«СВІ́СЛАЧ»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1938 (арх. А.​П.​Воінаў). Да 1987 наз. «Беларусь». У кампазіцыі 5-павярховага будынка вылучаны 6-павярховы вуглавы паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтр. уваходам. Да яго пад прамым вуглом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтр. ч. найб. па маштабе. У Вял. Айч. вайну гасцініца спалена, адноўлена паводле праекта аўтара ў 1947. У 1978 рэстаран гасцініцы рэканструяваны і расшыраны (арх. Л.​Мельнік, інтэр’еры аформлены скульпт. А.​Глебавым).

А.​А.​Воінаў.

Гасцініца «Свіслач».

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРПІЁНАВЫ МУ́ХІ (Mecoptera),

атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з пермскага перыяду. Трапляюцца ў цяністых месцах, на палянах лісцевых лясоў, паблізу штучных насаджэнняў, на снезе, лёдзе. На Беларусі адзначаны панорпа, або скарпіённіца звычайная (Panorpa communis), лядоўнік звычайны (Boreus westwoodi).

Даўж. да 3 см. Галава прадаўгаватая, падобная да дзюбы. Ротавы апарат грызучага тыпу. Вусікі ніткападобныя. Крылы празрыстыя, сеткаватыя, у некат. зачаткавыя, ёсць і бяскрылыя віды. Брушка членістае (з 10 сегментаў). Задні канец яго загнуты ўверх, у самцоў уздуты, як у скарпіёнаў (адсюль назва). Ператварэнне поўнае. Кормяцца расл і жывёльнымі рэшткамі, пылком і нектарам кветак, ёсць драпежнікі.

Скарпіёнава муха.

т. 14, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПКА,

у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы; стаўная пастка ў выглядзе аднагорлавага буча з прыбудаваным да ўваходу карытцам. Наз. таксама кош. С. ставілі ў палонцы на неглыбокім месцы так, каб карытца знаходзілася ў адкрытай вадзе, а конус — пад лёдам. Рыба, што з-за недахопу кіслароду ў вадзе імкнулася да паверхні вадаёма, трапляла ў карытца, а пасля, шукаючы выхаду з яго, праз горла заходзіла ў буч. Як і пры лоўлі каробкамі, палонку закрывалі галінкамі, сенам і снегам (каб не замярзала вада). Рыбачылі С. на Палессі, вядома таксама на Магілёўшчыне і ПнУ Гомельшчыны.

І.​М.​Браім.

Скрыпка.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),

дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.

Літ.:

Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭСЕ́Й, Тэзей,

старажытнагрэчаскі герой, цар г. Афіны (паводле традыцыі, каля 13 ст. да н.э.), вобраз якога быў у значнай ступені міфалагізаваны. Ант. традыцыя прыпісвае Т. шэраг легендарных подзвігаў (удзел у вайне з амазонкамі і паходзе арганаўтаў, перамогу над разбойнікам Пракрустам, забойства пачвары-людаеда Мінатаўра і інш.) і гіст. дзеянняў: вызваленне Афін ад гегемоніі Крыта, аб’яднанне Атыкі, заснаванне Істмійскіх гульняў, першы сац. падзел афінян на еўпатрыдаў (знаць), геамораў і дэміургаў. Культ Т. сфарміраваўся ў Афінах у 5 ст. да н.э. У яго гонар наладжваліся штогадовыя (дзень, калі паводле міфа Т. выратаваў афінскую моладзь ад Мінатаўра) і штомесячныя святы.

т. 16, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, у якім вывучаюцца праблемы, звязаныя з працэсамі выпрамянення і распаўсюджвання святла, прыродай святла і светлавых з’яў.

Тэрмін «Ф.о.» найчасцей выкарыстоўваецца ў гістарычным аспекце і аб’ядноўвае аптычныя з’явы і факты, эксперыментальнае вывучэнне якіх прывяло да высвятлення прыроды святла ў яго сучасным разуменні. Да Ф.о. можна аднесці эксперыменты па вызначэнні скорасці святла і вывучэнні дысперсіі, дыфракцыі, інтэрферэнцыі, паглынання, палярызацыі і рассеяння святла (гл. Хвалевая оптыка), а таксама пытанні малекулярнай оптыкі, лазернай фізікі, крышталяоптыкі, фотаметрыі і аптычнай анізатрапіі.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989.

т. 16, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁКЁЙ, Цёкёлі (Thököly) Імрэ (25.9.1657, г. Кежмарак, Славакія — 13.9.1705), кіраўнік вызв. антыгабсбургскай вайны 1678—85 у Венг. каралеўстве Граф. Айчым Ракацы Ферэнца II. У 1678 аб’яднаў і ўзначаліў атрады куруцаў, да 1681 вызваліў ад улады Габсбургаў 13 паўн.-ўсх. камітатаў (абласцей) Венг. каралеўства, у т. л. ўкр. і славацкія этн. землі, абвясціў сябе ў 1682 іх князем; адначасова прызнаў сябе васалам тур. султана, ад якога атрымаў тытул венг. караля. Збліжэнне Ц. з Турцыяй і выкарыстанне ім тур. ваен. дапамогі падарвала яго папулярнасць. У 1685 княства Ц. захоплена Габсбургамі, сам ён уцёк у Турцыю, дзе да 1690 быў зняволены.

т. 17, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРУ́БІН Дзмітрый Малахавіч (н. 15.5.1916, в. Цітаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік бітваў на Дняпры, Сталінградскай, Курскай; Бабруйскай і Мінскай аперацый 1944, вызвалення Польшчы. Камандзір танк. батальёна маёр Ц. вызначыўся ў баі за плацдарм на р. Нараў. Яго батальён адзін з першых фарсіраваў раку, на плацдарме адбіў контратаку праціўніка, знішчыў 4 танкі і каля 120 аўтаматчыкаў. Асабіста Ц. знішчыў 2 процітанк. гарматы. Да 1957 у Сав. Арміі, да 1978 на адм. рабоце.

Дз.М.Цырубін.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́НЬ (Pelecus cultratus),

рыба сям. карпавых. Пашырана ў прэсных і саланаватых водах у бас. Азоўскага, Аральскага, Балтыйскага, Каспійскага і Чорнага мораў. На Беларусі трапляецца ў р. Дняпро і яго прытоках: Прыпяць, Сож, Бярэзіна, Друць. Нар. назвы чахоня, шабля, каза, чэшка, селядзец.

Даўж. да 50 см, маса 500—600 г, зрэдку да 2 кг. Афарбоўка светла-серабрыстая, спіна цёмна-бурая Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў. Бруха пукатае, завостранае. Бакавая лінія зігзагападобная. Галава тупая, рот верхні. Спінны плаўнік кароткі, хваставы выемчаты. Паўпрахадныя і жылыя формы. Пелагічная, чародная рыба. Корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Чахонь.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛАНГА́ЦЫЯ (ад лац. elongo аддаляюся) нябесных свяціл, 1) Э. зоркі — становішча зоркі ў яе бачным сутачным руху па нябеснай сферы, калі яе азімут прымае найб. Ae (усходняя Э.) ці найменшае Aw (заходняя Э.) значэнні.

2) Э. планеты — становішча планеты на арбіце, пры якім вуглавое аддаленне яе ад Сонца максімальнае. Вугал Э. Венеры — 48°, Меркурыя — ад 18° да 28° (мяняецца з прычыны вял. эксцэнтрысітэта яго арбіты). Гэтыя планеты ва ўсходняй Э. бачны ўвечары, у заходняй — раніцай. Вугал Э. інш. планет мяняецца ад 0° да 180°. Гл. таксама Канфігурацыі планет.

Элангацыя зоркі.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)