АСВЕ́ТА,

распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл. Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр. ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл. Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр. ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс. чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец. пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч. л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).

Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г. БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;

О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.

С.В.Снапкоўская.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл. Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.А.Лорэнц, А.Пуанкарэ, А.Эйнштэйн, Г.Мінкоўскі.

У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец. адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v << c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v​2/c​2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе p цела масы m ад скорасці руху v: E = m c2 1 v2 / c2 , p = m v 1 v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc​2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.

На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.

Літ.:

Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;

Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ. М., 1963;

Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;

Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.

А.А.Богуш.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў),

гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.

Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп. феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.

На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус. манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн. дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;

Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;

Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;

Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;

Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.

Ю.А.Якімовіч.

т. 5, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),

пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.

У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх. ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку · збудавання.

Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал. цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.

У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.

У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл. Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз. навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн. муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).

Літ.:

Композиция в современной архитектуре. М., 1973.

Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.

Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.

Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл. Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст. артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац. АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел. політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.

Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.

Да арт. Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,

палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел. вызв. руху, у ідэях бел. нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел. нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВК БССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБ КП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦК КП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВК БССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г. бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.

А.С.Кароль.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),

у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.

На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш. гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн. чал. Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял. Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс. чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс. чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш. Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.

Літ.:

Гурков В.С. Современная белорусская деревня. Мн., 1975;

Улашчык М. Была такая вёска: Гіст.-этнагр. нарыс. Мн., 1989.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я (ваен.),

устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч. ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл. Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл. Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш. бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).

З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.

Літ.:

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие. СПб., 1994;

Жук А.Б. Стрелковое оружие. М., 1992;

Современное стрелковое оружие: Справ. пособие. Мн., 1997;

Разин Е.А. История военного искусства. (СПб.], 1994;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

Р.Ч.Лянькевіч, У.М.Сацута.

Некаторыя віды зброі (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — старажытнае кап’ё; 2 — каменная сякера; 3 — па́ліца; 4 — пума; 5, 6 — наканечнікі крамянёвы і бронзавы; 7 — рускі дроцік (суліца); 8 — лук усходні (мангольскага воіна); 9 — сякера вікінгаў; 10 — жалезная булава (пачатак н.э.); 11 — баявы молат (клявец) рыцара; 12 — грэчаскі меч; 13, 14 — рыцарскія меч і булава; 15 — рапіра; 16 — шпага; 17 — ручная бамбарда канца 14 ст.; 18 — куляўрына 15 ст.; 19 — еўрапейскі мушкет 16—17 ст. з кнотавым замком (унізе апора для стральбы); 20 — нямецкі мушкетон 1480 (прататып пісталета); 21 — рускі самапал (ручніца) 16—17 ст.; 22 — ручная марціра 1712; 23 — руская фузея 1723; 24 — багінет да фузеі; 25 — рускі трохгранны штык; 26 — драгунская вінтоўка Бердана 1870; 27 — капсульны рэвальвер Кольта 1835; 28 — вінтоўка Вінчэстэра 1895.
Некаторыя ўзоры стралковай зброі 20 ст.: 1 — рэвальвер Нагана 1910 (Бельгія); 2 — пісталет «Парабелум» 1908 (Германія); 3 — пісталет Маўзера 1920 (Германія); 4 — рэвальвер Сміта і Весана 1955 (ЗША); 5 — пісталет Берэты 1960-я г. (Італія); 6 — пісталет Браўнінга 1983 (Бельгія); 7 — пісталет-кулямёт «Узі» (Ізраіль); 8 — снайперская вінтоўка Драгунова 1963 (СССР); 9 — аўтаматычная вінтоўка «Галіл» (Ізраіль); 10 — аўтамат АКС-74У (Расія).

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Спартак» Р.Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.Бічэр-Стоу, раманы Ж.Верна, «Авадзень» Э.Л.Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.Перо, братоў Я. і В.Грым, Х.К.Андэрсена, А.Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.Ф.Купера, творы К.Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.Яршова, многія творы М.Лермантава, М.Някрасава, М.Гогаля, У.Караленкі, А.Чэхава. Л.Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.Радары, польск. педагога Я.Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, Л. і С.Зізаніяў, Л. і К.Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909), п’еса-казка К.Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.Багдановіча, З.Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.Дубоўка, С.Шушкевіч, А.Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.Трус, А.Гурло, Я.Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Насцечка» К.Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.Танка, А.Куляшова, П.Броўкі, П.Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.Бялевіча, Э.Агняцвет і інш., у аповесцях П.Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.Пальчэўскага, Х.Жычкі, Я.Курто, Л.Прокшы, Д.Слаўковіча, І.Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.Вольскага, У.Караткевіча, Я.Пархуты, А.Клышкі, У.Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.Бандарына, С.Александровіч, Л.Арабей, В.Хомчанка, А.Лойка), прыгодніцкая (У.Краўчанка, М.Ваданосаў, А.Шашкоў, А.Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.Гамолкі, Р.Баравіковай, У.Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.Грамовіча, Кавалёва, П.Рунца, Хомчанкі, У.Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.Кобец-Філімонавай, К.Каліны, Місько, У.Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.Гілевіча «Загадкі»; Е.Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, Н.Галіноўскай, У.Карызны, Т.Кляшторнай, М.Маляўкі, П.Сушко, М.Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.Дзеружынскага, І.Муравейкі, С.Грахоўскага, П.Пранузы, В.Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.Зуёнка, «Гуканне вясны» В.Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.Макаль, працуюць А.Вольскі, А.Вярцінскі, А.Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.Б.Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)