БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),

старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЗІН (Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч

(16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),

савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РСАН (Станіслаў Ігнатавіч) (1895, Варшава — 21.4.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Адзін з кіраўнікоў Мінскай і Смаленскай арг-цый СДКПіЛ, чл. праўлення Польскага сацыяліст. аб’яднання. З 1917 чл. РКП(б). З мая 1917 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, камісар ВРК Зах. фронту, чл. дэлегацыі па падпісанні 4.12.1917 у мяст. Солы дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З снеж. 1917 камісар па справах нацыянальнасцяў СНК Зах. вобласці і фронту. Стваральнік і рэдактар газ. «Prawda» («Праўда»), «Polska Prawda» («Польская праўда»). З чэрв. 1918 у выканкоме Саветаў Зах. вобласці (з вер. 1918 Зах. Камуны) у Смаленску. З 1.1.1919 нарком дзяржкантролю 1-га ўрада БССР, з лют. 1919 — Літ.-Бел. ССР. Расстраляны польск. акупантамі.

С.І.Берсан.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,

старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар. т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віду прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.

У Гродзенскім заалагічным парку.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в. Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб. шыр. 0,85 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах. выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),

назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙ (Гая Дзмітрыевіч) (сапр. Бжышкян Гайк; 18.2.1887, г. Тэбрыз, Іран — 11.12.1937),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Праф. (1933). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык. З 1918 камандзір 1-й зводнай Сімбірскай пях. дывізіі, з 1919 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту. У 1920 на Зах. фронце, камандзір 3-га коннага корпуса. З 1922 нарком па ваен. справах Арменіі. З 1923 камандзір і ваенком 7-й Самарскай кав. дывізіі, якая размяшчалася на Беларусі. У 1924 адрадзіў 3-і конны корпус, названы імем БССР (штаб знаходзіўся ў Мінску). З 1933 выкладчык, нач. кафедры Ваенна-паветр. акадэміі. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Аўтар прац і нарысаў па гісторыі грамадз. вайны. У 1935 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны.

Г.​Дз.Гай.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РПЕ (Васіль Іванавіч) (1765, Эстонія — 3.3.1814),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-м. (1812). На ваен. службе з 1781. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, польскіх кампаній 1792 і 1794, рус.-аўстра-франц. 1805, рус.-тур. 1806—12 і рус.-швед. 1808—09 войнаў. У вайну 1812 камандзір 1-й брыгады 14-й пях. дывізіі 1-га корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Удзельнік Клясціцкага бою 1812, баёў каля Полацка (жн. і кастр.) і інш. Найб. вызначыўся ў баях 7.11.1812 пры вызваленні Віцебска ад французаў (гл. Віцебскія баі 1812) і 27.11.1812 пад Барысавам, дзе была захоплена ў палон франц. дывізія разам з камандзірам. У 1813 удзельнічаў у замежных паходах рус. арміі ў Германіі. У Лейпцыгскай бітве 16—19.10.1813 цяжка паранены, у выніку чаго пазней памёр.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,

саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл. Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.​Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.

З.​І.​Малейка.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́Р ((D’Alembert) Жан Лерон) (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),

французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех. сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».

Тв.:

Рус. пер. — Динамика. М.; Л., 1950.

Літ.:

Добровольский В.А. Даламбер. М., 1968.

Ж.Л.Д’аламбер.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)