кампанія (акц.т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш.юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз.холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш.краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,
асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл.Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах.губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., або больш за 1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап.ч.краіны.
Літ.:
Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;
Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пдкраіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн.сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.
Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн.дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ РЭЙН-ВЕСТФА́ЛІЯ (Nordrhein-Westfalen),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі. Пл. 34 тыс.км². Нас. каля 18 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Дзюсельдорф, найбуйнейшыя гарады: Кёльн, Дортмунд, Бохум, Эсэн, Гельзенкірхен, Дуйсбург, Мюльгайм, Вуперталь, Бон утвараюць Рэйнска-Рурскую агламерацыю з насельніцтвам больш за 12 млн.чал. Знаходзіцца ў межах Паўн.-Германскай нізіны (на Пн і З) і Рэйнскіх Сланцавых гор (на Пд і У). Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 1 °C, ападкаў 600—700 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць каменны (Рурскі і Ахенскі басейны) і буры (Ніжнярэйнскі бас.) вуглі. Канцэнтруе каля 30% валавога нац. прадукту і прадукцыі апрацоўчай прам-сці Германіі. Здабыча каменнага (каля 70 млн.т штогод) і бурага (каля 100 млн.т) вугалю. На электрастанцыях вырабляецца каля 40% электраэнергіі краіны. Буйныя цэнтры нафтаперапрацоўкі (Кёльн, Гельзенкірхен) перапрацоўваюць імпартную нафту, якая паступае па нафтаправодах з партоў Паўн. мора. У Руры і яго наваколлі сканцэнтравана чорная і каляровая металургія. Развіты цяжкае машынабудаванне (абсталяванне для горназдабыўной прам-сці, доменнае і пракатнае, вагоны, станкі, рачныя судны, аўтамабілі), энергамашынабудаванне і электроніка, хім. (вытв-сць пластмас, сінт. валокнаў, каўчуку, асн. хімія), тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч. (асабліва піваварная) прам-сць. Буйнейшая ў краіне вытв-сць цэменту і шкла. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне. Развіты агародніцтва, малочная жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунак, аўтастрад, водных шляхоў (Рэйн, суднаходныя прытокі і каналы), нафта-, газа- і прадуктаправодаў. Міжнар. аэрапорт Кёльн—Бон.
Зямля ўтворана брыг. акупац. ўладамі 23.8.1946 з б. прускай прав. Вестфалія і паўн. часткі Рэйнскай правінцыі. Канчаткова аформілася тэрытарыяльна (далучаны раён Ліпе-Дэтмальд) 21.1.1947. З 1949 у складзе ФРГ. 11.7.1950 набыла сілу канстытуцыя зямлі. У 1978—98 урад зямлі ўзначальваў сацыял-дэмакрат І.Рау (з 1999 прэзідэнт ФРГ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,
барацьба за трон ў Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл.Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.
Літ.:
Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;
Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
перавышэнне натуральных узроўняў утрымання радыеактыўных рэчываў у навакольным асяроддзі; форма фізічнага забруджвання. Уяўляе асаблівую небяспеку з прычыны згубнага ўплыву іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека, жывёл і раслін, здольнасці радыеактыўных рэчываў назапашвацца ў жывых арганізмах (гл.Акумуляцыя забруджвальных рэчываў) і выклікаць адмоўныя змены (мутацыі) у іх генет. апараце. Асн. крыніцы Р.з. — выпрабаванні ядз. зброі, вытв-сць атамнай энергіі ў мірных і ваен. мэтах, выкарыстанне радыенуклідаў у нар. гаспадарцы, перапрацоўка і захаванне радыеактыўных адходаў. Глабальнае Р.з. ўзнікла пераважна пры выпрабаваннях ядз. зброі (1945—80-я г.), у выніку якіх ў атмасферу трапіла вял. колькасць разнастайных радыенуклідаў; індывід. эфектыўная доза на 40—50°паўн. ш. каля 0,009 мЗв (0,9 бэр); асн. ўклад цэзію-137 (1996). Лакальнае Р.з. можа быць пры аварыях на ядз. рэактарах, сховішчах радыеактыўных адходаў, у радыеізатопных лабараторыях і інш. На Беларусі найб. экалагічную значнасць мае Р.з., якое ўзнікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Каля 85% агульнага выкіду — радыенукліды з перыядам паўраспаду да аднаго месяца, 13% — некалькі месяцаў, каля 1% — каля 30 гадоў і каля 0,001% — больш за 50 гадоў. Пасля распаду кароткажывучых нуклідаў Р.з. абумоўлена цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, -239, -240. Пл. 46,45 тыс.км² (каля 23% тэр.краіны) падверглася забруджванню цэзіем-137 (узровень больш за 37 кБк/м²), амаль па ўсёй тэр. адзначаюцца ўзроўні Р.з. цэзіем-137, якія перавышаюць значэнні да катастрофы. На пл. 21,1 тыс.км² (каля 10% тэр.) адзначана Р.з. стронцыем-90 (узровень больш за 5,5 кБк/м²); у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл. — 29 кБк/м², у Гомельскай вобл.: у Веткаўскім р-не — 137 кБк/м², у Хойніцкім р-не — 1800 кБк/м². Каля 4 тыс.км² (2% тэр.) ахоплівае Р.з. ізатопамі плутонію (узровень больш за 0,37 кБк/м²), найб. забруджаны Брагінскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі, Хойніцкі (узровень больш за 111 кБк/м²) р-ны Гомельскай вобл. і Чэрыкаўскі р-н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРА́ДКАміжнароднай напружанасці,
тэндэнцыя да паляпшэння міжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст.краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав. войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав. войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.