прыстасаванні для падымання людзей і пажарнага абсталявання на верхнія паверхі будынкаў пры тушэнні пажараў і аварыйна-выратавальных работах. Бываюць: ручныя — складныя (драбіны-палкі, прыстаўныя, даўж. да 3,1 м), падвесныя (драбіны-штурмоўкі, з крукам для падвешвання, даўж. каля 4 м) і высоўныя (маюць 3 калены, механізм высоўвання, даўж. каля 10,5 м); стацыянарныя (на вонкавых сценах будынкаў выш. больш за 10 м); аўтамабільныя.
Аўтамабільныя П.д. прызначаны для дастаўкі баявога разліку, падымання пажарнага абсталявання на выш. да 50 м, эвакуацыі людзей, падачы вогнетушыльных сродкаў у ачаг гарэння ручнымі або лафетнымі стваламі ад знешняй помпавай устаноўкі. Могуць выкарыстоўвацца для падымання грузаў да 300 кг, асвятлення месца пажару пражэктарамі. На верхнім калене можа ўстанаўлівацца лафетны ствол ці трубаправод з пенагенератарам, на аўтадрабіне — ліфт (люлька) для хуткага падымання-апускання людзей. Для бяспекі аўтадрабіны абсталяваны блакіруючымі прыстасаваннямі і сістэмамі. Аўтамаб. П.д. выпускаюцца на шасі ЗІЛ-131 і КрАЗ. За мяжой (напр., у ФРГ) выпускаюцца аўтадрабіны з вышынёй падымання да 60 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,
уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.
Часціца з ненулявой масай спакою і спінам sможа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК СЛОЎ,
лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літ.:
Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,
стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,
час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш.можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІЯНА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш.Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-я найб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр.Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.