ЦЭНТРАЛЬНААФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (République Centrafricaine),

ЦАР, дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе на З і ПдЗ з Камерунам, на Пд — з Рэспублікай Конга і Дэмакр. Рэспублікай Конга, на ПнЗ — з Рэспублікай Чад, на ПнУ — з Суданам. Пл. 623 тыс. км². Нас. 3642 тыс. чал. (2002). Афіц. мова — французская, найб. пашырана — санго. Сталіца — г. Бангі. Падзяляецца на 16 прэфектур. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (1 снежня).

Дзяржаўны лад. Ц.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. сходу — парламенту (85 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад.

Прырода. Большая ч. тэр. занята ўзв. Азандэ (сярэднія выш. 600—900 м). Над ім узвышаюцца астанцовыя гранітныя масівы Ядэ на З і Фертыт на У (выш. да 1388 м, г. Нгая). На Пн узвышша паступова пераходзіць у забалочаную раўніну паўд. ускраіны ўпадзіны Чад. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, медныя, жал., нікелевыя і кобальтавыя руды, нафта. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (ліп.) у г. Бангі 31 °C, самага халоднага (студз.) 21 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1000—1200 мм на Пн да 1500—1600 мм на Пд. Гал. рэкі — Убангі, Санга (бас. р. Конга), на Пн рэкі сістэмы Шары (Уам, Грыбінгі). У расл. покрыве пераважаюць высакатраўныя саванны і рэдкастойныя лістападныя і вечназялёныя лясы (сырнае дрэва, тамарынд, барасавая пальма) на чырв. латэрытных глебах. Уздоўж рэк — галерэйныя лясы, на Пд вільготнаэкватарыяльныя лясы з каштоўнай драўнінай (чорнае, чырв. дрэва) на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. У складзе жывёльнага свету шмат млекакормячых (сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, жырафы, малпы); з драпежнікаў — ільвы, леапарды, гіены; у рэках — гіпапатамы, кракадзілы; птушкі, змеі, яшчаркі, насякомыя, у т. л. муха цэцэ. Нац. паркі: Андрэ-Фелікс, Бамінгі-Бангоран, Сен-Флорыс і інш.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да банту і адамаўа-ўсх. моўных падгруп. Паўсюдна жывуць байя (33%), банда (27%), манджыа (13%), на Пн — сара (10%), уздоўж р. Убангі — бубангі, на З — зандэ, у лясных раёнах — пігмеі бінга і інш. Еўрапейцаў 6,5 тыс. чал., у т. л. 3,6 тыс. французаў. Сярод вернікаў прыхільнікаў мясц. традыц. вераванняў 35%, пратэстантаў і католікаў па 25%, мусульман 15% (2002). Сярэдняя шчыльн. 5,8 чал. на 1 км². Больш заселены паўд. і паўд. зах. раёны — каля 10 чал. на 1 км². Натуральны прырост 1,9%. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Бангі — 706, Бамбары — 50, Бербераты — 42, Буар — 40, Басангоа — 32.

Гаспадарка. ЦАР — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 4,6 млрд. дол., каля 1,3 тыс. дол. на 1 чал. (2001). У структуры ВУП доля сельскай гаспадаркі — 55%, прам-сці — 20%, сферы паслуг — 25%. Вял. роля ў эканоміцы, пераважна ў сельскай і лясной гаспадарцы, горназдабыўной прам-сці, належыць замежнаму капіталу, у асн. французскаму. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца 3,1% тэр. (1931 тыс. га). Пераважаюць дробныя натуральныя сялянскія гаспадаркі. Асн. экспартныя культуры: бавоўна (збор 37 тыс. т), кава (12,4 тыс. т), тытунь (618 т). Для ўнутр. спажывання вырошчваюць маніёк, кукурузу, на Пн — сорга і проса, у далінах рэк Кота і Лабас — рыс. Прыгараднае агародніцтва (гарбузы, фасоля, таматы) і садоўніцтва (манга, авакада, папайя, цытрусавыя). Жывёлагадоўля адгонна-качавая, малапрадукцыйная, ёй шкодзіць муха цэцэ. Гадуюць (млн. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (2,99), коз (2,35), свіней (0,6), авечак (0,2), курэй (3,9). Улоў рыбы 12,9 тыс. т (1999). Штогод нарыхтоўваюць больш за 200 тыс. м³ драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба. Здабыча алмазаў (каля 430 тыс. каратаў штогод) і золата (каля 190 кг). Апрацоўка алмазаў (5% аб’ёму) у г. Бангі. У краіне каля 130 прамысл. прадпрыемстваў, пераважна па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Вылучаюцца тэкст. (баваўняны камбінат, абутковая і швейная ф-кі ў г. Бангі, першасная апрацоўка бавоўны ў гарадах Бамбары, Басангоа, Грымары) і харч. (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая) прам-сць. Ёсць лесаапр., металаапр., зборачныя (радыёпрыёмнікі, веласіпеды) і хім. прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 104 млн. кВт∙гадз (2000), пераважна на ГЭС (Боалі-1 і Боалі-2 на р.Мбалі). Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 23,8 тыс. км, у т. л. 429 км з асфальтаваным пакрыццём (2000), водных шляхоў — 900 км. Гал. рачны порт і міжнар. аэрапорт — Бангі. Экспарт (166 млн. дол., 2000) алмазаў (54%), драўніны (16%), бавоўны, кавы, тытуню. Імпарт (154 млн. дол., 2000) харч. прадуктаў, тэкстылю, нафтапрадуктаў, машын і абсталявання, хімікатаў, медыкаментаў і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя, краіны Бенілюкс, Германія, Камерун, Японія, Кот-д’Івуар. Грашовая адзінка — франк КФА (Афр. фін. т-ва).

Гісторыя. Гісторыя ЦАР да еўрап. каланізацыі вывучана слаба. У 16 ст. яе тэр. ў складзе дзяржавы Гаога, у 17—19 ст. — дзяржаў Вадаі, Багірмі і Рабаха дзяржавы. У 1889 сюды пранікла франц. ваен. экспедыцыя, якая засн. форт Бангі; да пач. 20 ст. Францыя падпарадкавала ўсе гэтыя землі. У 1904—14 тэр. ЦАР у складзе калоніі Убангі-Шары—Чад, пасля аддзялення ў 1914 Чада — асобная калонія Убангі-Шары ў складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі, з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1949 створаны Рух сац. эвалюцыі Чорнай Афрыкі (МЕСАН), прадстаўнікі якога ў 1957 узначалілі першы афр. ўрад Убангі-Шары. 1.12.1958 Убангі-Шары пад назвай ЦАР абвешчана аўт. дзяржавай у складзе Франц. Супольніцтва. У 1959 прынята 1-я канстытуцыя ЦАР. З 13.8.1960 ЦАР — незалежная дзяржава на чале з лідэрам МЕСАН Д.​Дако. У 1962 забаронены ўсе паліт. партыі, акрамя МЕСАН. У выніку дзярж. перавароту 1.1.1966 уладу захапіў палк. Ж.​Б.​Бакаса; распушчаны парламент і скасавана канстытуцыя. У 1976 ЦАР абвешчана Цэнтр.-Афр. імперыяй, а Бакаса — імператарам. Жорсткія рэпрэсіі, у прыватнасці, забойства больш як 100 школьнікаў у Бангі, прывялі да ўмяшання Францыі, з дапамогай якой Бакаса ў кастр. 1979 скінуты, адноўлена рэспубліка на чале з прэзідэнтам Дако. У лют. 1981 прынята новая канстытуцыя ЦАР. У выніку дзярж. перавароту 1.9.1981 улада перайшла да Ваен. к-та Нац. адраджэння на чале з ген. А.​Калінгбам (з 1984 прэзідэнт ЦАР).

У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпарт. выбарах 1993 прэзідэнтам ЦАР выбраны А.​Ф.​Патасе (у 1998 перавыбраны на 2-і тэрмін). У 1994 прынята новая канстытуцыя ЦАР. Тым не менш, унутрыпаліт. становішча ЦАР заставалася няўстойлівым. У сак. 2003 урад Патасе скінуты паўстанцамі на чале з ген. Ф.​Базізе.

У краіне дзейнічаюць паліт. партыі: Рух за вызваленне цэнтральнаафр. народа, Альянс за дэмакратыю і прагрэс, Цэнтральнаафр. дэмакр. аб’яднанне. Асн. прафсаюзы: Прафс. аб’яднанне цэнтральнаафр. працоўных і Арг-цыя свабодных прафсаюзаў служачых дзярж. сектара. ЦАР — чл. ААН (з 1960), Афр. саюза (з 2002).

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.
Да арт. Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. Вадаспад на р. Мбалі.

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЧНЯ́, Чэчэнская Рэспубліка (саманазва Ічкерыя). Размешчана на Пд еўрап. ч. Рас. Федэрацыі, на Паўн. Каўказе. Пл. 15,7 тыс. км².

Нас. 609,5 тыс. чал. (2001), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць 38,8 чал. на 1 км². Жывуць чэчэнцы, рускія, інгушы і інш. Сталіца — г. Грозны.

Прырода. Займае цэнтр. ч. паўн. схілаў Вял. Каўказа (выш. да 4493 м, г. Тэбуласмта) і прылеглыя да яе Чэчэнскую раўніну і Церска-Кумскую нізіну. Карысныя выкапні: нафта, газ, мінер. буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на Церска-Кумскай нізіне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна 25 і 21 °C. Ападкаў 300—1000 мм за год. Гал. рэкі — Церак і Сунжа з прытокам Аргун. Глебы на раўніне каштанавыя, светла-каштанавыя і чарназёмныя, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на Церска-Кумскай нізіне палынна-салянкавая, на Чэчэнскай раўніне стэпавая і лесастэпавая, у гарах да 1600—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна букавыя), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ў гарах каменная і лясная куніцы, буры мядзведзь, дзік, казуля, воўк, лясны кот, з птушак — чорнагаловы грыф, каменная курапатка, каўказскі цецярук, у стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — дзікія качкі, драфа, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан.

Гісторыя. Першыя звесткі аб чэчэнцах (саманазва нахчый) у арм. крыніцах 7 ст. н.э. Асн. іх заняткамі былі горная жывёлагадоўля і земляробства. У 10 ст. на тэр. Ч. з Грузіі пашырылася хрысціянства, у 16 ст. з Дагестана пачаў пашырацца іслам, які з 18 ст. стаў у Ч. пануючай рэлігіяй. У час Персідскага паходу 1722—23 рас. войскі ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нахчый каля аула Чэчэн, і з таго часу ў Расіі народ нахчый сталі паз. чэчэнцамі, а яго зямлю — Ч. Да 20 ст. тут захаваўся стараж. падзел на роды (тайпы) і звычай кроўнай помсты. Рас. імперыя шляхам ваен. экспедыцый і пабудовы крэпасцей імкнулася заваяваць чэчэнцаў і выцесніць іх з урадлівых раўнін (засялялі казакамі) у горы. У Каўказскую вайну 1817—64 горная Ч. была ядром дзяржавы Шаміля. Пасля яго капітуляцыі (1859) Ч. ў складзе Церскай вобл. У 1859—65 каля 22 тыс. чэчэнцаў перасяліліся ў Турцыю. У канцы 19 — пач. 20 ст. сельская гаспадарка станавілася таварнай, развівалася нафтаздабыча, пракладваліся чыгункі, крэпасць Грозная вырасла ў буйны эканам. цэнтр г. Грозны. Сав. ўлада ў Ч. ўстаноўлена ў студз.—сак. 1918, канчаткова — у сак. 1920. З 20.1.1921 Ч. ў складзе Горскай АССР, з якой 30.11.1922 вылучана Чэчэнская аўт. вобл. У студз. 1934 утворана Чэчэна-Інгушская аўт. вобл., 5.12.1936 — Чэчэна-Інгушская АССР (ЧІАССР) са сталіцай у г. Грозны. У вер. 1942 — студз. 1943 невял. ч. ЧІАССР акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 рэспубліка скасавана, чэчэнцы і інгушы (459 486 чал.) выселены ва ўсх. раёны СССР за «антысавецкія выступленні» і «супрацоўніцтва з немцамі». У 1944—57 большасць тэр. Ч. ў складзе Грозненскай вобл., паўд.-ўсх. раёны — Дагестана. 9.1.1957 ЧІАССР адноўлена, чэчэнцы і інгушы вернуты на месцы ранейшага жыхарства. З 2-й пал. 1980-х г. актывізаваўся рух за незалежнасць Ч. 27.11.1990 Вярх. Савет ЧІАССР абвясціў яе дзярж. суверэнітэт; створаны каардынацыйны орган чэчэнскага нац. руху — Выканком чэчэнскага нац. з’езда (з чэрв. 1991 — Агульнанац. кангрэс чэч. народа — АКЧН) на чале з ген.-маёрам Сав. Арміі Дж.​Дудаевым 3.9.1991 АКЧН зверг Вярх. Савет ЧІАССР. 27.10.1991 прэзідэнтам рэспублікі выбраны Дудаеў, які 2 ліст. абвясціў незалежную Чэч. Рэспубліку (Ічкерыю). Гэтыя акты не прызнала Рас. Федэрацыя. У снеж. 1991 утварылася асобная ад Ч. Інгушская Рэспубліка. Пасля безвыніковых перагавораў рас. ўрад 26.11.1994 увёў у Ч. войскі для «навядзення канстытуцыйнага парадку». Быў сфарміраваны ўрад Ч. на чале з Д.​Заўгаевым. Сепаратысты адышлі ў горы і разгарнулі дыверсійную вайну, у ходзе якой 22.4.1996 рас. вайскоўцамі забіты Дудаеў. У жн. 1996 атрады сепаратыстаў захапілі Грозны і неўзабаве, паводле пагаднення ў г. Хасав’юрт, рас. войскі пакінулі Ч. У студз. 1997 прэзідэнтам рэспублікі выбраны А.​Масхадаў. 12.5.1997 ён падпісаў з рас. урадам мірны дагавор, паводле якога вызначэнне паліт. статусу Ч. адкладалася да 2000. Да канца 1990-х г. у Ч. аформіўся звязаны з міжнар. тэрарыст. групоўкамі моцна мілітарызаваны ісламскі паліт. рэжым вахабісцкага кшталту, які імкнуўся экспартаваць мусульм. паліт. экстрэмізм у суседнія рэспублікі Рас. Федэрацыі. У жн.—вер. 1999 рас. войскі адбілі ўварванне вахабітаў з Ч. ў Дагестан і ў канцы 1999 — пач. 2000, пасля працяглых баёў, зноў занялі Ч. Сепаратысты на чале з Масхадавым перайшлі да тэрарыст. метадаў барацьбы. З дапамогай федэральнага цэнтра часовая адміністрацыя на чале з А.​Кадыравым пачала аднаўляць разбураную за часы баёў эканоміку рэспублікі. Намаганні ўрада Расіі па ўсталяванні міру ў Ч. падтрымлівае міжнар. супольнасць, якая разглядае дзейнасць чэчэнскіх сепаратыстаў як адну з праяў міжнар. тэрарызму. У сак. 2003 на рэферэндуме больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавала за прыняцце канстытуцыі Ч., якая замацавала яе аўт. статус у складзе Рас. Федэрацыі. У кастр. 2003 паводле новай канстытуцыі прэзідэнтам Ч. абраны А.​Кадыраў.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — нафтаздабыўная, нафтаперапр. і нафтахімічная. Ч. панесла вял. страты ад ваен. дзеянняў, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень эканам. развіцця. Здабыча нафты (у т. л. газавы кандэнсат) у 2000 склала 72,8 тыс. т, газу — 118 млн. м³. Вытв-сць электраэнергіі 117 млн. кВт∙гадз. (1998) пераважна на ЦЭЦ. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, мед. інструменты і інш.), харч., лясная і дрэваапр., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент і інш.). Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, дыванаткацтва). Пладаводства. Вінаградарства. Пасяўныя пл. ў 1993 займалі 330,8 тыс. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, кукуруза, рыс) 46,2%, тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) 5,8%, бульбай і агароднінай 4,7%, кармавымі культурамі 43,3%. Збор (тыс. т., 1993) збожжа — 213,4, бульбы — 36, агародніны — 49,2. Гадуюць танкарунных авечак, коз, буйн. раг. жывёлу (244,7 тыс. галоў, 1993), свіней (7,3 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Шаўкаводства. Даўж. чыгункі 304 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3057 км (2000). Гал. чыгунка Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарогі Грозны—Уладзікаўказ, Грозны—Махачкала. Нафтаправоды Грозны—Туапсэ, Грозны—Махачкала, газаправод Грозны—Уладзікаўказ і інш.

Літаратура чэчэнскага народа развіваецца з пач. 20 ст. ў цеснай узаемасувязі з інгушскай л-рай (гл. ў арт. Інгушэція). Заснавальнік чэчэнскай л-ры — С.​Бадуеў (аўтар першых аповесці «Голад» і рамана «Петымат», абодва 1930). Складальнік чэчэнскага алфавіта (на аснове лац. графікі) — Х.​Ашаеў (аўтар нарысаў, п’ес, гіст.-рэв. тэтралогіі «Палымяныя гады», 1957—64). Асн. тэмы твораў пісьменнікаў — гіст. мінулае народа, грамадз. і Вял. Айч. войны, жыццё вёскі, духоўнае аблічча сучасніка і інш. Сярод паэтаў Р.Ахматава, М. і А. Мамакаевы, Н.​Музаеў, М.​Сулаеў, празаікаў і драматургаў А.​Айдаміраў, С.​Арсанаў, У.​Гайсултанаў, М.​Мусаеў, А.​Хамідаў. На бел. мову перакладзены асобныя творы М.​Мамакаева, Ахматавай, М.​Шамсуддзінава. Сярод перакладчыкаў Р.​Баравікова, М.​Маляўка.

Літ.:

История Чечено-Ингушетии. Грозный, 1991;

Берже А.П. Чечня и чеченцы. Грозный, 1991;

Великая Н.Н., Хасбулатова З.И., Чахкиев Д.Ю. Очерки этнографии чеченцев и ингушей. Грозный, 1990;

Далгат У.Б. Героический эпос чеченцев и ингушей. М., 1972;

Новое и традиционное в культуре и быте народов Чечено-Интушетии. Грозный, 1985;

Общественные отношения у чеченцев и ингушей в дореволюционном прошлом (XVIII — нач. XX вв.). Грозный, 1982;

Бугай Н.Ф. Правда о депортации чеченского и ингушского народов // Вопр. истории. 1990. №7;

Очерк истории чечено-ингушской литературы. Грозный, 1963;

Туркаев Х. Чеченская советская поэзия (20—40-е гг.). Грозный, 1971.

І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Чэчня. Рака Церак.

т. 17, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРЫТРЭ́Я, Дзяржава Эрытрэя,

дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на ПдУ з Джыбуці, на Пд з Эфіопіяй, на З з Суданам; на У абмываецца Чырвоным морам. У складзе Э. а-вы Дахлак. Пл. 121,3 тыс. км². Нас. 4465,6 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — тыгрынья, арабская, выкарыстоўваюцца тыгрэ, кунама, афар, амхарская, італьянская. Сталіца — г. Асмэра. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. святы — Дзень незалежнасці (24 мая) і Дзень пачатку ўзбр. барацьбы за незалежнасць (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Яе кіраўнік — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — ураду на чале з прэзідэнтам.

Прырода Тэр. Э. распасціраецца ўздоўж берага Чырвонага м. амаль на 1000 км. Асн. яе частка — працяг Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы з упадзінай Афар на У. На ПнЗ — ускраіна Эфіопскага нагор’я (выш. да 3013 м, г. Саіра), на ПдЗ — высакагорныя раўніны (выш. 500—1000 м).

Карысныя выкапні: паташ, золата, цынк, медзь, жал. руда, марганец, нікель, хром, тытан, слюда, каменная і калійная солі, нафта, прыродны газ.

Клімат трапічны пустынны і паўпустынны, гарачы і сезонна вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля г. Масаўа 26 °C, ліп. 35 °C, ападкаў 50—200 мм за год. На нагор’і сярэднямесячныя т-ры ад 20 да 30 °C, ападкаў каля 600 мм, якія выпадаюць пераважна ў ліп.—верасні. Рэкі малаводныя і не маюць пастаяннага цячэння, асабліва ў нізоўях. Гал. р. Барка (Барака) з прытокам Ансэба. Расліннасць на прыморскай нізіне рэдкая пустынная, на нагор’і пераважае саванна, па далінах рэк — участкі збедненага трапічнага лесу з пальмы дум. Жывёльны свет разнастайны. Трапляюцца антылопы, жырафа, зебры, гіпапатам, насарог, леў, леапард, гіена, шакал, эрытрэйскі барсук; шмат змей і інш. паўзуноў. Нац. парк Дахлак.

Насельніцтва. Этнічны склад Э. прадстаўлены народамі тыграі (50%), тыгрэ і кунама (40%), афар (4%), сахо (3%), беджа і інш. Тыграі жывуць у паўд. горных раёнах, тыгрэ — на ПнУ і З, сахо і афар — у прыбярэжных пустынных раёнах, беджа — на зах. раўнінах. Каля 50% вернікаў спавядаюць хрысціянства (хрысціяне-монафізіты), астатнія 50% — іслам (мусульмане-суніты). Сярэднегадавы натуральны прырост насельніцтва 3,84% (2001). Сярэдняя шчыльнасць 36,8 чал. на 1 км². Паводле звестак ААН каля 150 тыс. бежанцаў з Э. жыве ў Судане. Гар. насельніцтва 18%. Найб. гарады (тыс. ж.): Асмэра (503; 2002), Кэрэн (26,6) і Масаўа (15,5; 1984). Каля 80% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. У пач. н.э. большасць тэр. Э. была найважнейшай часткай Аксумскага царства. Тут знаходзіўся порт Адуліс — найб. гандл. цэнтр Усх. Афрыкі. З пач. арабскіх заваяванняў (7 ст.) і заняпадам Аксумскага царства на ўзбярэжжы Э. пашырыўся іслам, горныя раёны краіны ўвайшлі ў склад Эфіопскай дзяржавы. У 1557 туркі-асманы захапілі порт Масаўа, які ў 1868 перайшоў пад уладу правіцеляў Егіпта. У 1882 Італія захапіла порт Асэб, у 1885 — Масаўа, а ў 1889 прымусіла імператара Эфіопіі адмовіцца ад шэрагу ўнутр. раёнаў сучаснай Э., населеных народам тыгрэ. У 1890 усе гэтыя тэрыторыі аб’яднаны ў адзіную італьян. калонію Э. У 2-ю сусв. вайну Э. акупіравана (1941) брыт. войскамі, у 1941—53 кіравалася брыт. адміністрацыяй. Паводле рашэння ААН (1950), насуперак жаданню яе жыхароў, Э. далучана да Эфіопіі на правах аўт. правінцыі. Палітыка жорсткай цэнтралізацыі, якую ажыццяўлялі ўлады Эфіопіі, справакавала ў 1961 узбр. сепаратысцкі рух на чале з Фронтам вызвалення Э. (ФВЭ). У 1962 аўтаномія Э. скасавана, і яна пераўтворана ў звычайную правінцыю Эфіопіі. Пасля таго як у канцы 1960-х г. у кіраўніцтве ФВЭ сталі панаваць прадстаўнікі кансерватыўных мусульм. колаў, у 1970 быў створаны Нар. фронт вызвалення Э. (НФВЭ), які стаяў на пазіцыях эрытрэйскага нацыяналізму, адзінства ўсіх эрытрэйцаў незалежна ад рэліг. прыналежнасці. Да 1980 НФВЭ разграміў атрады ФВЭ. Да пач. 1980-х г. узбр. атрады НФВЭ ператварыліся ў сапраўдную армію, якая нанесла шэраг паражэнняў рэгулярнай эфіопскай арміі. У 1989 яны авалодалі г. Масаўа, а ў маі 1991 — сталіцай Э. г. Асмэра. НФВЭ дапамог зброяй антыўрадавым арг-цыям, якія ў маі 1991 скінулі ў Эфіопіі ўрад Менгісту Хайле Марыяма. У крас. 1993 на рэферэндуме 99,8% эрытрэйцаў выказаліся за незалежнасць Э., якая абвешчана 24.5.1993. Прэзідэнтам Э. абраны лідэр НФВЭ І.​Афеворкі. У 1994 НФВЭ пераўтвораны ў Эрытрэйскі нар. фронт за дэмакратыю і справядлівасць, які з’яўляецца гал. кіруючай сілай эрытрэйскага грамадства і дзяржавы. У маі 1997 прынята канстытуцыя краіны, якая ўзаконіла дзярж. лад, засн. на моцнай прэзідэнцкай уладзе. У 1998 узніклі пагранічныя спрэчкі паміж Э. і Эфіопіяй з-за прыналежнасці шэрагу тэрыторый, якія перараслі ва ўзбр. канфлікт. Пасля першапачатковых поспехаў, эрытрэйскія войскі пацярпелі паражэнне ад эфіопскай арміі, якая заняла спрэчныя раёны. Вынікі канфлікту замацаваны мірным пагадненнем паміж Э. і Эфіопіяй у снеж. 2000. Э. — чл. ААН (з 1993) і Афр. саюза (з 2002). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.9.1998.

Гаспадарка. Э. — адна з найменш развітых у эканам. адносінах краін свету. 30-гадовая вайна, частыя засухі, палітыка эфіопскага рэжыму, накіраваная на канцэнтрацыю сродкаў і кваліфікаванай рабочай сілы ва ўнутр. раёнах Эфіопіі, прывялі гаспадарку краіны да заняпаду. У апошнія гады адбыўся рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) краіны за кошт грашовых паступленняў рабочых імігрантаў. У 2000 ВУП склаў 2,9 млрд. дол. (710 дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (50% ВУП і 70% экспартнай прадукцыі). Пад ворывам 12% тэр., пад пашай 49%. Асн. галіна — жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 2,2, коз — 1,7, авечак — 1,6, птушак — 1,3. Вярблюдагадоўля. Сельская гаспадарка Э. знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Малая колькасць ападкаў, эрозія глеб, нашэсці саранчы прыводзяць да перыядычных спадаў вытв-сці. Развіта арашальнае, у т. л. тэраснае земляробства. Амаль усе віды работ выконваюцца ручным спосабам. Вырошчваюць (тыс. т, 1998): сорга (2698), тэф (187,1), проса (518), ячмень (566), пшаніцу (229,5), сезам (45,2), кукурузу (289,9), сачавіцу, тытунь, бавоўнік, каву, агародніну. Садоўніцтва. Асн. раёны качавой і паўкачавой жывёлагадоўлі з ачагамі земляробства — Пн і У краіны, адгонна-пашавая і паўкачавая жывёлагадоўля з ачаговым земляробствам — на 3, вырошчванне збожжавых — у цэнтр. частцы. Рыбалоўства. Каля а-воў Дахлак — жамчужны промысел. У Э. больш за 1,2 тыс. невял. прадпрыемстваў і майстэрняў. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр. (з-д у г. Асэб магутнасцю да 800 тыс. т нафты за год), алейная, мукамольная, сыраробная, кансервавая (Асмэра, Масаўа, Кэрэн), тэкст. і гарбарна-абутковая (Асмэра), цэм. (Масаўа, Асмэра). Здабыча солі каля Кобар-Сінка і яе прамысл. апрацоўка ў Масаўа і Асэбе. Вытв-сць электраэнергіі 210 млн. кВт∙гадз (1999) на ЦЭС у Асэбе, Асмэры і Масаўа. Унутр. дарожная сістэма развіта слаба. Асн. грузаперавозкі вядуцца аўтамаб. транспартам. Даўж. аўтадарог 4010 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 874 км. Даўж. чыгунак 317 км (з 1978 непрыдатныя для эксплуатацыі). Марскія парты: Масаўа і Асэб (абслугоўвае знешні гандаль Эфіопіі). 3 аэрапорты, у т. л. міжнар. ў г. Асмэра. Экспарт (26 млн. дол., 1999) жывой жывёлы, сорга, тэкстылю, харч. прадуктаў; імпарт (560 млн. дол., 1999) машын і абсталявання, нафтапрадуктаў, спажывецкіх тавараў. Асн. партнёры: Эфіопія, Судан, Італія, Саудаўская Аравія. Грашовая адзінка — накфа.

Літ.:

Крылов А. Долгий путь к независимости // Азия и Африка сегодня 1993. №9.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Эрытрэі.

т. 18, кн. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБЫ

Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.

Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.

Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.

Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.

Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.

Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.

Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.

Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.

Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.

Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.

Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;

Туренков Н.И. Палево-подзолистые почвы Белоруссии. Мн., 1980;

Смеян Н.И. Почвы и структура посевных площадей. Мн., 1990;

Петровский Е.И., Горбылева А.И., Калько Б.А. Почвы Республики Беларусь. Горки, 1998;

Земля Беларуси: Справ. пособие. Мн., 2002;

Номенклатурный список почв Беларуси. Мн., 2003.

В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва.

т. 18, кн. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАУНА.

Паводле зоагеаграфічнага падзелу сучасная фауна Беларусі ўваходзіць у склад фауны Еўрапейска-Обскай падвобласці Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага царства. На тэр. Беларусі вылучаюць З шыротныя зоагеаграфічныя раёны: паўночны, або Азёрна-Дзвінскі; пераходны, або Нёманска-Бярэзінска-Сожскі; Палескі, які таксама падзяляюць на цэнтральны, заходні і ўсходні падраёны.

Паўночны раён ахоплівае Бел. Паазер’е, размешчанае ў паўн. частцы Віцебскай вобл. Паводле рэльефу, глебавых умоў і клімату ён рэзка адрозніваецца ад астатняй часткі Беларусі.

У пераходны раён, акрамя паўд. часткі Віцебскай вобл., уваходзяць Мінская, Магілёўская, усх. частка Гродзенскай і паўн. лясная частка Гомельскай вобл. Як і паўночны раён, ён цалкам знаходзіцца ў вобласці ялова-шыракалістых лясоў.

Палескі раён займае паўд.-зах. частку Гродзенскай, амаль усю Брэсцкую (акрамя Баранавіцкага р-на) і Гомельскую (акрамя паўн.-ўсх. часткі) вобласці. Ён размешчаны ў паласе еўрап. шыракалістых лясоў. Вегетацыйны перыяд значна даўжэйшы, чым у пераходным і паўн. раёнах.

Паводле паходжання фауна Беларусі мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розны час і ў розных цэнтрах; сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап. і еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў. Аб’ядноўвае 466 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл.

Млекакормячыя Беларусі належаць да 6 атрадаў, налічваюць 76 відаў. Парнакапытных 5 відаў, найбольш буйныя з іх зубр, лось, алень высакародны, дзік. Драпежных 15 відаў, найбольш буйныя з іх мядзведзь буры, воўк. Да драпежных належаць таксама барсук, выдра еўрапейская, гарнастай, куніцы каменная і лясная, ласка, ліс, норка еўрапейская, рысь еўрапейская, таксама акліматызаваныя ў 20 ст. норка амерыканская і янот-паласкун з Паўн. Амерыкі, усурыйскі янотападобны сабака. Зайцападобных 2 віды: зайцы бяляк і русак. Атрад грызуноў самы шматлікі — 26 відаў, з якіх самы буйны бабёр рачны, найбольш дробны мыш-малютка. Акрамя шматлікіх мышэй і палёвак, гэты атрад уключае 2 віды пацукоў, 4 віды сонь, вавёрку звычайную, рэліктаў стэпавых ландшафтаў — сусліка еўрапейскага і хамяка звычайнага, акліматызаваны паўн.-амерыканскі від — андатру. Атрад рукакрылых, або лятучых мышэй, аб’ядноўвае 17 відаў, большасць з якіх рэдкія. Найбольш старажытным лічыцца атрад насякомаедных, у якім 11 відаў: вожык белагруды, крот еўрапейскі, шэраг відаў землярыек — белазубак, буразубак і кутор.

Змены кліматычных і інш. умоў жыцця, уздзеянне чалавека, асабліва ў апошнія стагоддзі, прывялі да таго, што з пачатку 17 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў млекакормячых. Сярод іх 2 віды вымерлыя — тарпан лясны і тур. Перасталі трапляцца таксама алень паўночны, кот дзікі еўрапейскі, лань, пясец, расамаха, хахуля. Цалкам былі вынішчаны алень высакародны і зубр. Алень пазней быў рэінтрадукаваны, а папуляцыя зубра адноўлена з асобін, якія ўтрымліваліся ў няволі.

Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў з 19 атрадаў. З іх 227 гняздуюцца, 41 від залятае выпадкова, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. У пач. 19 ст. перастаў трапляцца стрэпет, выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла праз некалькі гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-х г. За апошнія 1,5—2 ст. з тэр. Беларусі зніклі каля 10 відаў птушак, а за апошнія 50 гадоў з’явіліся на гнездаванні 27 новых відаў, у т. л. раней зніклыя віды — баклан вялікі, гусь шэрая, лебедзь-шыпун, што сведчыць пра актыўныя працэсы фаунагенезу.

З амфібій на Беларусі жывуць 13 відаў: 2 — трытонаў і 11 відаў атрада бясхвостых — жабы, жарлянка, квакша, часночніца. Мяжу арэала, які праходзіць па тэр. Беларусі, маюць жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і рапуха чаротавая.

У фауне рэптылій 7 відаў: 1 від чарапах, 3 яшчарак і 3 змей. Чарапаха балотная жыве ў Беларусі на паўн. мяжы арэала.

У іхтыяфауне 61 від, з якіх 3 віды міног і 58 відаў рыб. Абарыгенная фауна прадстаўлена 15 сямействамі, 46 відамі; перасяленцы — 4 сямействы, 13 відаў заселены ў вадаёмы ў мэтах развядзення. На працягу 20 ст. зніклі мінога рачная і 9 відаў рыб: асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб і інш. За гэты перыяд акліматызаваны, інтрадукаваны і з’явіліся ў выніку інвазій 11 відаў: амур белы, бычкі (ганец, кругляк, пясочнік), ратан-галавешка, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты, чабачок амурскі.

Сярод беспазваночных Беларусі асабліва высокай відавой разнастайнасцю вылучаюцца насякомыя, якія складаюць не менш за 70% усіх відаў жывёл. З найбольш вывучаных груп насякомых на тэр. Беларусі вядомы 3238 відаў цвердакрылых (жукі), каля 1600 — лускакрылых (матылі), каля 800 — перапончатакрылых (восы, наезнікі, пчолы), каля 100 — паўцвердакрылых (клапы), 90 — раўнакрылых (стракозы), каля 200 — двухкрылых (камары, мухі), 58 — прамакрылых (конікі) і шэраг больш дробных атрадаў і сямействаў. З крывасмокаў, акрамя двухкрылых і клапоў, добра вывучаны блохі (28 відаў), вошы (больш за 10), камары (37), макрацы (28), мошкі (38), сляпні (33). З інш. членістаногіх даволі поўна вывучаны кляшчы (каля 600) і павукі (больш за 400 відаў).

У групе глебавых беспазваночных добра вывучаны чэрві дажджавыя (13 відаў), кляшчы панцырныя (больш за 270). Недастаткова вывучаны нематоды (200 відаў), некаторыя іншыя групы.

З водных беспазваночных найбольш вывучаны калаўроткі (398 відаў), ніжэйшыя ракі (каля 10), галінаставусыя ракападобныя (каля 100), весланогія ракападобныя (каля 70), бакаплавы (8), мізіды (1), ракавінныя ракападобныя (54), дзесяціногія ракі (3), вадзяныя жукі (больш за 240), вяснянкі (больш за 20), аўсянікі (каля 50), ручайнікі (больш за 120), вадзяныя клапы (каля 40), п’яўкі (15), малюскі (больш за 60).

Сярод эндапаразітаў найбольшую эпідэмічную небяспеку маюць гельмінты жывёл і чалавека (больш за 600 відаў паразітычных чарвей). Гельмінтафауна дзікіх жывёл налічвае больш за 520 відаў.

Да рэсурсных відаў жывёл з пазваночных адносяць 19 відаў млекакормячых, 30 відаў птушак, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), а з беспазваночных 2 віды (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны). Найбольшую каштоўнасць у якасці біялагічнага рэсурсу маюць буйныя паляўнічыя млекакормячыя: капытныя — лось, дзік, казуля, алень, патэнцыяльна зубр; драпежныя — воўк і шэраг відаў пушных звяроў; 2 віды зайцоў, андатра, бабёр. Да паляўнічай арнітафауны адносяцца масавыя віды вадаплаўных птушак, глушэц, цецярук; з рыб — група прамысловых, якія жывуць у прыродных вадаёмах (29 відаў).

Выкапнёвая фауна прадстаўлена аманітамі, белемнітамі, двухстворкавымі малюскамі, фарамініферамі і інш. марскімі і наземнымі арганізмамі. Найбольш старажытныя выкапнёвыя выяўлены ў кембрыйскіх адкладах — сляды жыццядзейнасці чарвей, беззамковых брахіяподаў. Ва ўтварэннях ардовіку, сілуру і дэвону — рэшткі строматапараідэй, каралаў, астракодаў, малюскаў, імшанак, брахіяподаў, ігласкурых, канадонтаў. У адкладах дэвону найбольш характэрны рэшткі бяссківічных і рыб; у адкладах карбону, юры, мелу, эацэну — фарамініферы; у пермі і трыясе — астракоды. У антрапагенавых адкладах трапляюцца ракавіны астракодаў, рэшткі шкілетаў насякомых і млекакормячых, многія з якіх з’яўляюцца непасрэднымі продкамі сучасных прадстаўнікоў тэрыяфауны. Сярод выкапнёвых млекакормячых сустракаюцца віды, вымерлыя на Зямлі (алень велікарогі, коні выкапнёвы, Стэнана і хазарскі, мамант, мамант хазарскі, мядзведзь пячорны, насарогі валасаты і этрускі, сланы паўднёвы і трагантэрыевы і інш.), а таксама віды, якія калісьці жылі на тэр. Беларусі, а зараз з’яўляюцца насельнікамі інш. рэгіёнаў (алень паўночны, аўцабык, дзікабраз, лемінгі, пясец і інш.).

Літ.:

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;

Рыбы. Мн., 1989;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999;

Звери. Мн., 2003.

М.​Я.​Нікіфараў.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 19 — ПАЧ. 20 ст.

Развіццё бел. выяўл. мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. адбывалася пад уплывам класіцызму і рамантызму. Найб. інтэнсіўна ў гэты час развіваліся жывапіс, скульптура і графіка. Сярод жывапісцаў — мастакі І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Ю.​Крачкоўскі, К.​Кукевіч, К.​Русецкі, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі. Большасць з іх працавалі адначасова ў некалькіх жанрах: гіст., быт., партрэтным, пейзажным, нацюрмортным.

У партрэтным жывапісе развіваліся 2 тэндэнцыі: адна была абумоўлена ўплывам традыцый Віленскай маст. школы, другая, пазнейшая, — рамантызмам і акадэмізмам Пецярбургскай АМ. Найб. буйнымі партрэтыстамі 1-й пал. 19 ст. былі І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, А.​Главацкі (больш вядомы і як тэатр. дэкаратар), С.​Заранка, К.​Карсалін, Ю.​Пешка (пісаў таксама гіст. творы), К.​Рыпінскі, Ф.​Тулаў, І.​Хруцкі (быў аўтарам і нацюрмортаў), А.​Шэмеш, П.​Ютэйка. Работам гэтых мастакоў уласціва пільная ўвага да ўнутр. свету партрэтуемых, імкненне адлюстраваць іх псіхалагічны стан, арганічную сувязь асобы з наваколлем. Гіст. жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна пад уздзеяннем класіцызму. Мастакі ў сваіх творах сцвярджалі ідэалы грамадзянскасці, патрыятызму, сац. вызвалення, адданага служэння радзіме: работы В.​Ваньковіча, Я.​Дамеля, Ю.​Пешкі, Я.​Сухадольскага. Для бытавога жанру гэтага перыяду характэрны зварот да паказу жыцця народа, яго сац. і нац. праблем, уключэнне ў кампазіцыі шматлікіх этнагр. дэталей. Абумоўлены ў значнай ступені тагачаснымі грамадска-паліт. працэсамі, бытавы жанр зазнаў іх крытычнае пераасэнсаванне. Важкі след у гэтым жанры пакінулі выхаванцы Віленскай маст. школы (Ц.​Бычкоўскі, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, К.​Русецкі) і Пецярбургскай АМ (Ф.​Гарэцкі). У жанры пейзажа працавалі не толькі пейзажысты. У творах В.​Ваньковіча, Я.​Дамеля, В.​Дмахоўскага характэрныя для пач. 19 ст. сузіральнасць і ідылічнасць з 1830-х г. пачынаюць саступаць рамантызаванай і дэмакратычнай трактоўцы прыроды, увазе да жыцця народа. Манументальна-дэкаратыўны жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна ў рэчышчы класіцызму, неаготыкі і неабарока, на яго таксама паўплывалі традыцыі рус. і заходнееўрап. маст. школ. Найб. значныя размалёўкі былі выкананы ў касцёле св. Тадэвуша ў в. Лучай Пастаўскага р-на, Варварынскай царкве ў г. Пінск, Троіцкім касцёле г.п. Ружаны, касцёле Ушэсця ў в. Будслаў Мядзельскага р-на (мастак А.​Антажэўскі), касцёлах в. Жупраны Ашмянскага р-на, в. Геранёны Іўеўскага р-на, г. Ліда. Мастацтва графікі пач. 19 ст. інтэнсіўна развівалася ў рэчышчы класіцызму, а з 1830-х г. — рамантызму. Паступова яно набывала рэалістычныя рысы, узбагачалася новымі тэмамі і сюжэтамі, асвойвала новыя віды. Разам з традыц. нар. лубком, кніжнай і станковай гравюрай, афортам і літаграфіяй з’яўляюцца гіст., бытавыя і пейзажныя накіды і замалёўкі, якія набываюць самастойнае маст. значэнне, адлюстроўваюць непасрэдныя ўражанні ад рэчаіснасці. Значны ўклад у развіццё графікі зрабілі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Ю.​Главацкі, Т.​Кіслінг, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, М.​Падалінскі. Вял. маст. спадчыну пакінуў Н.​Орда, аўтар графічных і акварэльных замалёвак гіст. помнікаў і мясцін Беларусі. Замалёўкі, накіды, станковыя графічныя творы стваралі жывапісцы В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, А.​Шэмеш. У станковай скульптуры дамінуючым стылем быў класіцызм (уплывы барока і ракако захоўваліся пераважна ў драўлянай культавай скульптуры). Яе прадстаўнікі (Я.​Астроўскі, Я. і К. Ельскія, К.​Кавалеўскі, Р.​Слізень) працавалі ў круглай скульптуры і дробнай пластыцы, рэльефе, партрэтным жанры, стваралі рэліг. кампазіцыі, скульпт. ўбранне палацаў і сядзіб.

У 2-й пал. 19 ст. працягваўся працэс дэмакратызацыі выяўл. мастацтва, узрасла роля рэалістычных прынцыпаў паказу рэчаіснасці. Бел. мастакі вучыліся ў рысавальнай школе ў Вільні, у маст. установах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы, Адэсы. Пашыраліся ўзаемасувязі бел. мастакоў з творчай інтэлігенцыяй Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, што ўзбагачала бел. выяўл. мастацтва новымі тэмамі, вобразамі. Вядучая роля ў станковым жывапісе належала гіст. жанру, у якім разам з рысамі рамантызму прысутнічала рэалістычная, акрэслівалася сац. праблематыка. Аўтары звярталіся да падзей далёкага мінулага Беларусі (К.​Альхімовіч, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў). У развіцці быт. жанру адбыліся істотныя змены, акрэсленыя грамадска-паліт. жыццём краю, што прывяло да ўсталявання ў творах жыццёва пераканаўчага, праўдзівага вобраза селяніна (К.​Альхімовіч, Д.​Баркоўскі, Ф.​Гарэцкі, У.​Дмахоўскі, Н.​Сілівановіч). Мастакі аддавалі перавагу аднафігурным кампазіцыям, шырока выкарыстоўвалі матывы пейзажу, этнагр. дакладнасць. У 2-й пал. 19 ст. пейзажны жанр пачаў набываць самаст. значэнне, стаў увасабленнем грамадскіх, дэмакр. ідэалаў. Пейзажысты імкнуліся паказаць прыгажосць роднай зямлі, знайсці паэзію ў звычайным, паўсядзённым (М.​Атрыганьеў, А.​Гараўскі, І.​Гараўскі). У партрэтным жывапісе павялічвалася цікавасць мастакоў да перадачы псіхалагічнага стану асобы, яе сац. прыналежнасці (А.​Гараўскі, А.​Ромер, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч). Манументальна-дэкар. жывапіс заставаўся гал. сродкам у фарміраванні інтэр’ераў культавых і свецкіх будынкаў. На змену колішняй ідэалагічнай абвостранасці прыйшлі дэкар. рашэнні. Мастакі часта звярталіся да выяўлення жывапіснымі сродкамі архітэктурных дэталей, ляпніны, працуючы ў тэхніцы грызайль (царква Раства Багародзіцы ў в. Дубай Пінскага р-на, касцёлы ў в. Мікелеўшчына Мастоўскага р-на, в. Вішнева Валожынскага р-на, Вялікія Эйсманты Бераставіцкага р-на, г. Ваўкавыск; усе 2-я пал. 19 ст.). Выконваліся таксама размалёўкі тэмперай у традыцыях позняга класіцызму (царква ў в. Руднікі Пружанскага р-на). Скульптура развівалася пад уплывам класіцызму і акадэмізму і мела пераважна прыкладны характар — творы для садоў, паркаў, культавых пабудоў. Побач з традыц. алегарычнымі, міфалагічнымі персанажамі ствараліся выявы сялян, гіст. асоб, дзеячаў культуры і мастацтва (К.​Барычэўскі, Г.​Дмахоўскі, А.​Ромер, А.​Скірмунт). Эмацыянальнай выразнасцю і непасрэднасцю адметныя многія творы культавай драўлянай пластыкі, якая абапіралася на традыцыі нар. мастацтва. У творчасці графікаў з сярэдзіны 19 ст. ўзмацніліся агульнаграмадскі кірунак і сац. вастрыня. Значную цікавасць майстры праяўлялі да фальклору, нар. культуры.

Для бел. культуры канца 19 — пач. 20 ст. характэрна імкненне да стварэння нац. маст. школы, да пошуку нац. своеасаблівасці ў мастацтве. Актывізацыя маст. жыцця вяла да стварэння таварыстваў аматараў прыгожых мастацтваў, арганізацыі выставак. У гарадах адкрываліся прыватныя маст. школы (школа Ю.​Пэна ў Віцебску, В.​Мааса ў Мінску, Ф.​Пархоменкі ў Магілёве). У выяўл. мастацтве вырасла цікавасць да сац. праблематыкі, творы набылі больш эмацыянальны і выразны характар, асаблівая ўвага аддавалася каларыту, лініі, сілуэту, колеравай гаме. У станковым жывапісе дамінуючымі жанрамі сталі пейзаж (В.​Бялыніцкі-Біруля, Г.​Вейсенгоф, С.​Жукоўскі, Ф.​Рушчыц, К.​Стаброўскі), бытавы жанр (Л.​Альпяровіч, Ю.​Пэн), партрэт (Л.​Альпяровіч, Р.​Баброўскі, Я.​Кругер, Ю.​Пэн). Амаль зусім знік гіст. жанр. Манументальна-дэкар. жывапіс развіваўся пад уплывам пошуку новых фармальных прыёмаў, засваення забытых тэхнік, стылістыкі мадэрна, звароту да традыцый візантыйскага і гатычнага мастацтва. Аднавілася цікавасць да мазаікі, вітража (мазаіка Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы, мемарыяльнай капліцы ў гонар 200-годдзя перамогі рус. войск каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на, мазаічнае маёлікавае пано на фасадзе будынка зямельнага банка ў Віцебску). Канец 19 — пач. 20 ст. стаў этапам у станаўленні тэатральна-дэкар. мастацтва. Узнікненне нац. тэатра, дзейнасць часовых антрэпрыз, аматарскіх і паўаматарскіх труп садзейнічалі ўдасканальванню тэатр. дэкарацый. Мастакі імкнуліся дакладна паказаць побыт бел. народа, асаблівую ўвагу звярталі на касцюм, этнагр. дакладнасць. У гэты перыяд асаблівага росквіту дасягнула графіка, якая вызначалася дэмакратычнасцю, пашырэннем сац. праблематыкі, імкненнем да стварэння нац. вобразаў. Яна прадстаўлена станковымі творамі, кніжнай ілюстрацыяй, сатыр. малюнкамі, плакатам (С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Драздовіч, К.​Каганец, А.​Каменскі). Развіццё скульптуры запаволілася, яна часта знаходзілася ўбаку ад тагачаснага грамадска-паліт. жыцця і набывала камернасць. У ёй адчувальны ўплыў імпрэсіянізму і мадэрна (В.​Бубноўскі, Г.​Вейсенгоф, К.​Змігродскі, М.​Міхалап, Я.​Тышынскі). Скульптары звярталіся пераважна да партрэта і анімалістычнага жанру.

І.​Хруцкі. Бітая дзічына, гародніна, грыбы. 1854.
Я.​Астроўскі. Ю.​Нямцэвіч. 1850-я г.

т. 18, кн. 2, с. 653

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш.).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.​Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней увайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.​У.​Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.​Ліндэ, Л.​Галамбёўскага, А.​Дамбоўскага, А.​Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.​Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав.). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.​У.​Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.​І.​Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Да арт. Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.
Да арт. Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.​Баплана. Каля 1654.
Да арт. Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.
Да арт. Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.
Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.
Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».
Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАНЕ́ЗІЯ (Indonesia), Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2 тыс. км, з З на У больш за 5 тыс. км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс. км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн. км². Нас. 206,6 млн. чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г. Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.

Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах. ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб. выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр. ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд. т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд. т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2 тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.

Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн. чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², ​2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.

Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э. вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст. у вял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб. культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст. еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). У час 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У вер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген. Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б. партуг. калонію. У 1970-я г. ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. У пач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.​Ю.​Хабібі.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.

Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн. т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд. м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс. т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (​3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд. кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн. кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн. т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс. т, у т. л. фосфарных 437 тыс. т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс. т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн. га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн. т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс. т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс. т), какавы (260 тыс. т), чаю (174 тыс. т), арахісу (1080 тыс. т), тытуню (85 тыс. т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс. т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс. км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс. км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд. дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд. дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс. дол. ЗША (1996). У дзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн. чал., каля 4 млрд. дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс. чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс. чал. Сухап. войскі налічваюць 214 тыс. чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. У ВПС 20 тыс. чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. У ВМС 40,5 тыс. чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг. навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць у пач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш. У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн. навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш. ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) у г. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал. ін-т (з 1920) у г. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал. ін-т (з 1960) у г. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез. ін-т навук. даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац. ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац. біял. ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, у н.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ. даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук. даследаванняў).

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр. інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.

Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст. інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-ра гіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц. літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.​Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.​Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.​Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.​Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.​Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.​Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.​Т.​Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.​Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.​Т.​Сантані, У.​Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.​Любіс, С.​Сітумаранг, П.​А.​Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.​Х.​Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.​С.​Рэндры. У 1970—80-я г. вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.​Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.​Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст. культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2 ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач. жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар. дэкар.-прыкладное мастацтва.

Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез. батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.

Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.​Семеджыеў, інж. Л.​Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.​Манізер, паводле праекта І.​Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.​Б.​Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант. нац. пейзаж (С.​С.​Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац. рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.​Суджаёнка, А.​Джая, К.​Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.​Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.​Хендра) і графіка (У.​Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.​Г.​Сабрат, І.​Б.​Мадэ). У 1950 створана інданез. АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г. у выяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.

Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз.-танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.​Сінсу, К.​Сіманджутак, І.​Марзукі, Р.​Супратман; выканаўцы: Д.​Кусуманінграт, П.​С.​Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед. ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.

Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц. тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап. т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.​Т.​Сантані, А.​Ханіфаха, А.​Махамада, С.​Пане і інш.), а таксама п’есы Г.​Ібсена, А.​Чэхава, М.​Гогаля і інш. У 1950-я г. пачалі працаваць Нац. тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.

Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.​Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.​Балінка. У час яп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.​Пербатасары, «Мае мары» С.​Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.​Сукардзі, «Туранг» Б.​Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.​Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.​Умбаха і інш. У 1960-я г. створана Нац. арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г. інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.​Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.​Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.​Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.​Дэві, Р.​Мелаці, Ф.​Афера, Ф.​Арыяні, Сукарна М.​Нур, М.​Карміла, Б.​Херманта і інш. У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.

Літ.:

Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;

Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;

Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;

Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;

Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;

Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;

Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;

Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;

Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;

Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;

Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;

Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;

Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), С.​В.​Логіш (літаратура); Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Інданезіі.
Да арт. Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.
Да арт. Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.
Да арт. Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.
Да арт. Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.
Да арт. Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.
Да арт. Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.
Да арт. Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.
Да арт. Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.
Да арт. Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.
Да арт. Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.

т. 7, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙЛА́НД, Каралеўства Тайланд (на мове таі Пратэт-Таі),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індакітай і паўн. ч. п-ва Малака. Мяжуе на ПнЗ М’янмай, на ПнУ і У з Лаосам, на ПдУ з Камбоджай, на Пд з Малайзіяй; абмываецца Андаманскім м. і Сіямскім зал, Паўд.-Кіт. мора. Пл. 514 тыс. км². Нас. 61,2 млн. чал. (2000). Дзярж. мова — таі (тайская, сіямская); выкарыстоўваюцца англ. і кіт. мовы. Дзярж. рэлігія — будызм. Сталіца — г. Бангкок. Падзяляецца на 76 чангватаў (правінцый). Нац. свята — Дзень нараджэння караля (5 снеж.).

Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Пры каралю маецца Тайны савет. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатная Нац. асамблея, якая складаецца з палаты прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і сената (200 дэпутатаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога зацвярджае кароль па прадстаўленні Нац. асамблеі. Як правіла, урад фарміруецца на аснове шматпартыйнай кааліцыі, што мае большасць у парламенце.

Прырода. Больш за палавіну тэр. Т. займаюць нізінныя раўніны, у т. л. Менамская нізіна. У паўд., звужанай ч. Т. — раўніны з астраўнымі гарамі і кражамі. На У плато Карат. На Пн і З горы Кхунтхан, Танентаўнджы. і інш. Найб. выш. 2576 м (г. Інтханон). Карысныя выкапні: алавяныя, вальфрамавыя, свінцовыя, цынкавыя, магніевыя, жал. руды, нафта, прыродны газ, буры вугаль, калійныя солі, каштоўныя камяні. Клімат трапічны мусонны. Сярэднія т-ры на раўнінах 22—29 °C, на п-ве Малака 27—29 °C, у гарах на Пн зімой да 10—15 °C. Ападкаў ад 1000—2000 мм на раўнінах да 5000 мм у гарах за год; сухі сезон з ліст. да красавіка. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя, бываюць паводкі. Гал. рэкі Менам-Чао-Прая і Меконг (на мяжы з Лаосам). Пад лесам каля 26% тэр. Пераважаюць лістападныя трапічныя лясы, у больш вільготных раёнах — вечназялёныя трапічныя лясы, на плато Карат — саванны, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. У складзе жывёльнага свету слон, насарог, тыгр, тапір, малпы (гібоны, макакі), дзікія быкі і інш., шмат паўзуноў. Нац. паркі Тхунгсалэнглуанг (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Кхаўяй і інш.; запаведнікі.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва складаюць тайскія народы — тайцы (75%) і лао (5%), жывуць таксама кітайцы (14%), малайцы, тын, мео, яо і інш. плямёны і народнасці. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (95%), ёсць мусульмане (3,8%), хрысціяне (0,5%) і інш. Горныя народы (карэны, семангі і інш.) — анімісты. З сярэдзіны 1980-х г. у Т. жыве каля 380 тыс. бежанцаў з Камбоджы, М’янмы, В’етнама і Лаоса. Сярэднегадавы прырост 0,93%. Сярэдняя шчыльн. 119 чал. на 1 км. Насельніцтва сканцэнтравана ў дэльце р. Менам-Чао-Прая (пераважна ў Бангкоку), уздоўж рэк і па зах. узбярэжжы, дзе размешчаны волаваздабыўныя прадпрыемствы. У гарадах жыве 24% насельніцтва (1998). Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Бангкок (7200), Тханбуры (261,3), Чыянгмай (170,4). У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%; у абслуговых галінах — 31%.

Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Першыя дзярж. ўтварэнні ўзніклі ў 4—8 ст. у плямён мон-кхмераў. З канца 1-га тыс. н.э. пачалася міграцыя на тэр. Т. з Паўд. Кітая тайскіх плямён, якія да 11—12 ст. сталі Тут найбуйнейшым этнасам і стварылі некалькі княстваў, што былі ў васальнай залежнасці ад кхмераў. У 1238 тайскія княствы нанеслі паражэнне кхмерам і аб’ядналіся ў дзяржаву Сукатаі. У 14 ст. Сукатаі распалася і пачалося ўзвышэнне дзяржавы Сіям (Аютыя). У 15—17 ст. у выніку войнаў з суседзямі Сіям павялічыў сваю тэрыторыю і да канца 18 ст. стаў найбуйнейшай дзяржавай Індакітая, якая побач з уласна тайскімі землямі ўключала ч. тэр. Лаоса і Камбоджы. З 16 ст. Т. — аб’ект калан. экспансіі еўрапейцаў, асабліва французаў. У 1688 нар. рух прывёў да выгнання еўрапейцаў і «закрыцця» для іх краіны. У 1782 да ўлады прыйшла дынастыя Чакры, прадстаўнікі якой і сёння кіруюць Т. У 19 ст. Сіям стаў «буферам» паміж калан. ўладаннямі Вялікабрытаніі і Францыі, якія навязвалі яму нераўнапраўныя дагаворы. Але Сіям захаваў незалежнасць дзякуючы палітыцы караля Чулалангкорна [Рамы V, 1868—1910], які мадэрнізаваў краіну на еўрап. ўзор і выкарыстоўваў супярэчнасці паміж калан. дзяржавамі. У 1904—36 Сіям дамогся скасавання нераўнапраўных дагавораў.

У выніку дзярж. перавароту 24.6.1932 у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, у 1939 перайменавана ў Т. У снеж. 1941 на тэр. Т. ўвайшлі яп. войскі, і ён уступіў у 2-ю сусв. вайну на баку Японіі і Германіі. Уздым вызв. руху ў 1944 прывёў да змены ўрада Т. і пераходу яго на бок саюзных дзяржаў. У 1946 каралём Т. стаў Пуміпон Адумядэт (Рама IX), з імем якога звязаны пасляваен. пераўтварэнні. Да сярэдзіны 1970-х г. у знешняй палітыцы Т. арыентаваўся на ЗША; далучыўся да ваен. блока СЕАТО, удзельнічаў у агрэсіі ЗША у Індакітаі, дазволіўшы ім размясціць ваен. базы на сваёй тэрыторыі. У 1976 Т. дамогся вываду амер. ваен. баз, у 1977 выйшаў з СЕАТО. Выкарыстоўваючы значны прыток інвестыцый з ЗША, улады Т. ў 1950—70-я г. ажыццяўлялі палітыку індустрыялізацыі пры моцным дзярж. кантролі. У 1980—90-я г. праведзены структурныя рэформы: лібералізацыя эканомікі, прыярытэтнае развіццё дробнай і сярэдняй прам-сці, інтэнсіфікацыя агр. вытв-сці, пераарыентацыя краіны на экспартную вытв-сць, што прывяло да паскарэння эканам. развіцця і ўваходжання Т. ў кола новых індустр. краін. Паліт. развіццё краіны да 1970-х г. характарызавалася частымі ваен. пераваротамі, рэальная ўлада была ў руках ваенных. З 1980-х г. у Т. дзейнічае грамадз. рэжым, адбываецца фарміраванне дэмакр. інстытутаў. Т. — член ААН (з 1946), АСЕАН (з 1967), Руху недалучэння (з 1993). У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя новай надзеі, Дэмакр. партыя, Нац. партыя і інш. Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1992.

Гаспадарка. Т. — аграрная краіна з прам-сцю, якая інтэнсіўна развіваецца. Рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у апошняе дзесяцігоддзе перавышае рост колькасці насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. (каля 6,1 тыс. дол. ЗША, 1998) адносна высокі для рэгіёна Паўд.-Усх. Азіі. Доля ў ВУП сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам 11,3%, прам-сці 38%, сферы паслуг 50,7%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 21,5 млн. га, у т. л. пад ворнымі землямі 17,4 млн. га (каля 20% арашаецца). Пераважаюць невял. сялянскія гаспадаркі на арандаванай памешчыцкай зямлі. Гал. харч. і экспартная культура — рыс. У перадгорных раёнах і на цэнтр. раўніне сеюць кукурузу, сою, сорга. На экспарт вырошчваюць касаву, каўчуканосы, цукр. трыснёг, джут, тапіёку, кенаф, тытунь, бананы, ананасы, арахіс, каву, чай. Вял. плошчы пад пасевамі бавоўніку. Агародніцтва. Кветкаводства. Гал. раён трапічнага земляробства — п-аў Малака. Збор (млн. т, 1999): рысу 23,5, кукурузы 4,5; кавы 75 тыс. т, пальмавых ядраў 62 тыс. т, натуральнага каўчуку 2 млн. т. Нарыхтоўка дзелавой драўніны скарачаецца (24 тыс. м³). Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу 5,7, буйвалаў 3,5, свіней 7,2, курэй 172. Вытв-сць мяса птушкі (538 тыс. т) і свініны вядзецца на прамысл. узроўні. Асн. крыніца бялку для тайландцаў — рыба. З 1960-х г. (пач. траўлернага лову рыбы — 0,4 млн. т) рэзка павялічыўся ўлоў рыбы і інш. морапрадуктаў (3,5 млн. т, 1999). Сярод галін прамысловасці найб. развіты горназдабыўная і лёгкая. У Т. здабываюць 39 відаў карысных выкапняў, з якіх 17 экспартуецца. Здабыча і вытв-сць (тыс. т, 1998): волава 15 і алавянага канцэнтрату 2, руд цынкавай 195,1, свінцовай 15,3, магніевай 0,1, жал. 90,7, вальфрамавых 0,1. Т. — адзін з найб. у свеце пастаўшчыкоў волава. Здабыча алавянай руды на в-ве Пхукет і шэльфе Андаманскага м., свінцова-цынкавых — у цэнтры і на З краіны, прыроднага газу (621 млн. м³) на шэльфе Сіямскага зал., нафты (1,7 млн. т) на Пн Менамскай нізіны. бурага вугалю (17 млн. т) каля г. Лампанг. Вытв-сць электраэнергіі 85 млрд. кВт∙гадз (1999), на ЦЭС (91%), якія працуюць на прывазной нафце і ўласным бурым вугалі, і ГЭС (9%). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць невял. прадпрыемствы лёгкай прам-сці, сканцэнтраваныя ў Бангкоку і яго прыгарадах, Чыянгмаі, Накхонратчасіме і інш. Вытв-сць баваўняных і шаўковых тканін, адзення, абутку, джутавых мяшкоў і інш. Хуткімі тэмпамі развіваецца эл.-тэхн. і маш.-буд. прам-сць. Пераважна на экспарт вядзецца зборка камп’ютэраў і частак да іх, інтэгральных схем, эл. трансфарматараў, легкавых (126 тыс. шт.) і грузавых (325 тыс. шт.) аўтамабіляў, матацыклаў; суднарамонт. Развіта хім., нафтахім. і фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць натуральнага каўчуку, сінт. валакна (97,4 тыс. т), нафтапрадуктаў у Бангкоку, Накхонсітхамараце, Сірачы і інш. Харч. і харчасмакавая (рысаачышчальная, цукр., алейная, кансервавая, рыбная, піваварная, тытунёвая), лясная, дрэваапр. і папяровая прам-сць. Вытв-сць цукру — 3,9 млн. т, какосавага алею — 320 тыс. т, піва — каля 400 млн. л, паперы — 2,7 млн. т. Выраб цэменту (22,7 млн. т), керамікі, шкла. Бангкок — адзін з найб. у свеце цэнтраў па апрацоўцы самацветаў (сапфіры, ізумруды, гранаты і інш.). Маст. рамёствы (разьба па серабры і дрэве). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгунак 3940 км, аўтадарог 64,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 63 тыс. км. У краіне 1,6 млн. легкавых аўтамабіляў, 4,2 млн. грузавых і аўтобусаў. У знешніх сувязях вял. роля марскога транспарту. Гал. парты: Бангкок, Сатахіп, Сірача, Пхукет. У краіне 25 аэрапортаў. У 1999 экспарт склаў 58,5 млрд. дол., імпарт — 45 млрд. долараў. Т. экспартуе камп’ютэры і камплектуючыя часткі, тэкстыль, руды волава і інш. металаў, каштоўныя камяні, каўчук, рыс, кансерваваныя морапрадукты; імпартуе машыны і абсталяванне, паліва, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: ЗША (22% экспарту, 14% імпарту), Японія (14% і 24%), Сінгапур (9% і 5%), Малайзія (3% і 5%), Германія, Кітай, Нідэрланды і інш. Т. — краіна развітога міжнар. турызму (штогадовы даход 7 млрд. дол.). Грашовая адзінка — бат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Вярх. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт.

Камплектаванне па прызыве. Тэрмін службы 2 гады. У рэгулярных узбр. сілах 306 тыс. чал., у ваенізаваных фарміраваннях 104 тыс. чал., у т. л. сілы самаабароны — 50 тыс. чал., патрульная пагран. паліцыя — 40 тыс. чал., марская паліцыя — 2,5 тыс. чал. (2002). У сухап. войсках 190 тыс. чал., каля 800 танкаў, больш за 800 бронетранспарцёраў, 560 буксіравальных гармат, больш за 330 гармат зенітнай артылерыі, а таксама 77 самалётаў, 184 верталёты і інш. У ВПС 48 тыс. чал., больш за 150 самалётаў. У ВМС каля 70 тыс. чал., у т. л. 18 тыс. у марской пяхоце, 1,7 тыс. ў марской авіяцыі, 20 баявых караблёў, у т. л. 1 лёгкі авіяносец, 11 фрэгатаў, 8 карветаў і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Т. выяўлены помнікі маст. культуры неаліту і бронз. веку (кераміка з пахаванняў, наскальныя размалёўкі). У 1—6 ст. н.э. развівалася монскае і кхмерскае мастацтва (храмы ў Лампхуне і Чыянгмаі, статуі Буды), якое стала асновай тайскай маст. культуры. З 13 ст. пад уплывамі будызму пачалося фарміраванне нац. мастацтва Т. У перыяд дзяржавы Сукатаі (з 13 ст.) склаўся тып тайскага храмавага комплексу (ват), які спалучаў свяцілішча пранг (пра-пранг) з вежападобнай закругленай вяршыняй і ступай тыпу чэдзі (пра-чэдзі) са звонападобным пакрыццём і шпілем з храмамі-веханамі (ваты Чанг Лом у Саванкхалоку, 13 ст.; Махатат у Сукатаі, 1345). Скульптура прадстаўлена шматлікімі статуямі Буды (манум. сядзячыя каменныя фігуры; бронз. выявы Буды, які ідзе, адметныя асаблівай вытанчанасцю ліній). Паставы статуй (саны) і становішчы іх рук (мудры) строга кананічныя і абазначаюць пэўныя эпізоды з жыцця Буды Гаўтамы; твары з мясц. этнічнымі рысамі. Фрагменты жывапісу сведчаць пра сувязі з М’янмай. У перыяд росквіту Сіямскай дзяржавы (14—19 ст.) традыцыі Сукатаі набылі развіццё. З 14 ст. складваліся асн. прынцыпы горадабудаўніцтва Т. Гарады (Аютхая, Бангкок) мелі прамавугольную планіроўку, абносілі цаглянымі сценамі з лістападобнымі зубцамі. У іх цэнтры размяшчалі грандыёзныя палацы ці складаныя па формах вял. храмавыя комплексы, багата аздобленыя разьбой, шматколернай мазаікай і размалёўкамі. У храмах ставілі шматлікія статуі Буды, будынкі апяразвалі дынамічныя фрызы з выявамі малпаў, дэманаў, птушак, птушкалюдзей (кінар). Характэрныя шмат’ярусныя і шматсхільныя дахі, аркі і скляпенні якіх рабілі з дрэва. Маляўнічасць пабудовам надавалі лакавая афарбоўка з пазалотай, чырвоная і зялёная паліваная дахоўка (летні палац сіямскага караля ў г. Сукатаі, 1630). У Бангкоку захавалася. некалькі дзесяткаў ватаў з групамі храмаў-ботаў, веханаў, чэдзі, прангаў і інш. пабудоў, абкружаных галерэямі са статуй Буды (ват Сутат, пач. 19 ст.; Бенчамабапіт, «Мармуровы храм», 1900). З 14 ст. вядомы насценны жывапіс тэмперай — размалёўкі на тэмы жыцця Буды ў храмах Аютхаі (15 ст.), сцэны з «Тасачаты» і «Рамаяны» ў храмах Бангкока (18—19 ст.). З канца 19 ст. ў свецкай гар. архітэктуры з’явіліся рысы еўрап. эклектызму (атэлі, фірмы, банкі, шматпавярховыя жылыя дамы). Нар. жыллё захавала традыц. формы: прамавугольныя ў плане дамы на каркаснай аснове, 4-схільныя дахі, драўляныя будынкі на высокіх падмурках; каля рэк і каналаў — жытлы на палях. Пашырыўся жывапіс тэмперай на драўляных дошках, акварэльная мініяцюра ў рукапісных кнігах. У дэкар. мастацтве высокага ўзроўню дасягнуў лакавы жывапіс, якім аздаблялі калоны, панэлі сцен, ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, драўляныя статуі, кніжныя пераплёты і інш. Са скуры буйвалаў рабілі плоскія сілуэтна-праразныя фігуры для тэатра ценяў «нанг». Развіваліся разьба па дрэве. чаканка па серабры. Усе элементы аздобы (фігуры, птушкі і інш.) упляталіся ў вытанчаны тайскі арнамент. З 2-й пал. 20 ст. вядзецца буд-ва на зах.-еўрап. і амер. ўзор. У выяўл. мастацтве вядуцца мадэрнісцкія пошукі сучаснай маст. формы. Традыцыі еўрап. рэалізму звязаны з нац. тайскай тэматыкай (Фуа Харабітак. Таві Нандакван, скульпт. Х’ен Йімсары, графік Маніта Пу Ары). У дэкар.-прыкладным мастацтве асн. месца займаюць лакавы жывапіс, вырабы са скуры буйвала, разьба па дрэве, чаканка. ткацтва, цісненне. Гіст. гарады Аютхая і Сукатаі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Музыка Т. з’яўляецца састаўной часткай муз. традыцыі народаў Паўд.-Усх. Азіі. Для яе характэрна адсутнасць паўтонаў, муз. творы звычайна маюць просты рытм (з невял. варыяцыямі), выконваюцца пераважна ў хуткім тэмпе, з імправізацыяй асн. мелодыі. Характэрны ўплывы інд. (з пач. н.э.), кіт. (з 17 ст.), еўрап. (з 16 ст.) муз. традыцый. У інструментарыі струнныя ку сау сам сам (са шкарлупін какосавага арэха з грыфам са слановай косці і 3 шаўковымі струнамі), цьакау (падобны на вял. гітару). З канца 19 ст. выкарыстоўваюцца еўрап. муз. інструменты. Пераважае вак. музыка, непарыўная з паэт. творчасцю, звязаная са спецыфікай інстр. суправаджэння. Да архаічных узораў адносяцца песні-загадкі (выконваюцца антыфонна). Сярод інш. песень: песні магічных рытуалаў (лакхон джатры), цырыманіяльныя (13—18 ст.), эпічныя (фонг сы і сепха), песні-спаборніцтвы (кіоу кау, выконваюцца антыфонна). Музыка — важная частка тэатралізаваных прадстаўленняў (13—18 ст.), у межах якіх сфарміраваліся вак., інстр. і танц. стылі. Класічныя жанры вак. творчасці абапіраліся на літ. традыцыю, выкарыстоўваліся ў культавай практыцы, прыдворным муз. мастацтве, у 17—19 ст. сярод гар. знаці. На мяжы 19—20 ст. сфарміраваўся гар. тэатр папулярнага тыпу (пазней т. зв. ліке), які ў 1920—30-я г. выцесніў інш. віды тэатр. прадстаўленняў. З канца 1940-х г. пачаўся ўздым муз. творчасці пад уздзеяннем зах.-еўрап. мастацтва. На развіццё муз. мастацтва 20 ст. паўплывалі кампазітары Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, выканаўцы Тыява Канглайтонг, Чэмчой Дур’ябханда, музыказнаўцы Кром Сінлапакон, Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, Пхрая Ануманрачанхон. У Т. дзейнічаюць Нац. т-р Сінпакорн. Пры дэпартаменце прыгожых мастацтваў ансамблі тыпу піпхат, жаночы хор, аркестр сімф. тыпу. Нац. танц. ансамбль і інш. З 1976 праводзіцца міжнар. фестываль музыкі і танца Азіі (Бангкок).

Літ.:

Ребрикова Н.В. Очерки новейшей истории Таиланда (1918—1959). М., 1960: Яе ж. Очерки новой истории Таиланда (1768—1917). М., 1966;

Берзин Э.О. История Таиланда: (Краткий очерк). М., 1973;

Кочетков Л.В. Таиланд. М., 1973.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва. гаспадарка). Я.​Г.​Колб (гісторыя). Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Тайланда.
Да арт. Тайланд. Панарама Бангкока.
Да арт. Тайланд. Рысавыя палі.
Тайланд. Статуя Буды з Сукатаі.
Тайланд. Летні каралеўскі палац у Сукатаі.
Тайланд. Будыйскія ступы ў Аютхаі.
Тайланд. Храм ват Сры Савай у Сукатаі.

т. 15, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБНЫЯ ЎСТАНОВЫ

Клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) нар. творчасці (нар. мастацтва, фальклору), рамёстваў, нац. культур і інш. ствараюцца з мэтай ажыццяўлення асв., выхаваўчых і забаўляльных функцый праз стварэнне спрыяльных умоў для заняткаў нар. і маст. творчасцю, задавальнення пазнавальных патрэб, самаадукацыі, духоўнага і фіз. развіцця, міжасобасных адносін і адпачынку. Дзярж. клубныя ўстановы даступныя для наведвання іх рознымі групамі насельніцтва. Іх дзейнасць грунтуецца на добраахвотнасці, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, на спалучэнні індывід. і групавой работы, кіравання і самакіравання. Віды клубных устаноў, іх прававое становішча і парадак дзейнасці вызначаюцца Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь.

У 1913 на Беларусі было 237 клубаў і нар. дамоў. Ствараліся яны органамі самакіравання, земствамі, грамадскімі і каап. арганізацыямі і былі пераважна месцам правядзення вольнага часу. Шырокае развіццё клубныя ўстановы як новыя культ. і грамадска-паліт. цэнтры атрымалі ў гады сав. улады. З 1918 яны сталі самай распаўсюджанай формай арганізацыі нац. культ.-асветнай работы. Пры іх працавалі літ., муз., драм., харавыя і інш. творчыя гурткі, праводзіліся лекцыі, ствараліся курсы ліквідацыі непісьменнасці. Але асноўнай была выхаваўчая дзейнасць (палітасветгурткі, мітынгі, даклады на паліт. тэмы, вечары пытанняў і адказаў «па бягучаму моманту» і інш.). Паўсюдна ствараліся рабочыя, парт., паліт. клубы. У ліку першых у 1918 створаны культ.-асветны клуб «Беларуская хатка» ў Петраградзе (яго называлі таксама Бел. Пралеткультам і Бел. нар. домам). Ён арганізаваны Бел. аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці і ставіў за мэту падрыхтоўку кадраў культработнікаў, урачоў, аграномаў, будаўнікоў, лесаводаў, якія стаялі на платформе сав. улады, па адраджэнні эканам., гасп. і культ.-прававога жыцця на Беларусі. У 1920 у Петраградзе адкрыты Бел. дом асветы, пры якім працавалі драм. і фотакінагурткі, масавая, кааператыўная, бібліятэчная і юнацкая камісіі, мелася канцэртная зала на 400 месцаў.

У 1920-я г. ў БССР паўсюдна арганізоўваліся нар. дамы, клубы, хаты-чытальні, якія спрыялі развіццю бел. культуры і асветы, вывучэнню гісторыі роднага краю. Пры іх дзейнічалі шматлікія гурткі — бел. культуры, гісторыі, этнаграфіі, мовы, пункты па ліквідацыі непісьменнасці, бібліятэкі, паліткурсы і інш. Дзейнічалі таксама яўр., рус., польскія, латышскія нар. дамы, хаты-чытальні, клубы і да т.п. Напр., у Мінску адкрыта першая на Беларусі татарская хата-чытальня, пры якой працавалі 2 гурткі, бібліятэка; дзейнічалі яўр. драм. студыя і яўр. дзярж. хор; пачалі сваю дзейнасць «Ансамбль рускай драмы БССР» у Бабруйску (у 1932 пераўтвораны ў Дзярж. рус. драм. тэатр) і польскі дзярж. вандроўны тэатр з асн. базай знаходжання ў Мінску; дзейнічалі оперныя і драм. рускамоўныя трупы, некалькі студый на мовах нац. меншасцей.

У 1925 у БССР дзейнічала больш за 300 клубаў і раённых дамоў культуры, 587 хат-чытальняў (на кожны сельскі Савет у сярэднім прыпадала адна хата-чытальня). У 1927 колькасць клубаў павялічылася да 727, Пры многіх з іх працавалі культ.-асветныя, с -г і абаронныя гурткі, маст. самадзейнасць. У 1937 у БССР працавалі 1930 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. 1053 драматычныя, 33 струнныя і духавыя, 376 харавых; яны аб’ядноўвалі 27 960 чал. Для аказання метадычнай дапамогі гурткам маст. самадзейнасці ў 1937 створаны рэсп. Дом нар. творчасці. Калі ў 1922 (у межах БССР да 17.9.1939) дзейнічала 314 клубных устаноў, то ў 1940 іх колькасць дасягнула 3919.

У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. па ініцыятыве Т-ва бел. школы ствараліся гурткі, бібліятэкі-чытальні, нар. дамы, вялася маст. самадзейнасць. У 1928 дзейнічала 430 такіх гурткоў, якія аб’ядноўвалі 14—15 тыс. чал. У 1933 з’явіліся гурткі і 33 бібліятэкі-чытальні, арганізаваныя Т-вам бел. асветы, якое ставіла задачу пашырэння школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове. Пасля ўз’яднання з БССР тут адкрываліся новыя клубы, хаты-чытальні і бібліятэкі. На прадпрыемствах, у гарадах і вёсках узніклі шматлікія драм. і муз. гурткі, хары, аркестры; у абл. і раённых цэнтрах праводзіліся агляды і алімпіяды маст. самадзейнасці.

Пасля Вял. Айч. вайны сетка культ.-асв. устаноў аднаўлялася як за кошт дзяржавы, так і з дапамогай сродкаў насельніцтва. У 1948 на Беларусі налічвалася 168 раённых дамоў культуры, 389 калгасных клубаў, 171 сельскі дом культуры, 2478 хат-чытальняў (многія з іх не мелі сваіх памяшканняў і размяшчаліся ў прыватных будынках, пры сельскіх Саветах). У сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі дзейнічала больш за 3,5 тыс. калектываў маст. самадзейнасці, якія ахоплівалі 80 тыс. чалавек. З 1945 рэгулярна праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З 1950 па 1980 колькасць устаноў клубнага тыпу павялічылася з 4473 да 6311, у т. л. ў гарадах — з 313 да 855, у сельскай мясцовасці — з 4160 да 5455. У 1990 у Беларусі функцыянавала 6030 устаноў клубнага тыпу, у т. л. 883 у гарадах і 5147 — у сельскай мясцовасці. З іх 5030 (83,4%) клубных устаноў уваходзілі ў сістэму Мін-ва культуры, 773 (12,8%) — былі ў падпарадкаванні прафс. арг-цый, 139 (2,3%) — с.-г. арг-цый і 88 (1,5%) — арг-цый інш. органаў кіравання. У 2003 у параўнанні з 1990 колькасць устаноў клубнага тыпу скарацілася на 29,8% і склала 4234 (гл. табл. 1). Большая іх частка (86,2%) знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Гэта ў асноўным клубы, сельскія дамы культуры, цэнтралізаваныя клубныя сістэмы, якія займаюць трывалае месца ў сваім тэр. асяродку, маюць пэўны арганізац.-творчы патэнцыял і разнастайны набор культ. паслуг для насельніцтва. Найбольшую дынаміку працэс скарачэння ўстаноў клубнага тыпу набыў у Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях. Большасць ліквідаваных структур (1659) складаюць клубы, што мелі ніжэйшую за 4-ю групу па аплаце працы работнікаў культуры. Сродкі, сэканомленыя на ўтрыманні нерэнтабельных клубаў, дзейнасць якіх не адпавядала патрабаванням часу па розных крытэрыях, выкарыстоўваюцца на падтрымку больш стабільных устаноў культуры.

Гал. кірунак і змест работы клубных устаноў — зберажэнне і развіццё традыцый нар. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш. Ідзе актыўны пошук новых мадэлей сучаснага клуба, тыпаў мона- і шматпрофільных устаноў культуры і вольнага часу, а таксама новых падыходаў да арганізацыі іх дзейнасці. Амаль паўсюдна ствараюцца цэнтры нар. творчасці, фальклору і нац. культуры; павялічваецца колькасць дамоў рамёстваў і традыц. відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цэнтраў культуры і вольнага часу. Толькі ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь у 2003 дзейнічала 28 789 клубных аб’яднанняў, больш за 75% з якіх дзейнічаюць у сельскай мясцовасці і палавіна з іх прызначана для дзяцей. Агульная колькасць удзельнікаў клубных аб’яднанняў дасягнула 380 тыс. чал., у т. л. 180 тыс. дзяцей (гл. табл. 2). У практыку работы клубных устаноў увайшлі мерапрыемствы, звязаныя з наладжваннем розных свят і абрадаў (агульнадзярж., прац., урачыстая рэгістрацыя шлюбу, праводзіны на пенсію і інш.), у праграмы якіх уваходзяць выкананне бел. нар. і шлюбных песень, нар. музыкі, выступленні фальклорна-этнагр. калектываў. Адраджаюцца такія абрады, як праводзіны зімы (Масленіца), Купалле, Дажынкі, з’явіліся новыя фальклорна-этнагр. святы, прысвечаныя нар. песеннай і танцавальнай творчасці, рамёствам. Праводзяцца прафес. святы, ушанаванне прац. дынастый, ветэранаў вайны і працы.

У краіне дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, якія перадаюць дзецям і дарослым веды, навыкі, майстэрства па розных відах нар. бел. рамёстваў. Пры іх працуюць гурткі і студыі па авалоданні навыкамі ручной працы і асновамі рамесніцкай справы. Напр., у Глыбоцкім доме рамёстваў (з 1990) працуюць гурткі: ткацтва на кроснах і вязання на прутках, жывапісу і размалёўкі на палатне, разьбы і размалёўкі па дрэве, дробнай глінянай пластыкі, аплікацыі саломкай, пляцення з саломкі і лазы, ганчарства і інш. Падобныя дамы рамёстваў арганізаваны ў Калінкавічах, Лагойску, Браславе, Гарадку, Лепелі, Шуміліне і інш. У 2002 на Беларусі дзейнічаў 61 дом рамёстваў, з іх 21 у вёсцы. У параўнанні з 1997 сетка такіх устаноў павялічылася амаль удвая. Працягваецца традыцыя правядзення абласных свят рамёстваў, якія з’яўляюцца эфектыўнымі формамі папулярызацыі дасягненняў нар. мастацтва, промыслаў і рамёстваў. Напр., у 2002 у Мінскай вобл. адбыліся 3 такія святы: 2-е абл. свята «Матчыны кросны» ў г. Старыя Дарогі (19 ткачых з 16 раёнаў); 3-е абл. свята-конкурс «Лазовыя карункі» ў Вілейцы (32 майстры з 20 раёнаў); 4-е абл. свята-конкурс «Гліняны звон» у Радашковічах (больш за 40 майстроў з 13 раёнаў). У Брэсцкай вобл. ў рамках Дажынак адбыліся абл. святы бандарства «Дубовая клёпка» і ганчарства «Гліняцы званочак» (абодва ў г. Іванава). Расшыраецца сетка дамоў (цэнтраў) фальклору, нар. творчасці, нац. культуры. У 2002 такіх устаноў было 46, з іх 37 у вёсцы. У іх вядзецца работа па зборы і фіксацыі ўзораў традыц. мастацтва, выкарыстанні мясц. фальклорнай традыцыі ў рабоце калектываў аматарскай творчасці, ствараюцца аўтэнтычныя нар. гурты, праводзяцца фестывалі нар. мастацтва, конкурсы танцавальных пар, тэатралізаваныя пастаноўкі мясц. нар. прозы і інш. У 1994 створаны Рэсп. цэнтр нац. культур, які аб’яднаў 12 рэсп. і мясц. нац. культ. аб’яднанняў. У 1996 гэты цэнтр правёў у Гродне 1-ы Рэсп. фестываль нац. культур, у якім прынялі ўдзел больш за 600 прадстаўнікоў нац. аб’яднанняў Беларусі, у т. л. т-ва рус. культуры, бел. асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра», саюз палякаў на Беларусі, бел. аб’яднанне татараў-мусульман «Аль-Кітаб», арм. культ.-асв. т-ва «Аястан», бел. т-ва немцаў «Адраджэнне» і інш. Адбыліся фестывалі польскай песні ў Лідзе і Слоніме, укр. песні ў Мінску, шэраг конкурсаў маст. самадзейнасці, нац. кухні і г.д. З 1995 у Беларусі дзейнічае Цэнтр укр. культуры «Січ», які арганізуе штогадовыя рэсп. фестывалі ўкр. ансамбляў, канцэрты, вечары і інш. мерапрыемствы, прысвечаныя выдатным гіст. падзеям, дзеячам культуры Украіны. Як цэнтры польскай культуры працуюць 16 дамоў палякаў, арганізавана больш за 500 самадз. маст. калектываў. У 22 гарадах функцыянуюць клубы яўр. культуры, у т. л. жаночы яўр. клуб «Шашана» ў Мінску, клуб цікавых сустрэч пры Мінскім гар. аб’яднанні яўр. культуры імя І.​Харыка, клуб «Сохнут» пры Віцебскай яўр. абшчыне і інш.

Адным з гал. паказчыкаў патэнцыяльных магчымасцей клубных устаноў у культ.-творчай і канцэртна-відовішчнай дзейнасці з’яўляецца развіццё самадз. маст. творчасці. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь праведзена каля 70 тыс. канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў, 27 930 тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў, арганізавана 20 609 выставак твораў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (гл. табл. 2). У 2002 у краіне працавала 18 895 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. харавых і вакальных 8281, харэаграфічных 2540, тэатр.-драм. 3584, інструментальных 1061. Агульная колькасць удзельнікаў гурткоў маст. самадзейнасці складала 200,6 тыс. чал., што на 10,7% больш, чым у 1995. Найб. дынамічна самадз. творчасць развіваецца ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. У апошнія гады ў структуры клубнай самадзейнасці павялічваецца ўдзельная вага дзіцячай самадзейнасці. Каля 14 тысяч разнапрофільных клубных фарміраванняў для дзяцей і падлеткаў аб’ядноўваюць каля 180 тыс. (гл. табл. 2). З 3584 драм. калектываў 2123 дзіцячыя. У дамах і палацах культуры пашыраецца выкананне духоўных песнапенняў, якое раней існавала толькі ў сценах цэркваў. Дзіцячыя хары гэтых устаноў удзельнічаюць у фестывалях правасл. песнапенняў, якія штогод праводзяцца ў Мінску. Пэўныя змены адбываюцца і ў жанрава-відавой структуры клубнай самадзейнасці. У яе асн. традыц. жанрах (харавыя, тэатр., танцавальныя калектывы) з канца 1990-х г. набылі вял. пашырэнне і папулярнасць камерныя ансамблевыя формы самадз. творчасці з пераважным выкарыстаннем нац. рэпертуару. Склаліся нетрадыц. для самадзейнасці фальклорныя гурты несцэнічнай (ці не толькі сцэнічнай) арыентацыі, шматлікія вакальна-інстр. ансамблі, рок-групы, тэатры-студыі і інш. Некалі заідэалагізаваныя агітбрыгады паступова трансфармуюцца ў маладзёжныя тэатры мініяцюр і інш. Самым распаўсюджаным становіцца вакальна-харавы жанр самадзейнай творчасці, які налічвае больш за 8 тыс. калектываў, з іх 482 маюць найменні ўзорных, народных.

Званне «Заслужаны аматарскі калектыў» маюць: нар. ансамбль танца «Радасць» Брэсцкага гар. дома культуры, нар. вакальна-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, нар. ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, нар. фальклорны гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на і інш. У 2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася больш 1028 інстр. калектываў, у т. л. 334 дзіцячыя. Папулярныя разнастайныя формы інстр. жанру — духавыя аркестры, брас-шоу-ансамблі, аркестры нар. інструментаў і ансамблі нар. музыкі, эстрадныя і эстрадна-сімфанічныя аркестры, ансамблі старадаўняй музыкі, інстр. ансамблі самага рознага спалучэння, рок-групы, якія звяртаюцца да нар.-інстр. музыкі. Пры палацах і дамах культуры, сельскіх клубах, цэнтрах культуры і арганізацыі вольнага часу існуюць шматлікія танцавальныя калектывы. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася 2496 харэаграфічных калектываў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 33 тыс. чал. З іх 101 калектыў мае найменні народны і ўзорны. Сярод іх ансамблі «Радасць» з Брэста, «Палессе» з Пінска, «Камарыкі» з Віцебска, «Сябры» з Гродна, «Крэсавы забавы» з Ліды і інш. Арганізуюцца іх рэгіянальныя агляды-конкурсы — «Залатая пчолка» (Клімавічы), абл. фестываль нар. танца імя І.​А.​Серыкава (Гарадок), фестываль дзіцячых харэаграфічных калектываў «Карагод сяброў» (Мінская вобл.); міжнар. фэсты «Сожскі карагод» (Гомель) і інш.

Лепшыя калектывы знаёмяць з непаўторнай муз.-пластычнай культурай беларусаў і гледачоў замежных краін (Францыя, Германія, Польшча, Галандыя, Аўстрыя і інш.). У структуры тэатр. самадзейнасці каля 200 драм. тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш., якія маюць найменні народных і ўзорных. Спрыяльнай глебай для перспектыўнага развіцця тэатр. аматарства з’яўляюцца амаль 3,5 тыс. тэатр.-драм. гурткоў, пераважная большасць якіх працуе ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, дзе няма тэатр. устаноў. Самадз. творчасць фарміруе новыя мадэлі сацыякульт. дзейнасці і становіцца сац. і культ. базай для разнастайнага творчага быцця ў аматарскай маст. і сац. творчасці. На фоне шэрагу дэструктыўных з’яў (захапленне кіч-серыйнай культ. прадукцыяй, дэсацыялізацыя моладзі, страта імунітэту да псеўдакультуры) нар. творчасць як поліфункцыянальны, дынамічны феномен выступае адным з гал. механізмаў эстэт. выхавання насельніцтва.

Літ.:

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. М., 1996;

Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX стагоддзі: Зб. навук. арт. Мн., 1997;

Смолік А.І. Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме. Мн., 1999;

Беларуская культура сёння: Гадавы агляд (2002). Мн., 2003;

Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Магілёў, 2003;

Скараходаў У.П. Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі. Мн., 2003.

С.​Ф.​Дубянецкі, Э.​С.​Дубянецкі.


Табліца 1
Установы клубнага тыпу Беларусі паводле падпарадкаванасці
1980 1990 1995 2000 2003
Усяго ўстаноў клубнага тыпу, 6311 6030 4858 4654 4234
 у т. л.:
  у сельскай
мясцовасці
5456 5147 4205 4043 3653
  у гарадскіх
паселішчах
855 883 653 611 581
Установы клубнага тыпу Міністэрства культуры 5161 5030 4399 4270 3917
Установы клубнага тыпу прафсаюзных арганізацый 737 773 268 153 90
Установы клубнага тыпу сельскагаспадарчых арганізацый 325 139 29 22 12
Установы клубнага тыпу арганізацый іншых органаў кіравання 88 88 162 209 213

Табліца 2
Дзейнасць устаноў клубнага тыпу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2003
Усяго У тым ліку
у гарадскіх
паселішчах
у сельскай
мясцовасці
Колькасць клубных аб’яднанняў 28 789 7288 21 501
у т. л. для дзяцей 14 446 2963 11 483
Колькасць удзельнікаў у іх, тыс. 379,6 156,4 223,2
з іх дзяцей 180,4 60,1 120,3
Колькасць канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў 69 812 20 068 49 744
Колькасць тэатралізаваных свят, абрадаў, прадстаўленняў 27 930 6902 21 028
Колькасць выставак твораў народнай творчасці
і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
20 609 3430 17 179
Колькасць іншых мерапрыемстваў 46 8492 66 697 401 795
Дом культуры ў Слоніме.
Фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ «Неруш».
Лучнікоўскі фальклорны ансамбль песні і танца «Слуцкія паясы».

т. 18, кн. 2, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)