ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,

асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд. руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд. руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд. руб., у фактычных цэнах.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПАЛО́Н»,

амерыканская праграма падрыхтоўкі і ажыццяўлення пілатуемых палётаў на Месяц, а таксама серыя касм. караблёў для яе выканання. Асн. прызначэнне — дастаўка касманаўтаў на Месяц; здзейснены таксама беспілотныя палёты і палёты касманаўтаў вакол Зямлі. У 1968—75 запушчана 15 «Апалонаў» з экіпажамі, усяго 38 касманаўтаў. На «Апалоне-11» здзейснена першая ў свеце пасадка на Месяц (Н.Армстранг, Э.Олдрын, 1969). Па праграме «Апалон» даследавалі Месяц і калямесяцавую прастору, на Зямлю дастаўлены ўзоры месяцавага грунту.

Карабель «Апалон» мае асн. блок (для дастаўкі 3 касманаўтаў на селенацэнтрычную арбіту і вяртання іх на Зямлю) і месяцавую кабіну (для дастаўкі 2 касманаўтаў на паверхню Месяца, забеспячэння іх знаходжання на ім і вяртання на селенацэнтрычную арбіту). Маса «Апалона» да 47 т. Асн. блок уключае адсек экіпажа (спускальны апарат для пасадкі на ваду і на сушу) і рухальны адсек. Месяцавая кабіна мае пасадачную (застаецца на Месяцы) і ўзлётную ступені. «Апалон» забяспечаны стыковачным прыстасаваннем для пераходу касманаўтаў з адсека экіпажа ў месяцавую кабіну. Запуск і вывядзенне «Апалона» на арбіту ШСЗ ажыццяўляліся ракетамі-носьбітамі тыпу «Сатурн». Мадыфікацыі «Апалона» выкарыстоўваліся для дастаўкі экіпажаў на арбітальную станцыю «Скайлэб» і стыкоўкі з караблём «Саюз-19» па праграме ЭПАС.

Касмічны карабель «Апалон»: 1 — рухавіковы адсек; 2 — адсек экіпажа; 3 — пасадачная ступень месяцавай кабіны; 4 — узлётная ступень месяцавай кабіны.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,

з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.

Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.

Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.

Аптычная ізамерыя: 1 — малочнай кіслаты, малекулы з асіметрычным атамам вугляроду: 2 — асіметрычных малекул: а) замяшчальных аленаў; б) спіранаў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),

Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.

Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.​Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.​Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял. кн. ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,

паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш. хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.

Прынцыповая схема біялагічнага кругавароту.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ ПАВЕ́Т,

тэр.-адм. адзінка на Беларусі з пач. 15 ст. да 1940. У 15 — пач. 18 ст. уваходзіў у Віленскае ваяв. ВКЛ як буйная дзярж. адм. адзінка (павет, намесніцтва, дзяржава, староства), у якую ўваходзілі тэр. сучаснага Браслаўскага, часткі Мёрскага і Шаркаўшчынскага р-наў. У 16 ст. падзяляўся на воласці (Апескую, Гарадзішскую, Друйскую, Укольскую і інш.). У выніку адм. рэформы 1565—66 у Браслаўскі павет уключаны мястэчкі Друя, Вята, Відзы, Дрысвяты і інш. тэрыторыі сучаснай Літвы. У гэтых межах існаваў да канца 18 ст. У 1793 яго ўсх. частка далучана да Рас. імперыі, астатняя частка павета пераўтворана ў Браслаўскае ваяводства (існавала да 1795). У складзе Рас. імперыі Браслаўскі павет уваходзіў у Віленскую губ. (у 1797—1801 у Літоўскую губ.). Пл. 5555 кв. вёрст, нас. 210 689 чал. (1897). У 1836 Браслаўскі павет перайменаваны ў Новааляксандраўскі пав., які з 1843 знаходзіўся ў складзе Ковенскай губ., з 1921 у Зах. Беларусі. У 1922 адноўлена назва Браслаўскі павет і ён уключаны ў склад Віленскай зямлі (з 1925 ваяводства). Пл. 4218 км², нас. 124 909 чал. (1919). З вер. 1939 Браслаўскі павет у складзе БССР, уваходзіў у Вілейскую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны шэраг раёнаў, у т. л. Браслаўскі раён.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1875—78,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Пачалося 5.7.1875 як пратэст супраць павелічэння падаткаў. Хутка ахапіла амаль усю Герцагавіну, у жн.вер. пашырылася на многія раёны Босніі. Узброеныя паўстанцы (10—12 тыс. чал., пераважна сяляне) блакіравалі шэраг тур. крэпасцей, занялі іх умацаваны апорны пункт Цішкавац, у ліст. разбілі тур. атрады каля г. Муратовіч. Праходзіла пад лозунгамі перадачы зямлі сялянам, далучэння Босніі да Сербіі, Герцагавіны — да Чарнагорыі і інш. Паўстанне падтрымала еўрап. грамадскасць (у жн. 1875 у Парыжы створаны Міжнар. к-т дапамогі паўстанцам). У ім удзельнічалі добраахвотнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Балгарыі, Італіі і Расіі (у складзе апошніх была група бел. гімназістаў з Магілёва на чале з А.​Лепяшынскім). Далейшым поспехам паўстанцаў садзейнічалі вайна Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі (1876) і рус.-тур. вайна 1877—78. Аднак пасля паражэння сербскай і чарнагорскай арміі тур. ўрад перакінуў буйныя сілы ў Боснію і Герцагавіну, і да жн. 1877 паўстанне ў асноўным задушана; рэшткі паўстанцкай арміі перайшлі да партыз. дзеянняў. Паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878, які завяршыў рус.-тур. вайну, Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію, аднак паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 яны анексіраваны Аўстра-Венгрыяй, што пазней выклікала Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1882.

Літ.:

История Югославии. Т. 1. М., 1963. С. 603—617.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НА,

пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал. хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).

Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).

На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБІ́ННЫ РАЗЛО́М,

разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.

Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.

На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)