КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),
італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Соміс.
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНІГСО́Н (Уладзімір Уладзіміравіч) (7.11.1907—17.11.1986),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў тэатр. студыю ў Сімферопалі (1926). З 1926 акцёр Сімферопальскага т-ра, з 1942 — маск. Камернага т-ра. З 1951 у Малым т-ры. Вострахарактарны акцёр. Сярод роляў: Незнамаў, Кучумаў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Сіплы («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Парфірый Галаўлёў («Паны Галаўлёвы» М.Салтыкова-Шчадрына), Радольф («Мадам Бавары» паводле Г.Флабера), прынц Ганзага («Эмілія Галоці» Г.Лесінга) і інш. З 1949 здымаўся ў кіно: «Падзенне Берліна» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вогненныя вёрсты» (1957), «Надзвычайнае здарэнне» (1965), «Апошняя ахвяра» (1976), «Па даных крымінальнага вышуку» (1980) і інш.
т. 8, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЙПЕДА (Klaipéda),
горад у Літве, на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1252 як ням. рыцарскі замак Мемельбург. З 1525 у складзе Прусіі, з 1871 у Германскай імперыі, з 1920 пад кіраўніцтвам дзяржаў Антанты, з 1923 у Літве; да 1923 наз. Мемель. 201,5 тыс. ж. (1996). Незамярзаючы марскі порт. Чыг. станцыя. Прам-сць: рыбная, суднабуд. і суднарамонтная, тэкст., цэлюлозна-папяровая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў, маст. вырабаў з бурштыну. База марскога рыбалоўнага флоту. Кансерваторыя. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, марской і гадзіннікавай справы, карцінная галерэя. Акіянарыум. Арх. помнікі 17—18 ст. Помнік літ. асветніку Марцінасу Мажвідасу — аўтару і выдаўцу першай кнігі на літ. мове.
т. 8, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРО́Н [Clairon; сапр. Клер Жазеф Іпаліт Лерыс дэ Лацюд (Leris de la Tude); 21.1.1723, г. Кандэ, Францыя — 29 або 31.1.1803],
французская актрыса. Прадстаўніца асветніцкага класіцызму. З 1736 на сцэне «Камеды Італьен» у Парыжы. З 1737 у трупах Руана, Ліля і інш. гарадоў. У 1743—66 У т-ры «Камеды Франсэз» (Парыж). Успрыняла тэатр. тэорыю Д.Дзідро, працавала пад кіраўніцтвам Вальтэра. Выступала супраць манернасці арыстакратычнага т-ра, імкнулася да псіхал. індывідуалізацыі вобразаў, рэфармавала трагічную дэкламацыю, адмовілася ад падпарадкавання інтанацыі ўмоўнаму меладычнаму малюнку, уводзіла ў сцэн. касцюм гіст. і этнагр. дэталі. Найб. праславілася выкананнем роляў у трагедыях Вальтэра: Электра («Арэст»), Ідаме («Кітайскі сірата»), Аменаіда («Танкрэд»).
т. 8, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (н. 27.12.1921, Масква),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1952). З 1955 на кінастудыі «Масфільм». Дэбютаваў фільмам «Салдацкае сэрца» (1959). Рэжысёр тэлефільмаў «Утаймаванне свавольніцы» (паводле У.Шэкспіра, 1961), «Кубінская навела» (1962), «Душачка» (паводле А.Чэхава, 1966), «Свеаборг» (1972), «Памятай імя сваё» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Назначэнне» (паводле А.Валодзіна, 1980), «Маці Марыя» (1982), шматсерыйных тэлефільмаў «Выклікаем агонь на сябе» (1964), «Аперацыя «Трэст» (паводле рамана Л.Нікуліна «Мёртвы зыб», 1968), «Дыялог» (1978), «Раскол» (1993) і інш. Фільмы К. заснаваны на сапраўдных падзеях, для іх характэрна спалучэнне правых момантаў з каментарыямі, інтэрв’ю, рэпартажамі.
т. 8, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),
бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.В.Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.Чыркуна).
А.Я.Ракава.
т. 8, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУ́РА»,
штотыднёвая поўнакаляровая грамадска-асветная газета. Выдаецца з кастр. 1991 у Мінску на бел. мове. Выходзіць на 16 і 24 палосах. Асвятляе падзеі грамадскага, культ. і сац. жыцця краіны і свету. Друкуе матэрыялы па пытаннях развіцця тэатр. і выяўл. мастацтва, л-ры, музыкі, кіно, тэлебачання, самадз. творчасці, работы культ.-асв. устаноў. Змяшчае навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, гісторыі архітэктуры Беларусі, звязаныя з культ. жыццём інш. народаў, якія жывуць на Беларусі, прапагандуе творчасць дзеячаў мастацтва. У маі 1993 — лют. 1997 выходзіў штомесячны літ.-філас. сшытак, дзе публікаваліся арыгінальныя творы па пытаннях айч. і сусв. л-ры, культуралогіі і філасофіі.
Л.А.Крушынская.
т. 9, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЧАНКА (Станіслаў Міронавіч) (н. 21.1.1938, Масква),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—93 выкладаў у Бел. АМ. Творам уласціва спалучэнне традыцый стараж. пластыкі з сучаснымі формамі маст. выражэння. Сярод твораў: манум.-скульпт. кампазіцыі «Флейтыст» у гасцініцы «Турыст» (1973) і «Асветнікі» ў грамадска-культ. цэнтры мікрараёна Паўд. Захад (1983—84) у Мінску; «Мадонны Чарнобыля» ў г. Любек (1992) і «Рускі анёл» у г. Вармзен (1995) у Германіі; рэльефы «Пераемнасць культур» у бібліятэцы г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1990). «Сцяна міру» для г. Небраска (ЗША, 1993); станковыя кампазіцыі «Купальскія гульні» (1978), «Возера Нарач» (1980), «Зямля» (1981), скульптура «Дакрананне» (1997).
Г.А.Фатыхава.
т. 9, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎБЕ ((Laube) Генрых Рудольф Канстанц) (18.9.1806, Шпротаў, Германія — 1.8.1884),
нямецкі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вывучаў тэалогію і л-ру ва ун-тах Гале і Брэслаў (1826—30). Кіраўнік венскага «Бургтэатра» (1849—67), працаваў у Лейпцыгскім (1869—70) і Венскім гар. (1872—80) т-рах. Чл. групы пісьменнікаў «Маладая Германія». Лепшы раман «Маладая Еўропа» (1833—38), напісаны пад уражаннем Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі і паўстання 1830—31, пра прыгнечаную Польшчу, яе сац. і нац. праблемы. Аўтар рамана «Графіня Шатабрыян» (1843), драм «Вучні школы Карла» (1847, пра маладога Ф.Шылера), «Граф Эсекс» (1856), тэатразнаўчых прац. Як рэжысёр паўплываў на развіццё рэаліст. традыцый аўстр. і ням. т-раў.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКЕ́Н (Lekain; сапр. Кен; Cain) Анры Луі
(31.3.1729, Парыж — 8.2.1778),
французскі акцёр; найбуйнейшы прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Вучань і паслядоўнік Вальтэра. Зазнаў уплывы М.Барона і А.Лекуўрор. У 1740-я г. ўдзельнічаў у спектаклях прыватных т-раў. З 1750 акцёр «Камеды Франсэз» у Парыжы. Салонна-арыстакратычнай вытанчанасці акцёрскай ігры проціпастаўляў вобразы, напоўненыя грамадз. пафасам і велічнай прастатой. Лепшыя ролі ў трагедыях Вальтэра — Арасман («Заіра»), Магамет («Магамет»), Чынгісхан («Кітайскі сірата»), у творах А.М.Лем’ера — Лінсей («Гіперместра»), Вільгельм Тэль («Вільгельм Тэль»), Ж.Ф.Лагарпа — Уорык («Граф Уорык») і інш. Ажыццявіў рэформу ў галіне тэатр. касцюма, імкнуўся да гіст. і этнагр. дакладнасці ў адзенні персанажа.
т. 9, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)