МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.​Гольбейн, А.​Дзюрэр, Ф.​Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.​Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.​Вато, Ф.​Гвардзі, К.​Ларэн, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант, У.​Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.​Гоя, Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, А.​Матыс, А.​Менцэль, П.​Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.​А.​Энгр і інш.; у Расіі — К.​Брулоў, А.​Венецыянаў, А.​Кіпрэнскі, В.​Сяроў, М.​Урубель, У.​Фаворскі, А.​Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.​Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.​Аляшкевіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, Я.​Дамель, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.​Аксельрод, А.​Астаповіч, В.​Букаты, С.​Герус, П.​Гуткоўскі, М.​Гуціеў, В.​Дваракоўскі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, Г.​Змудзінскі, С.​Раманаў, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, М.​Тарасікаў, А.​Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.​Александровіч, Л.​Асецкі, В.​Баранаў, М. і У.​Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, Я.​Жылін, М.​Карпук, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Г.​Лось, Л.​Марчанка, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Савіч, М Селяшчук, Р.​Сітніца, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Славук, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.​Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.​Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.​Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.​Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр. ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.

Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.

Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.

Публ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.

Літ.:

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНАЛОГІЯ І МЕХАНІЗАЦЫЯ ЗДАБЫЧЫ ТОРФУ

Даследаванні па тэхналогіі і механізацыі здабычы торфу вядуцца з 1930-х г. У 1932 на базе тарфянога аддзела Ін-та прамысловасці Беларусі створаны Ін-т торфу ў складзе АН Беларусі (у 1989 на яго базе створаны Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі). У 1940 удзельная вага торфу ў паліўным балансе краіны склала 64%. У даваенны перыяд выкананы работы па ўдасканаленні механізаваных спосабаў здабычы торфу і ўстанаўленні паказчыкаў, неабходных для разліку тэхнал. працэсаў тарфяной вытв-сці (І.​Р.​Блох, В.​Р.​Гарачкін). У пасляваенныя гады з мэтай інтэнсіфікацыі здабычы фрэзернага торфу абгрунтавана аптымальная норма асушэння тарфяных палёў і вільготнасці фрэзеравальнага слоя (Ф.​А.​Малышаў), выкананы работы па паляпшэнні якасці фрэзернага торфу шляхам перапрацоўкі фрэзераванай масы і атрымання грануляванага торфу (Ф.​А.​Апейка, Я.​А.​Жук, Н.​С.​Касцюк, М.​С.​Крывашэін), распрацаваны тэарэт. асновы яго штучнай сушкі і брыкетавання (В.​М.​Навумовіч), абгрунтаваны рэжымы пнеўматранспарту і яго выкарыстання ў торфабрыкетнай вытв-сці (У.​І.​Бакшанскі, М.​У.​Кіслоў). Вырашаны пытанні аўтаматызаванага кантролю тэхнал. працэсаў тарфяной і торфабрыкетнай вытв-сці (Ф.​А.​Апейка, М.​І.​Бохан, М.​А.​Гаціх, Л.​С.​Ліс). Створаны новыя схемы комплекснага выкарыстання торфу і тарфяных радовішчаў на аснове даследаванняў працэсаў рэгулявання складу і ўласцівасцей торфу шляхам кіравання структураўтварэннем і цепламасапераносам (І.​І.​Ліштван). У выніку вывучэння біял. і аграхім. прыроды торфу прапанавана тэхналогія атрымання торфагумінавых угнаенняў (А.​В.​Цішковіч). Устаноўлены асн. заканамернасці перамены саставу і ўласцівасцей торфу і яго кампанентаў пры антрапагенным уздзеянні на ўсіх стадыях тэхнал. працэсу здабычы, што стала тэарэт. асновай для абгрунтавання рэсурсазберагальных эколага-сумяшчальных тэхналогій асваення тарфяных радовішчаў (А.​П.​Гаўрыльчык). Навукова абгрунтавана тэхналогія і створаны комплекс машын для вытв-сці камунальна-быт. кускавога торфу (А.​П.​Гаўрыльчык, І.​С.​Нашкевіч, А.​А.​Цярэнцьеў).

У Бел. нац. тэхн. ун-це распрацаваны тэарэт. асновы механізацыі тарфяной вытв-сці (Ф.​А.​Апейка), устаноўлены заканамернасці пнеўматранспарціроўкі сыпкіх рэчываў і абгрунтаваны рацыянальныя рэжымы працэсу пнеўматычнай уборкі, транспартавання і сепарацыі фрэзернага торфу (М.​У.​Кіслоў); прапанаваны матэм. метады аптымізацыі тэхнал. рэжымаў пры здабычы торфу і кіравання распрацоўкай тарфяных радовішчаў (Б.​А.​Багатаў); распрацавана тэорыя ўзаемадзеяння гусенічных і колавых рухачоў тарфяных машын з пакладам (А.​Ф.​Апейка, Ф.​А.​Апейка, Г.​В.​Казачэнка).

У праектна-тэхнал. і канструктарска-доследным БелНДІпалівапраект выкананы даследаванні па тэхналогіі торфаздабычы і мех. перапрацоўцы торфу, механізацыі і аўтаматызацыі тарфяной вытв-сці, тэхн. нарміраванні і арганізацыі здабычы торфу, правядзенні разведвальных работ, праектаванні торфапрадпрыемстваў і брыкетных з-даў.

Літ.:

Горячкин В.Г. Основы технологии торфяного производства. М., 1953;

Малышев Ф.А. О нормативах сбора фрезерного торфа на низинной залежи. Мн., 1956;

Наумович В.М. Теоретические основы процесса брикетирования торфа. Мн., 1960;

Опейко Ф.А. Торфяные машины. Мн., 1968;

Кислов Н.В., Бакшанский В.И., Вакунов В.М. Основы пневмотранспорта сыпучих торфяных сред. Мн., 1981;

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983;

Лиштван И.И. Проблемы рационального использования и охраны торфяных ресурсов. Мн., 1985;

Богатов Б.А. Управление процессами разработки торфяных месторождений. Мн., 1985;

Кислов Н.В. Аэродинамика измельченного торфа. Мн., 1987;

Богатов Б.А., Копенкин В.Д. Математические методы в торфяном производстве. М., 1991;

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1997;

Богатов Б.А. Математические методы в горном деле. Мн., 2003.

М.​У.​Кіслоў.

т. 18, кн. 2, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш. Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт. працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАІО́ЗАЎ БЕЛАРУ́СІ (ФПБ),

нацыянальны прафсаюзны цэнтр; рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафесійных саюзаў, іх галіновых і рэгіянальных аб’яднанняў і асацыіраваных членаў. Створана 5—6.10.1990 на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі, які абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут. З’яўляецца правапераемніцай Бел. рэсп. савета прафсаюзаў. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган паміж з’ездамі — савет ФПБ, у перыяд паміж пленумамі савета ФПБ — яго прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абл. аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур. Асн. прынцып фарміравання кіруючых органаў ФПБ — прамое абранне на з’ездзе. На 1.1.2002 ФПБ аб’ядноўвала 32 рэсп. галіновыя прафес. саюзы, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў і 2 прафсаюзы буйных прадпрыемстваў; агульная колькасць — больш за 4 млн. членаў. Гал. задачы ФПБ — удасканаленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, абарона працоўных і сац.-эканам. правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, распрацоўка стратэгіі і тактыкі, праграмных дакументаў прафс. руху рэспублікі. Для выканання статутных мэт ФПБ выпрацоўвае ўзгодненую пазіцыю членскіх арг-цый па прац. і сац.-эканам. пытаннях, якія закранаюць правы членаў прафсаюзаў; зыходзячы з прынцыпаў сац. партнёрства ўдзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі Ген. пагаднення з урадам Рэспублікі Беларусь, аб’яднаннямі наймальнікаў па пытаннях працы, занятасці, мед. абслугоўвання і сац. страхавання, інш. пытаннях узроўню і якасці жыцця працоўных, навучэнцаў і пенсіянераў; ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, ахове працы; прадстаўляе інтарэсы прафсаюзных арг-цый у прымірэнча-арбітражных, суд. органах пры вырашэнні калект. прац. спрэчак (канфліктаў); ажыццяўляе інфарм., арганізац. і прававое забеспячэнне дзейнасці членскіх арг-цый, міжнар. супрацоўніцтва з прафсаюзамі і іх аб’яднаннямі. Адзін з гал. кірункаў дзейнасці ФПБ — абарона канстытуцыйных і прац. правоў членаў прафсаюзаў. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны многія законы, кодэксы законаў, нарматыўныя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш. сац. праграм; ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства.

У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ і галіновых прафсаюзаў значна знізіўся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве, па сутнасці спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не здолела ажыццяўляць эфектыўнае ўзаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку функцый, якія раней выконвалі, знік шэраг пярвічных прафс. арг-цый, частка арг-цый выйшла з галіновых прафсаюзаў, некат. з апошніх — з ФПБ і г.д. Пазачарговы IV з’езд прафсаюзаў (18—19.9.2002) спыніў гэтыя працэсы, абвясціў пра аднаўленне сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і ўрадам, даў пачатак абнаўленню і ўмацаванню прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ. На з’ездзе абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. ФПБ садзейнічае стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. ФПБ з’яўляецца членам Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі працы, супрацоўнічае з многімі прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі. Па яе ініцыятыве неаднаразова праводзіліся міжнар. акцыі салідарнасці з працоўнымі краін блізкага і далёкага замежжа, у абарону эканам. і сац. правоў працоўных Беларусі. Пры ФПБ утвораны унітарныя прадпрыемствы «Белпрафбуд», «Белпрафсаюзкурорт» і «Беларустурыст», Бел. спарт. клуб прафсаюзаў, вышэйшая навуч. ўстанова — Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін. ФПБ выдае газ. «Беларускі час». Старшыні нац. прафцэнтра У.​І.​Ганчарык (1986—2001), Ф.​П.​Вітко (2001-02), Л.​П.​Козік (з 2002).

т. 16, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛІЗА́ЦЫЯ (франц. stylisation ад style стыль),

у літаратуры — свядомае мэтанакіраванае перайманне, імітацыя характэрных рыс стылю пэўнага пісьменніка або групы пісьменнікаў, літ. школы, плыні, пэўных жанраў фальклору, дыялектаў, гаворак.

Як сродак маст. адлюстравання С. дае магчымасць пісьменніку пераўвасабляцца ў інш. чалавека — выдуманага ім аўтара, пранікаць у чужую свядомасць і выяўляць яе праз асаблівасці маўлення («Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, творы Казьмы Пруткова, быліцы Навума Прыгаворкі ў В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф.​Багушэвіча).

С. адлюстроўвае спецыфіку размоў дзейных асоб як прадстаўнікоў сац. ці этнагр. груп насельніцтва, што актывізуе працэс індывідуалізацыі, тыпізацыі («Тралялёначка» і «Сведка» Багушэвіча, «Несцерка» А.​Вольскага). С. адрозніваецца і ад мех. пераймання вонкавых рыс стылю без ідэйна-маст. патрэб у гэтым, і ад парадзіравання (гл. Пародыя), калі рэзка падкрэсліваюцца рысы прататыпнага стылю, які служыць узорам, сродкам для стылізатара. Знешняе перайманне ўзору, падробка пад нар. мову, капіраванне элементаў паэтыкі розных кірункаў і плыней вядзе да псеўдастылізацыі, дэкаратыўнасці, эпігонства і эклектыкі. С., асабліва фалькл., пашыраецца і актывізуецца ў час стылявых пераходаў ад аднаго маст. метаду да другога, ад старога стылю да новага, у працэсе ўзбагачэння літ. мовы нар. гаворкай (казкі А.​Пушкіна і У.​Даля, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, «Ляўша» М Ляскова, гавэнды і вершы на бел. мове У.​Сыракомлі, «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Казкі жыцця» Я.​Коласа і інш.). Неабходнасць стылявога абнаўлення вымушае актыўна звяртацца да С. і сучасных бел. паэтаў (Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў і інш.). Найб. пашыраная праява С. — сказ, стылявым узорам якога ў л-ры выступае вусна-размоўная, па-мастацку не арганізаваная гутарка. Фалькл. С. арыентуецца на вусна-паэтычную, па-мастацку арганізаваную мову; яе прататып, ці ўзор — пэўны твор фальклору.

У выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, 1) мастацкае абагульненне выяўляемых фігур і прадметаў з дапамогай умоўных прыёмаў, спрашчэння малюнка, формы, колеру, аб’ёму. Пашырана ў розных відах мастацтва для рытмічнай арганізацыі цэласнасці кампазіцыі. Вял. яе роля ў арнаменце, манументальным жывапісе, плакаце, дзе выява ператвараецца ў вобразны сімвал, праз які раскрываецца змест. У станковым мастацтве С. надае рысы дэкаратыўнасці, часта служыць больш глыбокаму выяўленню сутнасці зместу праз памяншэнне дэталізацыі і канцэнтрацыю ўвагі гледача на асн. характэрных рысах аб’екта твора.

2) Імітацыя вобразнай сістэмы і фармальных асаблівасцей гіст. або рэгіянальных стыляў, выкарыстаных у новым маст. кантэксце. С. засвойвае, перапрацоўвае і выяўляе ў новай якасці своеасаблівыя рысы культур пры захаванні іх унутр. сутнасці, сімвалічна намякае на першакрыніцу, чым адрозніваецца ад літаральнага пераносу элементаў гіст. твораў у новы маст. кантэкст у эклектыцы. Элементы С. вядомы з 17—18 ст. (кітайскія матывы ў дэлфцкім фаянсе ў Нідэрландах, у дэкар.-прыкладным мастацтве Францыі). Найб. пашырылася ў эпоху рамантызму (мастацтва «назарэйцаў», прэрафаэлітаў). У Расіі найб. ярка выявілася ў мастацтве пач. 20 ст. (С. мастацтва 17—18 ст. у творчасці мастакоў аб’яднання «Свет мастацтва», С. прымітыву ў жывапісе М.​Ларыёнава і Н.​Ганчаровай). На Беларусі пашырылася з 1980-х г. з ростам цікаўнасці да нац. гісторыі (С. сармацкага партрэта ў творах Г.​Вашчанкі, А.​Марачкіна, У.​Стальмашонка і інш.).

У архітэктуры С. звязана са свабодным разуменнем маст. зместу і стылю, што паслужылі прататыпам (напр., С. стараж.-рус. архітэктуры ў пабудовах А.​Шчусева і У.​Пакроўскага ў 1910-я г.). С. класічнай спадчыны (італьян. Адраджэння, рус. класіцызму) характэрна для пабудоў 1930—50-х г. У архітэктуры Польшчы і Зах. Беларусі вядомы мадэрнісцкія С. ў духу нар. дойлідства (жылыя дамы, гасп. пабудовы).

Літ.:

Троицкий В.Ю. Стилизация // Слово и образ. М., 1964;

Дзюбайла П.К. Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе. Мн., 1973.

І.​С.​Шпакоўскі (літаратура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), С.А.Сергачоў (архітэктура).

т. 15, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.​Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.​Астроўскага, «Іспанцы» М.​Лермантава, «Улада цемры» Л.​Талстога, «У добры час!» В.​Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Юстына» Х.​Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.​Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.​Быкава, «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча, «Амністыя» М.​Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.​Астроўскага, «Акіян» А.​Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Мілы чалавек» К.​Крапівы, «Несцерка» В.​Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.​Горкага, А.​Вампілава, І.​Друцэ, А.​Арбузава, А.​Гельмана, Т.​Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.​Пракопчыка і Дз.​Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.​Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.​Набокава) Э.​Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.​Рудава (паводле твораў К.​Марашэўскага і Ф.​Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.​Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.​Булгакава, «Нора» Г.​Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.​Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.​Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.​Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.​Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.

Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.​Дубаў, Я.​Кімберг, Ю.​Сідараў, засл. арт. Беларусі С.​Аляксандраў, З.​Асмалоўская, М.​Астанкава, А.​Бірычэўскі, Г.​Глінаецкі, В.​Грачынскі, С.​Іванова, М.​Кавязіна, Н.​Караткевіч, У.​Мішанчук, Ю.​Нікіцін, Т.​Нікалаева, Г.​Панкрат, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў, Т.​Шашкіна, засл. арт. Расіі А.​Лявонаў і Н.​Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.​Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.​Гайдуліс, Л.​Дзяменцьева, М.​Емяльянаў, А.​Марцінюк, В.​Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.​Рудой, засл. арт. Абхазіі У.​Шакала. Гал. рэжысёр М.​Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.​Розаў (з 1991).

Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.​Тызенгаўза (гл. ў арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.​Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).

Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дом на скале» Х.​Вуаліёкі.
Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.​Крапівы.
Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш. Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.

Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.). Паўзаній (2 ст. н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст.), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.​Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.​Ж.​Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст.). Першы робат сканструяваў амер. інж. Дж.​Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп. вучоны Н.​Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн. тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл. Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш. тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш.). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.

На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл. Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).

Літ.: Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп. М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ. М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі, У.​М.​Сацута.

Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. fortificatio умацаванне),

галіна ваенна-інжынернай справы, якая займаецца тэорыяй і практыкай будаўніцтва фартыфікацыйных аб’ектаў, іх выкарыстаннем у мірны і ваенны час. Ф. падзяляецца на вайск. (палявую, або часовую) і доўгатэрміновую. Вайсковая Ф. распрацоўвае пытанні (звычайна ў ваен. час) абсталявання пазіцый, палос, рубяжоў абароны і інш. фартыфікацыйных збудаванняў, доўгатэрміновая — займаецца фартыфікацыйным абсталяваннем тэатра ваен. дзеянняў і тэр. краіны (у мірны і ваен. час).

Абарончыя ўмацаванні вядомы з глыбокай старажытнасці. Са з’яўленнем дзяржаў і армій яны выкарыстоўваліся для забеспячэння баявых дзеянняў войск і абароны населеных пунктаў. З развіццём ваен. майстэрства, ваен. і буд. тэхнікі ўмацаванні ўдасканальваліся: ствараліся крэпасці з дрэваземлянымі і мураванымі сценамі. Больш складаныя ўмацаванні будавалі вакол нас. пунктаў ці ўздоўж дзярж. граніцы; з іх найб. вядомыя рымскія валы, Вялікая кітайская сцяна і інш. Для абароны войск у палявых умовах ствараліся палявыя ўмацаванні (гл. Лагер, Лагер рымскі, Умацаваны лагер). У 10—11 ст. гарады Еўропы, у т. л. Беларусі, мелі розныя ўмацаванні. якія ў 11—12 ст. сталі больш дасканалымі: апрача земляных валоў і равоў узводзілі зрубы, вежы (баявыя, вартавыя), умацаваныя брамы і інш. У 13 ст. на бел. землях пачалі будаваць мураваныя вежы-данжоны (у Брэсце, Камянцы. Навагрудку, Тураве, Гродне, Полацку, Шклове), амаль адначасова ў сувязі з нападамі на бел. землі крыжакоў (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.) узводзіліся мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гродне. З 15 ст. ў ВКЛ пачалося будаўніцтва прыватных замкаў, пераважна драўляных крэпасцей (каля 40). Некат. магнаты і ваяводы будавалі мураваныя замкі (у Міры, Геранёнах. Любчы, Іказні. Гайцюнішках).

З 16 ст. на землях Беларусі сталі ўзводзіць бастыённыя замкі, у буд-ве якіх увасобіліся перадавыя ідэі еўрап. ваен. інжынераў [Нясвіж, Заслаўе, Слуцк, Ляхавічы, Гальшаны, Каралін, Жабер (Драгічынскі р-н), Маладзечна, Высокае, Мядзел]. Развіццё Ф. ў ВКЛ, Расіі, ЗША і інш. краінах у 18—20 ст. звязана з імёнамі вядомых ваен. інжынераў Я.Ясінскага (стваральнік Корпуса інжынераў літоўскіх), Т.Касцюшкі (стваральнік найвялікшых цытадэлей і Ф. у ЗША), К.​І.​Вялічкі (аўтар праектаў умацаванняў Петраграда, Уладзівастока і інш.; з 1910 гал. рэд. ваен. энцыклапедыі), К.А.Шыльдэра, Э.І.Татлебена, Н.​А.​Буйніцкага, А.​З.​Целякоўскага, Дз.М.Карбышава і інш. Да пач. 20 ст. асн. сродкам умацавання мясцовасці былі крэпасці (гл. Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць). З’яўленне масавых армій, узброеных магутнай артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, хім. сродкамі і інш., патрабавала стварэння сістэмы суцэльных умацаваных ліній (палос; гл. «Мажыно лінія»; «Манергейма лінія»; у СССР — т.зв. «Лінія Сталіна» і «Лінія Молатава»), якія часткова былі пабудаваны або будаваліся ў 1920 — пач. 40-х г. (гл. Умацаваны раён). Пасля 2-й сусв. вайны прыкрыццё дзярж. граніцы выконвалі ў асн. агульнавайск. часці і злучэнні, таму характар і формы абсталяваных пазіцый у прыгранічнай паласе былі блізкія да вайск. (палявой) абароны. З сярэдзіны 20 ст. ў сувязі з распрацоўкай манеўраных аперацый з выкарыстаннем ядз. зброі і інш. сучасных узбраенняў, скарачэннем часу на падрыхтоўку баявых дзеянняў войск, фартыфікацыйныя збудаванні набылі новыя якасці: яны сталі высокатранспартабельныя, шматразовага выкарыстання, маюць высокія ахоўныя магчымасці ад сродкаў паражэння, хутка ўзводзяцца і інш.

Літ.:

Карбышев Д.М. Избранные научные труды. М., 1962;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Чекалин В.С., Варенышев Б.В. Фортификационное оборудование местности. М., 1974;

Шперк В.Ф. История фортификации. М., 1957;

Кумпф В. Организация Тодта в войне // Итоги Второй мировой войны: Пер. с нем. СПб.;

М., 1998;

Rawski T. Kościuszko — wódz // Studia materjały do historii wojskowości. Warszawa, 1968. T. 14, cz. 1.

В.​В.​Балута, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНАЎСТВА

Адну з першых характарыстык глеб Беларусі даў В.​М.​Севяргін (1820—21). Звесткі пра глебы Беларусі ёсць на глебавых картах Еўрап. Расіі, складзеных К.​С.​Весялоўскім (1851) і В.​І.​Часлаўскім (1879). У 1921 створана кафедра глебазнаўства ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (з 1925 БСГА), дзе ў 1922—30 пад кіраўніцтвам Я.​М.​Афанасьева праведзены даследаванні глеб Беларусі, пазней складзена карта глеб Беларусі маштабу 1:26 000 (А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, П.​П.​Рагавой, В.​Н.​Чацверыкоў, М.​П.​Булгакаў). У 1931 створаны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў, дзе вывучалі пераважна выкарыстанне ўгнаенняў для павышэння ўрадлівасці глеб. На кафедры глебазнаўства, створанай у 1933 на геаграфічным факультэце БДУ, асноўным кірункам сталі глебава-геаграфічныя даследаванні. На аснове буйнамаштабнага картаграфавання глеб Беларусі ў 1952 падрыхтавана манаграфія «Глебы БССР» і складзена глебавая карта краіны ў маштабе 1:800 000 (М.​П.​Булгакаў, І.​С.​Лупіновіч, А.​С.​Мядзведзеў і інш.). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 — БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі). У 1960-я г. ўзніклі новыя кірункі глебазнаўства — меліярацыйная геаграфія (В.​С.​Аношка, С.​М.​Зайко, М.​К.​Чартко, В.​І.​Шабанава), глебавая біягеахімія (В.​С.​Аношка, У.​П.​Дубікоўскі, С.​М.​Зайко, В.​М.​Яцухно). З 1964 развіваецца канцэпцыя пашыранага аднаўлення ўрадлівасці глеб. У выніку ў 1964—2004 у БГСА распрацаваны характарыстыка гумусавага стану разнагумусавых дзярнова-падзолістых лёгкасугліністых глеб у залежнасці ад сістэмы ўгнаенняў, тэхналогіі іх унясення і спосабаў апрацоўкі глебы; вызначаны нарматывы для дасягнення бездэфіцытнага балансу гумусу і аптымальнага ўзроўню змяшчэння гумусу для розных с.-г. культур (А.​М.​Брагін, В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва, А.​У.​Каліноўскі, Г.​Дз.​Кротаў, І.​У.​Цыцкоўская); вызначаны аптымальныя значэнні катыённага складу і структурнага стану глебы для розных культур (Г.​І.​Гарбылёва, М.​І.​Іванова, М.​М.​Камароў); даказана значэнне тэрмадынамічных паказчыкаў для дыягностыкі калійнага і фасфатнага рэжыму ў глебе (А.​А.​Паддубны, Г.​А.​Чарнуха); вывучаны асаблівасці біялагічных якасцей глебы пад антрапагенным уздзеяннем (А.​В.​Красікава, Т.​Э.​Мінчанка); вывучаецца роля арганамінеральных калоідаў як фактару, што вызначае якасці глебы (В.​Б.​Вараб’ёў, Т.​В.​Лаломава, Г.​В.​Седукова) і інш.

У НДІ глебазнаўства і аграхіміі паспяхова развіваюцца ідэі І.​С.​Лупіновіча і А.​Р.​Мядзведзева аб аптымізацыі якасцей глеб. Вызначана ўзаемасувязь ураджайнасці с.-г. культур з аграхімічнымі якасцямі глеб (І.​М.​Багдзевіч, Т.​Н.​Кулакоўская, В.​В.​Лапа, М.​М.​Семяненка і інш.), праведзены баніціровачныя работы, распрацавана класіфікацыя антрапагенна-парушаных глеб, вывучаюцца радыяцыйна забруджаныя землі (А.​І.​Зінковіч, М.​І.​Смяян, Г.​С.​Цытрон, Л.​І.​Шыбут і інш.). Вывучаны глебавыя працэсы ў мінеральных балотных і забалочаных глебах (М.​І.​Афанасьеў, Т.​Ф.​Голуб, С.​Н.​Іваноў, С.​М.​Касьянчык, І.​С.​Лупіновіч, А.​С.​Меяроўскі, Т.​А.​Раманава); мінерала-спектраграфічны склад глеб (У.​Д.​Лісіца, П.​С.​Самадураў); біялагічная актыўнасць і глебавыя мікраарганізмы (Ф.​П.​Вавула, Л.​А.​Карагіна, Н.​А.​Міхайлоўская) і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вывучаюцца пытанні генезісу, трансфармацыі і аховы тарфяных глеб, аблогаў сапрапеляў і атымізацыі экасістэм (М.​М.​Бамбалаў, В.​Б.​Кадацкі, Б.​В.​Курзо, Г.​А.​Сакалоў, В.​С.​Хоміч і інш.).

Літ.:

Бамбалов Н.Н. Балане органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;

Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989;

Афанасьев А.Н. Генезис, проблемы, классификация и плодородие почв. Мн., 1997;

Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;

Яцухно В.М., Черныш А.Ф. Проблема деградации земель Беларуси. Мн., 2003.

В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва.

т. 18, кн. 2, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)