КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВАімя Пранціша Скарыны
(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),
мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн.Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав.навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ.час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац.статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял.Айч. вайну.
Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),
савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед.дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам.нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;
Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;
Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
А.С.Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛІН ((McMillin) Арнольд Барат) (н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),
англійскі славіст. Д-рслав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскі ун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф.рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб.бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук.дзейнасць Я.Ф.Карскага, Я.Чачота, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл.Міжнар.к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.
3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел.нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.
2) А.Навіны (А.Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.Новіча (А.Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.Гмырака, цыклы вершаў А.Паўловіча, Ф.Чарнышэвіча, А.Гурло, Я.Журбы, А.Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасцьбел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл.Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na+, K+, Ca2+, Mg2+, Cl−, , і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na+, Ca2+, Cl−, унутрыклетачная — K+, Mg2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca2+, Mg2+, Sr2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na+ і K+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасцьмясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел.нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г.дзейнасцьт-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.Ханецкім).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.