дугападобная сістэма (з прагінам на Пд) напорных краявых ледавіковых град на ПнЗ Беларусі; фізіка-геагр. раен Бел.-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Назва дадзена ў 1930-я г. польскімі географамі ад г. Свянцяны (цяпер Швенчоніс, Літва). Працягнуліся ад воз. Дзіснай (Літва) на тэр. Беларусі, дзе накіраваны ў паўд.-ўсх. і паўн.-ўсх. напрамках у паўд.-зах.ч. Віцебскай і паўн.-зах.ч. Мінскай абласцей. Мяжуюць з Полацкай нізінай на Пн, Ушацка-Лепельскім узв. на У, Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі на ПдУ і Пд. Выш. да 228 м у межах Беларусі (288, каля г. Швенчоніс, Літва), працягласць з 3 на У 120—130 км, з Пн на Пд 35—45 км. Пл. 2,7 тыс.км². С.г. прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. У фарміраванні паверхні вял. ролю адыграў актыўны ледавік (марэны напору, гляцыядыслакацыі, адорвені, ледавіковыя лагчыны), а таксама пасіўны («мёртвы»), які ўплываў на ўтварэнне камаў, озаў, тэрмакарставых і падпрудных азёрных катлавін. Адносныя перавышэнні рэльефу да 50—60 м. У паніжэннях і лагчынах паміж марэннымі градамі шмат невялікіх, глыбокіх азёр, размешчаных групамі (Лучайская, Мядзельская, Доўгаўская, Глыбоцкая) і злучаны пратокамі і малымі рэчкамі.
Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман. На паўн. схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута; на паўд. — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, торф, сапрапель. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі. Пад ворывам больш за 40% тэрыторыі, характэрна драбнаконтурнасць с.-г. угоддзяў (пл. 3—4 га). Асаблівасці рэльефу садзейнічаюць праяўленню плоскаснага змыву глеб. У межах С.г. частка нац. парку Нарачанскі; заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічныя Доўгае і Белае, біял.Некасецкі, Рудакова, Пасынкі.
В.П.Якушка.
Свянцянскія грады ў Мядзельскім раёне Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,
горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяперЦэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяперЦэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст. М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст, пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх, П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх, абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В I Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, МЛ.Зарэмба, ФА.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.
Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс.т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн.т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.
Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.
Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач.муз. адукацыю атрымаў у І.М.Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л.санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.
Літ.:
Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;
Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;
Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;
J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяперг. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ГА́НДАЛЬ,
продаж і купля тавараў, каштоўных папер на міжнар. рынку; адна з форм знешнеэканамічных сувязей. Падзяляецца на экспарт (вываз) і Імпарт (увоз) тавараў і паслуг. У аснове экспартна-імпартных адносін паміж краінамі ляжыць міжнародны падзел працы. Знешнегандл. аперацыі залежаць ад характару крэдытнай сістэмы краіны, форм і ўмоў банкаўскага забеспячэння знешнегандл. разлікаў, валютных правіл і валютнага рэгулявання, а таксама канкрэтных фін. умоў знешнегандл. кантактаў. Дзейнасць знешнеэканам. комплексу базіруецца на шэрагу палажэнняў прававога, арганізац.-тэхн., гандл.-паліт., эканам. і інфармацыйна-кансультатыўнага характару, якія дазваляюць яго ўдзельнікам эфектыўна выступаць на знешнім рынку і ўзгадняць вынікі знешнеэканам. аперацый з агульнымі вынікамі гасп. дзейнасці. Сродкі рэгулявання З.г.: тарыфы, падаткі, акцызныя зборы, колькасныя абмежаванні, ліцэнзіі і інш.Найб. пашыраны мытныя тарыфы, рэгуляванне знешнегандл. патокаў або абарона нац. вытворцаў. Гандлюючыя краіны знаходзяцца ў розных дагаворна-паліт. адносінах, могуць з’яўляцца членамі мытнага саюза, эканам. саюза, мець падпісаныя дагаворы аб спрыяльным рэжыме або не мець ніякіх пагадненняў у сферы гандлю. Прывілеі і льготы тычацца велічыні мытнай абароны, г.зн. ставак мытнай пошліны. Існуючая міжнар. прававая сістэма выключае магчымасць прыняцця аднабаковых мер па павышэнні або змяненні мытна-тарыфных ставак. Для змены тарыфаў цяпер патрэбны кансультацыі на міжнар. узроўні і падрабязнае абмеркаванне сітуацыі ў нац. эканоміцы. Імкнучыся захаваць за дзярж. кіраўніцкімі структурамі магчымасць хутка рэагаваць на зменлівыя абставіны, нац. дзяржавы разам з пошлінамі выкарыстоўваюць і інш. блізкія да іх меры рэгулявання (імпартныя тавары абкладаюцца спец. падаткамі і зборамі, імпартныя і экспартныя субсідыі, колькасныя абмежаванні, кватаванне і ліцэнзаванне). Колькаснае выражэнне ступені залежнасці эканомікі краіны ад З.г. вызначаецца адносінамі аб’ёму экспарту або імпарту да аб’ёму нац. даходу. Пры ацэнцы стану краіны ў міжнар. разліках перш за ўсё вызначаюцца суадносіны экспарту і імпарту, якія адлюстроўваюцца ў гандл. балансе. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе знешнегандл. сувязі больш як са 150 краінамі свету. У 1996 агульны аб’ём З.г. Беларусі склаў 12,4 млрд.дол. ЗША (павялічыўся ў параўнанні з 1995 на 20%), экспарт тавараў — 5,5 млрд.дол. (на 17%), імпарт — 6,9 млрд.дол. (на 23%). Тавараабарот з краінамі СНД у 1996 склаў 8,2 млрд.дол., у т. л. з Расіяй — 6,4 млрд.дол. Аб’ём З.г. Рэспублікі Беларусь з інш. краінамі ў 1996—4,2 млрд.дол., у т. л. з Германіяй — 978 млн.дол., Польшчай — 519,6 млн.дол., Літвой — 320,6 млн.дол., ЗША — 212 млн.дол. 3 дапамогай каэфіцыента пакрыцця (суадносіны экспарту да імпарту ў працэнтах) можна супастаўляць дынаміку абодвух патокаў, што складаюць З.Г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н І БА́ЛТАЎ У 12—15 ст.,
захопніцкія войны заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкіх) рыцараў на землях балтаў, палабска-прыбалтыйскіх і ўсходніх славян. Адначасова з 2-м крыжовым паходам у М. Азію і Палесціну (гл.Крыжовыя паходы) адбыўся Крыжовы паход супраць славян 1147. У пач. 13 ст.асн. напрамкам крыжовых паходаў сталі землі балтаў і ўсх. славян. Мечаносцы, якія заваявалі ліваў (1207), павялі наступленне на суседнія плямёны, захапілі Кукенойс (1208) і Герцыке (1209). Паўстала пагроза Пскову, Ноўгараду, Полацку. Пасля некалькіх бітваў (1212, 1217, 1234 і інш.) мечаносцы былі разбіты аб’яднанымі сіламі літоўцаў і земгалаў у 1236 каля Сауле (сучасны Шаўляй). Іх рэшткі ў 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і стварылі Лівонскі ордэн як філіял апошняга. Паводле дагавору з Конрадам Мазавецкім (1226) Тэўтонскі ордэн ператварыўся ў базу для экспансіі на У. Нягледзячы на моцнае супраціўленне балтаў (гл.Мантаса паўстанне), чарговымі ахвярамі ордэна сталі прусы і яцвягі, якія былі часткова знішчаны, астатнія выгнаны або асіміляваны. Апорнымі пунктамі крыжакоў на захопленых землях сталі замкі, найб. магутныя з якіх знаходзіліся ў вусцях Зах. Дзвіны і Нёмана. Пагроза з іх боку прымусіла літ. і бел. князёў аб’яднацца. Найб. поспехаў у гэтай справе дасягнуў новагародскі кн.Міндоўг (з 1250 — кароль), які ў 1260 каля воз. Дурбе (цяпертэр. Латвіі) разграміў аб’яднаныя сілы тэўтонцаў, у т. л. Лівонскі ордэн. У бітве прымалі ўдзел куршы і эсты, якія ў вырашальны момант бою перайшлі на бок Міндоўга. Паражэнні крыжакоў каля Сауле і Дурбе, на Чудскім возеры (гл.Лядовае пабоішча 1242) прыпынілі іх ваен. экспансію на слав. землі. Але заняволенне балтаў працягвалася. У 14 ст. напады на бел. землі пачасціліся. Толькі ў 1300—15 іх адбылося каля 20. У адказ на агрэсію 10 паходаў здзейсніла войска ВКЛ. Крыжакі захапілі шэраг крэпасцей і гарадоў, у т. л. Полацк (вызвалены ў 1307). У 1340—70 адбылося каля 100 бітваў, у якіх паражэнні войск ВКЛ чаргаваліся з перамогамі. У 1384 вызвалены г. Коўна (астатняя частка Жамойці заставалася пад крыжакамі да 1410). Пасля няўдалага паходу Вітаўта супраць татар (гл.Бітва на Ворскле 1399) ням. агрэсары яшчэ больш актывізаваліся. Вырашальнай стала Грунвальдская бітва 1410, апошняй вайной — Трынаццацігадовая вайна 1454—66.
Літ.:
Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.