неарганічныя матэрыялы, якія ўтвараюцца пры аб’ёмнай крышталізацыі шкла. Матэрыялы, падобныя на С., наз. таксама піракерамам, дэвітракерамам, шклокерамам. Першыя С. атрыманы ў 1950-я г.
У С. мікракрышталі (< 1 мкм) адной або некалькіх крышт. фаз размеркаваны ў шклопадобнай фазе; колькасцькрышт. фазы ад 20 да 95% па аб’ёме. Большасць С. маюць высокую мех. трываласць і цвёрдасць, зноса- і тэрмаўстойлівыя, газа- і вільгаценепранікальныя, хімічна ўстойлівыя. Атрымліваюць С. і вырабы з іх пераважна па шкляной (найб. пашырана) і керамічнай тэхналогіях. Шкляная тэхналогія ўключае: варку шкла з шыхты, у якую дадаюць спец. ініцыятары (пераважна аксіды тытану, хрому, нікелю, жалеза), што выклікаюць раўнамерную крышталізацыю ва ўсім аб’ёме; фармаванне вырабаў і іх тэрмічную апрацоўку паводле рэжыму, які забяспечвае атрыманне С. неабходнага фазавага саставу. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і тэхніцы, напр., высокатрывалыя (С. на аснове сістэмы MgO — Al2O3 — SiO2) у ракета- і авіябудаванні, радыёэлектроніцы, аптычна празрыстыя (Li2O — Al2O3 — SiO2) у касм. і лазернай тэхніцы, у медыцыне (біясіталы), буд-ве (шлака- і петрасіталы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІРТАВА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе этылавы спірт-сырэц і спірт-рэктыфікат з харчовай сыравіны (збожжа, бульбы, мелесу). Асн. спажыўцы этылавага спірту — харч.прам-сць, медыцына, радыёэлектроніка.
На Беларусі ў 19 ст. С.п. займала вядучае месца ў структуры харч. прам-сці. У 1890 у 5 бел. губернях налічвалася 376 спіртзаводаў (вінакурняў). У 1913 працавала 568 спіртавых і рэктыфікацыйных з-даў, на якіх было занята 4,5 тыс. рабочых і выпрацавана 3,7 млн. дэкалітраў спірту. Большасць спіртзаводаў была сканцэнтравана ў сярэдняй паласе, дзе размяшчаліся асн. пасевы бульбы. У 1940 працавала 137 спіртзаводаў, выраблена 7,6 млн. дэкалітраў спірту. Буйнейшымі прадпрыемствамі былі Урэцкі, Багушэўскі, Дземяхоўскі спіртзаводы. У пасляваен. гады колькасць прадпрыемстваў С.п. скарачалася ў сувязі з недастатковасцю сыравіннай базы. У 2000 працавалі 74 прадпрыемствы, у т. л. спецыялізаваныя па вырабе спірту-сырцу (Івацэвіцкі, Бераставіцкі, Бярэзінскі, Хатаўскі, Каўгарскі спіртзаводы), па вырабе спірту-рэктыфікату (Бродніцкі крухмальны з-д, Варанчанскі, Міёрскі, Парэцкі, Урэцкі спіртзаводы). Вытв-сць спірту склала 6,1 млн. (1960), 7,2 млн. (1990) і 10,4 млн. дэкалітраў (2000).
У свеце С.п. найб. развіта ў ЗША, Германіі, Францыі, Канадзе, Вялікабрытаніі. Расіі, Бразіліі, Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЭКВАНДО́, тэквандо, тхэквандо [англ. tack wondo ад кар. таэ (тэ) — літар. — удар нагой + кван — удар рукой + до — шлях], від спарт. барацьбы, адзін з відаў усх. адзінаборстваў. Сутнасць паядынку — адбіць атаку праціўніка пры дапамозе рук і ног; мэта — нанесці саперніку найб.колькасць заліковых удараў. Паядынак адбываецца на пляцоўцы 12 × 12 м, складаецца з 3 раундаў па 3 мін. Спартсмены падзяляюцца на 8 вагавых катэгорый.
Як від адзінаборстваў узнік у Карэі каля 2 тыс.г. назад, як від спорту склаўся ў 1950-х г.: тэрмін «Т.» з’явіўся ў 1955. Сусв. федэрацыя Т. засн. ў 1973, аб’ядноўвае 47 краін (2002). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1973; жанчыны ўдзельнічаюць з 1987. Найб. развіта ў краінах Еўропы, Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыкі.
На Беларусі секцыі Т. з’явіліся ў пач. 1980-х г. Федэрацыя Т. краіны прынята ў еўрап. федэрацыю ў 2000. Нац. зборная каманда Беларусі на XV чэмпіянаце свету (2002, Карэя) заняла 8-е агульнакаманднае месца; мужчынская каманда — бронз. прызёр IX чэмпіянату Еўропы (2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры чэмпіянатаў свету: М.Жураўская і А.Чарняўская (2001, 2002); Еўропы: М.Зыгмантовіч, І.Рамашкевіч (1994), Ю Сухавіцкая (1998), А.Макараў, В.Міхельсон, К.Шуша (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РА ПАВЕ́ТРА,
найважнейшы элемент надвор’я і клімату, які характарызуе цеплавы рэжым атмасферы. Вызначае ўмовы развіцця дзікарослай і культ. расліннасці, жывёльнага свету, уплывае на самаадчуванне чалавека. Ад Т.п. залежаць колькасць вільгаці ў паветры і выпарэнне яе з паверхні водных аб’ектаў і глебы. Для назіранняў за Т.п. каля зямной паверхні выкарыстоўваюцца тэрмометры і тэрмографы, у верхніх слаях атмасферы — метэарографы і радыёзонды. Да характарыстык тэмпературнага рэжыму адносяцца сярэднія, макс. і мінім. т-ры за суткі, месяц, год, шматгадовы перыяд, паўтаральнасць і даты надыходу розных значэнняў т-ры, амплітуды за пэўны перыяд і інш. На зямной паверхні Т.п. размяркоўваецца занальна і паніжаецца ад экватара да полюсаў, а таксама з падняццем уверх; часам назіраецца інверсія тэмпературы. Сярэдняя гадавая Т.п. Зямлі 14 °C, абс. максімум 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінімум -89,2 °C (станцыя «Усход» у Антарктыдзе). Сярэдняя гадавая Т.п. на Беларусі 5,8 °C, абс. максімум 38 °C, мінімум -41 °C. У самым цёплым месяцы — ліп. — сярэдняя месячная т-ра павялічваецца з ПнЗ на ПдУ ад 17,5 °C да 18,5 °C, у самым халодным — студз. — паніжаецца з ПдЗ на ПнУ ад -4,5 °C да -8 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,
вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).
З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана
, дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙106А/м²∙К−2), k — пастаянная Больцмана, — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.
Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.
Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭЛЕМЕ́НТ,
фотаэлектронная прылада, у якой пры паглынанні аптычнага выпрамянення ўзнікае электрарухальная сіла (фотаэрс) ці эл. ток (фотаток).
Адрозніваюць вакуумныя і газанапоўненыя Ф., дзеянне якіх заснавана на знешнім фотаэфекце, і паўправадніковыя — на ўнутр. фотаэфекце. У вакуумных Ф. светлавы паток выклікае фотаэлектронную эмісію з паверхні фотакатода, у выніку пры замыканні ланцуга Ф. ў ім узнікае фотаток, прапарцыянальны светлавому патоку. Для газанапоўненых Ф. (у адрозненне ад вакуумных) характэрна нелінейная залежнасць фотатоку ад інтэнсіўнасці святла. У паўправадніковых Ф. (на аснове селену, крэмнію, арсеніду галію і інш.) пры паглынанні аптычнага выпрамянення павялічваецца колькасць рухомых носьбітаў зараду — электронаў і дзірак, якія прасторава раздзяляюцца эл. полем p-n-пераходу ці кантакту метал-паўправаднік, што прыводзіць да ўзнікнення фотаэрс. Выкарыстоўваюцца як прыёмнікі аптычнага выпрамянення (у т. л. бачнага святла) у аўтам. кантрольнай і вымяральнай апаратуры, у фота- і кінатэхніцы, факсімільнай сувязі і інш.; паўправадніковыя Ф. — таксама для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную (у сонечных батарэях, фотаэл. генератарах).
Р.М.Шахлевіч.
Схемы фотаэлементаў са знешнім (1) і ўнутраным (2) фотаэфектам: K — фотакатод; Φ — светлавы паток; A — анод; RH — нагрузка; E — крыніца пастаяннага току; n і p — вобласці паўправадніка з донарнай і акцэптарнай дамешкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬ (назву звязваюць з чырвоным колерам вішань і інш. ягад, што спеюць у Ч.),
шосты месяц каляндарнага года (30 дзён), пачатак лета. У Ч. сонца праходзіць праз пункт летняга сонцастаяння (21 ці 22 ч.). 15 Ч. працягласць дня ў Мінску 17 гадз 8 мін, найб.выш. Сонца над гарызонтам — 59,4°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 624 МДж/м², радыяцыйны баланс максімальны (332 МДж/м²). У Ч. найб. працягласць сонечнага ззяння (55—61% ад магчымага). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 16,2 °C (15,7 °C на ПнУ, 17 °C на ПдУ). Ападкаў 65—80 мм за месяц, здараюцца навальніцы з градам. У Ч. часта выпаральнасць перавышае колькасцьатм. ападкаў, што прыводзіць да атм. і глебавай засухі. У лясах і на лугах цвітуць многія расліны, настае сенакос. Каласуюць яравыя: пшаніца, ячмень, авёс. Зацвітае ранняя бульба. На палях вядуць барацьбу з пустазеллем, у садах — са шкоднікамі. У час цвіцення азімага жыта ў лесе паяўляюцца першыя летнія грыбы: падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі, маслякі, сыраежкі, баравікі. У птушак вывадкі птушанят, у лісоў, вожыкаў, ласак, зуброў — прыплод. Нерастуюць карпы, карасі, ляшчы, ліні. Шмат матылёў, пчол, мошак і жукоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́ДЗЕРНАЯ ЗІМА́»,
гіпатэтычны сцэнарый глабальнага змянення клімату Зямлі ў выпадку буйнамаштабнай ядзернай вайны. Тэрмін «Я.з.», які ўвёў у пач. 1980-х г.амер. астрафізік К.Саган, абазначае рэзкае падзенне сярэдняй т-ры зямной паверхні з-за выкідаў вял. колькасці ядзерных боепрыпасаў.
На аснове камп’ютэрнага мадэліравання магчымай ядз. вайны вызначана, што з-за выбухаў і пажараў у атмасферу будуць падняты сотні мільёнаў тон дыму, пылу, дробных часцінак, якія праз некалькі тыдняў з прычыны глабальнай цыркуляцыі атмасферы шчыльнай заслонай закрыюць Паўн. і часткова Паўд. паўшар’і Зямлі. Колькасць сонечнай энергіі, што падае на зямную паверхню. паменшыцца ў некалькі дзесяткаў разоў. У выніку настане «ядзерная ноч» і. як вынік. «Я.з.». Паводле разлікаў адбудзецца значнае і працяглае паніжэнне т-ры паверхні Зямлі на 15 °C (да 40 °C у розных рэгіёнах). У выніку гэтага не паспеюць прыстасавацца і загінуць шматлікія расліны. жывёлы і ўсе птушкі, што прывядзе да амаль поўнага разбурэння існуючых экасістэм. Працэс ачышчэння атмасферы будзе ісці месяцы і нават гады. але яна не вернецца ў першапачатковы стан. У наш час. па ацэнках шэрагу экспертаў, у выніку значнага скарачэння ў свеце ядзернай зброівял. магутнасці, а таксама стварэння высокадакладнай зброі меншай магутнасці. «Я.з.» немагчыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГАНЫ́ (саманазва рома),
прадстаўнікі этнічных груп, аб’яднаных агульнасцю паходжання і мовы. Жывуць у многіх краінах свету. Існуе падзел на вандроўных, паўвандроўных, аселых і паўаселых. Агульная колькасць ад 2,5 да 10 і больш млн.чал. (звесткі ЮНЕСКА). У Рэспубліцы Беларусь 9927 чал. (перапіс 1999). Гавораць на цыганскай мове, а таксама на мове таго народа, сярод якога жывуць. Веравызнанне Ц. залежыць ад пануючай рэлігіі краіны пражывання, прытрымліваюцца таксама традыц. вераванняў.
Ц. — выхадцы з Індыі, якую пакінулі ў канцы І-га тыс.н.э. Першапачаткова аселі ў Пярэдняй Азіі, у 13—15 ст. — у Паўд.-Усх. і Усх., потым у Цэнтр. і Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. Вялі вандроўны лад жыцця табарам. Падначальваліся выбранаму важаку, які вызначаў час і напрамак вандровак, спосаб здабывання сродкаў для існавання, быў афіц. прадстаўніком табара. Спрэчныя пытанні вырашаліся праз цыганскі суд з найб. паважаных і старэйшых па ўзросце членаў табара. Жанчыны цалкам падпарадкоўваліся бацьку, потым мужу, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахарствам, спевамі і танцамі, клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем. Заняткі мужчын — канакрадства, гандаль коньмі, канавальства, рамёствы (кавальства, пляценне кашоў, разьба па дрэве) і інш. Месцам збору розных груп Ц. былі кірмашы. Аселыя і паўаселыя Ц. выконвалі абрады таго народа, сярод якога жылі, і традыцыйныя.
На Беларусі вылучаюць групы т.зв. рус. Ц. (жывуць на У Беларусі, саманазва «руска рома», вернікі — правасл.) і бел.-літ. Ц. (у паўн.-зах. раёнах Беларусі і прылеглых раёнах Літвы, аб’яднаны саманазвай «польска рома», вернікі — католікі). На Беларусь Ц. перавандравалі ў 15 ст. праз Польшчу і Германію, у канцы 16 — пач. 17 ст. з Венгрыі. Гал. месца збору вандроўных груп — мяст. Зэльва. У 17 ст. ўлады Рэчы Паспалітай спрабавалі прывучыць Ц. да аселага жыцця і далі ім адм. паўнамоцтвы: выбарныя вярхоўныя правіцелі наз. цыганскімі каралямі, баронамі, надзяляліся неабмежаванай уладай над Ц. Паўнамоцтвы каралёў зацвярджалі магнаты ВКЛ ці каралеўская канцылярыя. Найб. іх колькасць пражывала ў мяст. Мір (цяпер Гродзенскай вобл.). Займаліся сукнавальным, кавальскім і інш. рамёствамі. У 1790-я г.вял.колькасцьбел. Ц. перасялілася ў Бесарабію, Малдавію і Валахію. Паводле перапісу 1897, на Беларусі было больш за 3 тыс. Ц. У працэсе рассялення склаліся лакальныя іх групы. У 1926 у БССР 2366 Ц., найб. групы ў Рэчыцкай (374), Віцебскай (325), Аршанскай (269) і Магілёўскай (264) акругах. У 1920—30-я г. ствараліся ўмовы для пераходу Ц. да аселага і прац. ладу жыцця: надзяленне іх зямлёй, арганізацыя цыганскіх калгасаў і школ. У 1925—28 дзейнічаў Усерас. саюз Ц. Вялася работа па арганізацыі Бел. саюза Ц. У 1926 уведзена цыганская пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну Ц. пагражала фіз. знішчэнне з боку ням. фашыстаў. У 1956 прыняты ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Пра далучэнне да працы цыганоў, якія займаюцца валацужніцтвам». Большасць з іх перайшла да аселага ладу жыцця, сялілася на ўскраінах гарадоў і ў прыгарадах (Паўн. пасёлак, пас. Сцяпянка ў Мінску, пас. Цітаўка каля Бабруйска і інш.). У пач. 1960-х г. у г. Дзяржынск Мінскай вобл. існаваў самадзейны цыганскі ансамбль песні і танца. У пасляваен. гады адбывалася перасяленне Ц. на Беларусь з інш. рэгіёнаў СССР. У 1959 на Беларусі жылі 4662 Ц., у 1970—6843, у 1979—8408, у 1989—10 762. Большасць іх пражывае ў гарадах (у 1999—80,7%). Паводле ацэнкі прадстаўнікоў цыганскай грамадскасці, Ц. на Беларусі да 50 тыс.чал.; такое вял. разыходжанне з афіц. звесткамі тлумачыцца тым, што значная частка Ц., грамадзян Беларусі, аднесла сябе пры перапісе да прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей. Паводле перапісу 1999, 77,5% бел. Ц. назвалі сваёй роднай мовай цыганскую. Сярод іх пашыраны эндагамныя шлюбы; сем’і, як правіла, мнагадзетныя.
У апошні час Ц. Беларусі пры захаванні традыц. найменняў усё больш ужываюць адзіную саманазву «беларуска рома». З сярэдзіны 1990-х г. на Беларусі з’явіліся прадстаўнікі этнагр. груп сярэднеазіяцкіх Ц. мусульманскага веравызнання — джугі (назва ва Узбекістане) ці люля (у Таджыкістане). На 2002 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 цыганскія грамадскія нац.-культ. аб’яднанні: Грамадскае аб’яднанне «Беларуская цыганская дыяспара», Бел. асацыяцыя цыганоў «Рома» (абедзве з 1998) і Міжнар. грамадская арг-цыя цыганоў «Адраджэнне» (з 2000), а таксама цыганскі дабрачынны фонд «БелРома» (з 2001).
Літ.:
Даўгяла Дз.І. Цыганы на Беларусі // Наш край. 1926. № 12;
Щербакова Т. Цыганское музыкальное исполнительство и творчество в России. М., 1984;
Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992;
Калінін В. Цыганы на Беларусі // 3 гісторыяй на «Вы»: Публіцыст. арт.Мн., 1994. Вып. 2;
Дучыц Л. З гісторыі цыганоў Беларусі // Бел.гіст.часоп. 2003. № 3;
Narbutt T. Rys historyczny ludu cygańskiego. Wilno, 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У 1990—2000-я г.фінансаванне аховы здароўя Беларусі ажыццяўлялася з бюджэту (1996—5,5% валавога ўнутранага прадукту, 2000—3,7%, 2003—4,8%). У 1997 уведзена добраахвотнае мед. страхаванне, платныя паслугі (у 2003 склалі 5,8% бюджэту). З 2002 ахова здароўя фінансуецца ў разліку на 1 жыхара (у 2002—112,8, у 2003—159,3 тыс.руб.). Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя мед. устаноў фінансуецца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (і пад яго кантролем), зацверджана дзярж. праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы аховы здароўя (2002). Распрацаваны і рэалізуюцца дзярж. праграмы: «Здароўе народа» на 1999—2005; «Дзеці Беларусі» на 2001—05; развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі на 2003—07; па прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2001—05; па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010; «Цукровы дыябет» на 2004—08; развіцця спецыялізаванай мед. дапамогі на 2004—07 і інш. У 1990-я г. стан здароўя насельніцтва Беларусі пагоршыўся: узровень першаснай захваральнасці вырас на 13,1%, агульнай — на 23,9%. Сярод прычын смерці першае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (54%), 2-е — новаўтварэнні (13,2%), 3-е — траўмы і атручэнні (11,7%). Да 1998 адзначаўся рост захварэлых на актыўныя формы туберкулёзу (54,9 на 100 тыс. насельніцтва), да 2002 ён знізіўся да 45 на 100 тыс. насельніцтва. Адзначаецца таксама зніжэнне ўзроўню захваральнасці на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам.
Працягваецца працэс рэфармавання падрыхтоўкі мед. кадраў. Адкрыты новыя факультэты ў мед. ін-тах: сястрынскі (1991) і медыка-псіхалагічны (1993) у Гродзенскім; ваенна-мед. (1995) у Мінскім; урачоў-лабарантаў (1997) у Гомельскім. У 1992 у Мінскім мед. ін-це сан.-гігіенічны факультэт пераўтвораны ў медыка-прафілактычны. Пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны факультэт сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; у Віцебскім мед. ун-це — удасканалення ўрачоў; у акадэміі МУС — падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі судова-мед. экспертаў. Мед. ін-ты Беларусі прайшлі акрэдытаванне на статус універсітэтаў (Віцебскі, 1998; Гродзенскі, 1999; Мінскі, 2000; Гомельскі, 2003). Бел.ін-т удасканалення ўрачоў атрымаў статус акадэміі (2000).
На грамадскіх пачатках створана Бел. акадэмія мед. навук (1997, прэзідэнт І.М.Грышын). У 2002 падрыхтавана 1246 урачоў, 5017 фельчараў і акушэрак, мед. сясцёр, лабарантаў, памочнікаў сан. урачоў і фармацэўтаў; ва ўсіх ведамствах працавала 44 812 урачоў (45,3 на 10 тыс. насельніцтва; гл.табл. 1). З 1991 фарміруюцца мед. ўстановы прыватнай формы ўласнасці. У 2002 дзейнічалі 224 амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, разлічаныя на 3787 наведванняў за змену, у іх працавалі 1261 урач, у т. л. 733 сумяшчальнікаў (без зубных урачоў), 781 сярэдні мед. работнік (разам з зубнымі ўрачамі), у т. л. 164 сумяшчальнікі. Колькасць наведванняў да ўрачоў розных спецыяльнасцей склала 642 829, да стаматолагаў — 297 002.
Навукова-практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя і медыцыны распрацоўваюць, акрамя мед. ун-таў і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практ. цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У сістэме аховы здароўя ў 2003 працавалі 345 дактароў і 1253 канд.мед.навук. Вучоныя мед.НДІ у 1990—2003 распрацоўвалі і вырашалі актуальныя праблемы: кардыялогіі (метады ранняй дыягностыкі і лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, біякіравальная тэрапія з выкарыстаннем электронікі і матэм. метадаў, стварэнне пратэзаў клапана сэрца, аперацыі аортакаранарнага шунціравання і інш.); пульманалогіі, неўралогіі; педыятрыі (лячэнне неанатальнай паталогіі, дыскрэтна-хвалевая тэорыя родавай дзейнасці і інш.); хірургіі (напр., метады рэплантацыі ампутаваных канечнасцей з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі); дзіцячай хірургіі (напр., метады хірургічнага лячэння прыроджаных анамалій мочапалавых органаў); траўматалогіі і артапедыі; нейрахірургіі (напр., хірургічнае і камбінаванае лячэнне мазгавых інсультаў); уралогіі (ураанкалогія, метады лячэння пухлін мачавога пузыра і нырак з дапамогай гіпертэрміі); анкалогіі (пухлінныя маркёры і фотадынамічная тэорыя раку, ранняя дыягностыка і хірургічнае комплекснае лячэнне раку шчытападобнай залозы). Вывучаліся таксама пытанні афтальмалогіі (мікрахірургія вока на аснове лазернай тэхнікі, мадыфікацыя трансплантацыі рагавіцы і інш.); атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, гематалогіі (аперацыі па перасадцы касцявога мозга); мед. генетыкі (скрынінг на заганы развіцця і храмасомныя захворванні плода, праграма да- і пасляродавай ДНК-дыягностыкі спадчынных захворванняў і інш.).
Больш за 20 навук. устаноў нац.АН Беларусі на пач. 21 ст. распрацоўваюць праблемы, звязаныя з патрэбамі практычнай аховы здароўя. У 2004 у мед. навуцы працуюць 358 дактароў мед. навук, 1294 кандыдаты мед. навук, у практычнай медыцыне каля 200 кандыдатаў мед.навук.Колькасць аспірантаў па мед. спецыяльнасцях з 1990 па 2002 вырасла ў 2,5 раза. З мэтай узмацнення каардынацыі навук. даследаванняў у галіне медыцыны ў 1995 на Беларусі на базе Нац.АН Беларусі створана Аддзяленне медыка-біялагічных навук, рэарганізаванае ў 2003 у Аддзяленне мед.навук. Створана таксама секцыя мед. навук Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі. Прыярытэтныя кірункі навук. даследаванняў: механізмы рэгуляцыі фізіялагічных функцый у норме і паталогіі, тэарэт. асновы кіравання кампенсаторна-аднаўленчымі працэсамі, этыялогія і малекулярныя асновы ўзнікнення паталагічных станаў чалавека, стварэнне новых лячэбных і дыягнастычных тэхналогій, дзеянне фактараў сучасных экасістэм і спосабу жыцця на фізіялагічны статус і здароўе чалавека, заканамернасці ўздзеяння на арганізм малых доз іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогія чалавека. Прыярытэтныя кірункі ў стварэнні і развіцці высокіх тэхналогій, перспектыўных вытворчасцей, якія маюць дачыненне да медыцыны: хімічны і біялагічны сінтэз фармацэўтычных сродкаў, біялагічна актыўных злучэнняў і харчовых дабавак і інш. За перыяд з 1945 па 1985 лаўрэатамі Дзярж. прэміі СССР сталі 9 бел. вучоных-медыкаў, Дзярж. прэміі Беларусі — больш за 90. Выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Вопросы организации и информатизации», «Медицина», «Врачебный вестник», газета «Медицинский вестник».
Лячэбна-прафілактычная дапамога ў 1990-я г. ўдасканальвалася шляхам пераважнага развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі, увядзення інстытута ўрача агульнай практыкі, падтрымкі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі, забеспячэння рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду і рэсурсаў, развіцця новых арганізацыйных форм стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, стварэння 4-узроўневай сістэмы лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, скарачэння сеткі ўчастковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы, адкрыцця амбулаторый і фарміравання ўрачэбных акруг у сельскай мясцовасці. Сучасная сетка лячэбна-прафілактычных устаноў Беларусі забяспечвае даступную мед. дапамогу (гл.табл. 2). Захавалася тэндэнцыя росту колькасці самаст. паліклінік і амбулаторый (на 31,4%; у т. л. ў сельскай мясцовасці на 31%), вырасла магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (на 22,4%), павялічылася колькасць стаматалагічных паліклінік (на 21,8%). Захавана ведамасная медыцына (чыгуначная, грамадзянскай авіяцыі і інш.). У сельскай мясцовасці павялічылася колькасць амбулаторый, што дало магчымасць знізіць звяртанне да спецыялістаў да 30%, выклік хуткай дапамогі па месцы жыхарства да 50%, шпіталізацыю на 20%. Для рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду за кошт закрыцця ўчастковых бальніц зменшылася колькасць ложкаў у бальніцах на 13,9% павялічылася занятасць і абарот ложкаў, пашыраецца адкрыццё дзённых стацыянараў у паліклініках. Далейшае развіццё атрымала спецыялізаваная ўрачэбная дапамога. За апошнія 10 гадоў колькасць лячэбна-прафілактычных устаноў, якія маюць гастраэнтэралагічныя аддзяленні (кабінеты), вырасла ў 2,2 раза, пульманалагічныя — у 1,6, эндакрыналагічныя — у 1,2, гемадыялізу і мед. рэабілітацыі — у 2 разы. У 1993 адкрыты першыя аддзяленні і бальніца сястрынскага догляду, у 1994 — хоспіс у Мінску. Сфарміравана герыятрычная служба (1996). Адкрыты спелеалячэбніца (1997), аддзяленне сардэчна-сасудзістай хірургіі (1998, Гомель), аперацыйна-рэанімацыйны модуль (2000, Мінск); навукова-практычныя цэнтры: «Дыябетычная ступня» (1997), лазернай тэрапіі ў афтальмалогіі (1997), вострай нырачнай недастатковасці (1999), прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў (2000).
З 1990-х г. развіваецца служба мед. рэабілітацыі. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння: лапараскапічныя, відэаторакаскапічныя; артраскапія і эндапратэзаванне, дыстанцыйная літатрыпсія, аперацыі на сэрцы і сасудах і інш. У краіну паступіла 8 камп’ютэрных тамографаў, 3 устаноўкі ядзерна-магнітнага рэзанансу, 5 гамакамер.
З мэтай прадухілення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўлялася дзярж. праграма мінімізацыі наступстваў аварыі, арганізаваны спецдыспансерызацыя і санаторнае аздараўленне дзяцей з забруджаных тэрыторый. Наладжаны санітарна-радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адкрыты філіял НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі ў Віцебску. У Магілёве такі філіял рэарганізаваны ў 1996 у Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі, адкрыты дыспансер радыяцыйнай медыцыны. У 2003 у Гомелі пабудаваны цэнтр радыяцыйнай медыцыны, а Мінскі НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі і яго філіялы ў Віцебску і Магілёве пераведзены ў Гомель, дзе створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. За 1996—2000 на праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС выдзелена 30 млрд. долараў, мед. назіраннем ахоплена 99% пацярпелых.
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак сучаснай медыцыны Беларусі. Створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства з шырокай сеткай жаночых і дзіцячых устаноў, прыняты заканадаўчыя акты і нац. праграмы па прафілактыцы генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці Беларусі» (2000), па развіцці сац. абслугоўвання сям’і і дзяцей, індустрыі дзіцячага харчавання і інш. Аказваецца сацыяльная падтрымка маці і дзіцяці: дапамога цяжарным пры своечасовым (да 12 тыдняў) звяртанні да ўрача, бясплатная лекавая дапамога дзецям ва ўзросце да 6 і дзецям да 15 гадоў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, дзецям-інвалідам. У мнагадзетных і малазабяспечаных сем’ях дзецям да 2 гадоў прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і інш. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, сочаць за ўзроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, выкананнем патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленнем ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, ажыццяўляюць дыспансерызацыю дзяцей і падлеткаў, накіраванне іх на абследаванне і лячэнне і інш. Стацыянарную дапамогу дзецям у 1990-я г. аказвалі 24 дзіцячыя бальніцы агульнага профілю. Укаранёны перынатальная дыягностыка прыроджаных заган развіцця (1991), мед. назіранне вучняў паводле прынцыпу адзінага педыятра (1993), 3-узроўневая сістэма перынатальнай дапамогі (1997). Падлеткавая служба перайшла ў сістэму педыятрыі. Адкрыты спецыялізаваныя мед. ўстановы: цэнтры планавання сям’і і рэпрадукцыі з метадам экстракарпаральнага апладнення (1995), гемадыялізу для дзяцей, мамалагічны, цэнтры развіцця дзяцей (усе ў 1996). Разгорнута 6245 ложкаў для цяжарных і парадзіх (з улікам радзільных дамоў і радзільных аддзяленняў). Для дзяцей, хворых на туберкулёз, у Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрыты лячэбныя аддзяленні. Санаторна-курортнае лячэнне праводзіцца ў 19 дзіцячых санаторыях (2600 ложкаў).
На пач. 2003 г. амбулаторна-паліклінічную дапамогу дзецям аказвала 381 дзіцячая паліклініка. Спецыялізаваную мед. дапамогу дзецям аказвалі дзіцячыя хірургі, стаматолагі, неўрапатолагі, афтальмолагі, псіхіятры, санітарныя ўрачы па гігіене дзяцей і падлеткаў, спецыялісты-генетыкі, отарыналарынголагі і інш. У сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва колькасць пасад участковых педыятраў зменшылася з 2191 у 1990 да 1983 у 2002, а колькасць дзяцей на ўчастку з 73 5 да 604. У 2002 працавалі 311 жаночых кансультацый, акушэрска-гінекалагічных аддзяленняў і кабінетаў, 10 кансультацый «Шлюб і сям’я», 6 кабінетаў па мед. генетыцы, колькасць акушэраў-гінеколагаў павялічылася з 2080 у 1990 да 2517 у 2002.
Санітарна-проціэпідэмічную дапамогу насельніцтву Беларусі ў 1990-я г. забяспечвалі Аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, Рэсп. цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 6 абл., 144 гар., раённыя і ведамасныя цэнтры, Мінская і Гомельская дэзінфекцыйныя станцыі. З 1992 у 9 гарадах краіны ажыццяўляецца маніторынг здароўя насельніцтва ў сувязі са станам навакольнага асяроддзя. У Мінску, Віцебску, Гродне адкрыты кансультацыйныя цэнтры (хранічных вірусных гепатытаў, нейраінфекцый і інш.). Праблемамі ўмацавання здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця ў 1990-я г. займаліся цэнтры здароўя (у 2002 рэарганізаваны ў аддзяленні цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). З 1998 працуюць рэсп. і абл. цэнтры СНІДу (у 2002 аб’яднаны з цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). Санітарна-проціэпідэміялагічная служба Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні насельніцтва» (2003) і ажыццяўляе дзярж. нагляд (ахову навакольнага асяроддзя, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку), арганізацыю і правядзенне санаторна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама па папярэджанні і ліквідацыі інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. Навукова-даследчае і метадычнае кіраўніцтва, распрацоўку санітарных норм і правіл ажыццяўляюць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя і навукова-практычны цэнтр гігіены, 10 кафедраў мед. ун-таў і Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
Санаторна-курортную дапамогу насельніцтву Беларусі аказваюць санаторыі Мін-ва аховы здароўя, санаторныя аб’яднанні «Белпрафсаюзкурорт», «Белаграздраўніца», «Брэстаграздраўніца», санаторыі і санаторыі-прафілакторыі мін-ваў і ведамстваў (гл.табл. 3). З 1997 існуе дзярж. сістэма арганізацыі санаторна-курортнай дапамогі. Створаны Рэсп. цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Работу па санаторна-курортнай дапамозе каардынуе Рэсп. міжведамасны савет па пытаннях аздараўлення і санаторна-куротнага лячэння. На Беларусі функцыянуе 13 санаторных аддзяленняў мед. рэабілітацыі на 535 ложкаў (2004).
Аптэчнай справай кіруе рэсп. унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» (мае 6 аптэчных складоў). У 1996 створаны дзярж. канцэрн «Белбіяфарм», які ўзначальвае работу прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці (5 заводаў і 4 прадпрыемствы розных форм уласнасці, якія выпускаюць 381 найменне лекавых сродкаў). Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц.т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі, Нясвіжскі, Гродзенскі з-ды медпрэпаратаў і інш. Пашыраецца сетка аптэк недзярж. форм уласнасці (16% аптэк і 63% аптэчных кіёскаў). Існуюць дзярж. гасп.-разліковыя, самастойныя аптэкі (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілактычных установах, бальнічных стацыянарах і г.д. У аптэках адкрыты фітааддзелы (1992), аддзелы таварнага крэдыту (1994—96). З 1994 праводзяцца міжнар. спецыялізаваныя выстаўкі вытворцаў мед. тэхнікі і медыкаментаў. Ва ўсіх аптэках устаноўлены адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лекавых сродкаў; даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр., наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць мед. тэхніку (у 1994 іх было 40, у 1999—100). Асвоена вытворчасць дыялізатараў (1992), апаратаў лазернай каагуляцыі (1995), аднаразовых шпрыцаў (1997), сістэм камп’ютэрнай рэнтгенаграфіі (1999). Прынята дзярж. праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці (1999). У 2002 на Беларусі працавала 7017 правізараў і фармацэўтаў.
На Беларусі ліквідаваны многія небяспечныя інфекцыйныя хваробы (напр., натуральная воспа, малярыя, поліяміэліт). На Беларусі самая нізкая сярод краін СНД дзіцячая смяротнасць. З 1996 яна знізілася з 13,3 на 1 тыс. нованароджаных да 7,6 у 2003. Мацярынская смяротнасць — 21,4 на 100 тыс. (у 1990—21,8). Колькасць абортаў знізілася з 247 тыс. у 1990 да 89,9 тыс. у 2002.
У 1990-я г. створаны новыя грамадскія арганізацыі-асацыяцыі: «Новыя тэхналогіі ў медыцыне» (1992), урачоў (1992), сярэдніх мед. работнікаў (1996), сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя (1998). Адбыліся 4 з’езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя, першыя з’езды сярэдніх медработнікаў (1994, Гродна), урачоў (1998, Мінск); прыняты Кодэкс урачэбнай этыкі (1998). У 1991 Бел.т-ва Чырвонага Крыжа (назва з 1994) стала недзярж. добраахвотнай арганізацыяй. Т-ва працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці» (медыка-сац. дапамога адзінокім састарэлым грамадзянам, ажыццяўляе прыём у 115 медыка-сац. цэнтрах), «Служба катастроф» (падрыхтоўка добраахвотнікаў на выпадак экстрэмальных сітуацый), «Служба пошуку» (пошук асоб і месцаў пахаванняў прапаўшых без вестак); удзельнічае ў праграмах «Донарства» (бязвыплатны донарскі рух), «Бежанцы» (медыка-санітарная дапамога бежанцам), «Супрацоўніцтва» (міжнар. супрацоўніцтва, пашырэнне ведаў па гуманітарным праве), Міжнар. праграме гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі «Чарнобыль»; працуе таксама па праграме «Маладзёжны рух» (уцягванне ў свой рух моладзі, медыка-санітарная падрыхтоўка па пытаннях прафілактыкі захворванняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця). У 2000 на Беларусі функцыянавала 117 цэнтраў т-ва, у т. л. Дом міласэрнасці ў Пінску, працавала 400 медсясцёр. Бел.т-ва прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Чырвонага Крыжа» і «Чырвонага Паўмесяца».
У галіне міжнароднага супрацоўніцтва па ахове здароўя на мяжы 20—21 ст. з некаторых фондаў і пад эгідай Сусв. арганізацыі аховы здароўя прыцягваюцца сродкі з-за мяжы на пэўныя праграмы: праект «Сасакова—Чарнобыль» (выдзелены дыягнастычны комплекс дзіцячаму хірург. цэнтру ў Мінску коштам 10 млн.ням. марак); на развіццё дзіцячай анкалагічнай клінікі ў Мінску (Аўстрыя выдзеліла 2,4 млн. аўстрыйскіх шылінгаў); на міжнар. праект па шчытападобнай залозе Еўрап. бюро Сусв. арганізацыі аховы здароўя (400 тыс. долараў). У 1994 на Беларусі адкрыта прадстаўніцтва Сусв. арганізацыі аховы здароўя (САЗ). У 1995—97 Еўрап. бюро САЗ супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь па мінімізацыі мед. аспектаў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахове мацярынства і дзяцінства (натуральнае выкормліванне), барацьбе са СНІДам і інфекцыйнымі захворваннямі, па інтэграванай праграме прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Ажыццяўлялася таксама міжнар. супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША), з САЗ па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам (3 праграмы), па праблемах алергічнай паталогіі ў дзяцей (Рас. акадэмія мед. навук, інстытут педыятрыі). Пагадненнем паміж Швейцарскім упраўленнем па развіцці і супрацоўніцтве і Брагінскім раёнам па рэалізацыі праекта «Здароўе маці і дзіцяці» прадугледжана пастаўка абсталявання для бальніц і амбулаторый, абучэнне персаналу. Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» устанаўлівае ў Брагінскай раённай бальніцы аўтаматызаваную сістэму кіравання «Мініклініка».
У міжнар. супрацоўніцтве асаблівая ўвага аддаецца сувязям з САЗ. З Еўрап. бюро САЗ работа вядзецца па пытаннях фінансавання аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, туберкулёзу і інш. на аснове 2-гадовага плана (2002—03) і працягнута на 2004—05. Развіваецца супрацоўніцтва з Міжнар. агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па рэалізацыі праекта «Стварэнне сістэмы гарантыі якасці (кантролю якасці) для рэнтгенаўскіх камп’ютэрных тамографаў у Рэспубліцы Беларусь». Ажыццяўляюцца міжнар. праекты «Развіццё і ўмацаванне службаў і арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ і лячэннем наркаманіі сярод спажыўцоў наркотыкаў», «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Беларусі», «Вывучэнне раку і іншых захворванняў шчытападобнай залозы на Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі» і інш.). Сумесна з Канадскай асацыяцыяй даследчых ін-таў выконваецца міжнар. праект «Комплексная клініка-псіхалагічная ацэнка стану здароўя дзяцей перад паступленнем у школу». Завяршаецца рэалізацыя першай стадыі бел.-амер. праекта «Медыцынская дапамога дзецям, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, шляхам развіцця і ўкаранення тэлемедыцыны».
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1985;
Сергеева Г.Г. БССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—85 гг.). Мн., 1986;
Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Нац. академии наук Беларуси: Док. и материалы юбилейных торжеств. Мн., 2000;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Тищенко Е.М. История здравоохранения Беларуси в XX веке. Гродно, 2001;
Национальный реестр правовых активов Республики Беларусь. 2002, №2;
Здравоохранение в Республике Беларусь: Офиц. стат. сб. Мн., 1990—2003.
Э.А.Вальчук, І.М.Семяненя.
Табліца 1 Медыцынскія кадры ў Беларусі (па ўсіх ведамствах)
1970
1980
1990
2000
2002
Урачы ўсіх спецыяльнасцей
23 384
32 674
41 393
45 456
44 812
на 10 тыс. жыхароў
25,8
33,8
40,5
45,5
45,3
у тым ліку:
тэрапеўтаў
4481
7600
10 727
12 212
11 876
на 10 тыс. жыхароў
4,95
3,87
10,50
12,2
12,0
хірургаў
2169
3453
4825
6169
6173
на 10 тыс. жыхароў
2,40
3,57
4,72
6,2
6,2
акушэраў-гінеколагаў
1309
1936
2265
2645
2680
на 10 тыс. жыхароў
1,45
2,0
2,22
2,6
2,7
педыятраў
2643
3836
5088
4252
4072
на 10 тыс. жыхароў
2,92
3,97
4,98
4,3
4,1
афтальмолагаў
517
652
802
944
952
на 10 тыс. жыхароў
0,57
0,68
0,79
0,9
1,0
неўрапатолагаў
636
942
1105
1432
1446
на 10 тыс. жыхароў
0,70
0,98
1,08
1,4
1,5
отарыналарынголагаў
597
717
761
821
822
на 10 тыс. жыхароў
0,66
0,74
0,74
0,8
0,8
фтызіятраў
888
784
598
550
541
на 10 тыс. жыхароў
0,98
0,81
0,59
0,6
0,5
стаматолагаў
889
1724
3239
4485
4374
на 10 тыс. жыхароў
0,98
1,78
3,17
4,5
4,4
правізараў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
1560
2420
3261
3088
2828
фармацэўтаў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
3784
5197
6133
4571
4189
Колькасць сярэдняга мед. персаналу
няма звестак
94 130
119 880
122 641
123 485
на 10 тыс. жыхароў
-’’-
97,4
117,6
122,8
124,8
Табліца 2 Сетка амбулаторна-паліклінічных і спецыялізаваных устаноў Беларусі (сістэма Міністэрства аховы здароўя)
Колькасць
1970
1980
1990
2000
2002
Паліклінічных аддзяленняў, бальніц і радзільных дамоў
929
808
767
688
643
Самастойных паліклінік і амбулаторый,
260
269
435
572
604
у т. л. ў сельскай мясцовасці
204
204
319
418
447
Стаматалагічных паліклінік
25
48
64
78
78
Дзіцячых паліклінік
274
324
381
357
345
Станцый пералівання крыві
17
17
20
20
20
Станцый хуткай мед. дапамогі
194
194
200
198
197
Санэпідстанцый і санэпідаддзяленняў бальніц
147
153
154
151
151
Фельчарска-акушэрскіх пунктаў
2824
3003
3012
2848
2743
Зубапратэзных майстэрняў (кабінетаў)
201
209
231
233
230
Дэзстанцый
няма звестак
2
4
3
2
Аптэк
1124
1192
1247
няма звестак
1386
Аптэчных пунктаў
3196
3026
3196
-’’-
1293
Процітуберкулёзных дыспансераў (кабінетаў)
207
149
148
162
162
Анкалагічных дыспансераў і кабінетаў
41
81
119
155
162
Дэрматавенералагічных дыспансераў і кабінетаў
189
158
162
188
182
Псіханеўралагічных дыспансераў і кабінетаў
58
136
141
163
160
Эндакрыналагічных дыспансераў і кабінетаў
51
148
188
234
231
Урачэбна-фізкультурных дыспансераў і кабінетаў
37
38
45
15
8
Наркалагічных дыспансераў і кабінетаў
няма звестак
129
141
146
150
Кардыялагічных дыспансераў і кабінетаў
-’’-
159
144
156
164
Аднаўленчага лячэння (рэабілітацыі)
няма звестак
65
98
191
197
Кансультацый па мед. генетыцы
-’’-
няма звестак
4
7
6
Кансультацый «Шлюб і сям’я»
-’’-
няма звестак
7
8
10
Траўматалагічных дыспансераў і кабінетаў
23
57
165
198
200
Табліца 3 Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты (усе ведамствы)
Установа
1990
2000
2002
Санаторыі і пансіянаты з лячэннем
53
66
69
месцаў у іх, тыс.
13,2
15,8
17,5
абслужана асоб, тыс.
152,2
238,0
259,2
Дзіцячыя санаторыі, пансіянаты
22
25
27
месцаў у іх, тыс.
3,9
4,2
4,8
абслужана асоб, тыс.
25,2
44,7
52,0
Санаторыі-прафілакторыі
119
108
92
месцаў у іх, тыс.
12,0
13,4
11,2
абслужана асоб, тыс.
173,7
161,2
143,0
Дамы і пансіянаты адпачынку
13
11
9
месцаў у іх, тыс.
3,3
1,2
1,6
абслужана асоб, тыс.
58,8
17,9
30,0
Базы і інш. арганізацыі адпачынку
184
133
155
месцаў у іх, тыс.
13,6
15,0
13,5
абслужана асоб, тыс.
58,4
157,7
224,6
Рэнтген-аперацыйнае аддзяленне эндаваскулярнай хірургіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца. 2004.Мінскі Дом міласэрнасці (хоспіс). 2004.Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Гомель, 2004.