неперарыўная імітацыя, пры якой у імітуючых галасах (рыспостах) паўтараюцца не толькі пачатковая меладыйная пабудова, але і наступныя раздзелы голасу, які ўступіў першым (прапосты). К. — адначасовае правядзенне адной і той жа мелодыі ў розных галасах пры спозненым уступленні кожнага з іх. Найб. пашыраны 2 і 3-галосыя К. (сустракаюцца і з большай колькасцю галасоў). Асобная разнавіднасць — бясконцы К., які вяртаецца да свайго пачатку. Вядомы з 12 ст., шырока развіты кампазітарамі нідэрландскай поліфанічнай школы ў эпоху Адраджэння, вышэйшага росквіту дасягнуў у творчасці І.С.Баха. Выкарыстоўваецца многімі бел. кампазітарамі, найб. паслядоўна А.Багатыровым і Я.Глебавым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ КАПІТА́ЛУ,
сканцэнтраванне і нарошчванне капіталу шляхам злучэння розных яго ўладальнікаў, уласнікаў, а таксама за кошт ператварэння ў капітал прыбыткаў, капіталізацыі даходаў. Дзякуючы К.к. ўдаецца рэалізаваць буйныя, перспектыўныя праекты з устойлівым прыбыткам. Асабліва моцны штуршок К.к. дало ў свой час развіццё такіх відаў вытв-сці, якія патрабуюць велізарных адначасовых затрат, матэрыяльных рэсурсаў і рабочай сілы (напр., буд-ва чыгункі). К.к. суправаджаецца павелічэннем памераў прадпрыемстваў і вядзе да стварэння манаполій і буйных капіталаў. Ва ўмовах сучаснай навукова-тэхн. рэвалюцыі выкарыстанне навукі ў вытв-сці і прыкладных даследаванняў вядзе да далейшага росту К.к. Найб. высокі ўзровень К.к. характэрны для такіх галін прамысловасці, як электронная, атамная, аўтамабільная, авіяцыйная, аэракасмічная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),
некалькі відаў насякомых з розныхсям.падатр.какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.
Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́ (ЗО́НЫ),
буйныя, дастаткова аднародныя ў кліматычных адносінах вобласці зямнога шара, якія маюць характар шыротных або субшыротных суцэльных ці перарывістых палос. Іх вылучэнне заснавана на заканамернасцях узрастання радыяцыйнага балансу і т-ры паветра ад полюсаў да экватара, на асаблівасцях увільгатнення ў розных шыротах і перавазе шыротнага і субшыротнага перамяшчэння паветраных мас у сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы. Вылучаюць экватарыяльны, субэкватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы; у высокіх шыротах — субарктычны (субантарктычны) і арктычны (антарктычны) К.п.(з.) У генет. класіфікацыі кліматаў рас. кліматолага Б.П.Алісава паясы разглядаюцца як найбольшыя адзінкі кліматычнага раянавання. Шыротныя паясы часам наз. кліматычнымі зонамі, кліматычныя паясы звязваюць са зменамі клімату па вертыкалі ў горных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГАН (Леанід Барысавіч) (14.11.1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 17.12.1982),
расійскі скрыпач, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Ганаровы акад.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1948, клас А.Ямпольскага), з 1952 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). З 1944 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў як саліст і ансамбліст. Рэпертуар уключаў скрыпічную музыку розных стыляў, эпох і народаў, ад манум. твораў, што вымагаюць глыбіні інтэрпрэтатарскай канцэпцыі і шырыні муз. мыслення, да мініяцюр, заснаваных на філіграннай апрацоўцы дэталей. Яго выкананне вылучалася рамант. узнёсласцю, эмацыянальнай насычанасцю, моцным тэмпераментам. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў імя каралевы Лізаветы (Брусель, 1951). Ленінская прэмія 1965.
Літ.:
Григорьев В. Л.Коган. М., 1975;
Л.Коган: Воспоминания. Письма. Статьи. Интервью. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Блізкароднасная комі-зыранскай мове. Пашырана ў Комі-Пярмяцкай аўт. акрузе, Кіраўскай і Пермскай абл., розных раёнах Сібіры (Расія). Мае 4 гаворкі: паўд. (кудымкарска-інвенскі, ніжнеінвенскі, онькаўскі, нердвінскі дыялекты), паўн. (качэўскі, касінска-камскі, мысаўскі, верх-луп’інскі дыялекты), верхнякамскую і комі-язвінскую. Характэрны дыялекты, якія не маюць гукаў «л», «в», марфалагізацыя і фаналагізацыя націску, знікненне спрадвечных лічэбнікаў.
Літ. мова пачала складвацца з 1918. Пісьменства з 1918 на аснове рус. графікі, з 1920 са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г. — рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «о».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ТНІКІ,
катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМО́ЦЫЯ (ад лац. locus месца + motio рух),
перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с.Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],
мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙЧАСТАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая ўтвараецца сукупнасцю прамых, залежных ад аднаго параметра. Яе можна апісаць рухам прамой (утваральнай) па некаторай лініі (накіроўнай).
Л.п. падзяляюцца на разгортвальныя (з’яўляюцца цыліндрам, конусам або паверхняй, што складаецца з датычных да нейкай прасторавай крывой) і касыя (у іх датычныя плоскасці ў розных пунктах адной і той жа ўтваральнай розныя). Прыклады Л.п. — аднаполасцевы гіпербалоід, гіпербалічны парабалоід. Уласцівасці Л.п. выкарыстоўваюцца ў тэорыі механізмаў.
Лінейчастая паверхня: а — разгортвальная, з датычных да прасторавай крывой L (P — плоскасць, якая ўтварае ў сячэнні з паверхняй крывую ABC з пунктам звароту B; S1 S2 — поласці); б — касая (O — цэнтр утваральнай, p і p′ — датычныя плоскасці да паверхні ў пунктах O і O′).