ДЭРЫВА́ЦЫЯ (ад лац. derivatio адвядзенне, адхіленне),

1) у гідратэхніцы — сукупнасць абходных вадаводаў, па якіх вада з ракі, вадасховішча ці інш. вадаёма падводзіцца да станцыйнага вузла ГЭС, помпавай станцыі (пры ірыгацыі), інш. аб’ектаў, а таксама адводзіцца ад іх. Бывае безнапорная (каналы, безнапорныя тунэлі, латакі) і напорная (трубаправоды, напорныя тунэлі). Д. энергетычная будуецца з нахілам, значна меншым за нахіл ракі, — каб рознасць гідраўлічных нахілаў вадавода і ракі стварыла напор, неабходны для работы гідратурбін (гл. Гідраэлектрычная станцыя).

2) У балістыцы — сістэматычнае бакавое адхіленне снарадаў і куль ад плоскасці стральбы (праходзіць вертыкальна праз вось канала ствала) пад уплывам уласнага вярчэння, супраціўлення паветра і сілы цяжару. Большае з павелічэннем далёкасці стральбы, стромкасці траекторыі і скорасці вярчэння снарада (кулі). Улічваецца пры падрыхтоўцы да стральбы з дапамогай спец. табліц.

Дэрывацыя снарада: 1, 2, 1′, 2′ — траекторыя і яе праекцыі; 3, 4 — дэрывацыя на траекторыі і ў пункце падзення; O, C — пункты вылету і падзення снарада; δ — вугал атакі; ω — вуглавая скорасць вярчэння снарада.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТАРКА,

мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.​Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.

М.​А.​Лазарук.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНЕ́ЖЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.​Нядзелька, інж. В.​Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗ — вытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Цэнтральная вуліца вёскі Аснежыцы.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАХО́МЕТР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + ...метр),

прылада для вымярэння частаты вярчэння (вуглавой скорасці) дэталей (пераважна валоў) машын і механізмаў. Адрозніваюць Т. магнітныя, вібрацыйныя, інтэгруючыя (гадзіннікавыя і электронныя), магнітна-індукцыйныя, магнітаэл., страбаскапічныя, частотна-імпульсныя, ферадынамічныя, электронна-лічыльныя (лічбавыя), мех., гідраўлічныя, пнеўматычныя і інш. Межы вымярэнняў ад 0 да 1 млн. аб/мін.

У магнітна-індукцыйных Т. адхіленне стрэлкі прапарцыянальнае рознасці вярчальных момантаў на восі ротара і спружыны. На гэтым прынцыпе працуюць авіяц. Т., аўтамаб. спідометры і інш. Сярод механічных найб. пашыраны цэнтрабежны Т., заснаваны на змене становішча рухомых мас (ураўнаважаных спружынай) пры вярчэнні. Перамяшчэнні іх прапарцыянальныя скорасці вярчэння. У гідраўлічных Т. змена становішча паказчыка залежыць ад ціску вадкасці, які зменьваецца прапарцыянальна скорасці вярчэння. Т. з аўтам. запісам паказанняў наз. тахографам.

Схемы тахометраў: а — механічнага цэнтрабежнага (1 — вал, 2 — слізгальная муфта, 3 — рычаг, 4 — груз, 5 — спружына); б — магнітна-індукцыйнага з дыскавым ротарам (1 — пастаянны магніт, 2 — медны або алюмініевы ротар, 3 — вось ротара са стрэлкай, 4 — спружына).

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІ́ТА ў астраноміі,

траекторыя руху нябеснага цела ў касм. прасторы. У найпрасцейшым выпадку прыцягненне двух целаў, адно з іх рухаецца адносна другога паводле Кеплера законаў па кеплеравай (няўзбуранай) арбіце, што мае форму эліпса, у фокусе якога знаходзіцца цэнтр. цела S.

Арбіта цела ляжыць у нязменнай плоскасці, што праходзіць праз пачатак каардынат (цела S). Лінія SN перасячэння плоскасці арбіты з асн. каардынатнай плоскасцю (плоскасцю экліптыкі) наз. лініяй вузлоў. Няўзбураную арбіту вызначаюць элементы: i — нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі і Ω — даўгата ўзыходнага вузла (становішча арбіты ў прасторы); a — вял. паўвось і e — эксцэнтрысітэт (памеры і форма арбіты); w — вуглавая адлегласць перыцэнтра П ад узыходнага вузла (становішча арбіты ў яе плоскасці); T — момант праходжання цела праз перыцэнтр. Адхіленні рэальнай арбіты ад кеплеравай наз. ўзбурэннямі (гл. Узбурэнні нябесных целаў). Для вызначэння элементаў узбурэнняў арбіце неабходны сістэматычныя назіранні (астраметрыя, радыёлакацыя, аптычная лакацыя).

Эліптычная арбіта планеты P у прасторы: S — Сонца; П — перыгелій; N — узыходны вузел. Вось SX накіравана ў пункт веснавога раўнадзенства.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.

Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл. Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Пасажны інструмент: 1 — гарызантальная вось; 2 — астранамічная труба; 3 — аб’ектыў; 4 — факальная плоскасць; 5 — акулярны мікраскоп; 6 — сетка ніцей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω​2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω​2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл. Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Маятнік: 1 — матэматычны; 2 — фізічны; 3 — спружынны; 4 — круцільны.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ СІНЬ (сапр. Чжоў Шужэнь; 25.9.1881, г. Шаасін, Кітай — 19.10. 1936),

кітайскі пісьменнік, публіцыст і літ.-знавец. Скончыў Горна-чыг. вучылішча ў Нанкіне (1902), вывучаў медыцыну ў Японіі. У 1919—20 праф. Пекінскага ун-та. Літ. творчасць пачаў з рэаліст., антыфеад. аповесцей «Дзённік вар’ята» (1918), «Праўдзівая гісторыя А-К’ю» (1921). Пісаў апавяданні (зб-кі «Вокліч», 1923; «Блуканні», 1926), вершы ў прозе (зб. «Дзікія травы», 1927). Асн. тэмы твораў — жыццё простых людзей і лёс кіт. інтэлігенцыі. Аўтар сатырыка-гераічных казак «Старыя легенды, расказаныя па-новаму» (1936), кніг публіцыстыкі «Вось і ўсё» (1928), «Іншадумец» (1932), «Пра лжэсвабоду» (1933), літ.-знаўчых прац «Кароткая гісторыя кітайскай апавядальнай прозы» (1923), «Нарыс гісторыі кітайскай літаратуры» (выд. 1938). Перакладаў зах.-еўрап. і рус. пісьменнікаў. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў Л.​Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1956;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1954—56;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Позднеева Л. Лу Синь: Жизнь и творчество. М., 1959;

Петров В. Лу Синь. М., 1960.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Лу Сінь.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХА́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (н. 26.2.1938, Тбілісі),

рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны ін-т (1960). У 1969—71 карэспандэнт «Литературной газеты». З 1991 гал. рэдактар газ. «Завтра» (да 1993 «День»). У аповесцях «Вясковыя» (1969), «Радуйся», «Іду ў шлях мой», «Палёт вечаровай гусі», «Трактат пра хлеб» (усе 1971) спалучэнне авангарда і архаікі. Заклік да беражлівага стаўлення да прыроды і чалавека ў раманах «Час поўдзень» (1977), «Месца дзеяння» (1979), «Вечны горад» (1981). Раманы «Дрэва ў цэнтры Кабула» (1982), «Малюнкі баталіста» (1986), «Сон пра Кабул» (2000), зб. навел «Трэці тост» (1991) пра ўдзел сав. войск у вайне ў Афганістане. Аўтар раманаў «І вось прыходзіць вецер», «Афрыканіст» (абодва 1984), «Анёл праляцеў» (1991), «Апошні салдат імперыі» (1993), «Чэчэнскі блюз» (1998), «Чырвона-карычневы» (1999), «Якія ідуць уначы» (2001), аповесцей «Адмірал» (1983), «Знак Дзевы» (1990), аповесці-рэпартажу «Расколаты свет» (1983), апавяданняў, артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы філасафічнасць, дынамізм, экспрэсіўнасць, пафаснасць.

Тв.:

Избранное. М., 1988;

Записки на броне: Роман. Повести. М., 1988;

Шестьсот лет после битвы: Роман. М., 1990;

Бабушкина гора. М., 1992;

Дворец: Роман. М., 1996.

Літ.:

Бондаренко В. Александр Проханов. М., 1992.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСЦІ́ЦЫ,

непаўназначныя словы, якія выражаюць сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. Не маюць намінатыўнай функцыі і адпаведных грамат. катэгорый; не ўжываюцца самастойна, не з’яўляюцца членамі сказа. Толькі ў дыялогу некат. Ч. («ага», «але», «вось», «так» і інш.) набываюць значэнне слоў-сказаў: «Зразумеў, сынок? — Так!» — ціха адказаў Андрэй» (Э.​Самуйлёнак).

Паводле марфал. будовы, ужывання, ролі і функцый у мове Ч. падзяляюцца на простыя («амаль», «толькі», «хіба»), састаўныя («ну і», «што за», «дзе там»), невытворныя («а», «але», «і»), вытворныя («проста», «выключна», «такі»), слова- («абы», «не», «ні») і формаўтваральныя («б», «бы», «бадай»), Адрозніваюцца Ч. прэпазіцыйныя («ну», «ці», «ні»), постпазіцыйныя («жа», «ж», «б») і са свабодным месцапалажэннем («вунь», «нават», «ужо»). У ролі Ч. ужываюцца прыслоўі, займеннікі, дзеясловы, злучнікі. Ч. — марфалагічна нязменныя ўтварэнні. У адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем падзяляюцца на некалькі разрадаў: Ч., якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя адценні (указальныя, азначальна-ўдакладняльныя, вылучальна-абмежавальныя), мадальныя і мадальна-валявыя (сцвярджальныя, адмоўныя, пытальныя, параўнальныя), эмацыянальна-экспрэсіўныя (клічныя, узмацняльныя), структураўтваральныя, з дапамогай якіх утвараюцца новыя словы або формы адпаведных слоў. Ч. далучаюцца да пэўных кампанентаў сказа (слоў, словазлучэнняў) ці ўсяго выказвання.

Літ.:

Киселев И.А. Частицы в современных восточнославянских языках. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)