МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,

працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.

Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл. Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;

Ремизов Ю.Б. Фотонаборные процессы. М., 1981.

У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРУ́СКІ СТЫ́ЛЬ,

кірунак у рус. архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. Пачатак пакладзены ў Абрамцаве пад Масквой, у маст. гуртку С.​І.​Мамантава (канец 1870 — пач. 1880-х г.), які аб’ядноўваў прыхільнікаў новых форм сінтэзу мастацтваў. Агульныя прынцыпы формаўтварэння, пластычнасць, стракатая дэкаратыўнасць пабудоў дазваляе разглядаць Н.с. як нац.-рамант. плынь у рамках стылю мадэрн. Для Н.с. характэрна стварэнне суцэльнага арх.-маст. вобраза, асацыятыўна звязанага з першакрыніцай, а не кампіляцыя стараж.-рус. форм. У арсенал стылізаваных форм уключаліся матывы асн. школ страж.-рус. дойлідства (наўгародскай, уладзіміра-суздальскай, т.зв. нарышкінскага барока і інш.). У праектаванні пабудоў удзельнічалі мастакі В.​Васняцоў (фасад Траццякоўскай галерэі, 1900—05), С.​Малюцін (даходны дом Пярцовай, 1905—07, з арх. Н.​Жукавым), арх. Ф.​Шэхтэль (Яраслаўскі вакзал, 1902—04, усе ў Маскве) і інш. Прадстаўнікі позняга Н.с. амаль літаральна ўзнаўлялі формы стараж.-рус. пабудоў (А.​Шчусеў, сабор Марфа-Марыінскага манастыра, 1908—12 у Маскве). Н.с. атрымаў увасабленне таксама ў дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы, сцэнаграфіі.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Неарускі стыль. Яраслаўскі вакзал у Маскве. Арх. Ф.​Шэхтэль. 1902—04.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,

галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш. паходжання.

Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн. механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.

Літ.:

Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ. М., 1975;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,

самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.

В.​С.​Аношка.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус. царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус. хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.​Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л. бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА (лац. norma правіла, узор),

межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Германіі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, адна з афіц. моў Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга. Мае 3 групы дыялектаў (ніжненям., сярэдненям. і паўд.-ням.), кожная з якіх падзяляецца на зах. і ўсх. падгрупы. У фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, дыфтонгаў, адсутнасць проціпастаўлення зычных па цвёрдасці — мяккасці, дынамічны нефіксаваны націск. У марфалогіі — сінтэтычны і аналітычны спосабы перадачы граматычных катэгорый. У сінтаксісе — пераважна дзеяслоўны тып сказа, месца асабовай формы дзеяслова фіксаванае. Развітая сістэма сродкаў словаўтварэння; шырока ўжываецца словаскладанне. Сучасная ням. літ. мова Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі мае некаторыя нарматыўныя адрозненні, пераважна ў лексіцы і вымаўленні. Разыходжанні ў вусным маўленні паміж варыянтамі Н.м. больш значныя. Пісьменства з 8 ст. на аснове лац. графікі.

Літ.:

Жирмунский В.М. История немецкого языка. 5 изд. М., 1965;

Глушак Т.С. Функциональная стилистика немецкого языка. Мн., 1981;

Копанев П.И., Беер Ф. Теория и практика письменного перевода. Ч. 1. Перевод с немецкого языка на русский. Мн., 1986;

Копанев П.И., Хильтов Н.Г. Учебник немецкого языка: Деловое общение. Ч. 1—2. Мн., 1995.

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),

кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.​Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.​Анушкевіч, К.​Крус-Дыес, Л.​Пунс, Б.​Райлі, Р.​Сота і інш.

С.​У.​Пешын.

Да арт. Оп-арт. В.​Вазарэлі. ГІКСЭХ. 1955—62.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́ТКАВЫ ЎЗРОСТ,

перыяд антагенезу (ад 10—11 да 15 гадоў), які адпавядае этапу пераходу ад дзяцінства да юнацтва. Належыць да крызісных узростаў (гл. Крызісы ўзроставыя), крытычных перыядаў антагенезу, звязаных з кардынальнымі пераўтварэннямі ў сферы свядомасці, дзейнасці, сістэмы ўзаемаадносін індывіда. Характарызуецца бурным ростам чалавека, фарміраваннем арганізма ў працэсе палавога выспявання, што аказвае значны ўплыў на псіхафізіял. асаблівасці падлетка. Аснову фарміравання псіхал. і асобасных якасцей падлеткаў складаюць зносіны ў працэсе розных відаў дзейнасці (вучоба, праца, творчасць, спорт і інш.). Характэрным для П.ў. з’яўляецца станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, узнікненне цікавасці да сябе як да асобы, да сваіх магчымасцей, здольнасцей і асаблівасцей, якія аб’ядноўваюць падлетка з іншымі людзьмі, групамі і ў той жа час адрозніваюць ад іх, робяць яго унікальным і непаўторным. З гэтым звязаны рэзкія ваганні ў адносінах да сябе, няўстойлівасць самаацэнкі. Вядучыя патрэбы П.ў. (самасцвярджэнне, зносіны з равеснікамі) таксама разглядаюцца як вядучая дзейнасць у гэтым узросце. Пры адсутнасці ўмоў для індывідуалізацыі і пазітыўнай рэалізацыі сваіх новых магчымасцей самасцвярджэнне падлетка можа прымаць недарэчныя формы (гл. Дэвіянтныя паводзіны).

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)