв. 5—6,5. Шчыльнасць 3,4—3,7 г/см³. Крохкі. Непразрысты, зрэдку (крышталічны) амаль празрысты. Паходжанне кантактава- і рэгіянальна-метамарфічнае, гідратэрмальнае. Парода арлец, складзеная пераважна з Р., выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-вырабны камень. Пры выветрыванні ўтварае марганцавыя руды.