заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.
На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.
М.З.Ягоўдзік.
С.Г.Кароль.У.А.Кароль.Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш.слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),
польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт.формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1951.
Літ.:
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЧЭ ((Croce) Бенедэта) (25.2.1866, Пескасеролі каля г. Неапаль, Італія — 20.11.1952),
італьянскі паліт. дзеяч, гісторык, філосаф, літаратуразнавец, публіцыст, прадстаўнік неагегельянства і італьян.лібералізму. У 1902—20 праф. Неапалітанскага ун-та. У 1903—44 выдаваў літаратуразнаўчы час. «La Critica» («Крытыка»). З 1910 сенатар. У 1920—21 міністр асветы. У 1925 напісаў маніфест супраць фашызму ў Італіі. У 1943 удзельнічаў у аднаўленні Ліберальнай партыі (да 1947 яе старшыня). У 1947 заснаваў у Неапалі Італьян.ін-тгіст. даследаванняў. Выступаў за «абсалютны гістарызм», сцвярджаючы, што рэчаіснасць — гэта гісторыя і нішто іншае. Вылучаў 4 асн.формы актыўнасці духу: эстэтыку, логіку, эканоміку, этыку. Заснавальнік «этыка-палітычнай» школы ў італьян. гістарыяграфіі; адстойваў непарыўную сувязь гісторыі з філасофіяй, лічыў, што гісторыя заклікана не проста рэгістраваць падзеі, але і выхоўваць, дапамагаць усведамленню сучаснасці; актыўнымі творцамі гісторыі лічыў інтэлектуальныя слаі грамадства, яго эліту. Фашызму, яго культуры і ідэалогіі проціпастаўляў ідэалы свабоды, прагрэсу. Аўтар прац «Эстэтыка» (1902), «Логіка» (1909), «Філасофія Дж.Віка» (1912), «Тэорыя і гісторыя гістарыяграфіі» (1917), «Арыёста, Шэкспір і Карнель» (1920), «Гісторыя Італіі з 1871 да 1915 г.» (1928) І ІНШ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,
сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк.канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш.Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
расійскі рэжысёр, тэатразнавец, крытык. Засл. арт. Расіі (1962). Нар.арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1950). З 1950 у Т-ры Сав. Арміі, у 1963—69 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя К.Станіслаўскага, з 1979 у Малым т-ры, з 1989 гал. рэжысёр Новага драм.т-ра ў Маскве. Сярод пастановак: «Дабракі» (1958) і «Энцыклапедысты» (1965) Л.Зорына, «Каса Марэ» І.Друцэ (1961), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962), «Антыгона» Ж.Ануя (1966), «Мамурэ» Ж.Сармана (1978), «Халопы» П.Гнедзіча (1987), «Арляня» Э.Растана (1991), «Гераічная камедыя» Ф.Брукнера (1995). Яго спектаклям характэрны вастрыня сцэн.формы, графічная яснасць мізансцэны, тонкае адчуванне стылю. Аўтар кніг і артыкулаў па праблемах харэаграфіі, рэж. мастацтва, творчых партрэтаў акцёраў і рэжысёраў, майстроў балета. Напісаў сцэнарыі балета (1972) і фільма-балета (1975) «Ганна Карэніна», дакумент. фільма «Галіна Уланава» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,
пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.
1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.
Літ.:
Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.