МАРДВІ́НАЎ (сапр. Мардвішаў) Аркадзь Рыгоравіч

(27.1.1896, с. Жураўліха Пачынкаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 23.7.1964),

расійскі архітэктар. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1930). Член Усерас. т-ва пралет. архітэктараў (1929—32). У 1943—47 старшыня К-та па справах буд-ва і архітэктуры пры СМ СССР, у 1950—55 прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР. Ініцыятар паточна-скараснога метаду буд-ва жылых дамоў у Маскве (на вул. Горкага, 1937—39, 1940; і інш.). Адзін з аўтараў праекта вышыннага будынка гасцініцы «Украіна» (1957); кіраўнік планіроўкі і забудовы раёна Новыя Чаромушкі (1956—64), Камсамольскага праспекта (1958—65) — усе ў Маскве. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎСКАЯ СТА́ЧКА 1885,

забастоўка рабочых на прадзільнай ф-цы Ц.​Марозава ў мяст. Нікольскае (цяпер у межах г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл., Расія) 19—29.1.1885. Выклікана зніжэннем зарплаты і вял. штрафамі (да 50 % заробку). Удзельнічала каля 8 тыс. чал. Стачка задушана ўзбр. сілай.

Больш за 600 чал. арыштавана. Следства выявіла карціну злоўжыванняў фабрыканта. У маі 1886 суд прысяжных у г. Уладзімір апраўдаў 33 удзельнікаў стачкі, у т. л. кіраўнікоў. М.с. паўплывала на выданне ўрадам 15.6.1886 закона аб штрафах, які абмяжоўваў іх памер і накіроўваў штрафныя сумы на агульныя патрэбы саміх рабочых, змяшчаў і інш. ўступкі рабочым.

Літ.:

Пробуждение: К 100-летию Морозовской стачки. М., 1984.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (23.8.1916, г. Саратаў, Расія — 9.10.1998),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). З 1945 дырыжор Групы сав. войск у Германіі, з 1950 нач., з 1959 маст. кіраўнік аркестра штаба БВА (адначасова нач. ваенна-арк. службы акругі), з 1962 нач. ваен.-арк. службы Паўд. групы сав. войск. У 1967—86 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі (з 1981 дацэнт). Аўтар маршаў, апрацовак бел. нар. песень і танцаў для духавога аркестра; аранжыраваў для яго 3-і фп. канцэрт Дз.​Кабалеўскага, сцэну пісьма Таццяны з оперы П.​Чайкоўскага «Яўген Анегін», творы У.​Алоўнікава, Я.​Глебава, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́СЬЕЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 20.5.1916; г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

савецкі ваенны лётчык, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Батайскую авіяц. школу (1940), Вышэйшую парт. школу (1952). У Вял. Айч. вайну ў час паветр. бою (сак. 1942) збіты, цяжка паранены, 18 сутак поўз да лініі фронту. Пасля ампутацыі абедзвюх ног асвоіў пратэзы і вярнуўся ў авіяцыю; збіў яшчэ 7 самалётаў (усяго 11). У 1956—83 адказны сакратар Сав. к-та ветэранаў вайны. Жыццю М. прысвечаны кн. Б.​Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека»(1946), аднайменныя кінафільм (1948) і опера С.​Пракоф’ева (паст. 1960). Аўтар кнігі «На Курскай дузе» (1960).

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Емельянова Н.Н. Композитор К.​И.​Массалитинов. М., 1976.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Аляксей) (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.​Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.​Шастаковіча і Г.​Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Альфрэдавіч) (н. 25.4.1940, г. Смаленск, Расія),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1995), праф. (1999). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1963, Украіна). З 1968 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1977 вучоны сакратар, з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па арганізацыі проціракавай барацьбы, дыягностыцы злаякасных новаўтварэнняў, камбінаваных і комплексных метадах лячэння злаякасных пухлін.

Тв.:

Усиление эффекта лучевой терапии злокачественных опухолей с помощью СВЧ-гипертермических воздействий (у сааўт.) // Вопр. онкологии. 1978. Т. 24, № 8;

Гормонально-метаболические сдвиги у онкологических больных при общей гипертермии и пути их коррекции (у сааўт.) // Инженернофиз. журн. 1996. Т. 69, № 3.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (Юрый Леанідавіч) (н. 2.8. 1925, г. Ульянаўск, Расія),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р біял. н. (1970), праф. (1979). Засл. дз. нав. Беларусі (1995). Скончыў Ульянаўскі с.-г. ін-т (1950). З 1973 у БСГА (у 1981—84 прарэктар, да 1995 заг. кафедры). Навук. працы па біялогіі ўзнаўлення, штучнага апладнення і развядзення с.-г. жывёл. Распрацаваў навук. абгрунтаванне падбору пар жывёл для атрымання эфекту гетэрозісу, імуналагічныя метады тэстыравання тэсціравання* спалучальнасці вытворнікаў.

Тв.:

Влияние окисленного жира и антиоксидантов на продуктивность и воспроизводительные функции с.-х. животных. Горки, 1983 (разам з Н.​І.​Максімавай);

Прогнозирование сочетаемости родительских пар при индивидуальном подборе (у сааўт.) // Доклады ВАСХНИЛ. 1990. № 12.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.​Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.​Заля).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)