НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.

крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.

Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення TH = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. TH холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію ​4He, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10​−3 К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10​−6 К. Т-ры парадку 10​−3 К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага ​3He у вадкім ​4He. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыя засн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.

На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.​І.​Гасцішчаў, С.​Я.​Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ. М., 1977;

Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр. М., 1989;

Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЦА,

мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.

Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.

Г.​М.​Сакалова.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ВА ў мовазнаўстве,

асноўная структурна-семантычная адзінка мовы. С. называе прадметы, з’явы, дзеянні, прыкметы і выражае розныя адносіны паміж імі. Выступае сродкам выражэння паняццяў пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў, адлюстроўвае ступені абстрагаванага пазнання рэчаіснасці, уступае ў сэнсавыя і грамат. сувязі з інш. С., служыць сродкам фарміравання і выражэння думак, выражае пэўныя адчуванні. пачуцці, эмоцыі ўдзельніка моўных зносін да выказанай ці ўспрынятай інфармацыі. Разнастайнасцю функцый С. тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае С. ў працэсе функцыянавання ў літ. і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы С. дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць С. як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўл. сродкаў у мове маст. л-ры. На ўжыванні С. ў пераносным значэнні засн. метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія; зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове маст. прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне). У якасці структурнай адзінкі мовы С. характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У творах маст. л-ры, асабліва ў паэзіі, маст.-выяўл. і экспрэсіўная выразнасць С. падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы На гукавой сугучнасці С. і іх частак засн. рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара). У С. вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напр., «снягір», «лістапад») і нематываванай («рука», «маці»). С. мае грамат. і лексічнае значэнне. Грамат. значэнне ўласціва адначасова цэламу класу ці вял. групе С. (напр., род, лік, склон характэрны для назоўнікаў, трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў). Лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным, яно непасрэдна суадносіцца з адпаведным паняццем, адрознівае змест кожнага слова ад інш. слоў. Сукупнасць усіх С. пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень наз. лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Уфимцева А.А. Слово в лексикосемантпческой системе языка. М., 1968;

Виноградов В.В. Избр. труды: Лексикология и лексикография. М., 1977;

Тимофеев Л.И. Слово в стихе. М., 1982;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Красней В.П. Грані слова. 3 выд. Мн., 1996.

В.​П.​Красней.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ССЫ́ЛКА,

від крымінальнага пакарання, які заключаецца ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства з абавязковым пасяленнем у пэўнай мясцовасці.

У еўрап. дзяржавах С. ўведзена яшчэ ў 15—16 ст. З Вялікабрытаніі злачынцаў ссылалі ў Амерыку (да 1776) і Аўстралію (да 1852), з Францыі ў Франц. Гвіяну і Новую Каледонію, з Партугаліі ў афр. калоніі, з Грэцыі — на астравы Эгейскага мора (у перыяд ваен. дыктатуры 1967—74), што служыла таксама мэтам засялення новых тэрыторый.

У Расіі С. (пераважна С. палітычная) склалася ў 16—17 ст., найб. пашырэнне набыла ў 19 — пач. 20 ст. Ссылалі паводле прыгавору суда або ў адм. парадку. Месцам С. служылі аддаленыя ад сталіц і прамысл. цэнтраў мясцовасці еўрап. ч. Расіі, Поўначы, Сібіры, Д. Усходу або Сярэдняй Азіі. Сярод паліт. ссыльных былі дзеячы расколу, праціўнікі рэформ Пятра I, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., удзельнікі Барскай канфедэрацыі, паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, дзекабрысты, народнікі, сацыял-дэмакраты і інш. С. скасавана ў Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, адноўлена бальшавікамі ў першыя гады сав. улады. Крымін. кодэкс (КК) РСФСР (1926) прадугледжваў С., на тэрмін ад 2 да 10 гадоў у якасці самаст. і да 5 гадоў дадатковай меры пакарання. У 1931 уведзена дадатковая С. пасля адбыцця тэрміну зняволення для асуджаных за шэраг «контррэвалюцыйных» злачынстваў, бандытызм і інш. З сярэдзіны 1930-х г. Асобая нарада НКУС СССР сістэматычна накіроўвала ў С. (спачатку на 5, потым на 10, 25 гадоў) пасля адбыцця зняволення тых з вышэйназваных, у каго ў судовым прыгаворы не было С. З 1948 гэтая дадатковая С. стала пажыццёвай. КК СССР (1960) замест гэтых дадатковых рашэнняў прадпісваў судам назначаць у прыгаворах за адпаведныя злачынствы як тэрмін пазбаўлення волі, так і наступную С. З 1920-х г. акрамя пакарання за канкрэтныя злачынствы практыкавалася масавая С. былых паліт. праціўнікаў бальшавікоў (меншавікі, эсэры, кадэты, анархісты і інш.), да якіх у 1927 далучаны і трацкісты. Формай С. былі дэпартацыі 1930—40-х г., у т. л. звязаныя з калектывізацыяй. С. як асобны від пакарання захоўвалася ў сав. праве да 1992. На Беларусі выкарыстоўвалася паводле рашэння суда або ў адм. парадку, гал. чынам у адносінах асоб, якія абвінавачваліся ў паліт. злачынствах. Існавала ў 1928—94. Не ўжывалася да непаўналетніх, цяжарных жанчын і жанчын, якія мелі на ўтрыманні дзяцей да 8-гадовага ўзросту.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ВЭ Пётр Бернгардавіч (26.1.1870, г. Перм, Расія — 26.2.1944),

расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, грамадскі і паліт. дзеяч. Унук В.​Я.​Струвэ. Ганаровы чл. Рас. АН (1917). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). Рэдагаваў марксісцкія час. «Новое слово» (з 1897), «Начало» (з 1899). У 1898 удзельнічаў у складанні «Маніфеста I з’езда РСДРП» (надрук. ў г. Бабруйск), ад якога ў далейшым адрокся. З 1902 рэдагаваў час. «Освобождение». З 1905 адзін з арганізатараў і лідэраў канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі. З 1907 дэп. 2-й Дзярж. думы. З 1906 выкладаў у Пецярбургскім політэхн. ін-це, адначасова з 1910 — на Бястужаўскіх жаночых курсах, у 1917 абараніў доктарскую дысертацыю. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дырэктар эканам. дэпартамента Мін-ва замежных спраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік антысав. руху, член урада П.​М.​Урангеля. З 1920 у эміграцыі (Прага, Берлін, Бялград, Парыж), займаўся выкладчыцкай, навук. і паліт.-публіцыстычнай дзейнасцю. У эвалюцыі яго філас. поглядаў вылучаюць 3 перыяды: прытрымліванне «легальнага марксізму», адмаўленне тэорыі К.​Маркса і пераход да неакантыянства, схіленне да плюралістычнага светапогляду. У цэнтры яго сінт. філасофіі — праблемы належнага і існага, свабоды і неабходнасці. Шляхам аналізу гэтых паняццяў прыйшоў да высновы, што існуе асобны свет з’яў, недаступны чалавечаму вопыту. Абгрунтаваў неабходнасць пераходу ад эмпірычнага вопыту да метафізікі, якая спалучае пазітыўныя веды і спасціжэнне тайны быцця. Адстойваў прынцыпы хрысціянска-дэмакр. маралі, заснаваныя на духоўнай роўнасці і свабодзе людзей. Сусв. парадак уяўляў як суму першасных, вечных, творчых матэрыяльных і духоўных элементаў. У аснове яго сац. поглядаў — ідэі ірацыянальнасці грамадства і гіст. працэсу і ўвасаблення рацыянальнага пачатку ў дзяржаве. Лічыў, што дзяржава мае містычную, звышразумовую прыроду. У якасці сац. ідэалу разглядаў ліберальную нац. дзяржаву. Сцвярджаў, што ў ідэальнай дзяржаве інтарэсы асобных грамадзян, сац. груп і класаў аб’ядноўваюцца на глебе нац. ідэі і служаць найвышэйшаму дзярж. інтарэсу. Крытыкаваў псіхалогію «дзяржаўнага адшчапенства», у якой абвінавачваў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі. Эканам. погляды С. грунтуюцца на ідэі здольнасці капіталізму да неабмежаванага прагрэсу і гарманізацыі розных сац.-класавых інтарэсаў. Заклікаў да перагляду эканам. палажэнняў марксісцкай тэорыі (тэорый вартасці, прыбавачнай вартасці, узнаўлення і інш.).

Тв.:

Patriotica: Политика, культура, религия, социализм: [Сб.]. М., 1997;

Избр. соч. М., 1999;

Patriotica: Россия. Родина. Чужбина: [Сб. ст.]. СПб., 2000.

Літ.:

Афанасьев М. Либеральная экономика Петра Струве // Вопр. экономики. 1994. № 12;

Гнатюк О.Л. Консервативный либерализм и философско-социологическая методология «основного дуализма» П.​Б.​Струве // Социол. исслед. 1998. № 7.

В.​І.​Боўш.

П.Б.Струвэ.

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКА́ЦТВА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па вырабе тканін тэкстыльных. Уключае падрыхтоўчыя аперацыі, выраб тканін на ткацкіх станках і заключныя аперацыі апрацоўкі тканін.

Да падрыхтоўчых аперацый адносяцца перамотка нітак асновы і ўтку, снаванне, шліхтаванне, прабіранне асновы і звязванне канцоў нітак — стваранне паковак нітак асновы і ўтку для работы на станку. Перамотка нітак асновы ажыццяўляецца на матальных машынах і аўтаматах, перамотка ўтку на шпулі для чаўнаковых станкоў — на ўточна-перамотачных аўтаматах. Для бесчаўнаковых станкоў выкарыстоўваюцца бабіны з матальных або прадзільных машын. Уточная пража праходзіць дадатковыя аперацыі — увільгатненне, эмульграванне, запарванне. Пры снаванні ніткі з вял. колькасці бабін або шпуль навіваюцца на снавальны валік (на снавальных машынах). Для павышэння трываласці, зносаўстойлівасці, супраціўляльнасці сціранню і расцяжэнню ніткі асновы шліхтуюцца — прамочваюцца клейкім калоідным растворам (шліхтай). У вочкі (дзіркі) галеў рамізак ніткі прасоўваюць для ўтварэння зева на станку (прастора для руху чаўнака) і атрымання тканіны зададзенага перапляцення. Прабіранне нітак у зубы бёрда забяспечвае ўшчыльненне ўточнай ніткі і атрыманне неабходнай шчыльнасці тканіны на аснове. З падрыхтаваных нітак асновы і ўтку на ткацкіх станках вырабляюць тканіны пэўных перапляценняў, шчыльнасці і шырыні. Заключныя аперацыі: вымярэнне даўжыні тканіны, чыстка, стрыжка (на стрыгальных машынах), кантроль якасці (паводле колькасці дэфектаў вызначаецца гатунак тканіны) і ўкладка, што ажыццяўляюцца на паточных лініях.

Т. вядома з 6—5-га тыс. да н.э. на Б.​Усходзе (Сірыя, Месапатамія, Егіпет). Пазней удасканальваліся канструкцыі станка, ствараліся прыстасаванні для падрыхтоўкі пражы. Механізацыя працэсаў Т. адносіцца да 16—18 ст. У канцы 19—20 ст. створаны станкі з аўтам. зменай чаўнакоў, у пач. 20 ст. — бесчаўнаковыя.

На Беларусі Т. вядома з часоў позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. У 11—13 ст. вырабляліся тканіны палатняныя, саржавыя, што сведчыць пра высокі ўзровень развіцця Т. Для вырабу тканін выкарыстоўвалі 4-нітовае прыстасаванне, якое нагадвала бердзечка (прыстасаванне для Т. паясоў). Бел. нар. Т. 19 — пач. 20 ст. адлюстроўвае багаты маст. і тэхн. вопыт рамяства: пераважна 2- і 4-нітовая тэхніка, бранае і выбарнае Т., перабор «пад палатно» і інш. (гл. Тканіны мастацкія). З канца 19 ст. існавалі саматужныя ткацкія промыслы, якія выраблялі тканіны на продаж: ствараліся ткацкія школы-майстэрні, дзе павышаўся якасны ўзровень саматужнага Т. ў выніку ўкаранення больш дасканалага абсталявання, выкарыстання новых тэхнік Т. (напр., шматнітовае Т., розныя віды перабору). З 1930-х г. традыцыйнае нар. Т. пачало скарачацца. У канцы 20 ст. лепшыя традыцыі бел. нар. Т. распрацоўваліся на Аршанскай, Гомельскай, Гродзенскай, Пінскай, Полацкай, Слуцкай фабрыках маст. вырабаў (гл. адпаведныя арт.).

І.​У.​Косціна.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст. навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.​Лацаруса і Х.​Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.​Сігел, А.​Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.​М.​Бэр, М.​І.​Надзёжын, К.​Дз.​Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.​Г.​Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.​Я.​Рагінскі, С.​П.​Талстоў і інш.

У канцы 19 ст. У.​Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.​Сегал, Д.​Кэмпбел, М.​Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер. культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.​Бенедыкт, М.​Мід) і неафрэйдызму (А.​Кардынер, Р.​Лінтан, Дж.​Гарэр, К.​Дзюбуа, І.​Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.​Інкельс, Х.​Дзьюкер, Н.​Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.​Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн. сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.

Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн. ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел. менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

Літ.:

Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;

Этническая психология и общество. М., 1997.

Л.​І.​Навуменка.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ

Падзяляе тэр. Беларусі на аднатыпныя паводле гідрагеалагічных умоў таксанамічныя адзінкі — гідрагеалагічныя раёны. У адпаведнасці з прызначэннем і маштабам карты адрозніваюць комплекснае (структурна-гідрагеалагічнае, або агляднае) і мэтавае раянаванні.

Комплекснае гідрагеалагічнае раянаванне — дробнамаштабнае, ажыццяўляецца па матэрыялах карціравання гідрагеалагічных умоў вялікіх па плошчы тэрыторый. Пры гэтым грунтавыя і артэзіянскія воды разглядаюцца як адзінае цэлае. Гал. таксанамічнымі адзінкамі з’яўляюцца артэзіянскія басейны (воданапорныя сістэмы) і складкавыя вобласці. На Беларусі ў якасці асновы для агляднага раянавання большасць даследчыкаў прымаюць геолага-структурную будову тэрыторыі, заканамернасці фарміравання і пашырэння падземных вод, іх сувязь з геалагічнымі структурамі, якасць і аднаўляльнасць (дрэніраванасць рачнымі далінамі). Тэорыю і метадалогію гідрагеалагічнага раянавання тэр. Беларусі распрацоўвалі ў 1925—74 І.​К.​Зайцаў, О.​К.​Ланге, Б.​К.​Лічкоў, А.​М.​Сяміхатаў і інш. Гідрагеалагічнае раянаванне прэсных вод, заключаных у зоне актыўнага водаабмену Беларусі, ажыццяўляецца паводле рачных басейнаў; у аснову раянавання мінералізаваных вод, пашыраных у зонах запаволенага і вельмі запаволенага водаабмену, пакладзена геалагічная будова, у прыватнасці, тэктанічныя структуры рэгіёна, што разгледжана ў працах Г.​В.​Багамолава (1971), А.​П.​Лаўрова (1972), М.​Ф.​Казлова (1976), С.​П.​Гудака (1981—2002), А.​В.​Кудзельскага (1985—2001) і інш.

Мэтавае гідрагеалагічнае раянаванне — сярэдне- і буйнамаштабнае, ажыццяўляецца пры правядзенні дэталёвых гідрагеалагічных здымак або спец. рэгіянальных даследаванняў пры складанні карт рэгіянальнага размеркавання найважнейшых гідрагеалагічных і геаэкалагічных паказчыкаў падземнай гідрасферы: прыродных рэсурсаў і прагнозных эксплуатацыйных запасаў прэсных падземных вод; зон гідрадынамічнага водаабмену і гідрахімічных; асноўных ваданосных гарызонтаў і комплексаў; гідрагеалагічных крытэрыяў пахавання шкодных рэчываў у нетрах Беларусі і г.д. Гэтыя пытанні распрацоўвалі С.​С.​Бялецкі (1974—81), Л.​І.​Шапавал (1971—84), М.​Г.​Ясавееў (1989) і інш. Такое раянаванне найб. шырока выкарыстоўваецца пры буйнамаштабных гідрагеалагічных здымках для абгрунтавання меліярацыйнага і водагаспадарчага праектавання. Комплексныя геолага-гідрагеалагічныя здымкі і складанне карт гідрагеалагічнага раянавання для мэт меліярацыі маштабу 1:50 000 праводзяцца ў Бел. геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі РУП «Белгеалогія». Да нашага часу такімі картамі ахоплена 65 тыс. км² тэр. краіны, у т. л. 45 тыс. км² на Бел. Палессі. Гідрагеалагічныя і геаэкалагічныя крытэрыі гідрагеалагічнага раянавання падземнай гідрасферы Беларусі ў розных даследчыкаў да нашага часу не ўсталяваліся, яны нярэдка супярэчлівыя і маюць дыскусійны характар. Пытанні гідрагеалагічнага раянавання Беларусі даследуюць у РУП «Белгеалогія», у т. л. Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, і Ін-це геалагічных навук Нац. АН Беларусі.

П.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)