КАЗІНЕ́Ц (Ісай Паўлавіч) (падп. мянушкі Слава Юрыгін, Слаўка Пабядзіт; 1910, г. Батумі — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны працаваў у Беластоку. У пач. акупацыі Мінска арганізаваў і ўзначаліў падп. групу ў Кастрычніцкім р-не горада. Уваходзіў у Мінскі падп. гарком КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Адзін з арганізатараў падп. друкарні, дзе выдаваў лістоўкі, падп. лісток «Вестник Родины». 27.3.1942 арыштаваны і пасля катаванняў павешаны. На месцы пакарання смерцю ў Цэнтр. скверы — мемарыяльны знак.

І.П.Казінец.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Міхайлавіч) (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),

генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.

П.М.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС ФЕДЭ́РЫС (лац. casus foederis),

умова або юрыд. факт, наступленне якога дае падставу бакам у міжнар. дагаворы прыступіць да здзяйснення або здзейсніць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх. У міжнар. канвенцыях і інш. актах аб правілах вядзення вайны К.ф. служыць вызначэннем моманту, калі ўдзельнікі ўзбр. канфлікту абавязаны ўжываць і выконваць устаноўленыя імі нормы гуманітарнага права. У двухбаковых дагаворах аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж дзяржавамі К.ф. — умова, якая вызначае, што ў выпадку ўзбр. нападу з боку якой-н. дзяржавы на аднаго з удзельнікаў дадзенага дагавора другі бок павінен аказаць яму дапамогу ўсімі сродкамі, уключаючы ўзбр. сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НІКАЎ (Іван Емяльянавіч) (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),

Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл. Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.

І.Е Каленікаў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІКА́ЦЫЯ (лац. communicatio ад communico раблю агульным, звязваю),

працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб’ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пач. 20 ст. ў кантэксце агульнатэарэт. пабудовы біхевіярызму (Дж.​Уотсан), сімвалічнага інтэракцыянізму (Дж.​Мід), персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля 2-й сусв. вайны сфарміраваліся 2 асн. падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сац. развіцця) і ірацыяналістычны (сцвярджае, што асн. вынікам К. з’яўляецца ўзаемаразуменне). У сац. і паліт. жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай К. — тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЛАН (Лазар Майсеевіч) (31.7.1917, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 10.6.1994),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1938), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд.-Зах., Паўн.Зах., 2-м Прыбалт. і 1-м Укр. франтах. Удзельнік абароны г. Севастопаль. Нам. камандзіра артыл. палка маёр К. вызначыўся 18—27.7.1944 пры вызваленні Латвіі: на чале групы разведчыкаў захапіў пераправу на р. Істранка, батарэя пад яго камандаваннем паспяхова адбівала контратакі праціўніка. Да 1959 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Аўтар кн. «Вогненныя гады» (1970).

Л.М.Каплан.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.​Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.​Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (13.2.1806, Цвярская вобл., Расія — 17.10.1854),

расійскі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1852). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1823). З 1827 служыў на гвардз. лінейным караблі «Азоў», удзельнік Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. З 1830 на Балт., з 1834 на Чарнаморскім флоце, нач. штаба эскадры М.П.Лазарава (1838—46), нач. штаба (з 1849) і фактычны камандуючы (з 1851) флотам. У Крымскую вайну 1853—56 удзельнік першага ў свеце бою паравых караблёў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55; смяротна паранены ў час бамбардзіроўкі праціўнікам Севастопаля.

У.А.Карнілаў.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦАРЫ́ДЗЕ (Давід Васілевіч) (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед. ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;

Прощайте, дремучие леса! М., 1975.

М.​В.​Няхай.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)