ВАЦЭ́ЦІС (Іаакім Іаакімавіч) (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),
савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен.навук.прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НАтарфяная,
машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.
Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс.т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-гаБел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне пад Бабруйскам войскамі правага крыла 1-гаБел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 6 дывізій 9-й ням. арміі ў Вял.Айч. вайну. Сав. 3-я і 48-я арміі, якія наступалі з раёна Рагачова, і 65-я армія, што наступала з раёна на Пд ад Парычаў, 27.6.1944 злучыліся на Пн ад Бабруйска, замкнулі акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага і пачалі яе ліквідацыю. 526 самалётаў 16-й паветр. арміі на працягу 1,5 гадзіны наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваў прарыў. 28 чэрв.сав. войскі закончылі ліквідацыю акружанага праціўніка. 5-тысячнай групоўцы ворага ўдалося прарвацца з раёна Бабруйска ў напрамку Асіповіч, але і яна была ўзята ў палон. 29 чэрв. быў вызвалены Бабруйск.
Да арт.Бабруйскі «кацёл». Гітлераўцы, узятыя ў палон пад Бабруйскам. Чэрвень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМА́СА (ад бія... + маса),
агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.
Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙109т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙109т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,
баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-гапартыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў 2-гаБел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.
Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБО́РЫН (Іофе) Абрам Майсеевіч
(16.6.1881, мяст. Упіна Шылальскага р-на, Літва — 8.3.1963),
расійскі філосаф, гісторык. Акад.АНСССР (1929). Скончыў Бернскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю і тэорыю марксізму, дыялектыку, філас. пытанні прыродазнаўства, гісторыю сац.-паліт. вучэнняў у Еўропе. Лічыў, што дыялектыка ўнутрана ўласціва прыродным і гіст. з’явам, а дыялект. метад падлягае ўкараненню ў прыродазнаўства, сама марксісцкая філасофія па спосабах развіцця свайго зместу з’яўляецца дэдуктыўнай навукай. Адзін з ініцыятараў выдання на рус. мове збору твораў Г.Гегеля (гал. рэдактар 1-га тома).
Тв.:
Людвиг Фейербах: Личность и мировоззрение. М., 1923;
Диалектика и естествознание. 4 изд. М.; Л., 1930;
Введение в философию диалектического материализма. 6 изд. М.; Л., 1931;
Социально-политические учения нового и новейшего времени. Т. 1—2. М., 1958—67.
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1980). З 1980 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (з 1996 Нац.акад.т-р оперы Беларусі). Індывідуальнасці Галеевай найб. адпавядаюць партыі драм. і псіхал. плана: Любаша, Вясна («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Мадалена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Рыгалета»; саліруючае мецца-сапрана ў «Рэквіеме» Дж.Вердзі), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня і Паліна, Любоў («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Сузукі («Чыо-Чыо-сан» Дж.Расіні). З інш. партый: Ахросімава, Элен («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Ганна («Новая зямля» Ю.Семянякі. Дыпламант 9-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1979).