НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац.АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід.жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКТЯ́БРЬ»,
літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ.жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.Ваншэнкіна, В.Каверына, Э.Казакевіча, Ю.Морыц, К.Паустоўскага, А.Рыбакова, У.Салаухіна, А.Сафронава, А.Талстога, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, Л.Філатава, А.Чакоўскага, М.Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, М.Гарэцкі, У.Калеснік, Я.Колас, Я.Купала, І.Навуменка, А.Савіцкі, М.Танк, І.Шамякін і інш.Гал. рэдактары: А.Серафімовіч (1926—29), Ф.Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.Кочатаў (1961—73), А.Ананьеў (з 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,
бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус.геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКАЯ (Наталля Мікалаеўна) (н. 19.1.1931, г. Саратаў, Расія),
бел. графік. Жонка Г.Г.Паплаўскага. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Творы вызначаюцца казачна-паэт. інтэрпрэтацыяй сюжэтаў, зваротам да фалькл. матываў, тэматыкі нар.жыцця. Аўтар цыклаў «Палессе» (1967), «Прырода і дзеці» (1968), «Музей прыроды» (1972—91), «Помнікі гісторыі і архітэктуры» (1977—89), «Браслаўскія матывы» (1975, 1977—78, 1981—84), «Браслаўшчына», «Літва» (абодва 1981—82), «Гарадок у снезе», «Браслаўская восень», «Прагулка ў Зарасаі» (усе 1984), літаграфій «Чарнічка» (1969), «Сям’я» (1970), «Дзядок», «Залатая яблынька», «Пастушок» (усе 1971) і інш. Аформіла выданні бел.нар. казак «Музыка-чарадзей», «Лёгкі хлеб» і інш. (усе 1969), «Ладачкі-ладкі» В.Віткі (1977, у сааўт.), «Дрэва кахання» (1980, з Паплаўскім), творы Р.Кіплінга, Ш.Перо і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎТ (Ціт Макцый) (Titus Maecius Plautus; каля 255 да н. э., г. Сарсіна, Італія — каля 184 да н.э.),
рымскі камедыёграф. Прадстаўнік «паліяты» — рым. камедыі, створанай на ўзор грэч.быт. камедыі шляхам запазычання і апрацоўкі яе сюжэтаў і вобразаў, але ўзбагачанай рэаліямі рым.жыцця, новымі драматург. прыёмамі. П. прыпісвалася каля 130 камедый; захавалася 21. Найб. вядомыя: «Амфітрыён», «Аслы», «Скарб», «Палонныя», «Менехмы», «Выхвальны воін», «Прывід», «Тры манеты», «Грубіян» і інш., у якіх дзейнічаюць дасціпныя і хітрыя рабы, сквапныя ліхвяры, двудушныя зводнікі, строгія бацькі і легкадумныя дзеці. Камедыі вылучаюцца займальнасцю сюжэта, дынамізмам дзеяння, муз. партыямі (кантыкамі), што нагадвае сучасны вадэвіль, жыццярадаснасцю, аптымізмам, яскравай, вобразнай, сакавітай мовай, майстэрскім выкарыстаннем метрычных форм. Яны паўплывалі на развіццё еўрап. камедыі (У.Шэкспір, Мальер).
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Савельева Л.И. Приемы комизма у Плавта. Казань, 1963;
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АНСССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас.АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АНСССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРМЯ́К (Яўген Андрэевіч) (31.10.1902, г. Перм, Расія — 17.8.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1924. Пісаў казкі (зб-кі «Шчаслівы цвік», 1956; «Дзядуліна скарбонка», 1957; «Замок без ключа», 1962) і навук.-папулярныя кнігі для дзяцей і юнацтва («Кім быць?», 1946; «Ад вогнішча да катла», «Казка пра краіну Тэра-Фера», абедзве 1959; «Сказ пра газ», 1960), у якіх каштоўнасць чалавека сцвярджаецца праз працу. Аўтар раманаў «Казка пра шэрага воўка» (1960), «Апошнія замаразкі» (1962), «Гарбаты мядзведзь» (кн. 1—2, 1965—66), «Царства Ціхай Лутоні» (1970), «Яргарад» (1972), «Чароўнасць цемрай» (1976), у якіх праз казачныя вобразы раскрываў сучасныя праблемы, а таксама аповесцей, апавяданняў, п’ес, публіцыст. кніг («Пра сем асілкаў», 1960; «Азбука нашага жыцця», 1963), кнігі пра П.Бажова «Даўгавечны майстар» (1974) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Свердловск, 1977—79.
Літ.:
Гура В.В. Евгений Пермяк: Очерк творчества. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.