БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс. га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.
т. 2, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)