АДАХО́ЎСКІ (Хрыстафор) (? — 1661),

ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.​Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,

багаслоўская дысцыпліна, якая займаецца пошукам і вывучэннем рэчаў і помнікаў, звязаных з гісторыяй хрысціянскай царквы. Прадметам археалогіі царкоўнай з’яўляецца таксама аднаўленне і апісанне геагр., побытавага і інш. фону, на якім адбываліся біблейскія падзеі. Выкладаецца ў духоўных навуч. установах пад назвай «Царкоўная археалогія ў сувязі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва». Трэба адрозніваць археалогію царкоўную ад т.зв. «Археалогіі біблейскай», мэта якой на аснове археал. раскопак на тэр. стараж. Палесціны, Месапатаміі, Егіпта, Міжземнамор’я даказаць міфалагічны характар біблейскіх сказанняў, асобных тэкстаў і сюжэтаў Старога і Новага Запаветаў.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШГАРАД,

горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з жалезабетонных вырабаў.

Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ, Вялікія Сурвілішкі, Сурвілішскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.​Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ Я́ЗНА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута (пратокай злучана з возерам), за 38 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 1,5 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 9,6 км. Пл. вадазбору 60,7 км². Схілы катлавіны разараныя, месцамі пад хмызняком, на У і ПдУ высокія і стромкія. Берагі нізкія. Дно пясчанае, глыбей за 3—4 м глеістае. У паўд.-зах. ч. востраў пл. 0,5 га. Злучана пратокай з воз. М. Язна.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́НА,

у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.

Да арт. Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.​П.​Рубенс. Каля 1615.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,29 км², даўж. 1,16 км, найб. шыр. 310 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,8 км. Пл. вадазбору 5,53 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на З да 14, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія. Пойма шыр. ад 10 да 200 м, забалочаная, месцамі пад хмызняком. Дно глеістае, каля берагоў пясчанае. Упадае ручай з возера без назвы, на Пд пратока ў воз. Чарэйскае.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (МГК),

навуковае аб’яднанне геолагаў свету. Асн. задача — спрыяць геал. даследаванням і абмену інфармацыяй. Створаны ў 1875. Сесіі праводзяцца з 1878 раз у 3—4 гады ў розных краінах. Адбылося 30 сесій, апошняя ў 1996 (Пекін). Паміж сесіямі працуе Міжнар. саюз геал. навук. Пры кангрэсе дзейнічаюць Савет Міжнар. праграмы геал. карэляцый, камісіі па розных раздзелах геалогіі, рабочыя групы па канкрэтных праектах. Пад эгідай МГК створаны першыя міжнар. геал., тэктанічныя і інш. карты свету і асобных кантынентаў. Бел. геолагі ўдзельнічаюць у рабоце кангрэса з 1964.

І.​І.​Ур’еў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГА́РТ (Раман Міхайлавіч) (27.9.1908, г. Крамянчуг, Украіна — 6.9.1982),

архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1948). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1934). З 1949 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект». З 1954 у праектных арг-цыях Масквы. Асн. работы ў Мінску: універмаг (ГУМ; у аўт. калектыве), будынкі тэлевізійнага цэнтра па вул. Камуністычнай (1956, у сааўт.) і Бел. кансерваторыі (1958), жылыя дамы па вуліцах Кірава, Камуністычнай, Захарава, Казлова, Чырвонай (1950—54); рэстаран «Заслаўе» пад Мінскам (1975, у сааўт.). Жылыя і грамадскія будынкі ў Маскве, Сочы, Калінінградзе, Падольску, Серпухаве, а таксама за мяжой (Афганістан, М’янма).

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)