РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),

палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.​Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял. кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш. муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.​В.​Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.​Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.​Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.​Шапэн (фп. трыо g-moll), М.​Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац. акад. т-рам оперы, запісана на радыё.

Літ.:

Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;

Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;

Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;

Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;

Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАСО́ЎСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.12.1896, Варшава, па інш. звестках г. Вялікія Лукі Пскоўскай вобл., Расія — 3.8.1968),

савецкі военачальнік, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Маршал Сав. Саюза (1944). Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Маршал Польшчы (1949). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу кавалерыі (1925) і вышэйшага начсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929). У арміі з 1914, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, баёў на Кіт.-Усх. чыгунцы (1929). Інструктар кав. дывізіі Мангольскай нар.-рэв. арміі (1926—28), камандзір палка, брыгады, дывізіі (з 1930 на Беларусі), з 1936 кав. корпуса. У жн. 1937 — сак. 1940 рэпрэсіраваны. З 1940 на камандных пасадах. У Вял. Айч. вайну камандаваў механізаваным корпусам, арміяй на Зах. фронце, войскамі Бранскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га і 2-га Бел. франтоў. Удзельнік Смаленскай бітвы 1941, Маскоўскай бітвы 1941—42, Сталінградскай бітвы 1942—43, Курскай бітвы 1943, Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944, Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944, Беларускай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усходне-Прускай аперацыі 1945, Усходне-Памеранскай аперацыі 1945, Берлінскай аперацыі 1945. 24.6.1945 камандаваў Парадам Перамогі ў Маскве. У 1945—49 галоўнакамандуючы Паўн. групай войск. З 1949 міністр нац. абароны і нам. старшыні Савета Міністраў ПНР. З 1956 у СССР — нам. міністра абароны СССР (1956—57, 1958—62), гал. інспектар Мін-ва абароны СССР, камандуючы войскамі ваен. акругі. З 1962 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Чл. ЦКК КП(б)Б (1932—34), чл. ЦВК БССР (1931—34). Аўтар мемуарных твораў, у т. л. ў зб-ках «Сталінградская эпапея». (1968), «Курская бітва» (1970), «Няскораная Беларусь» (1963) і інш. Узнагароджаны ордэнам Перамогі.

Тв.:

Солдатский долг. 4 изд. М., 1984.

Літ.:

Кардашов В.И. Рокоссовский. 2 изд. М., 1973;

Корольченко А.Ф. Маршал Рокоссовский. М., Ростов н/Д, 1999.

К.К.Ракасоўскі.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв. ВКЛ. Уласнасць Ф.​І.​Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл. Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.

Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінат быт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),

рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн. г. да 650 ± 20 млн. г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн. г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн. г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМЕ́ВІЧ (Янка) (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в. Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд. філал. н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, М.​Арла, З.​Верас, Т.​Гардзялкоўскай, А.​Зязюлі, К.​Лейкі, Г.​Леўчыка, Ф.​Шантыра, У.​Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.​Дземідовіча, Р.​Зянькевіча, Ч.​Пяткевіча, М.​Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.​Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.​Лісам), зб-кі Г.​Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.​Ляшковіч), М.​Арла «Лірнік» (1991), Я.​Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.​Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.​Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.​Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.​Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.​Ф.​Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.​Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;

Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.

Літ.:

Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.

А.​В.​Спрынчан.

Я.Саламевіч.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),

зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.​Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.​Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.​Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, Ф.​Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.​Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл. літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.​Арсенневай, У.​Дудзіцкага, М.​Кавыля, М.​Сяднёва, Р.​Крушыны, А.​Салаўя, Х.​Ільяшэвіча, Ю.​Віцьбіча і інш. бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).

І.​У.​Саламевіч.

Сучасныя беларускія альманахі.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,

працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст. вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦК ВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл. Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦК ВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.​І.​Бухарына, А.​І.​Рыкава, М.​П.​Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦК ВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял. Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.

Літ.:

Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв. Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);

Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;

Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;

Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;

Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​Ц.​Петрыкаў.

Да арт. Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.​Гуткоўскі.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), Л.​І.​Родзевіч (Антось), А.​Р.​Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел. паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦК КПЗБ, які складаўся з Бюро ЦК КПЗБ і Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ. «Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт. час. ЦК КПЗБ «Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ. «Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр. час. «Асва».

На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл. Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦК КПЗБ бел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.​Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыі бел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел. нац. паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел. дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦК КПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦК КПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.

Літ.:

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг. Мн., 1962;

Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;

Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;

Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;

Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;

Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;

Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;

Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.

У.​Ф.​Ладысеў.

Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.

т. 7, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),

клавішна-духавы муз. інструмент.

Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».

Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.​Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.​Габрыелі, Дж.​Фрэскабальдзі, Ф.​Куперэн, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.​Ліст, М.​Рэгер, П.​Хіндэміт, А.​Месіян, у Расіі С.​Танееў, Ф. і А.​Гедыке, Р.​Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.​Янчанка, К.​Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.​Залётнеў, А.​Навахрост, Л.​Шлег і інш.

І.​Дз.​Назіма.

Арган у зале Беларускай філармоніі.
Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́ННЕВА (Наталля Аляксееўна) (н. 20.9.1903, г. Баку),

бел. паэтэса. З роду Арсенневых, па генеалогіі звязаных з М.​Лермантавым. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Вільні. Скончыла Віленскую Першую бел. гімназію (1921). Вучылася ў Віленскім ун-це (1921—22). Жыла з сям’ёй у Слоніме, затым у Польшчы. У 1939—40 супрацоўніца газ. «Вілейская праўда» (з 1940 «Сялянская газета»). Як жонка інтэрніраванага польск. афіцэра Ф.​Кушаля адбывала з дзецьмі ссылку ў Казахстане (1940—41). У час Айч. вайны працавала ў «Беларускай газэце», якая выдавалася ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кантролем герм. акупац. улад. З 1944 у Германіі. З 1949 жыве ў ЗША. Друкуецца з 1920. У творчасці Арсенневай пераважае пейзажная лірыка. Ёй уласцівы лірызм, эмац. выразнасць, сінтэз жывапісных і муз. слоўна-выяўл. сродкаў. Праблематыка творчасці паглыбляецца асэнсаваннем драмы беларусаў-эмігрантаў. У лірыцы амер. перыяду дамінуюць матывы настальгіі па Беларусі. У 1940-я г. напісала лібрэта да опер М.​Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей». Пераклала на бел. мову драму Г.​Гаўптмана «Патанулы звон», камедыю Г.​Клейста «Разбіты збан», урыўкі з трагедыі У.​Шэкспіра «Рамэо і Джульета» і паэмы А.​Міцкевіча «Дзяды», вершы Міцкевіча і Гётэ, лібрэта опер В.​А.​Моцарта «Вяселле Фігера», «Чарадзейная флейта», К.​М.​Вебера «Вольны стралок», Ж.​Бізэ «Кармэн», часткова оперы П.​Чайкоўскага «Яўген Анегін», аперэты І.​Штрауса «Цыганскі барон».

Тв.:

Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд. Мн., 1991);

Сягоння: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944;

Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Йорк;

Таронта, 1979;

У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія бел. эміграцыі. Мн., 1992.

Літ.:

Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990. С. 43—48;

Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Ч. І;

Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛІМ. 1993. 5 лют.;

Яго ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995. №6;

Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. 30 верас.;

Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛІМ. 1994. 9 снеж.

Л.​К.​Тарасюк.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)