ІНДАСТА́Н,

паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн. км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак. Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж. выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел. нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.​У.​Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.​Р.​Шырму, з І.​К.​Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.​І.​Гарэцкага, з І.​В.​Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.​В.​Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.​В.​Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;

Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;

Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;

Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.​Драздовіча. Мн.,1984;

Песню — у спадчыну. Мн., 1989;

Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;

Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Ліс.

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГ ((Gogh) Вінсент Вілем ван) (30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),

галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст. гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. Л.;

М., 1966.

Літ.:

Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр. М., 1973;

Дмитриева Н.А. В.​Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;

Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.​Ван Гоге: Пер. с англ. М., 1992.

В. ван Гог. Сланечнікі. 1888.
В. ван Гог. Партрэт доктара Гашэ. 1890.
В. ван Гог. Аўтапартрэт з люлькай 1888—89.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,

1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.​Э.​Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл. Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСХАЛА́СТЫКА,

сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.​Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.​Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.​Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс, П.​Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.​Шэйблер і І.​Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.​Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.​Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.​Кун (Германія), М.​Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.​М.​Афанасьеў, Ф.​І.​Буслаеў, А.​Ф.​Мілер, А.​А.​Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.​А.​Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),

аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).

М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.​Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.​Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.​Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.​Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.

Літ.:

Микроскопы. Л., 1969.

У.​М.​Сацута.

Схема аптычнага мікраскопа: 1, 2 — акуляры; 3 — прызма; 4 — аб’ектыў; 5 — прадметны столік; 6 — кандэнсар; 7, 9 — дыяфрагмы; 8 — люстэрка; 10 — лінза; 11 — крыніца святла (лямпа).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (сапр. Кліментаў) Андрэй Платонавіч

(1.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.1.1951),

рускі пісьменнік. Скончыў Варонежскі чыг. палітэхнікум (1924). У 1923—26 працаваў губернскім меліяратарам, кіраваў будаўніцтвам варонежскай электрастанцыі. Першая публіцыст. кн. «Электрыфікацыя» (1921). Першы зб. прозы — «Епіфанскія шлюзы» (1927). У раманах «Чавянгур» (апубл. 1972), «Шчаслівая Масква» (не завершаны, апубл. 1991), аповесцях «Джан» (апубл. 1964), «Катлаван» (апубл. 1969), «Ювенільнае мора» (апубл. 1979) непрыманне навязваемых форм сац. перабудовы жыцця. Аўтар зб. вершаў «Блакітная глыбіня» (1922), кн. аповесцей і апавяд. «Рака Патудань» (1937), аповесцей «Горад Градаў», «Запаветны чалавек» (абедзве 1928), п’ес «Высокае напружанне» (пач. 1930-х г., апубл. 1984), «Вучань ліцэя» (1950, апубл. 1974), кніг ваен. карэспандэнцый «Апавяданні пра Радзіму» (1943), «Салдацкае сэрца» (1946), літ.-крытычных артыкулаў «Роздумы чытача» (1939, апубл. 1970), кінасцэнарыяў, твораў для дзяцей і інш. Творчасці П. ўласціва сістэма філас. метафар, спецыфічная лексіка і стылістыка. Бел. матывамі прасякнуты апавяданні «Сёмы чалавек», «Сяржант Шадрын (Гісторыя рускага маладога чалавека нашага часу)», нарысы «Прарыў на Захад», «Дарога на Магілёў», «У Магілёве», «Падзенне немцаў», «На магілах рускіх салдат», «Роздумы афіцэра». На бел. мову асобныя апавяданні П. пераклалі А.​Марціновіч, М.​Навіцкі, А.​Шарахоўская.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85;

Избранное. М., 1983;

Избранное. Мн., 1989;

Государственный житель: Проза. Ранние соч. Письма. Ми., 1990;

Антисексус. М., 1991;

Сокровенный человек: Повести, рассказы. Мн., 1993;

Чевенгур;

Котлован. Мн., 1999.

Літ.:

Васильев В.В. Андрей Платонов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1990;

Кузьменко О.А. Андрей Платонов: призвание и судьба: Очерк творчества. Киев, 1991;

«Страна философов» Андрея Платонова: Пробл. творчества. М., 1994.

А.П.Платонаў.

т. 12, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)