НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),
незараджаная элементарная часціца з групылептонаў. Мае спін 1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.
Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы , , (звесткі аб і ускосныя і магчыма, што
). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл.Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст.Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́ДНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у малекуле якіх ёсць група з 2 злучаных атамаў кіслароду. Падзяляюць на арганічныя і неарганічныя.
Арганічныя П.з. маюць пераксігрупу —O—O—, непасрэдна злучаную з атамамі вугляроду. Адрозніваюць пераксіды арганічныя, гідрапераксіды (агульная ф-ла ROOH, дзе R — арган. радыкал), ацылгідрапераксіды, ці пераксікіслоты (надкіслоты), RC(O)OOH і азаніды. Вадкасці (метылпераксід CH3OOCH3 — газ) ці цвёрдыя рэчывы. Дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Пры награванні, у прысутнасці прымесей (асабліва цяжкіх металаў і іх солей) раскладаюцца; тэрмоліз звычайна прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў (ROM0 ці RCO—O0). Моцныя акісляльнікі, лёгка загараюцца (некаторыя выбухованебяспечныя). Удзельнічаюць у біял. працэсах (напр., акісленні ліпідаў, біясінтэзе простагландзінаў). Атрымліваюць уздзеяннем на арган. рэчывы кіслароду (аўтаакісленне), азону (азанаванне), неарган. і арган. пераксідаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімераў (ініцыятары полімерызацыі, вулканізавальныя агенты), для адбельвання тканін і харч. прадуктаў, як дабаўкі да маторнага паліва, у арган. сінтэзе. Неарганічныя П.з. падзяляюць на простыя (пераксіды, супераксіды, азаніды, гідрапераксіды) і комплексныя (пераксікіслоты, пераксасальваты і інш.). Найпрасцейшае і найб. пашыранае П.з. — пераксід вадароду. Пераксіды (злучэнні шчолачных металаў і металаў II групыперыяд. сістэмы, акрамя берылію), супераксіды, ці надпераксіды (злучэнні шчолачных і шчолачна-зямельных металаў), і азаніды — іонныя злучэнні, іх крышт. рашоткі складаюцца з іонаў металаў і малекулярных аніёнаў O2−2, O−2 і O−3 адпаведна. Акісляльнікі. Пры награванні лёгка раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. У прам-сці выпускаюць натрыю пераксід, пераксіды барыю BaO2 (гл.Барыю злучэнні) і кальцыю CaO2, супераксіды натрыю NaO2 і калію KO2. Выкарыстоўваюць як акісляльнікі, адбельвальнікі (напр., у тэкст., харч., цэлюлознапапяровай прам-сці), крыніцы кіслароду для рэгенерацыі паветра, кампаненты ракетнага паліва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ РАДЫ́, радые актыўныя сем’і,
групы генетычна звязаных радыенуклідаў, у якіх кожны наступны ўзнікае ў выніку альфа-распаду або бэта-распаду папярэдняга. Кожны Р.р. пачынаецца з радыенукліда з найб. для гэтага рада перыядам паўраспаду (роданачальніка) і канчаецца стабільным нуклідам.
У Р.р. масавыя лікі А нуклідаў (членаў рада) адрозніваюцца на лік, кратны 4 (пасля α-распаду масавы лік нукліда памяншаецца на 4). Тэарэтычна магчыма існаванне 4 Р.р. з A = 4n + δ, дзе δ = 0, 1, 2 і 3, роданачальнікамі якіх з’яўляюцца торый-232 (A = 4n; рад торыю), нептуній-237 (A = 4n + 1, рад нептунію), уран-238 (A = 4n + 2, рад урану-238, ці урану-радыю), уран-235 (A = 4n + 3, рад урану-235, ці актынаурану). Рады торыю, урану-радыю і актынаурану, ці натуральныя Р.р., існуюць у прыродзе, бо перыяды паўраспаду 232Th (1,405∙1010 гадоў), 238U (4,468∙109 гадоў) і U (7,038∙108 гадоў) сувымерныя з узростам Зямлі. Канчатковымі стабільнымі прадуктамі распаду натуральных Р.р. з’яўляюцца ізатопы свінцу — 208Pb, 206pb, 207Pb. У прыродзе ёсць усе члены натуральных Р.р. (у т. л. і кароткажывучыя), што тлумачыцца ўстанаўленнем у кожным радзе т. зв. векавой раўнавагі, калі скорасці ўтварэння і распаду прамежкавых членаў Р.р. роўныя. Час устанаўлення векавой раўнавагі ~ 10T1/2, дзе T1/2 — перыяд паўраспаду самага доўгажывучага прамежкавага члена рада. Членаў рада нептунію (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў), які завяршае стабільны нуклід вісмут-209, у прыродзе няма, яны атрыманы штучна (гл.Ядзерная рэакцыя). Даследаванні Р.р. садзейнічаюць выяўленню новых радыеактыўных элементаў і іх ізатопаў. Гл. таксама Радыяхімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУЦЬ (лац. Hydrargyrum),
меркур, Hg, хімічны элемент II групыперыяд. сістэмы, ат. н. 80, ат. м. 200,59. Прыродная Р. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 196, 198—202, 204. У зямной кары 7∙10−6% па масе; трапляецца самародная Р., найважн. рудны мінерал — кінавар. Вядомая са стараж. часоў; лац. назва ад гідра... і грэч. argyros — серабро; сярэдневяковая лац. mercurius — назва Р. ў алхімікаў.
Серабрыстая вадкасць (адзіны валкі метал tпл -38,87 °C), шчыльн. 13545,7 кг/м³ (цяжэйшая за ўсе вядомыя вадкасці), tкіп 356,58 °C. Пара Р. бясколерная, пры высокай т-ры і эл. разрадзе выпрамяняе бачнае блакітнавата-зялёнае і ультрафіялетавае святло. Хімічна ўстойлівая. У сухім паветры не акісляецца; акісляецца азонам і пры t > 300 °C кіслародам (утвараецца аксід HgO). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з азотам. фосфарам, вугляродам, крэмніем. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, царскай гарэлцы. Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі (гл.Ртуці хларыды) і халькагенамі (гл.Ртуці сульфід). З металамі ўтварае амальгамы. Пашыраны ртуцьарганічныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна акісляльным абпалам кінавары. Выкарыстоўваюць для вырабу катодаў пры электрахім. атрыманні едкіх шчолачаў і хлору, а таксама для палярографаў, у вытв-сці ртутных вентыляў, люмінесцэнтных і ртутных лямпаў (гл.Газаразрадныя крыніцы святла), дыфузійных вакуумных помпаў, кантрольна-вымяральных прылад (тэрмометраў, барометраў, манометраў) і інш. Р. высокатаксічная для ўсяго жывога, пара і злучэнні Р. вельмі атрутныя, назапашваюцца ў арганізме і парушаюць абмен рэчываў, пашкоджваюць нервовую сістэму. ГДК у атм. паветры 0,0003 мг/м³, у вадзе 0,0005 мг/л.
Літ.:
Трахтенберг И.М., Коршун М.Н. Ртуть и ее соединения в окружающей среде. Киев, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс.н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс.н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (Пн—Пд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн.гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс.н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.
Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр.паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.А.Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групыўсх. балтаў». Э.М.Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.
Літ.:
Этногенез белорусов: Тез. докл.Мн., 1973;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.У.Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.П.Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,
1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914 напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл.Марнскія бітвы). У вер.—ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.Р.Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.В.Аляксееў (30.3.—17.8.1915).
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв. Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.—сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял.Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.—ліп. 1941), ген.-м. П.П.Сабеннікаў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.—ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.—чэрв. 1943).
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;
Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,
комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн.групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.
Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).
На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.
А.А.Саламонаў.
Да арт.Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Тамаш Тамашавіч) (19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас.ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр.Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ.«Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг.Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.Чарнова.
Літ.:
Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.