НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.
Тв.:
Знак аховы. Мн., 1983;
Галубіная пошта. Мн., 1987.
Літ.:
Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫЛЁВА-КО́РБА (Ганна Паўлаўна) (дзявочае Мейнгард; 21.11.1849, г. Цвер, Расія — 1939),
расійская рэвалюцыянерка-народніца. Ў 1874—77 у Мінску ўдзельнічала ў стварэнні Т-ва дапамогі вучням, зборы сродкаў на карысць нац.-вызв. руху балканскіх славян, у эвакуацыі параненых і хворых у рус.-тур. вайну 1877—78. У рэв. руху з 1879, са студз. 1880 чл. Выканкома «Народнай волі». Працавала ў рэдакцыі газ. «Народная воля». Удзельніца падрыхтоўкі замахаў на Аляксандра II. У 1882 арыштавана. Засуджана па працэсе 17-і на 20 гадоў катаргі. У 1905 амнісціравана, жыла ў Маскве; у 1909 арыштавана, выслана ў Мінусінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан.
Тв.:
«Народная воля»: Воспоминания о 1870—1880-х гг.М., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСАНО́ВІЧ (Аляксандр Паўлавіч) (23.4.1919, в. Пятроўшчына, цяпер у межах Мінска — 30.5.1982),
капітан 1-га ранту (1967). Канд.ваен.-марскіх н. (1963), праф. (1981). Скончыў Севастопальскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча (СВВМВ, 1941), Ленінградскую ваен.-марскую акадэмію (1948). У 1936—38 працаваў у рэдакцыі газ. «Звязда». У Вял.Айч. вайну камандзір вучэбнай роты ў Каспійскім ваен.-марскім вучылішчы (Баку), афіцэр дывізіёна мінных тральшчыкаў Волжскай ваен. флатыліі. У час баявога тралення Волгі 9.5.1943 тральшчык падарваўся на міне і амаль увесь яго экіпаж загінуў, Р. цяжка паранены. Пасля ампутацыі нагі ў канцы 1943 вярнуўся на флот. У 1948—82 выкладаў гісторыю ваен.-марскога майстэрства ў СВВМВ. Аўтар ваен.-навук.прац. У Мінску яго імем названа вуліца, устаноўлена мемар. дошка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЙФЕ́РЦІС (Леанід) (Веньямін) Уладзіміравіч (14.11.1911, г. Ільінцы Вінніцкай вобл., Украіна — студз. 1996),
расійскі графік. Нар.маст. Расіі (1982). Нар. маст СССР (1996). Чл.-кар.АМСССР (1966). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1928—30). З 1930 у Маскве. Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Огонек» і інш., з 1934 у час. «Крокодил». Станковыя творы вызначаюцца абагульненай лаканічнасцю лінейнага штрыха, мяккай празрыстасцю колеравых плям, вастрынёй кампазіцыйных ракурсаў, карыкатуры — мяккім гумарам. Аўтар серый «Старая Масква» (1938), «Абарона Севастопаля» (1941), «Берлін» (1945), «Метро» (1957), «Маскоўскія жанры» (1966—67), «Спорт» (1967—70), «Новыя раёны Масквы» (1970-я г.) і інш.
Літ.:
Семенова Т. Л.В.Сойфертис. М., 1962;
Гурьева Т.Г. Л.В.Сойфертис. Графика: [Альбом]. М., 1973.
Л.Сайферціс. Некалі! 3 серыі «Абарона Севастопаля». 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУ́ЦІН (Васіль Емяльянавіч) (28.6.1906, с. Ваўчкоў Перавоз Любомльскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 13.8.1981),
адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Беластоцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў курсы Вышэйшай парт. школы пры ЦККПСС (1952). З 1927 на камсам., з 1930 і ў 1939 на журналісцкай рабоце. З 1934 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1942 рэдактар падп.газ. «Віцебскі рабочы», з 1943 1-ы сакратар Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б, кіраўнік Беластоцкага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і журналісцкай рабоце, у 1950—53 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́Н (Станіслаў) (каля 1818—15.2.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, пасля выхаду ў адстаўку кіраваў маёнткам у Бельскім пав.Чл.Віленскай археалагічнай камісіі. Выступаў у віленскім друку з артыкуламі па сельскай гаспадарцы і эканоміцы. Паплечнік К.Каліноўскага і В.Урублеўскага па Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ.«Мужыцкая праўда». У пач. 1863 як нам. гродзенскага ваяводы фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі і Польшчы, удзельнічаў у баях пад Сямяцічамі (6—7.2.1863), у партыз. рэйдзе Р.Рагінскага ў глыб Беларусі. Пасля захопу паўстанцамі г. Пружаны 13.2.1863 з групай байцоў аддзяліўся ад Рагінскага, каб вярнуцца пад Сямяцічы. Загінуў у баі каля в. Рэчыца Пружанскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЎКО́ (Франц) (Франц Іванавіч; н. 3.5.1953, в. Вята Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Настаўнічаў. З 1986 у бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1991 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1993 у Віцебскім тэхнал. ун-це, з 1999 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1987. У зб-ках прозы «З чым прыйдзеш» (1991), «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў» (1997), «Удог» (2001) раскрывае маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснасці, даследуе бел. грамадства на пераломных гіст. этапах. Аўтар навукова-папулярнага даследавання «Гістарычныя ўмовы развіцця беларускай мовы» (1997), казак і апавяданняў для дзяцей, публіцыстычных і навукова-папулярных артыкулаў і інш.
Літ.:
Марціновіч А. Кавальчук у ролі... Шэрлака Холмса // Полымя. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НКА (Язэп) (Іосіф Якаўлевіч; 17.4.1891, Сакольскі пав. Гродзенскай губ. — 4.6.1952),
бел.паліт. дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909—14 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. У пач. 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрв. 1917 чл. яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерас. Устаноўчы сход, быў чл. Бюро Савета нац.сацыяліст. партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзярж. нарады (жн. 1917, Масква). У прамове на Усерас.дэмакр. нарадзе (вер. 1917, Петраград) ад імя Цэнтр. рады бел. арг-цый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыяліст. партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Рас. рэспублікі (Перадпарламента). Да снеж. 1917 старшыня к-таБел.т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый (кастр. 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебел. з’езда 1917 у Мінску. У лют. — ліп. 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газ. «Белорусская земля», час. «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за бел. дзяржаўнасць; у снеж. 1918 — крас. 1920 міністр бел. спраў і чл. кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з ліст. 1922 старшыня т-ва «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гіст.-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асн. факты з гісторыі бел.нац. руху ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны, аналізаваў тагачаснае паліт. становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў бел.паліт. руху ў ЗША. Узначальваў Бел.-Амерыканскую нац. асацыяцыю, выдаваў газ. «Белорусская трибуна».
Тв.:
Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;
Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920. Рэпрынт. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял.Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.
Літ.:
Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;
Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.