дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс.чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.
Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).
Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).
Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн.дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш.Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),
вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК СФЕ́РЫ АБСЛУГО́ЎВАННЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУСЬ,
ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафесійным работнікам прадпрыемстваў, аб’яднанняў, устаноў, арг-цый, якія працуюць у розных сферах абслугоўвання насельніцтва 15 і больш гадоў, за заслугі ў аказанні насельніцтву гандл., быт., жыллёвых, камунальных і інш. паслуг, у распрацоўцы і ўкараненні новых відаў паслуг, новых форм і метадаў абслугоўвання, арганізацыі ўстойлівага і якаснага функцыянавання камунальнай гаспадаркі, сістэм водаачысткі і водазабеспячэння, службы ацяплення, асвятлення і захавання жылога фонду, расшырэнні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхн. базы прадпрыемстваў, павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі кадраў. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 6.5.1970 існавала званне засл. работнік быт. абслугоўвання насельніцтваБССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.
Заслужаныя работнікі сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),
штат на З ЗША, мяжуе з Мексікай. Уваходзіць у групу Ціхаакіянскіх штатаў. Пл. 411,5 тыс.км². 31878,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Сакрамента. Гар.насельніцтва 91%. Найбуйнейшыя гарады (тыс.ж., 1994): Лос-Анджэлес — 3449 (з прыгарадамі 12410), Сан-Дыега — 1152, Сан-Хасэ — 817, Сан-Францыска — 735, Фрэсна — 387, Окленд — 367.
З Пн на Пд цягнуцца горныя сістэмы: Берагавыя хрыбты і Сьера-Невада (выш. 4418 м, г. Уітні), паміж імі Каліфарнійская даліна. На ПдУ пустыня Махаве і глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Даліна Смерці — 85 м ніжэй узр. м). Частыя землетрасенні. Клімат на ПнУ і ў гарах умераны, на ўзбярэжжы міжземнаморскага тыпу, на ПдУ гарачы і сухі. Сярэдняя т-раліп. 24 °C, студз. 7 °C. Гал. рэкі: Сакрамента, Сан-Хаакін і Каларада. Расліннасць прадстаўлена горнымі хваёвымі лясамі і вечназялёнымі хмызнякамі, б.ч. даліны ўзараная. Нац. паркі: Іасеміцкі (занесены ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Ласен-Волканік, Секвоя і Кінгс-Каньён. К. — адзін з самых эканамічна развітых штатаў. Здабыча нафты, прыроднага газу, золата, ртуці, жал. руды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996 склала 109,8 млрд.кВт-гадз. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: авіяракетная, вытв-сцькасм. лятальных апаратаў, радыёэлектронная (у т. л.ЭВМ і інш. абсталяванне для ваен. мэт), аўта- і суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., харч., тэкст., чорная і каляровая металургія. Кінапрамысловасць (гл.Галівуд). Індустрыя забаў. К. — буйнейшы штат па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць бавоўнік, вінаград, цытрусавыя, міндаль, абрыкосы, персікі, фінікі, аліўкі, гранаты, агародніну, кветкі. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,7, свіней — 0,26, авечак — 0,52, бройлерных куранят — 31,5. Развіта рыбалоўства. Аўтамаб., чыг. і марскі транспарт. Буйнейшыя парты: Лонг-Біч, Лос-Анджэлес, Сан-Дыега, Окленд, Сан-Францыска. 6 міжнар. аэрапортаў. Турызм прыносіць да 50% даходаў штата (58,3 млрд.дол., 1996).
Найбольш стараж.мясц.насельніцтва — індзейцы. У 1540 з’явіліся першыя перасяленцы з Іспаніі; з 1769 яе калонія. З 1821 правінцыя Мексікі. У выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 Верхняя К. далучана да ЗША, з 1850 штат. У грамадз. вайну 1861—65 на баку Поўначы. Хуткаму эканам. развіццю К. спрыяла адкрыццё радовішчаў золата (1848, раён Сакрамента), нафты (1895, Лос-Анджэлес — Лонг-Біч), буд-ва ў 2-й пал. 19 ст. транскантынентальнай чыгункі. У час 1-й сусв. вайны актывізавалася індустрыялізацыя. пасля 2-й сусв. вайны штат ЗША, які развіваецца найб. дынамічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ КЛАС,
адзін з асн.класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн.прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн.чал. У СССР і інш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую і сац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн.прадукц. сілы грамадства і гал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.
На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс.чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс.чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам. і паліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн.чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ва і інш. галін нар. гаспадаркі.
Літ.:
Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг.Мн., 1969;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн.насельніцтваЛітвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтваВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар.насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ.насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВО́ДСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтвахарч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв.вытв-сць збожжа склала 2111 млн.т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн.т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш.Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн.цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн.т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв.вытв-сць 296 млн.т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн.т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн.т). Найб. развіта вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і ЗЗах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.
На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл.табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн.с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб. змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв. патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.
2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.
Т.Л.Казакова.
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс.га)
1985
1990
1995
1999
Уся пасяўная плошча
6241
6126
6150
6123
Збожжавыя і зернебабовыя
2816
2645
2692
2513
у т. л. жыта
1015
917
969
641
пшаніца
195
140
177
411
ячмень
918
1030
1033
811
авёс
380
360
335
293
грэчка
38
18
18
23
зернебабовыя
270
172
119
238
Тэхнічныя культуры
266
248
205
277
у т. л. лён
200
149
98
76
цукр. буракі
59
46
55
55
рапс
3
49
48
136
Бульба
708
638
725
661
Агародніна
47
41
77
93
Кармавыя культуры
2404
2554
2451
2578
Да арт.Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар.насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж.насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтвавак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.