БЯЛЯ́ЕЎ (Дзмітрый Канстанцінавіч) (17.7.1917, с. Пратасава Кастрамской вобл., Расія — 1985),
савецкі біёлаг. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. 1964). Скончыў Іванаўскі с.-г.ін-т (1938). У 1939—41 і 1946—58 у НДІ пушной зверагадоўлі (Масква), з 1959 дырэктар Ін-та цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення АНСССР. Навук. працы па агульнай біялогіі, генетыцы і селекцыі жывёл, тэорыі эвалюцыі, па ўздзеянні фіз. фактараў і прыручэнні дзікіх жывёл на іх рэпрадуктыўную функцыю, праблемах фотаперыядызму пры рэгуляцыі размнажэння і пладавітасці млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАВАКЗА́Л,
комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́НСКАЯ (Вера Васілеўна) (н. 30.3.1926, в. Нараватава Кадамскага р-на Разанскай вобл., Расія),
бел. патафізіёлаг. Д-рмед.н. (1981), праф. (1984). Скончыла Душанбінскі мед.ін-т (1950). У 1960—94 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні сістэмы гемакаагуляцыі, агрэгацыі трамбацытаў, антыагрэгацыйных уласцівасцяў сасудзістай сценкі ў гіпаксічным стане; па вызначэнні ўплыву некаторых водарастваральных вітамінаў і простагландзінаў у папярэджанні тромбаўтварэння.
Тв.:
Патология системы крови и гемостаза. Гродно, 1985 (разам з К.А.Эйсмантам);
Патофизиология обмена веществ. Ч. 1—2. Гродно, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАКО́Ў (Барыс Аляксеевіч) (26.9.1910, г. Архангельск, Расія — 27.9.1950),
бел. спартсмен (канькабежны і веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1947). У 1945—50 трэнер Мінскага абл. савета спарт.т-ва «Дынама». З 1933 неаднаразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССРпа канькабежным спорце на дыстанцыях 500 м (1941, 1947), 1500 м (1948), па веласіпедным спорце ў групавой шашэйнай гонцы на 150 км (1947), у спрынтарскім мнагабор’і на трэку (1949). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. З 1950 на Беларусі праводзіцца велагонка на прыз яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЕ́ВІЧ-КУН ((Andrejević-Kun) Джорджа) (31.3.1904, г. Вроцлаў — 17.1.1964),
сербскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Бялградзе (1920—25), Венецыі, Рыме і Парыжы. Заснавальнік сац.-крытычнага кірунку ў сербскім мастацтве 1930-х г. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, у 1941—45 — нац.-вызв. барацьбы ў Югаславіі. Аўтар станковых кампазіцый «Маці» (1937), «Калона» (1946), «У Парыжы» (1950), цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата» (1934), «За свабоду» (1937) і інш.
Дж.Андраевіч-Кун. Пахаванне. З цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата». 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,
прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РБЕР ((Arber) Вернер) (н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),
швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.Натансам і Г.Смітам).
Літ.:
Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУНО́ВЫ,
рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),
швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).
Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).