АРТРАПЛА́СТЫКА

(ад грэч. arthron сустаў + пластыка),

аперацыі па аднаўленні функцый сустава пры анкілозах, артрозах, няправільным зрастанні ўнутрысустаўных пераломаў. Асн. этапы: раз’яднанне сустаўных канцоў, мадэляванне новых сустаўных паверхняў і размяшчэнне паміж імі пракладак са скуры або фасцый хворага. Выкарыстоўваюць таксама каўпачкі з храсткоў або плодных абалонак, кансерваваныя канцы касцявых суставаў, штучныя метал. або пластмасавыя суставы ці галоўкі суставаў. Пасля артпластыкі патрабуецца працяглае функцыянальнае лячэнне, фізіятэрапія, масаж.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)