спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты наПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. НаПн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м.НаЗ ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца наУ і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),
від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ПА,
традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы ў розных народаў. Выкарыстоўвалася і для інш. мэт. На Беларусі былі пашыраны ручная і нажная С. Ручную рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёю 110—120 см. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40—50 см. Зерне ў С. таўклі таўкачом — тоўстай палкай з паўкруглымі канцамі, даўжынёй да 90—100 см. Часта таўклі ў 2 таўкачы. Нажныя С. бытавалі на Палессі, часткова на Міншчыне (пры раскопках Мінскага замчышча 11—12 ст. знойдзены 2 нажныя і 1 ручная С). Вышыня нажной С. 50—60 см. У 4-вугольным або круглым цурбане (калодзе) выдзёўбвалі конусападобную ці круглую адтуліну для зерня. Калоду нярэдка ўкопвалі ў зямлю. Таўкач мацавалі на канцы доўгага бруса (рычага), замацаванага рухома на восі ці на падстаўцы. Рычаг прыводзіўся ў рух нагою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́РДАВЫЯ (Chordata),
вышэйшы тып шматклетачных жывёл. 3 падтыпы: галавахордавыя, або цэфалахордавыя (Cephalochordata), абалоннікі, ці лічынкавахордавыя, і пазваночныя, або чарапныя. Каля 40 тыс. сучасных відаў, з іх каля 38 тыс. пазваночных. Пашыраны ўсюды. На Беларусі прадстаўлены пазваночнымі.
Для Х. характэрны восевы шкілет у выглядзе хорды. У адных арганізмаў хорда бывае толькі на ранніх стадыях развіцця, у другіх — усё жыццё Амаль ва ўсіх Х. на працягу жыцця над хордай захоўваецца спінная нерв. парожняя трубка, з якой дыферэнцыруюцца спінны і галаўны мозг. У пярэднім аддзеле кішэчніка — жаберныя шчыліны, якія застаюцца на ўсё жыццё ці бываюць на пэўнай стадыі развіцця. Сэрца на брушным баку над стрававальнай трубкай. Усе Х. маюць другасны рот і поласць цела (цэлом), метамерную будову гал. сістэм органаў і двухбаковую (білатэральную) сіметрыю цела.
Літ.:
Малахов В.В. Новый взгляд на происхождение хордовых // Природа. 1982. № 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЁСТА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 35 кмнаПнУ ад г. Гарадок, каля в. Сяло. Пл. 5,35 км², даўж. 6,25 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 11,7 м, даўж. берагавой лініі 21,4 км. Пл. вадазбору 426 км². Катлавіна складанага тыпу, выцягнута з ПннаПд, падзяляецца на тры плёсы: паўн. мелкаводны, цэнтр. з найб. глыбінёй і паўд. з глыб. да 8 м. Схілы катлавіны невысокія, разараныя, наУ і Пд забалочаныя, на 3, ПнЗ і ПдУвыш. да 8 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, наПд забалочаныя, ва ўсх. заліве сплавінныя. Дно наглыб. да 2—2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае, у паўн.-ўсх. частцы сапрапелістае. Расліннасць пашырана да глыб. 2,4 м. У паўн.-ўсх. і паўд. залівах расце рэдкі ахоўны від — вадзяны арэх. Упадаюць 6 ручаёў і р. Марысіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНО́ВА, Янаўскае возера,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Ушацкім р-нам, у бас.р. Дзіва (упадае ў возера) за 3 кмнаПдУ ад в. Гомель, за 23 кмнаПд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 7,7 км², даўж. 6,5 км, найб.шыр. 2,2 км, найб.глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 721 км². Катлавіна падпруднага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з ПдЗнаПнУ. Схілы катлавіны выш. да 12 м, спадзістыя, месцамі стромкія, укрыты лесам, часткова разараныя. НаПд і Пн тэраса выш. 2 м. Берагі выш. да 1 м, пясчаныя, месцамі завалуненыя, наУ нізкія, наПд зліваюцца з забалочанай нізінай. Мелкаводдзе шыр. да 10 м, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Шыр. паласы зарастання 25—200 м. Упадаюць 2 ручаі, ракой Туржэц злучана з воз.Зашчаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр.наУ да Дняпра, наПн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; наПд мяжа пераходзіла за Прыпяць, наЗ — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, наПн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. НаПн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). Натэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж.-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст.на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага ПалессянаПдЗ Гомельскай вобл. Мяжуе наЗ і Пн з Прыпяцкім Палессем, наУ з Гомельскім Палессем, наПд з Жытомірскім Палессем (Украіна). Выш. 150—160 м, найб. 221 м — найвыш. пункт наБел. Палессі (наМазырскай градзе). Пл. каля 2,7 тыс.км². Працягнулася з 3 наУ ад 40 да 120 км, з ПннаПд ад 25 да 60 км.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да цэнтр.ч.Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою (асабліва развіта верхнедэвонская саляносная тоўшча магутнасцю 3500 м) і кайназою. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 40—140 м) складзена з адкладаў бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў і галацэнавых (алювіяльных, эолавых, балотных).
Сучасны рэльеф утварыўся пераважна ў эпоху дняпроўскага зледзянення. М.П. — выразная раўніна, якая ўзвышаецца над навакольнай мясцовасцю на 10—20 м. Большая ч. яе пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна з асобнымі дэнудаванымі ўзгоркамі. Ваганні адносных вышынь 3—5, радзей 7 м. Вылучаюцца шырокія лагчыны з тарфянікамі. У міжрэччы рэк Батыўля і Чэрцень участак азёрна-алювіяльнай нізіны. У паўн.-ўсх. частцы М.П. на правабярэжжы р. Прыпяць захаваліся краявыя ледавіковыя ўтварэнні Мазырскай грады. Паверхня М.П. ўскладнена дзюнамі, забалочанымі катлавінамі. Даліны рэк маюць нязначную глыбіню, забалочаныя, месцамі з дзюннымі градамі. Карысныя выкапні: каменная соль, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі, торф, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 600 мм за год. Рачная сетка належыць да басейна р. Прыпяць, найб.р. Славечна з прытокамі Батыўля і Чэрцень. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя супясчана-пясчаныя, на лёсападобных адкладах — дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя. Лясістасць да 50% тэр. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, дубровы. На забалочаных нізінах трапляюцца бярозавыя і чорнаальховыя лясы. У поймах дробных рэк — злакавыя лугі. Пераважаюць нізінныя балоты. Пад ворывам 12%, пад сенажацямі і пашай 11% тэрыторыі. У межах М.П. ландшафтны заказнік Мазырскія Яры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, навыш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) нар. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).