МЕДРЭСЭ́ (араб.),

сярэдняя і вышэйшая мусульм. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач. мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.

Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.​Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).

С.​А.​Сергачоў.

Медрэсэ Шыр-Дор у Самаркандзе. 1619—35.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЛІНЕ́ЙНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне магутных светлавых пучкоў у рэчыве з улікам нелінейнай залежнасці аптычных характарыстык асяроддзя ад напружанасці эл. і магн. палёў светлавых хваль. З’явы Н.о. выкарыстоўваюцца для змены частаты, накіраванасці і інш. параметраў светлавых патокаў, а таксама для вывучэння многіх характарыстык рэчываў і працэсаў.

Існаванне нелінейных аптычных з’яў адзначыў С.І.Вавілаў (1923); у 1926 ім (разам з В.​Л.​Лёўшыным) выяўлена змяншэнне паглынання святла уранавым шклом пры павелічэнні інтэнсіўнасці святла. Інтэнсіўнае развіццё Н.о. пачалося пасля стварэння лазераў. Да з’яў Н.о. належаць: генерацыя святла з кратнымі, сумарнымі і рознаснымі частотамі; вымушаныя камбінацыйнае, цеплавое і інш. рассеянні; многафатонныя пераходы; прасвятленне ці зацямненне асяроддзя; самафакусіроўка або самадэфакусіроўка патокаў святла, уздзеянне адных светлавых патокаў у рэчыве на другія і інш. Генерацыя гармонік і святла з сумарнымі (ці рознаснымі) частотамі, а таксама вымушаныя рассеянні выкарыстоўваюцца для змены частаты лазернага выпрамянення; прасвятленне асяроддзя — для кіравання працягласцю лазерных імпульсаў шляхам змен страт рэзанатара і фазавай сінхранізацыі яго ўласных ваганняў; двух- (ці больш) фатоннае паглынанне і генерацыя гармонік — у прыладах для вымярэння працягласці імпульсаў і карэляцыйных функцый лазерных патокаў святла.

На Беларусі даследаванні па Н.о. распачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац. АН і ун-тах.

Літ.:

Бломберген Н. Нелинейная оптика: Пер. с англ. М., 1966;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́КТРЫ КРЫШТАЛЁЎ АПТЫ́ЧНЫЯ,

спектры паглынання, адбіцця і рассеяння святла, а таксама люмінесцэнцыі і фотаправоднасці, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з крышталямі. Абумоўлены квантавымі пераходамі, якія прыводзяць да змены энергет. стану электронаў і/ці энергіі вагальных станаў атамаў крышт. структуры.

Узроўні энергіі крышталя групуюцца ў дазволеныя энергет. зоны (гл. Зонная тэорыя). Паглынанне і вылучэнне святла (фатонаў) пры міжзонных пераходах электронаў можа адбывацца без узбуджэння ваганняў крышт. рашоткі (фанонаў) ці з удзелам фанонаў. Пры міжзонным паглынанні святла электрон з валентнай зоны пераходзіць праз забароненую энергет. зону (шчыліну) у зону праводнасці, і ў валентнай зоне ўтвараецца электронная вакансія (дзірка). Пры рэкамбінацыі свабодных ці звязаных у эксітон электрона і дзіркі ўзнікае люмінесцэнцыя. Існуюць С.к.а., абумоўленыя як уласнымі дэфектамі крышт. рашоткі (вакансіямі, міжвузельнымі атамамі, дыслакацыямі), так і дамешкавымі атамамі. Сіметрыя крышт. рашоткі і яе дэфектаў вызначае анізатрапію С.к.а. Афарбоўванне (колернасць) крышталёў абумоўлена непаглынутай імі часткай белага святла. Існуюць штучныя і прыродныя крышт. структуры, памер якіх у адным, двух ці трох вымярэннях супараўнальны з дэбройлеўскай даўжынёй хвалі (гл. Хвалі дэ Бройля) электрона ў зоне праводнасці і/ці дзіркі ў валентнай зоне, а таксама з адлегласцю паміж імі пры ўтварэнні эксітона; аптычныя спектры такіх структур моцна залежаць ад іх памераў.

Літ.:

Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987;

Gaponenko S.V. Optical properties of semiconductor nanocrystals. Cambridge, 1998.

М.​А.​Паклонскі.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці, спосабы вылічэння і дастасаванні інтэгралаў. Асн. паняцці: нявызначаны інтэграл і вызначаны інтэграл. Разам з дыферэнцыяльным злічэннем складае курс матэм. аналізу (ці аналізу бясконца малых).

І.з. ўзнікла з задач на вызначэнне плошчаў і аб’ёмаў. Найб. блізка да сучаснага разумення інтэгравання падышоў Архімед (3 ст. да н.э.). Стваральнікі І.з. І.Ньютан і Г.Лейбніц незалежна адзін ад аднаго пабудавалі інтэгральнае і дыферэнцыяльнае злічэнні і ўстанавілі іх узаемную абарачальнасць. Далейшае развіццё І.з. звязана з працамі Л.​Эйлера, А.​Кашы, Б.​Рымана, А.​Лебега, Т.​І.​Стылцьеса, А.​М.​Калмагорава і інш. Вылічэнне інтэгралаў (гл. Інтэграванне) толькі ў рэдкіх выпадках выконваецца непасрэдна па формулах (напр., шляхам абарачэння формул дыферэнцавання) — некат. інтэгралы нават ад параўнальна простых функцый нельга выразіць праз элементарныя, напр., інтэграл імавернасці. І.з. служыць крыніцай узнікнення новых (трансцэндэнтных) функцый (інтэгральнага сінуса, інтэгральнага лагарыфма і інш.). Для такіх функцый створаны табліцы значэнняў. Гл. таксама Графічныя вылічэнні, Набліжанае інтэграванне, Лікавыя метады.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».

Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.​Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л. рус., балеты «Жызэль» А.​Адана, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.​Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.​Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.​Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.​Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і В.​А.​Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.​Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.​Анкудзінаў, М.​Багданава, К.​Дурнеў, Я.​Казанцава, А.​Казлоў, І.​Лузганава, А.​Рабаў і інш.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР Санкт-Пецярбургскай філармоніі імя Дз.​Шастаковіча,

старэйшы ў Расіі сімф. аркестр. Засл. калектыў Расіі (1934). Засн. ў 1882 як Прыдворны музыканцкі хор у Пецярбургу (з 1897 Прыдворны аркестр, які складаўся з 2 аркестраў: сімф. і духавога). З 1917 Дзярж. сімф. аркестр, з 1921 у складзе С.-Пецярбургскай філармоніі. Сярод дырыжораў, якія зрабілі значны ўклад у станаўленне аркестра, А.​Нікіш, С.​Кусявіцкі, Э.​Купер, В.​Бярдзяеў, М.​Малько, А.​Гаўк, Ф.​Штыдры, Я.​Мравінскі, Ю.​Цемірканаў і інш. Ігра аркестра адметная стройнасцю і шматтэмбравасцю гучання асобных аркестравых груп, віртуознай ансамблевай сыгранасцю, глыбінёй і незвычайнасцю трактоўкі выконваемых твораў. У рэпертуары ўвесь залаты фонд сусветнага сімфанізму ад твораў Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, Дз.​Шастаковіча да найскладанейшых партытур Г.​Берліёза, Г.​Малера, а таксама твораў Я.​Сібеліуса, А.​Рэспігі, Б.​Баргака, П.​Хіцдэміта, Д.​Міё, К.​Шыманоўскага, І.​Стравінскага. З аркестрам выступалі вядомыя дырыжоры і выканаўцы.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРАЎ Сімяон (н. 8.2.1925, с. Іваняне, Балгарыя),

балгарскі перакладчык і літаратуразнавец. Скончыў Сафійскі ун-т (1961). Пераклаў на балг. мову раманы «Атланты і карыятыды» І.​Шамякіна (1980), «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава (1981), аповесці «Здрада» і «Пастка» В.​Быкава (1965), «Шлюбпая ноч» (1975) і «Гандлярка і паэт» (1978) Шамякіна, «Лявон Бушмар» К.​Чорнага (1978), п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1975), «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага (1976), «І змоўклі птушкі» Шамякіна (1979), «Пагарэльцы» А.​Макаёнка (1980), «Паўлінка» Я.​Купалы (1982), апавяданні Я.​Коласа, В.​Адамчыка, Л.​Гаўрылкіна, М.​Гіля, Г.​Далідовіча, А.​Дударава, А.​Жука, В.​Іпатавай, Л.​Калодзежнага, У.​Караткевіча, А.​Кудраўца, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Стральцова і інш. Укладальнік анталогій бел. прозы «Дзесяць сучасных беларускіх апавяданняў» (1977) і «Пад пошум дубоў» (1981), а таксама зборнікаў выбр. твораў К.​Чорнага, Караткевіча, Кудраўца, Сачанкі. Аўтар артыкулаў і даследаванняў пра творчасць бел. пісьменнікаў, бел. л-ру. Неаднаразова наведваў Беларусь.

Літ.:

Нікіфаровіч В. Пазначана Любоўю // Далягляды, 1985. Мн., 1985.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА Жанна Віктараўна (н. 8.7.1965, г. Светлагорск Гомельскай вобл.),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1983). З 1983 артыстка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Выконвае вядучыя партыі ў балетах сучаснага, у т. л. нац., а таксама класічнага рэпертуару: Рагнеда [«Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані], Раўнівая жонка («Кругаверць» А.​Залётнева), Маша, Адэта, Блакітная птушка, Дзяўчына [«Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Серэнада» (на муз.) П.​Чайкоўскага], Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Дзева-выбранніца, Нявеста («Вясна свяшчэнная», «Пацалунак феі» І.​Стравінскага), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.​Равеля), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Медора і Гюльнара («Карсар» А.​Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева і «Прывал кавалерыі» І.​Армсгеймера), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Іпаліта («Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.​Мендэльсона), мазурка («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),

ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).

А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.​Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)