Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.
Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.
Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн.т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз.пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.
На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваны т. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКІ,
шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г.Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял.кн.ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж.адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),
польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт. формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1951.
Літ.:
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАГА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, сістэма аксіём якой адрозніваецца ад сістэмы аксіём эўклідавай геаметрыі толькі аксіёмай (пастулатам) аб паралельнасці. Паводле гэтай аксіёмы, праз пункт, што не ляжыць на зададзенай прамой, праходзяць не менш як 2 прамыя, якія не перасякаюць зададзеную. Л.г. выкарыстоўваецца ў тэорыі функцый, матэм. аналізе, тэорыі лікаў і тэорыі адноснасці.
Л.г. распрацавана М.І.Лабачэўскім у 1826 (апублікавана ў 1829—30). У 1832 аналагічныя вынікі незалежна атрымаў Я.Больяй. Перадумовай узнікнення Л.г. былі шматвяковыя спробы доказу аксіёмы пра паралельныя прамыя (пяты пастулат Эўкліда) на аснове астатніх аксіём. Лабачэўскі першы прыйшоў да высновы пра недаказальнасць пастулата і пра магчымасць існавання геам. сістэм з інш. аксіёмамі паралельнасці, пабудаваў своеасаблівую лагічна бездакорную геам. сістэму. Л.г. мае некаторыя асаблівасці (напр., 2 трохвугольнікі з роўнымі вугламі роўныя; сума вуглоў трохвугольніка меншая за 2 прамыя вуглы), якія не супярэчаць рэчаіснасці. Стварэнне Л.г. заклала асновы развіцця неэўклідавых геаметрый. значна пашырыла ўяўленні аб прыродзе прасторы і спрыяла ўзнікненню новых кірункаў у матэматыцы.
Літ.:
Смородинский Я.А., Сурков Е.Л. Геометрия Лобачевского и теория относительности. М., 1971;
Лаптев Б.Л. Геометрия Лобачевского, ее история и значение. М.,1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал.паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),
расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1937—41). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходнасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.Вялюгін, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Радзівон Якаўлевіч) (23. 11.1898, г. Адэса, Украіна — 31.3.1967),
савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1958). Нар. Герой Югаславіі (1964). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. ў складзе рус. экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. У Чырв. Арміі з 1919. Пасля грамада. вайны ў войсках і штабах Паўн.-Каўк.ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1937—38) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 на выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну на Данскім, Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах: камандзір стралк. корпуса, каманд. арміямі, франтамі. З ліп. 1945 камандуючы войскамі Забайкальскага фронту, які ўдзельнічаў у разгроме яп. Квантунскай арміі (гл.Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандуючы войскамі Забайкальска-Амурскай ваен. акругі, галоўнакамандуючы войскамі Д. Усходу, камандуючы войскамі Далёкаўсходняй ваеннай акругі. З 1956 першынам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы сухап. войскамі. У 1957—67 міністр абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «Перамога». Аўтар кніг «Пільна стаяць на варце міру» (1962), «Веліч перамогі» (1965), «Салдаты Расіі» (выд. 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),
яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першызб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.Агняцвет, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, З.Бядулі, А.Бялевіча, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, П.Глебкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, Г.Кляўко, Е.Лось, П.Макаля, Я.Семяжона, М.Стральцова, П.Прыходзькі, В.Ціхановіча і інш.