ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),
аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз.т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф.арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.Мёрыке» (1888), «Вершы І.В.Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).
Літ.:
Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаванне тэр. сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА ШПІТА́ЛЯ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры канца 18 — пач. 19 ст.
Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна баніфратаў, які ў канцы 18 ст. меў драўляны будынак шпіталя. У пач. 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным 2-павярховым будынку бровара баніфратаў, а пасля скасавання ордэна яго будынак перададзены пад акр. шпіталь. У 1857 і 1891 будынак перабудаваны, да яго дабудаваны 2 трохпавярховыя флігелі, і ў такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу.
Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з цокальным паверхам. Сіметрычная кампазіцыя гал. фасада падкрэслена 3 рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Аперацыйная зала ў сярэдзіне асн. аб’ёму мела купал. З 1902 у будынку размяшчаліся акр. ўправа і паштова-тэлегр. кантора з кватэрамі для служачых. У 2-й пал. 20 ст. з гал. фасада зняты балконы, ліквідаваны купал, зменена ўнутр. планіроўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭНМАТ ((Dürrenmatt) Фрыдрых) (5.1.1921, г. Кональфінген, Швейцарыя — 14.12.1990),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вывучаў філалогію, філасофію і прыродазнаўчыя навукі ва ун-тах Берна і Цюрыха. Дэбютаваў п’есай «Пісанне гаворыць» (1947). Сусветную вядомасць яму прынеслі п’есы «Візіт старой дамы» (1956), «Фізікі» (1962), «Скрыжаванцы» (1967). У прозе вылучаюцца зб. апавяданняў «Горад» (1952), аповесць «Аварыя» (1956), раманы «Суддзя і яго кат» (1950—51), «Абяцанне» (1958). У творах Дз. спалучаюцца абсурд і парадокс, гратэск і ўмоўнасць, камічнае і трагічнае, выкарыстоўваецца дэтэктыўны элемент. Яго п’есы ставіліся ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі («Іграем Стрындберга», 1983, «Фізікі», 1985, «Метэор», 1989), Нац. т-ры імя Я.Купалы («Ромул Вялікі», 1996). Па матывах п’есы «Візіт старой дамы» С.Картэс напісаў оперу «Візіт дамы» (паст. ў Нац. т-ры оперы Беларусі ў 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а ягоэстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
велічыня, якая характарызуе здольнасць дыэлектрыка палярызавацца ў знешнім эл. полі. Уваходзіць у Кулона закон як велічыня, што паказвае, у колькі разоў змяншаецца сіла ўзаемадзеяння эл. зарадаў пры пераносе іх з вакууму ў дыэлектрык пры нязменнай адлегласці паміж імі. Для ізатропных дыэлектрыкаў Д.п. ε вызначаецца адным лікам (ε—скаляр), для анізатропных — сукупнасцю лікаў (ε—тэнзар). Нараўне з Д.п. ўласцівасці дыэлектрыкаў апісваюць дыэлектрычнай успрыімлівасцю x, якая звязана з ёй суадносінамі: ε = x + 1.
Д.п. — адна з асн. характарыстык дыэлектрыка, вызначаецца механізмам яго палярызацыі і залежыць ад палярызаванасці часціц (атамаў, малекул, іонаў), што ўваходзяць у ягосклад. У непалярных дыэлектрыках Д.п. слаба залежыць ад т-ры; у палярных — залежнасць істотная, асабліва для сегнетаэлектрыкаў. Найб. пашыраныя метады вымярэння Д.п. заснаваны на вымярэнні ёмістасці кандэнсатара, запоўненага даследаваным дыэлектрыкам. Для газаў Д.п. роўна 1,0001—1,006, для вадкасцей — 1,8—81, для сегнетаэлектрыкаў — да 50000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЭ́Н ((Derain) Андрэ) (10.6.1880, Шату, каля Парыжа — 8.9.1954),
французскі мастак. Вучыўся ў Э.Кар’ера (1898—99) і ў акадэміі Жуліяна (1904) у Парыжы. У 1900—07 пісаў пейзажы ў духу фавізму і тэхніцы, блізкай да А.Матыса («Тэмза каля Лонданскага моста», 1900). Каля 1908 стыль Д. змяніўся пад уплывам П.Сезана і ранняга кубізму («Купальшчыцы», 1908, «Від Кадака», 1910). Музейная культура, да якой меў схільнасць Д., абумоўлівала ў яго творах рысы эклектызму і іх падабенства да Г.Курбэ і А.Рэнуара (выявы аголеных), К.Каро і мастакоў барбізонскай школы (пейзажы), Ж.А.Энгра, візант., ісп., венецыянскага жывапісу (партрэты). Рабіў тэатр. дэкарацыі і касцюмы, што ўплывала і на яго жывапісныя работы («П’еро і Арлекін», 1924). Аўтар ілюстрацый у тэхніцы дрэварыту да твораў Г.Апалінэра, А.Брэтона і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв.проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ПРА́СНІЦЫ,
дэкарыраваныя разным арнаментам прасніцы пераважна з Камянецкага, а таксама з суседніх Пружанскага і Брэсцкага р-наў. У канцы 19 — пач. 20 ст. — К.п. традыц. драўляная лапатападобная лопасць з доўгай ножкай, якая мацавалася ў днішча, з пашырэннем калаўрота (пач. 20 ст.) — на кранштэйне да яго. Лопасць аздаблялі трохгранна-выемчатай разьбой геам. характару. Найб. пашыраны дэкор — вял. 6-пялёсткавая разетка ці ромб з трохгранных выемак у цэнтры, абапал — меншыя разеткі, нярэдка год стварэння прасніцы і ініцыялы ўладальніцы. У 20 ст. К.п. сталі рабіць меншых памераў, з больш разнастайным дэкорам. Пасля Айч. вайны прасніцы паступова выходзяць з ужытку. Калекцыі К.п. ёсць у Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФНац.АН Беларусі.